Адкрыцьцё 13 разьдзел
Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Чарняўскага 2012
І стануў я на пяску марскім; і ўгле́дзіў зьве́ра, выходзячы з мора, які ме́ў се́м галоў і дзе́сяць рагоў; і на рагох у яго дзесяць дыадэмаў, і на галовах ягоных імёны блюзьне́рскія.
І ўбачыў я звера, які падымаўся з мора, з сямю галовамі і дзесяццю рагамі. На рагах у яго было дзесяць дыядэм, і на галовах яго надпісы блюзнячыя.
І зьве́р, якога я ўбачыў, быў падобны да рыся, і ногі ў яго, як у мядзьве́дзя, і рот у яго, як рот у ле́ва. І даў яму зьме́й сілу сваю і пасад свой і ўладу вялікую.
І звер, якога я бачыў, быў падобны да барса, а ступні яго як у мядзведзя, а пашча ў яго як у льва. І даў яму дракон сілу сваю, і пасад свой, і вялікую ўладу.
І бачыў я адну із галоў яго, быццам на сьме́рць забітую, і рана яе́ сьмяротная зале́чана, і дзівілася ўсе́нька зямля́ ззаду за зьве́рам.
І адна з яго галоў быццам смяротна паранена, і тая яе смяротная рана была залечана. І дзівілася ўся зямля са звера,
І пакланіліся зьме́ю, што даў уладу зьве́ру, і пакланіліся зьве́ру, гаворачы: Хто падобны да гэтага зьве́ра? Хто здольны бароцца з ім?
і пакланіліся ўсе перад драконам, які даў уладу зверу, і кланяліся зверу, кажучы: «Хто ж зраўняецца са зверам і хто зможа супраць яго ваяваць?»
І да́дзены яму вусны гаварыць вялікае і блюзьне́рскае; і да́дзена яму ўлада вясьці вайну сорак два ме́сяцы.
І дадзены былі яму вусны, што гаварылі вялікае і блюзнячае, і дадзена была яму ўлада дзейнічаць на працягу сарака двух месяцаў.
І расчыніў ён вусны свае́ дзеля блюзьне́рства проці Бога, каб блюзьніць проці іме́ньня Ягонага і сялібы Ягонае і тых, што жывуць у не́бе.
І адчыніў ён пашчу сваю ў блюзненнях на Бога, каб блюзніць на імя Яго, і палатку Яго, і на тых, што жывуць у небе.
І да́дзена яму вясьці вайну з сьвятымі ды перамагчы іх; і да́дзена яму ўлада над усякім родам і языком і народам.
І пры тым дадзена было яму ваяваць супраць святых і перамагаць іх, і дадзена была яму моц над усякім пакаленнем, народам, моваю і племем.
І паклоняцца яму ўсе́ жы́хары зямлі, імёны якіх не запісаны ў кнігу жыцьця Ягняці, заколенага ад стварэньня сьве́ту.
І кланяцца будуць яму ўсе, што абжываюць зямлю і чыё імя ад заснавання свету не запісана ў кнізе жыцця Ягняці, Які быў забіты.
Калі хто ма́е вуха, слухай!
Хто мае вуха, хай слухае:
Хто вядзе́ ў палон, у палон пойдзе; хто мячом забівае, сам мусіць быць мячом забіты. Тут цярплівасьць і ве́ра сьвятых.
«Хто прызначаны ў палон, той ідзе ў палон. Хто павінны мечам быць забіты, належыць таму прапасці ад меча. Тут вось цярплівасць і вера святых».
І ўгле́дзіў я другога зьве́ра, выходзячы із зямлі, і ме́ў ён двое рагоў, падобных да ягнячых, ды гукаў, як зьме́й;
І ўбачыў я іншага звера, што падымаўся з зямлі, і меў ён двое рагоў, якія падобныя да Ягнячых, і гаварыў як дракон.
і ўсю ўладу пе́ршага зьве́ра зьдзейсьня́е ён перад ім: прымушае зямлю і жы́хараў яе́ пакланяціся пе́ршаму зьве́ру, у якога зале́чана сьмяротная рана яго.
І здзяйсняе ён поўную ўладу першага звера на вачах у яго, і прынукае зямлю і яе жыхароў пакланяцца першаму зверу, якога смяротная рана была залечана.
І робіць знакі вялікія, так што й агонь прымушае зыходзіць з не́ба на зямлю перад людзьмі,
І чыніць ён вялікія знакі, нават агонь зводзіць з неба на зямлю на вачах у людзей.
ды баламуціць жы́хараў зямлі знакамі, якія да́дзена яму рабіць перад зьве́рам, ды кажа жы́харам зямлі рабіць абра́з зьве́ра, што ма́е рану ад мяча́ і вы́жыў.
І зводзіць жыхароў зямлі знакамі, якія дадзена яму рабіць перад зверам, кажучы жыхарам зямлі, каб рабілі абразы звера, што меў рану ад меча, але жывы.
І дадзена яму надзяліць абра́з зьве́ра духам, каб абра́з зьве́ра і гаварыў, і рабіў, каб тыя, хто толькі не паклоніцца абразу́ зьве́ра, былі-б забіты.
І дадзена яму надаць дух абразу звера, каб гаварыў абраз звера і каб таго, хто не пакланяўся абразу звера, забіваць.
І робіць, каб усім — малым і вялікім, і багатым і бе́дным, і вольным і рабом — дадзена было ім кляймо на правай руцэ іх або на лобе іх,
І робіць ён, што малыя і вялікія, багатыя і бедныя, вольныя і нявольнікі атрымліваюць меціну на правай руцэ сваёй або на чале сваім,
ды каб ніхто ня мог ні купляць ні прадаваць, апрача толькі тых, што маюць кляймо, або імя зьве́ра, або лічбу іме́ньня ягонага.
і ніхто не зможа купляць або прадаваць, хто не будзе мець меціны, або імя звера, або лічбы імя яго.
Вось дзе мудрасьць. Хто ма́е розум, аблічы́ лічбу зьве́ра; бо гэта лічба чалаве́ка. І лічба яго шэсьцьсот шэсьцьдзесят шэсьць.
Тут трэба мудрасць; хто мае розум, няхай палічыць лічбу звера, бо гэта лічба чалавека, і лічба гэтая — шэсцьсот шэсцьдзесят шэсць.