Яна 11 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Сабілы і Малахава
Быў нейкі хворы, Лазар з Бэтаніі, з вёскі Марыі і яе сястры Марты.
Быў жа адзін хворы Лазар ізь Бітані, ізь сяла Марылі й Марты, сястры ейнай.
Гэта была тая Марыя, якая намасціла Пана мірам і абцерла Яму ногі сваімі валасамі. Яе брат Лазар быў хворы.
Была ж Марыля тая, што памазала Госпада мірам і выцерла Ногі Ягоныя валасамі сваімі, чый брат Лазар быў хворы.
Таму сёстры паслалі сказаць Езусу: «Пане, той, каго Ты любіш, хворы».
І вось сёстры паслалі да Яго, кажучы: Госпадзе! вось той, каго Ты любіш, хворы.
Пачуўшы гэта, Езус сказаў: «Гэтая хвароба не вядзе да смерці, але да славы Божай, каб Сын Божы праславіўся праз яе».
Пачуўшы ж Ісус сказаў: гэтая хвароба ня на сьме́рць, але на Славу Боскую, каб услаўлены быў празь яе Сын Божы.
Езус жа любіў Марту, яе сястру і Лазара.
Ісус жа любіў (Боскай любоўю) Марту і сястру яе, і Лазара.
Пачуўшы, што той хварэе, заставаўся два дні на тым месцы, дзе знаходзіўся.
Калі ж Ён пачуў, што (той) хворы, тады застаўся на тым мейсцы, дзе быў, два дні.
Пасля гэтага сказаў вучням: «Пойдзем зноў у Юдэю».
Тады, пасьля гэтага Ён кажа вучням: пойдзем ізноў у Юдэю.
Вучні ж сказалі Яму: «Раббі, яшчэ нядаўна юдэі хацелі каменаваць Цябе, а Ты зноў ідзеш туды?»
Кажуць Яму вучні: Раббі! але юдэі шукалі ўкаменаваць Цябе, і Ты ізноў ідзеш туды?
Езус адказаў: «Ці не дванаццаць гадзін у дні? Калі хто ходзіць удзень, не спатыкаецца, таму што бачыць святло гэтага свету.
Ісус адказаў: (ці) ня двана́ццаць гадзінаў ёсьць у дні? Калі хто ходзіць удзень, ня спатыка́ецца, бо бачыць сьветласьць гэтага сьвету;
А калі хто ходзіць уначы, спатыкаецца, бо няма ў ім святла».
а калі хто ходзіць уначы, спатыкаецца, бо Сьвятла няма́ ў ім.
Сказаў так, і пасля гэтага кажа ім: «Наш прыяцель Лазар заснуў, але Я іду абудзіць яго».
Гэтае Ён сказаў ім і пасьля гэтага кажа: Лазар, друг наш, заснуў, але Я йду, каб разбудзіць яго.
Вучні Яго сказалі: «Пане, калі заснуў, то выздаравее».
Тады сказалі вучні Ягоныя: Госпадзе! калі заснуў, будзе здаровы.
Хоць Езус казаў пра яго смерць, вучні думалі, што Ён гаворыць пра звычайны сон.
Але Ісус сказаў пра сьмерць ягоную; яны ж думалі, што Ён кажа пра супачынак у сьне.
Тады Езус проста сказаў ім: «Лазар памёр.
І вось тады Ісус сказаў ім проста: Лазар памёр;
І Я рады за вас, што Мяне не было там, каб вы паверылі. Але пойдзем да яго».
і Я рады за вас, каб (вы) паверылі, бо Я ня быў там; але пойдзем да яго.
Тады Тамаш, якога называлі Блізня, сказаў астатнім вучням: «Пойдзем і мы, каб памерці разам з Ім!»
Сказаў тады Хама, званы Блізьнюк, сябрам-вучням: пойдзем і мы, каб памерці зь Ім.
Прыйшоўшы, Езус даведаўся, што Лазар ужо чатыры дні ў магіле.
І вось, прыйшоўшы, Ісус знайшоў яго ўжо чатыры дні, (як) знаходзіцца ў магіле.
Бэтанія была блізка ад Ерузалема, каля пятнаццаці стадыяў.
Была ж Бітаня блізка (ад) Ярузаліму, каля пятнаццаці стадыяў.
Многія з юдэяў прыйшлі да Марты і Марыі, каб суцешыць іх у смутку па браце.
І многія зь юдэяў прыйшлі да Марты й Марылі, каб суцешыць іх па браце іхным.
Калі Марта пачула, што ідзе Езус, яна выйшла Яму насустрач, а Марыя сядзела дома.
Тады Марта, як пачула, што йдзе Ісус, выйшла насустрэчу Яму. Марыля ж сядзела ў доме.
Тады Марта сказала Езусу: «Пане, калі б Ты быў тут, не памёр бы брат мой!
Тады Марта сказала Ісусу: Госпадзе! каб Ты быў тут, брат мой ня памёр бы.
Але і цяпер ведаю, што аб чым бы Ты ні папрасіў Бога, Бог дасць Табе».
Але і цяпер (я) ведаю, што, чаго Ты папросіш у Бога, дасьць Табе Бог.
Езус сказаў ёй: «Уваскрэсне брат твой».
Ісус кажа ёй: уваскрэсьне брат твой.
Марта сказала Яму: «Я ведаю, што ўваскрэсне падчас уваскрашэння ў апошні дзень».
Марта кажа Яму: ведаю, што ўваскрэсьне ў (дзень) уваскрасеньня, у апошні дзень.
Езус сказаў ёй: «Я — уваскрасенне і жыццё. Хто верыць у Мяне, калі нават і памрэ, будзе жыць.
Ісус сказаў ёй: Я ёсьць Уваскрасеньне і Жыцьцё; хто верыць у Мяне, хоць бы (і) памёр, жыць будзе.
А кожны, хто верыць у Мяне, не памрэ ніколі. Ці верыш у гэта?»
І ўсякі, хто жыве і верыць у Мяне, ня памрэ ніколі. (Ці) верыш гэтаму?
Яна адказала Яму: «Так, Пане. Я веру, што Ты — Хрыстус, Сын Божы, які павінен быў прыйсці ў свет».
Яна кажа Яму: так, Госпадзе! Я веру, што Ты ёсьць Хрыстос, Сын Божы, Які прыходзе ў сьвет.
Сказаўшы гэта, пайшла і паклікала сваю сястру Марыю, сказаўшы патаемна: «Настаўнік тут, Ён кліча цябе».
І, гэтае сказаўшы, (яна) пайшла і паклікала Марылю, сястру сваю, цішком сказаўшы (ёй): Настаўнік прыйшоў і кліча цябе.
Калі яна пачула гэта, устала хутка і пайшла да Яго.
Яна, як толькі пачула, борзда ўстае і йдзе да Яго.
Езус яшчэ не ўвайшоў у вёску, але заставаўся на тым месцы, дзе Яго сустрэла Марта.
Бо яшчэ ня прыйшо́ў Ісус у сяло, але быў на тым мейсцы, дзе Марта сустрэла Яго.
Юдэі, якія былі з ёю ў доме і суцяшалі яе, убачылі, што Марыя хутка ўстала і выйшла, і пайшлі за ёю, думаючы, што яна ідзе да магілы, каб там плакаць.
Юдэі ж, што былі зь ёю ў доме і суцяшалі яе, бачучы, што Марыля борзда ўстала й выйшла, пайшлі за ёю, кажучы: (яна) йдзе на магілу, каб плакаць там.
Калі Марыя прыйшла туды, дзе быў Езус, і ўбачыла Яго, яна ўпала да ног Ягоных і сказала Яму: «Пане, калі б Ты быў тут, не памёр бы брат мой!»
А Марыля, як прыйшла (туды), дзе быў Ісус, (і) угледзіўшы Яго, упала да Ног Ягоных, кажучы Яму: Госпадзе! каб Ты быў тут, ня памёр бы мой брат.
Тады Езус, убачыўшы, што яна плача і што плачуць юдэі, якія прыйшлі разам з ёю, сам глыбока ўзрушыўся і ўсхваляваўся, ды сказаў: «Дзе вы паклалі яго?»
Ісус жа, як угледзіў яе, (што) плача і прыйшоўшых разам зь ёю юдэяў, (што) плачуць, Сам затужыў духам і глыбока расчуліўся,
Яны адказалі: «Пане, ідзі і паглядзі».
ды сказаў: дзе (вы) паклалі яго? кажуць Яму: Госпадзе! пайдзі й паглядзі.
Езус заплакаў.
Ісус заплакаў.
Юдэі ж казалі: «Глядзі, як Ён любіў яго!»
Казалі тады юдэі: глядзі, як Ён любіў яго.
А некаторыя з іх сказалі: «Ці не мог Ён, які адкрыў вочы сляпому, зрабіць, каб і гэты не памёр?»
А нікаторыя зь іх сказалі: ці ня мо́г Ён, Які расчыніў вочы сьляпому, зрабіць, каб і гэты ня ўмёр?
Езус жа, ізноў глыбока ўзрушаны, ідзе да магілы. Была ж гэта пячора, і камень ляжаў на ёй.
Ісус жа, ізноў тужачы Сам у Сабе, прыходзе да магілы; была ж гэта пячора, і камень ляжаў на ёй.
Сказаў Езус: «Адсуньце камень!» Сястра памерлага, Марта, кажа Яму: «Пане, ужо смярдзіць, бо чацвёрты дзень, як памёр!»
Кажа Ісус: вазьміце камень! Кажа Яму сястра памерлага Марта: Госпадзе, ужо (ён) сьмярдзіць, бо (ужо) чацьверты дзень.
Езус сказаў ёй: «Ці не казаў Я табе, што, калі будзеш верыць, убачыш славу Божую?» Тады адсунулі камень.
Кажа ёй Ісус: ці ня сказа́ў Я табе, што, калі ўверыш, угледзіш Славу Боскую?
А Езус узняў вочы ўгару і сказаў: «Ойча, дзякую Табе, што Ты пачуў Мяне.
І вось узялі камень, дзе быў ляжаў нябожчык. Ісус жа ўзьвёў вочы да Вышыні і сказаў: Тата Мой, дзякую Табе, што Ты пачуў Мяне.
Я ведаў, што Ты заўсёды чуеш Мяне. Але сказаў дзеля натоўпу, які стаіць вакол, каб паверылі, што Ты паслаў Мяне».
Я ж ведаў, што Ты заўсёды чуеш Мяне, але сказаў дзеля людзей, што стаяць навакол, каб уверылі, што Ты паслаў Мяне.
І, сказаўшы гэта, крыкнуў моцным голасам: «Лазар, выйдзі вонкі!»
І, сказаўшы гэтае, крыкнуў моцным голасом: Лазар! выйдзі сюды!
І выйшаў памерлы з нагамі і рукамі, абвязанымі палатном, а твар ягоны быў абвязаны хусткаю. Кажа ім Езус: «Развяжыце яго і дазвольце яму хадзіць».
І выйшаў памерлы, зьвяза́ны палатном (па) нагах і руках, і аблічча ягонае было абвязана хусткаю. Ісус кажа ім: разьвяжыце яго і дайце хадзіць.
Тады многія з юдэяў, якія прыйшлі да Марыі і бачылі, што ўчыніў Езус, паверылі ў Яго.
Тады многія зь юдэяў, што прыйшлі да Марылі і ўбачылі, што ўчыніў Ісус, уверылі ў Яго.
А некаторыя з іх пайшлі да фарысеяў і расказалі ім, што зрабіў Езус.
А нікаторыя зь іх пайшлі да хварысэяў і сказалі ім, што ўчыніў Ісус.
Тады першасвятары і фарысеі сабралі Сінэдрыён і казалі: «Што нам рабіць, бо гэты чалавек робіць шмат знакаў?
Тады архірэі й хварысэі склікалі раду і казалі: што нам рабіць? бо Гэты Чалавек робіць шмат цудаў.
Калі пакінем Яго так, то ўсе павераць у Яго, і прыйдуць рымляне, і знішчаць месца нашае і наш народ!»
Калі пакінем Яго гэтак, (дык) усе ўвераць у Яго, і прыйдуць рымляне і забяруць нас і мейсца гэтае, і народ гэты.
Адзін жа з іх, Каяфа, які быў у той год першасвятаром, сказаў ім: «Вы нічога не разумееце і не думаеце,
Адзін жа зь іх, нехта Каяхва, будучы ў той год архірэем, сказаў ім: вы ня ве́даеце нічога,
што карысней вам, каб адзін чалавек памёр за людзей, а не каб увесь народ загінуў!»
і ня паду́маеце, што лепей нам, каб адзін чалавек памёр за гэты народ, а ня ўве́сь гэты народ загінуў.
А сказаў ён гэта не ад самога сябе, але, будучы ў той год першасвятаром, прарочыў, што Езус памрэ за народ,
Гэтае ж (ён) сказаў ня ад сябе́, але, будучы ў той год архірэем, прарочыў, што Ісусу належыць памерці за народ,
і не толькі за народ, але і за тое, каб рассеяных дзяцей Божых сабраць у адно.
дый ня то́лькі за народ, але каб і расьцярушаных дзяцей Боскіх Яму сабраць у вадно.
З гэтага дня вырашылі забіць Яго.
І вось ад гэтага дня (яны) змовіліся, каб забіць Яго.
Таму Езус ужо больш не хадзіў адкрыта між юдэяў, але адышоў адтуль у краіну каля пустыні, у горад, які называўся Эфраім, і там заставаўся з вучнямі.
Пагэтаму Ісус ужо ня хадзíў яўна між юдэямі, але пайшоў адтуль да краіны ля пустэльні, да места званага Эпраім, і там заставаўся з вучнямі Сваімі.
Набліжалася юдэйская Пасха, і многія з усёй краіны прыйшлі ў Ерузалем перад Пасхаю, каб ачысціцца.
Была ж блізка Пасха жыдоўская, і шмат хто з краіны ўзыйшлі ў Ярузалім перад Пасхай, каб (ім) ачысьціцца.
Яны шукалі Езуса і, стоячы ў святыні, казалі адзін аднаму: «Як вам здаецца? Хіба не прыйдзе Ён на свята?»
І вось шукалі Ісуса і размаўлялі між сабою, стоючы ў Сьвятыні: што вы думаеце, (ці) ня прыйдзе Ён на сьвята?
А першасвятары і фарысеі загадалі кожнаму, хто даведаецца, дзе Ён, данесці, каб схапіць Яго.
Далі ж і архірэі і хварысэі загад, каб, калі хто даведаўся бы, дзе Ён ёсьць, данёс бы, каб (ім) схапіць Яго.