Да Габрэяў 13 разьдзел

Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

Любоў братняя няхай трывае.
 
Няхай трывае між вамі братняя любоў.

Аб гасьціннасьці не забывайцеся; бо праз яе́ некаторыя, ня ве́даючы, аказалі гасьціннасьць Ангелам.
 
Не забывайцеся пра гасціннасць, бо дзякуючы ёй некаторыя, не ведаючы, анёлам аказалі гасціннасць.

Памятайце аб вязьнях, як-бы і вы з імі былі ў путах, і аб тых, што гора це́рпяць, бо-ж і самі вы ў це́ле.
 
Памятайце пра вязняў, як быццам і вы разам з імі былі зняволенымі, і пра тых, што ў бедах і хваробах, бо і вы самі маеце цела.

Супружства (хай будзе) чэснае ў усіх і ложа беззаганнае; а блуднікаў ды распусьнікаў няхай судзіць Бог.
 
Няхай ва ўсіх будзе ў пашане сужэнства і сужыццё беззаганнае, бо распуснікаў і чужаложнікаў судзіць будзе Бог.

Ня ме́йце нораву срэбралюбнага, здавальняючыся тым, што ёсьць. Бо Сам сказаў: Не астаўлю цябе́ і ня кіну цябе́ (Іс. Навіна 1:5).
 
Хай будуць норавы без сквапнасці; будзьце задаволены тым, што маеце. Бо Ён сказаў: «Не адхінуся ад цябе і не пакіну цябе».

Дзеля гэтага мы адважна кажам: Госпад мне́ ўспамога, і не ўбаюся: што зробіць мне́ чалаве́к? (Псальм 117:6.)
 
Дык трэба, каб з даверам казалі: «Госпад — Успаможца мой, не збаюся, бо што зробіць мне чалавек?»

Памінайце настаўнікаў вашых, якія казалі вам слова Божае; і, пазіраючы на сканчэньне жыцьця іх, пераймайце ве́ру.
 
Памятайце пра настаўнікаў вашых, якія абвяшчалі вам слова Божае і, бачачы вынікі іх жыцця, будзьце [іх] пераймальнікамі ў веры.

Ісус Хрыстос учора й сягоньня Той Самы, дый наве́кі.
 
Ісус Хрыстос Той самы ўчора, сёння і навекі.

Навукамі рознымі ды чужымі не захоплівайцеся; бо добра ла́скай умацоўваць сэрцы, а ня стравамі, ад якіх ня ме́лі карысьці тыя, што пайшлі за імі.
 
Не дайцеся звесціся рознымі чужымі вучэннямі. Найлепш бо мацаваць сэрца ласкаю, а не ежаю, якая не дапамагла тым, што ганяюцца за ёю.

Мы маем ахвярнік, з якога ня маюць права е́сьці тыя, што скініі служаць.
 
Маем ахвярнік, з якога не маюць права есці тыя, якія паслугуюць у палатцы.

Бо ад жывёлаў, кроў якіх за грахі заносіцца архірэем у сьвятыню, мяса спаліваецца па-за станам;
 
Бо целы тых жывёлін, кроў якіх за грахі прыносіцца першасвятаром у святое, паляцца за лагерам.

дык і Ісус, каб асьвяціць крывёй Свае́й народ, быў му́чаны за варотамі.
 
Таму і Ісус, каб усвяціць народ Сваёй Крывёю, быў замучаны за брамаю.

Выйдзем жа да Яго за стан, пераносячы зьдзе́кі Яго;
 
Дык выйдзем жа і мы да Яго за лагер, пераносячы разам з Ім здзекі,

бо ня ма́ем тут сталага ме́ста, але шукаем таго, што ма́е быць.
 
бо не маем тут трывалага горада, але шукаем будучага.

Будзем жа праз Яго прынасіць Богу бясспынна ахвяры хвалы́, гэта ёсьць плод вуснаў, што славяць імя Яго.
 
Дык праз Яго заўсёды будзем складаць ахвяру хвалы Богу, гэта значыць плод вуснаў, што праслаўляюць Яго імя.

Аб дабрадзе́йнасьці-ж і супольнасьці не забывайцеся, бо гэткія ахвяры падабаюцца Богу.
 
Не забудзьцеся пра дабрадзейнасць і супольнасць, бо такія ахвяры мілыя Богу.

Слу́хайцеся настаўнікаў вашых і будзьце пакорнымі, бо яны над душамі вашымі чуваюць, як абязаныя здаць справу (аб іх); ды каб з радасьцяй гэта рабілі, а не ўздыхаючы, бо гэта для вас некарысна.
 
Слухайце старэйшых вашых і падпарадкоўвайцеся ім, бо яны чуваюць над душамі вашымі, як абавязаныя разрахавацца. Дык няхай яны гэта з радасцю выконваюць, а не са стогнамі, бо гэта не на карысць вам.

Мале́цеся за нас; бо мы перакана́ны, што добрае ма́ем сумле́ньне, бо ў-ва ўсім жадаем паступаць справядліва.
 
Маліцеся за нас, бо мы ўпэўнены ў тым, што маем добрае сумленне, жадаючы ва ўсім рабіць добра.

Асабліва-ж прашу рабіць гэта, каб я хутчэй быў вам ве́рнены.
 
Асабліва прашу вас зрабіць так, каб чым хутчэй быў я вернуты вам.

Бог жа міру, што із мёртвых падняў вялікага Пастыра гаве́ц праз кроў запаве́ту ве́чнага, Госпада нашага Ісуса,
 
Бог жа супакою, Які ўваскрасіў з мёртвых вялікага Пастыра авечак у Крыві вечнага запавету, Госпада нашага Ісуса,

няхай удасканаліць вас у-ва ўсякім добрым дзе́ле — на выпаўненьне волі Яго, робячы ў вас тое, што Яму даспадобы, праз Ісуса Хрыста. Якому слава на ве́кі вякоў. Амін.
 
хай пакіруе вас да ўсякага дабра, каб спаўнялі вы Яго волю, выконваючы ў нас, што Яму падабаецца, праз Ісуса Хрыста, Якому слава на векі вечныя. Амін.

Прашу-ж вас, браты, прыме́це слова напамінаньня; дый я-ж коратка вам напісаў.
 
Прашу ж вас, браты, прыміце слова заахвочвання, бо толькі трохі напісаў я вам.

Ве́дайце, што брат наш Цімахве́й звольнены; з ім разам, калі хутка прыдзе, угледжу я вас.
 
Ведайце, што брат наш Цімафей выпушчаны; з ім разам, калі хутка прыбудзе, пабачу вас.

Прывітайце ўсіх настаўнікаў вашых і ўсіх сьвятых. Вітаюць вас тыя, што з Італіі.
 
Прывітайце ўсіх вашых старэйшых і ўсіх святых. Вітаюць вас тыя, што ў Італіі.

Ласка з усімі вамі. Амін.
 
Ласка з вамі ўсімі.