Да Эфэсянаў 4 разьдзел

Пасланьне да Эфэсянаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

 
 

Дык я, вязень у Госпадзе, малю вас паступаць дастойна закліку, якім вы пакліканы,
 
Малю вас я, вязень у Пану, паступаць годна паклікання, якім вы пакліканы,

з усе́нькай мудрасьцяй пакоры і ціхасьцяй, з доўгацярплівасьцяй, це́рпячы адзін аднаго ў любві,
 
з усёю пакораю і лагоднасцю, з доўгацярплівасцю, церпячы адзін аднаго ў любові,

стараючыся захаваць е́днасьць духа ў саюзе міру.
 
стараючыся захаваць еднасць духа ў саюзе спакою.

Адно це́ла і адзін дух, як вы і пакліканы да аднае́ надзе́і вашага закліканьня:
 
Адно ёсць цела і адзін дух, як і вы пакліканы ў адной надзеі вашага паклікання.

Адзін Госпад, адна ве́ра, адно хрышчэньне,
 
Адзін ёсць Пан, адна вера, адзін хрост,

Адзін Бог і Аце́ц усіх, Які над усімі, і праз усіх, і ў-ва ўсіх нас.
 
адзін Бог і Айцец усіх, які над усімі і праз усіх, і ва ўсіх.

Кожнаму-ж з нас дадзена ласка водле ме́ры дару Хрыстовага.
 
Кожнаму з нас дадзена ласка паводле меры Хрыстовага дару.

Дзеля гэтага і кажа: Узыйшоўшы на вышыню, паланіў палон і даў дары людзям (Псальм 67:19).
 
Таму і сказана: «Узышоўшы на вышыні, паланіў палонных і даў людзям дары».

(А «узыйшоўшы» што́ ёсьць, як ня тое, што ён пе́рш і зыходзіў у прадонныя ме́сцы зямлі?
 
А што азначае «ўзышоўшы», калі не тое, што Ён сышоў да ніжэйшых частак зямлі.

Зыйшоўшы, Ён ёсьць І той, што ўзыйшоў вышэй за ўсе́ нябёсы, каб споўніць усё.)
 
Той, хто сышоў, ёсць і тым, хто ўзышоў вышэй за ўсе нябёсы, каб напоўніць усё.

І Ён паставіў адных Апосталамі, другіх прарокамі, іншых эвангелістамі, іншых па́стырамі і вучыцялямі
 
Ён паставіў адных апосталамі, другіх прарокамі, іншых евангелістамі, іншых пастырамі і настаўнікамі

дзеля збудаваньня сьвятых, на дзе́ла служэньня, на будаваньне Це́ла Хрыстовага,
 
дзеля выхавання святых для справы служэння, для будавання Хрыстовага цела,

дакуль усе́ дойдзем да е́днасьці ве́ры і пазнаньня Сына Божага, да мужа дасканалага, да ме́ры ўзрашчэньня поўні Хрыстовае;
 
пакуль усе мы прыйдзем да еднасці веры і пазнання Сына Божага, да чалавека дасканалага, да меры сталасці паводле Хрыстовай паўнаты.

каб мы ня былі бале́й дзяцьмі, зыбаючыміся і захаплянымі ўсякім ве́трам навукі, у хітрыках чалаве́чых, у подступе дзеля хітрага збаламучаньня,
 
Каб мы больш не былі дзецьмі, якіх хістае і захапляе кожны вецер вучэнняў, каб людскім падманам, хітрым штукарствам увесці ў зман.

але праўдзіваю любоўю ўсё памнажалі бы ў Таго, Які ёсьць Галава, Хрыстос,
 
Будучы шчырымі ў любові, ва ўсім будзем узрастаць да таго, хто з’яўляецца Галавою, — да Хрыста.

з Якога ўсё це́ла, складзенае і злучанае ўсякімі вязямі змацаваньня, праз дзе́йнасьць у (сваю) ме́ру кожнага чле́на, прырост робіць дзеля будаваньня самога сябе́ ў любві.
 
З Яго ўсё цела, якое складаецца і злучаецца праз розныя ўзаемныя сувязі, у меру дзеяння кожнага асобнага члена, атрымлівае ўзрастанне для будавання самога сябе ў любові.

Дык кажу гэта і сьве́дчу ў Госпадзе, каб вы бале́й не хадзілі, як другія пагане ходзяць, у марнасьці розуму свайго,
 
Кажу гэта і сведчу ў Пану, каб вы больш не жылі, як жывуць язычнікі ў марнасці свайго розуму,

з зацьміўшыміся думкамі, адцураўшыся ад жыцьця Божага праз няве́даньне іх, праз закамяне́ньне сэрца іх;
 
з зацьмёным мысленнем, адчужаныя ад Божага жыцця праз няведанне, якое караніцца ў іх, праз упартасць іхніх сэрцаў.

яны, стаўшыся нячулымі, аддаліся распусьце, каб рабіць усякі бруд у прагавітасьці.
 
Яны, стаўшы нячулымі, аддаліся распусце, робячы нячыстае з усёй прагнасцю.

Але вы ня гэтак пазналі Хрыста,
 
Не гэтаму вы навучыліся ад Хрыста,

калі чулі Яго і ў Ім навучыліся, — бо праўда ў Ісусе, —
 
калі сапраўды чулі пра Яго і вучыліся ў Ім паводле праўды, якая ёсць у Езусе,

каб адкінуць вам — па ране́йшаму жыцьцю — старога чалаве́ка, які тле́е ў манлівых пажаданьнях,
 
але таму, каб адкінуць ранейшыя паводзіны старога чалавека, які знішчае сябе зманлівымі пажадлівасцямі.

а абнавіцца духам розуму вашага
 
Таму дазвольце аднавіцца Духу ў вашым розуме

і апрануцца ў новага чалаве́ка, створанага па Богу, у праведнасьці і сьвятасьці праўды.
 
і апраніцеся ў новага чалавека, створанага паводле Бога ў справядлівасці і святасці праўды.

Дзеля гэтага, адкінуўшы ілжу, гаварыце кожны праўду бліжняму свайму, бо мы — чле́ны адзін аднаму.
 
Дзеля таго адкіньце падман, гаварыце праўду кожны свайму бліжняму, бо мы — члены адзін аднаго.

Гне́вайцеся, ды не грашыце: няхай сонца не зайдзе́ ў гне́ве вашым;
 
Гневайцеся, але не грашыце, няхай сонца не заходзіць у гневе вашым.

і не давайце ме́сца д’яблу.
 
І не давайце месца д’яблу.

Хто краў, дале́й не крадзі, а ле́пей працуй, робячы сваімі рукамі карыснае, каб было з чаго аддзяліць таму, хто ма́е патрэбу.
 
Хто краў, няхай больш не крадзе, лепш няхай працуе, здабываючы сваімі рукамі даброты, каб меў чым дапамагчы патрабуючаму.

Жаднае гнілое слова няхай ня выходзіць з вуснаў вашых, а толькі добрае дзеля збудаваньня ў ве́ры, каб ласку давала тым, што слухаюць.
 
Усякае ліхое слова няхай не выходзіць з вуснаў вашых, але толькі добрае дзеля збудавання, каб прынесла ласку тым, хто слухае.

І ня смуціце Сьвятога Духа Божага, Якім вы запячатаны на дзе́нь адкупле́ньня.
 
Не засмучайце Святога Духа Божага, якім вы пазначаны на дзень адкуплення.

Усякая горыч, і ярасьць, і гне́ў, і крык, і лаянка няхай будуць адда́лены ад вас — разам з усім благім;
 
Усякая горыч, раздражненне, гнеў, крык і блюзнерства няхай будуць выдалены ад вас разам з усякай злосцю.

будзьце-ж адзін да аднаго добрымі, спагадлівымі, выбачаючымі адзін аднаму, як і Бог у Хрысьце́ выбачыў вам.
 
Вы ж будзьце адзін да аднаго лагоднымі, міласэрнымі, даруйце адзін аднаму, як і Бог у Хрысце дараваў вам.