Яна 10 разьдзел

Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Сабілы і Малахава

 
 

Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто ўваходзіць не праз браму на авечы двор, але прабіраецца інакш, той злодзей і злачынец.
 
Праўду, Праўду кажу вам: хто ня Дзьвярыма ўваходзіць у авечы двор, але пералазіць інакш, той злодзей і разбойнік.

А хто ўваходзіць праз браму, той пастыр авечак.
 
А хто ўваходзіць Дзьвярыма, той пастыр авечак,

Брамнік яму адчыняе, і авечкі слухаюцца голасу ягонага; кліча сваіх авечак па імені і выводзіць іх.
 
яму прыдзьвернік адчыняе, і авечкі голас ягоны слухаюць, і (ён) кліча авечкі свае па імені і выводзіць іх;

А калі ўсіх выведзе, ідзе перад імі, і авечкі ідуць за ім, бо ведаюць ягоны голас.
 
і калі (ён) свае авечкі вывядзе, перад імі йдзе, і авечкі йдуць за ім, бо ведаюць голас ягоны;

За чужым не ідуць, але ўцякаюць ад яго, бо не ведаюць голасу чужых».
 
за чужым жа ня по́йдуць, але ўцякуць ад яго, бо ня ве́даюць чужога голасу.

Такую прыпавесць сказаў ім Езус, але яны не зразумелі, што Ён казаў ім.
 
Гэту прыповесьць сказаў ім Ісус, але яны ня зразуме́лі, што (гэта) было, аб чым Ён гаварыў ім.

Тады Езус зноў сказаў: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: Я — брама для авечак.
 
І вось ізноў сказаў ім Ісус: Праўду, Праўду кажу вам, што Я ёсьць Дзьверы авечак.

Усе, колькі іх прыходзіла перада Мною, — гэта злодзеі і злачынцы, і авечкі не паслухалі іх.
 
Усе, колькі (іх) перада Мною ні прыходзіла, ёсьць зладзеі ды разбойнікі, але авечкі ня паслу́халі іх.

Я — брама. Калі хто ўвойдзе праз Мяне, будзе збаўлены, і ўвойдзе, і выйдзе, і знойдзе пашу.
 
Я ёсьць Дзьверы; калі хто ўвойдзе празь Мяне, збавёны будзе, і ўвойдзе, і выйдзе, і пашу знойдзе.

Злодзей прыходзіць дзеля таго, каб красці, забіваць і нішчыць. Я прыйшоў, каб вы мелі жыццё і мелі ў дастатку.
 
Злодзей ня прыхо́дзе калі ня каб укра́сьці, і забіць, і загубіць. Я прыйшоў, каб Жыцьцё мелі, і мелі з наддаткам.

Я — добры пастыр. Добры пастыр аддае жыццё сваё за авечак.
 
Я ёсьць Пастыр Добры: Пастыр Добры Жыцьцё Сваё аддае за авечкі,

Найміт і не пастыр, якому не належаць авечкі, калі бачыць, што прыходзіць воўк, кідае авечак і ўцякае, а воўк хапае і разганяе іх.
 
а найміт, і ня бу́дучы пастырам, каму авечкі ня свае́, бачыць прыходзячага ваўка і пакідае авечкі і ўцяка́е: і воўк хапае іх і разганяе авечкі.

Уцякае, бо ён найміт і не клапоціцца пра авечак.
 
А найміт уцяка́е, бо (ён) ёсьць найміт, і ён ня турбу́ецца пра авечкі.

Я — добры пастыр і ведаю сваіх, а Мае ведаюць Мяне,
 
Я ёсьць Пастыр Добры і ведаю, хто Мае, і Мае ведаюць Мяне.

як Мяне ведае Айцец і Я ведаю Айца. Я жыццё сваё аддаю за авечак.
 
Як Бацька ведае Мяне, і Я ведаю Бацьку, і Жыцьцё Маё аддаю за авечкі.

Ёсць у Мяне таксама іншыя авечкі, якія не з гэтага двара. І гэтых Мне трэба прывесці, і яны будуць слухаць голас Мой, і будзе адзін статак і адзін пастыр.
 
І іншых авечак Я маю, што ня ёсьць з гэтага двара, і гэных Мне трэба прывесьці, і Голас Мой (яны) пачуюць. І станецца адно стада, (і) адзін Пастыр.

За тое любіць Мяне Айцец, што Я аддаю жыццё сваё, каб узяць яго зноў.
 
За тое Бацька любіць Мяне, што Я кладу Жыцьцё Маё, каб ізноў узяць яго.

Ніхто не адбірае яго ў Мяне, але Я сам аддаю яго. Я маю ўладу яго аддаць і маю ўладу зноў узяць яго. Такую запаведзь Я атрымаў ад Айца Майго».
 
Ніхто ня адыйма́е яго ў Мяне, але Я Сам аддаю яго: Я маю ўладу аддаць яго і маю ўладу ізноў узяць яго. Гэты Загад Я дастаў ад Бацькі Майго.

Праз гэтыя словы сярод юдэяў зноў адбыўся падзел.
 
Тады ізноў ад гэтых словаў была спрэчка між жыдамі.

Многія з іх казалі: «Ён апанаваны злым духам і вар’яцее! Нашто Яго слухаеце?»
 
І многія зь іх казалі: Ён мае дэмана і шалее: што (вы) слухаеце Яго?

Іншыя казалі: «Гэта не словы апанаванага злым духам! Хіба можа злы дух адкрываць вочы сляпым?»
 
Другія казалі: гэтыя словы ня ёсьць апанаванага дэманам, ці можа дэман адчыняць сьляпым вочы?

Настала тады ў Ерузалеме свята Пасвячэння святыні. Была зіма,
 
І было сьвята абнаўленьня ў Ярузаліме, і была зіма.

і Езус хадзіў у святыні па портыку Саламона.
 
І хадзіў Ісус у Сьвятыні, у Салямонавым крытым ходзе з калёнамі.

Абступілі Яго юдэі і казалі Яму: «Дакуль будзеш трымаць нас у няпэўнасці? Калі Ты Месія, скажы нам адкрыта!»
 
Абступілі тады Яго жыды і казалі Яму: дакуль будзеш трымаць душу нашу ў няпэўнасьці? Калі Ты ёсьць Хрыстос, скажы нам проста.

Езус адказаў ім: «Я сказаў вам, і вы не верыце. Справы, якія Я чыню ў імя Айца Майго, сведчаць пра Мяне.
 
Адказаў ім Ісус: Я сказаў вам, і (вы) ня ве́рыце; Чыны, што Я раблю ў Імя Бацькі Майго, яны сьведчаць пра Мяне.

Але вы не верыце, бо вы не з Маіх авечак.
 
Але вы ня ве́рыце, бо вы ня з Маíх авечак, як Я сказаў вам.

Авечкі Мае слухаюць голас Мой, і Я ведаю іх, і яны ідуць за Мною.
 
Авечкі Мае слухаюць Голас Мой, і Я ведаю іх, і яны йдуць за Мною,

Я даю ім вечнае жыццё навекі, і яны не загінуць ніколі, ніхто не вырве іх з рукі Маёй.
 
і Я даю ім Жыцьцё Вечнае, і ня загíнуць (яны) ніколі, і ніхто ня вырве іх із Рукі Маёй.

Айцец Мой, які даў Мне іх, большы за ўсіх. І ніхто не можа вырваць іх з рукі Айца.
 
Бацька Мой, Які даў (іх) Мне, вялікшы (за) ўсіх, і ніхто ня мо́жа вырваць (іх) із рукі Бацькі Майго.

Я і Айцец — адно».
 
Я і Бацька ёсьць Адно.

Юдэі зноў узялі камяні, каб каменаваць Езуса.
 
Тады жыды ізноў схапілі каменьні, каб укаменаваць Яго.

Але Езус сказаў ім: «Шмат добрых учынкаў паказаў Я вам ад Айца. За які з гэтых учынкаў хочаце каменаваць Мяне?»
 
Адказаў ім Ісус: многа добрых учынкаў паказаў Я вам ад Бацькі Майго, за каторы (з) гэтых учынкаў камянуеце Мяне?

Юдэі адказалі Яму: «Не за добры ўчынак хочам каменаваць Цябе, а за блюзнерства і за тое, што Ты, будучы чалавекам, робіш сябе Богам».
 
Адказалі Яму жыды, кажучы: за добры ўчынак ня камяну́ем Цябе, але за блюзьнерства, ды што Ты, будучы чалавекам, робіш Сябе Богам.

Езус адказаў ім: «Ці не напісана ў Законе вашым: “Я сказаў: Вы багі”?
 
Адказаў ім Ісус: ці ня напíсана ў Законе вашым: Я сказаў: вы ёсьць багі?

Калі тыя, да каго было скіравана слова Божае, названы багамі, а Пісання нельга адхіліць,
 
Калі Ён назваў багамі тых, да каторых было Слова Боскае, дый ня мо́жа быць парушана Пісаньне,

то чаму ж вы гаворыце таму, каго Айцец асвяціў і паслаў у свет: “Блюзнерыш”, бо сказаў: “Я — Сын Божы?”
 
Таму, Каго Бацька асьвяціў і паслаў у сьвет, вы кажаце: блюзьніш, што Я сказаў: Я ёсьць Сын Божы?

Калі Я не раблю справы Айца Майго, не верце Мне.
 
Калі Я ня раблю Чыны Бацькі Майго, ня ве́рце Мне,

Аднак калі раблю, і не верыце Мне, паверце справам Маім, каб пазналі і ведалі, што Айцец ува Мне, а Я ў Ім».
 
калі ж Я раблю, і калі Мне ня ве́рыце, паверце гэтым Учынкам, каб ведалі і ўверылі, што Бацька ўва Мне, і Я ў Ім.

Тады яны зноў намагаліся схапіць Яго, але Ён ухіліўся ад рукі іхняй.
 
Тады ізноў шукалі ўхапіць Яго, але Ён выйшаў з рукі іхнай

І пайшоў зноў за Ярдан, на месца, дзе спачатку хрысціў Ян, і застаўся там.
 
і пайшоў ізноў за Ярдан, на мейсца, дзе быў Яан раней хрысьцячы, і застаўся там.

Многія прыйшлі да Яго і казалі: «Ян не ўчыніў ніводнага знаку, але ўсё, што Ян казаў пра Яго, было праўдай».
 
І многія прыйшлі да Яго і казалі, што хоць Яан ня зрабíў ніякага цуду, але ўсё, што сказаў Яан аб Ім, было праўдзівае.

І шмат хто паверыў там у Яго.
 
І многія там уверылі ў Яго.