Псалтыр 55 псалом

Псалтыр
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

Кіраўніку хору: на струнных. Навука Давідава.
 

Пачуй, о Божа, малітву маю і не хавайся ад маленьня майго!
 

Зваж на мяне і выслухай мяне; я стогну ў тузе і ўздыхаю
 

ад крыку ворага, ад уціску бязбожнікаў, бо беззаконьне наводзяць на мяне і заўзята змагаюцца са мною.
 

Сэрца трапеча ў-ва мне, і напаў на мяне жах сьмяротны;
 

страх і дрыжаньне найшло на мяне, і жах зьнімае мяне.
 

Дык я сказаў: О, каб мне крыльле, як галубінае! Паляцеў-бы тады й супакоіўся!
 

Так, паляцеў-бы далёка дый астаўся-б у пушчы. (Зэля)
 

Хутка-б схаваўся прад ветравым шалам, прад бурай!
 

Зьніштож іх, Госпадзе, расшчапі языкі ім, бо бачу я гвалты й сваркі ў месьце.
 

Дзень і ноч яны ходзяць па сьценах яго навакол, няшчасьце-ж ды гора ў сярэдзіне ў ім.
 

Пагібель у ім, ды мана і здрада з рынку яго ня зыходзяць.
 

Бо ня вораг мяне зьняважае, — гэта-б сьцярпеў я! — ня той, што мяне ненавідзіць, што прада мной надымаецца, — ад яго-б я схаваўся! —
 

— але ты, чалавеча, як я, прыяцелю мой і мне блізкі,
 

з кім мы вялі між сабой шчырыя гутаркі, з кім у Дом Божы хадзілі сярод натоўпу народнага.
 

Каб сьмерць напала на іх! Каб зыйшлі жывыя ў край сьмерці! бо злачынства ў іхніх дамох, у іх сэрцы.
 

Я-ж буду клікаць да Бога, і Госпад мяне успаможа.
 

Увечары й раніцай дый у палудзень я буду плакаць і галасіць, і Ён пачуе мой голас.
 

Ён збавіць душу маю й дасьць супакой ад тых, што падняліся супраць мяне; бо многа было проці мяне.
 

Пачуе Бог, і Прадвечны іх давядзе да пакорнасьці, бо ня было ў іх паправы, ды не баяліся Бога,
 

руку сваю падыймалі на тых, што з імі ў згодзе жылі, дый нарушалі ўгоду;
 

вусны ў іх гладкія, як тое масла, а ў сэрцы варожасьць; словы ў іх лагадней за аліву, яны-ж — мячы абнажоныя.
 

Пакінь бярэмя тваё на Госпада: Ён цябе забясьпечыць; ня дасьць Ён ніколі, каб пахіснуўся пабожны.
 

Ты-ж, Божа, іх кінеш у найглыбейшыя ямы; тыя, што прагнуць крыві, ды здраднікі паловы сваіх дзён не дажывуць. А я на Цябе спадзяюся!