Марка 12 разьдзел

Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Дабравесця / «Спадчына»; Клышка

 
 

І пачаў гаварыць да іх прыпо́весьцямі: чалаве́к насадзіў вінаграднік, абгарадзіў яго і вы́капаў сток, ды пабудаваў ве́жу і аддаў вінагра́дарам, ды пае́хаў.
 
І пачаў Ён казаць ім упадабненнямі: «Насадзіў чалавек вінаграднік і абнёс агароджаю, і здаў у арэнду вінаградарам і выехаў.

І пасла́ў у свой час да вінагра́дараў слугу́ ўзяць пладоў з вінаградніку.
 
І ў пэўны час паслаў да вінаградараў раба, каб узяў у вінаградараў ад плёну вінаградніка;

Яны-ж схапілі яго, зьбілі дый адаслалі ні з чым.
 
А тыя, схапіўшы яго, збілі і адаслалі ні з чым.

І ізноў паслаў да іх другога слугу́; і таму, кідаючы каме́ньні, разьбілі галаву і адаслалі, зьнява́жыўшы.
 
І зноў паслаў да іх іншага раба і таго ранілі ў галаву і зняважылі.

І ізноў новага паслаў; дый таго забілі, і шмат іншых, адных б’ючы, другіх забіваючы.
 
Тады паслаў наступнага; і таго забілі і многіх іншых каго збілі, каго забілі.

Маючы-ж яшчэ аднаго сына, лю́бага яму, паслаў і яго да іх накане́ц, кажучы: паўстыдаюцца сына майго.
 
Яшчэ аднаго ён меў: улюбёнага сына; паслаў яго апошнім да іх, кажучы: «Пасаромеюцца майго сына!»

Але гэныя вінаградары сказалі паміж сабою: гэта наступнік; давайце, заб’е́м яго, і спадчына будзе наша.
 
А тыя вінаградары разважалі між сабою: «Гэта спадкаемец; хадзем заб’ем яго, і спадчына будзе наша.»

І, схапіўшы яго, забілі й выкінулі з вінаградніку.
 
І, скапіўшы, яны забілі яго і выкінулі яго за вінаграднік.

Што-ж зробіць гаспадар вінаградніку? Пры́йдзе і заб’е́ць вінагра́дараў і аддасьць вінаграднік другім.
 
Што зробіць гаспадар вінаградніка? Прыйдзе і знішчыць тых вінаградараў і здасць вінаграднік іншым.

Няўжо-ж вы ня чыталі гэтага пісаньня: ка́мень, што адкінулі будаўнічыя, стаўся галавою кута́;
 
Няўжо вы і гэтага Пісьма не чыталі: «Камень, які адкінулі будаунікі, зрабіўся галавою вугла;

ад Госпада ста́лася гэтае і дзіўна ў нашых вачох? (Псальм 117:22−23.)
 
Ад Госпада зрабілася гэта і яно дзіўнае ў нашых вачах»?

І манíліся схапіць Яго, ды баяліся народу; бо ве́далі, што гэтую прыпо́весьць сказаў да іх; і, пакінуўшы Яго, адыйшліся.
 
І стараліся Яго схапіць, ды баяліся натоўпу, бо зразумелі, што супроць іх сказаў Ён упадабненне. І, пакінуўшы Яго, адышлі.

І пасылаюць да Яго некаторых з фарысэяў і ірадзія́наў, каб улавіць Яго на слове.
 
І пасылаюць да Яго некаторых з фарысеяў і з ірадыян, каб злавіць Яго на слове.

Тыя-ж, прыйшоўшы, кажуць Яму: Настаўніку! мы ве́даем, што Ты — справядлівы і не дагаджаеш нікому: бо ня ўзіраешся на аблічча людзе́й, а папра́ўдзе шлях Божы пака́зуеш. Ці гожа даваць падатак ке́сару, ці не́? Даваць нам, ці не даваць?
 
І тыя, прачытаўшы, кажуць Яму: «Настаўніку, мы ведаем, што Ты праўдзівы і ні на кога не зважаеш: бо не глядзіш на асобу чалавека, але праўдзіва настаўляеш на Божую дарогу; ці можна даваць падаткі кесару ці не? Даваць нам ці не даваць?»

Ён жа, ве́даючы крывадушнасьць іх, сказаў ім: што́ Мяне́ спакушаеце? Прынясеце Мне дына́р, каб Я пабачыў.
 
Ён жа, ведаючы іх крывадушнасць, казаў ім: «Што вы Мяне выпрабоўваеце? Прынясіце Мне дынарый, каб я паглядзеў».

Яны прыне́сьлі. І кажа ім: Чые́ гэта аблічча і надпіс? Яны адказалі: ке́саравы.
 
Яны і прынеслі. І Ён кажа ім: «Чыя гэта выява і надпіс?» Тыя ж адказалі Яму: «Кесарава».

І, адказваючы, Ісус сказаў ім: аддайце ке́сарава ке́сару, а Божае Богу. І дзіваваліся з Яго.
 
Ісус жа сказаў ім: «Кесарава аддавайце кесару, а Божае Богу». І вельмі здзіўляліся Яму.

Потым прыйшлі да Яго садуке́і, якія кажуць, што няма ўваскрасе́ньня ўме́ршых, і пыталіся ў Яго, кажучы:
 
І прыходзяць да Яго садукеі, якія кажуць, што няма ўваскрашэння, і пытаюцца ў Яго, кажучы:

Вучыцель! Майсе́й напісаў нам: калі ў каго памрэ брат і пакіне жонку, а дзяце́й не пакіне, каб брат яго ўзяў жонку ягоную і ўваскрасіў се́мя брату свайму (Другазаконьне 25:5).
 
«Настаўніку, Майсей напісаў нам: «Калі ў каго брат памрэ і пакіне жонку і не пакіне дзяцей, то няхай яго брат возьме жонку і ўзновіць патомства свайму брату».

Вось жа было се́м братоў: пе́ршы ўзяў жонку і, паміраючы, не пакінуў сяме́ньня.
 
Было сем братоў: і першы ўзяў жонку і, паміраючы, не пакінуў патомства;

І другі ўзяў яе́ і памёр, не пакінуўшы сяме́ньня; і трэці гэтак сама.
 
І другі ўзяў яе і памёр, не пакінуўшы патомства; і трэці таксама;

Бралі яе́ сямёра і не пакідалі сяме́ньня. Пасьля ўсіх паме́рла й жана́.
 
І сямёра не пакінулі патомства. Пасля ўсіх памерла і жонка.

Дык у час уваскрасе́ньня, калі яны ўваскроснуць, якога з іх будзе яна жаною? Бо сямёра мелі яе́ за жану́.
 
Ва ўваскрэсенні [калі ўваскрэснуць] каго з іх будзе яна жонкаю? Бо сямёра мелі жонкай яе.»

Ісус жа, адказваючы, сказаў ім: ці не дзеля таго вы блудзіце, што ня ве́даеце пісаньняў, ні сілы Божай?
 
Сказаў ім Ісус: «Ці не таму вы памыляецеся, што не ведаеце ні Пісьма, ані Божай сілы?

Бо, калі ўваскроснуць із мёртвых, тады ня будуць жаніцца, ні замуж выхадзíць, але будуць як а́нгелы, што ў нябёсах.
 
Бо калі ўстануць з мёртвых, не будуць ні жаніцца, ані замуж выходзіць, але будуць як анёлы ў нябёсах.

А аб умёршых, што яны ўваскро́снуць, ці-ж вы ня чыталі ў кнізе Майсе́я, як Бог ля купіны сказаў яму: Я — Бог Аўраама, і Бог Ізаака, і Бог Якава. (Выхад 3:6).
 
Пра мёртвых жа, што ўваскрэснуць, хіба не чыталі вы ў Майсеевай Кнізе пра купіну, як сказаў яму Бог, прамаўляючы: «Я Бог Аўраамаў, і Бог Ісакаў, і Бог Якава»?

Ня ёсьць Бог умёршых, але Бог жывых. Дык вы крэпка мыля́ецеся.
 
Ён не Бог мёртвых, але жывых: вы вельмі памыляецеся.

І кніжнік адзін, падыйшоўшы і пачуўшы спрэчкі іх, бачучы, што добра ім адказаў, спытаўся ў Яго: якая пе́ршая з усіх за́паведзяў?
 
І, падышоўшы, адзін з кніжнікаў, які чуў, як яны спрачаюцца, і бачачы, што добра Ён адказаў ім, спытаўся ў Яго: «Якая запаведзь першая з усіх?»

Ісус жа адказаў яму: пе́ршая з усіх за́паведзяў: Слухай, Ізраіль! Госпад Бог наш ёсьць Госпад адзіны;
 
Адказаў Ісус: «Першая: «Слухая, Ізраіле! Госпад, наш Бог, ёсць Госпад адзіны;

і: любі Госпада Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсім розумам тваім, і ўсёю моцаю тваёю, — вось пе́ршая за́паведзь (Другазаконьне 6:4−5).
 
І любі Госпада, Бога свайго, усім сэрцам сваім, і ўсёю душою сваёю, і ўсім розумам сваім, і усёю сілай сваёю.»

І другая падобная да яе́: любі бліжняга твайго, як самога сябе́. І няма́шака іншага вялікшага прыказа́ньня (Лявіт 19:18).
 
І вось другая: «Любі свайго бліжняга, як самога сябе.» Няма іншай запаведзі большай за гэтыя.»

І сказаў яму кніжнік: добра, Вучыцель! Ты сказаў праўду, што адзін ёсьць Бог, і няма іншага апрача Яго;
 
І сказаў Яму кніжнік: «Добра, Настаўніку! Праўдзіва сказаў Ты, што Ён адзіны і няма другога, акрамя Яго:

і любíць Яго ўсім сэрцам, усім розумам і ўсёю душою і ўсёю сілаю і любíць бліжняга, як самога сябе́ больш за ўсе́ агнявыя жэртвы й ахвяры.
 
І любіць Яго ўсім сэрцам, і ўсім розумам і ўсёю сілаю, і любіць бліжняга, як самога сябе, — больш за ўсе цэласпаленні і ахвяры».

І Ісус, бачучы, што той разумна адказвае, сказаў яму: недалёка ты ад царства Божага. І ніхто ўжо ня сьме́ў задаваць Яму пытаньні.
 
І Ісус, убачыўшы, што ён разумна адказваў, сказаў яму: «Недалёка ты ад Божага Царства». І ніхто больш не адважваўся пытацца ў Яго.

І, азваўшыся, казаў Ісус, навучаючы ў царкве́: Як кажуць кніжнікі: што Хрыстос ёсьць сын Давідаў?
 
І, азваўшыся, Ісус казаў, навучаючы ў святыні: «Як жа кажуць кніжнікі, што Хрыстос — Давідау сын?

Бо сам Давід сказаў Духам Сьвятым: сказаў Госпад Госпаду майму: сядзі направа ад Мяне́, дакуль палажу ворагаў Тваіх за падножжа ног Тваіх (Псальм 109:1).
 
Сам Давід сказаў Святым Духам: «Сказаў Госпад майму Госпаду: сядзь праваруч Мяне, аж пакуль Я не пакладу Тваіх ворагаў пад Твае ногі.»

Гэтак, сам Давід называе Яго Госпадам; дык як жа Ён — сын яго? І множства народу з ахвотаю слу́хала Яго.
 
Сам Давід кажа, што Ён — Госпад: дык як жа Ён яго сын? І вялікі натоўп ахвотна слухаў Яго.

І гаварыў ім у навуцы Сваёй: Сьцеражыцеся кніжнікаў, што любяць хадзіць у даўгíх во́пратках, ды вітаньні на торжышчах,
 
І ў Сваёй навуцы Ён казаў: «Сцеражыцеся кніжнікаў, што любяць праходжвацца ў доўгай вопратцы і каб віталі іх на рынках,

і пе́ршыя лавы ў школах, і пе́ршыя ме́сцы на банке́тах;
 
І першыя лавы ў сінагогах і першыя месцы на банкетах,

тыя, што зьяда́юць хаты ўдоў і дзеля во́ка доўга моляцца, тыя дастануць цяжэйшую ка́ру.
 
Што праядаюць удовіны дамы і для выгляду доўга моляцца; гэтыя атрымаюць цяжэйшы прысуд».

І, се́ўшы ля скарбнíцы, глядзе́ў Ісус, як народ кíдае медзякí ў скарбніцу. І многа заможных кідалі шмат.
 
І, сеўшы насупроць скарбніцы, Ён глядзеў, як натоўп укідае медзь у скарбніцу. І многія багацеі шмат укідалі.

І адна бе́дная ўдава, прыйшоўшы, кінула дзьве́ ле́пты або грош.
 
І прыйшла адна ўбогая ўдава і ўкінула дзве лепты, гэта значыць кадрант.

І, паклікаўшы вучняў сваіх, Ісус сказаў ім: запраўды кажу́ вам, што гэтая бе́дная ўдава палажыла больш за ўсіх, што клалі ў скарбніцу.
 
І, паклікаўшы Сваіх вучняў, Ён сказаў ім: «Папраўдзе кажу вам: гэтая ўбогая ўдава ўкінула больш за ўсіх, што ўкідалі ў скарбніцу;

Бо ўсе́ клалі з лішкаў сваіх, а яна з недастатку свайго палажыла ўсё, што ме́ла, уве́сь пражы́так свой.
 
Бо ўсе ад сваіх лішкаў укідалі, яна ж ад свайго недастатку, усё, што мела, укінула, усю сваю спожыць».