Марка 12 разьдзел

Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Яна Станкевіча → Дабравесця / «Спадчына»; Клышка

 
 

І пачаў гукаць ім прыпавесьцьмі: «Якісь чалавек засадзіў вінішча, і агарадзіў яго агарожаю, і выкапаў таўчэльню, і пастанавіў вежу, і аддаў яго ў ранду вінаром, і ад’ехаў.
 
І пачаў Ён казаць ім упадабненнямі: «Насадзіў чалавек вінаграднік і абнёс агароджаю, і здаў у арэнду вінаградарам і выехаў.

І ў пару паслаў да вінароў слугу, каб адзяржаць ад вінароў плады зь вінішча.
 
І ў пэўны час паслаў да вінаградараў раба, каб узяў у вінаградараў ад плёну вінаградніка;

А яны, узяўшы, зьбілі й адаслалі бязь нічога.
 
А тыя, схапіўшы яго, збілі і адаслалі ні з чым.

І ўзноў паслаў да іх другога слугу; і таго каменьням ранілі ў галаву, і адаслалі асарамочанага.
 
І зноў паслаў да іх іншага раба і таго ранілі ў галаву і зняважылі.

І ўзноў паслаў іншага; і таго забілі, і шмат іншых, адных б’ючы, а другіх забіваючы.
 
Тады паслаў наступнага; і таго забілі і многіх іншых каго збілі, каго забілі.

Маючы ж яшчэ адзінага сына, любовага свайго, паслаў таксама яго да іх, кажучы: "Усьцяць сына майго".
 
Яшчэ аднаго ён меў: улюбёнага сына; паслаў яго апошнім да іх, кажучы: «Пасаромеюцца майго сына!»

Але тыя вінарове сказалі мяжсобку: "Гэта спадкаемца; пайдзіма, забіма яго, і спадак будзе нашы».
 
А тыя вінаградары разважалі між сабою: «Гэта спадкаемец; хадзем заб’ем яго, і спадчына будзе наша.»

І ўзялі яго, і забілі, і выкінулі зь вінішча.
 
І, скапіўшы, яны забілі яго і выкінулі яго за вінаграднік.

Дык што зробе гаспадар вінішча? Прыйдзе, і выгубе вінароў, і аддасьць вінішча іншым.
 
Што зробіць гаспадар вінаградніка? Прыйдзе і знішчыць тых вінаградараў і здасць вінаграднік іншым.

Ці ня чыталі вы гэтага ў Пісьме: Камень, што адкінулі будаўнічыя, стаў галавою вугла;
 
Няўжо вы і гэтага Пісьма не чыталі: «Камень, які адкінулі будаунікі, зрабіўся галавою вугла;

Гэта сталася ад Спадара, і дзіўна ў вачох нашых"?»
 
Ад Госпада зрабілася гэта і яно дзіўнае ў нашых вачах»?

І шукалі прыгоды няць Яго, бо ведалі, што Ён празь іх сказаў прыпавесьць, але баяліся груду. І пакінуўшы Яго, адыйшлі.
 
І стараліся Яго схапіць, ды баяліся натоўпу, бо зразумелі, што супроць іх сказаў Ён упадабненне. І, пакінуўшы Яго, адышлі.

І яны паслалі да Яго некатрых із фарысэяў а гіродзян, каб злавіць Яго ў слове.
 
І пасылаюць да Яго некаторых з фарысеяў і з ірадыян, каб злавіць Яго на слове.

Яны ж, прышоўшы, кажуць Яму: «Вучыцелю, мы ведаем, што Ты праўдзівы, і не азіраешся на нікога, бо не глядзіш на асобу людзкую, але дарогі Божае вучыш праўдзіва. Дазволена даваць падачкі цэсару, ці не?
 
І тыя, прачытаўшы, кажуць Яму: «Настаўніку, мы ведаем, што Ты праўдзівы і ні на кога не зважаеш: бо не глядзіш на асобу чалавека, але праўдзіва настаўляеш на Божую дарогу; ці можна даваць падаткі кесару ці не? Даваць нам ці не даваць?»

Маем мы даваць, ці не даваць?» Але Ён, ведаючы двудушнасьць іхную, кажа ім: «Чаму прабуеце Мяне? Прынясіце Імне дынар, каб Я бачыў яго».
 
Ён жа, ведаючы іх крывадушнасць, казаў ім: «Што вы Мяне выпрабоўваеце? Прынясіце Мне дынарый, каб я паглядзеў».

І прынесьлі. А Ён кажа ім: «Чый гэта абраз а напіс?» Яны сказалі Яму: «Цэсаравы».
 
Яны і прынеслі. І Ён кажа ім: «Чыя гэта выява і надпіс?» Тыя ж адказалі Яму: «Кесарава».

І, адказуючы, Ісус сказаў ім: «Цэсарава аддавайце цэсару, а Божае Богу». І дзівіліся зь Яго.
 
Ісус жа сказаў ім: «Кесарава аддавайце кесару, а Божае Богу». І вельмі здзіўляліся Яму.

Тады прышлі да Яго садукеі, каторыя кажуць, што няма ўскрысеньня, і пыталіся ў Яго, кажучы:
 
І прыходзяць да Яго садукеі, якія кажуць, што няма ўваскрашэння, і пытаюцца ў Яго, кажучы:

«Вучыцелю! Масей напісаў нам: "Калі чый брат памрэць і пакіне жонку, але не пакіне дзіцяці, гэты брат ягоны мае ўзяць жонку ягоную і даць насеньне брату свайму".
 
«Настаўніку, Майсей напісаў нам: «Калі ў каго брат памрэ і пакіне жонку і не пакіне дзяцей, то няхай яго брат возьме жонку і ўзновіць патомства свайму брату».

І было сямёх братоў: і першы ўзяў жонку, і, паміраючы, не пакінуў насеньня.
 
Было сем братоў: і першы ўзяў жонку і, паміраючы, не пакінуў патомства;

І другі ўзяў яе, і памер, і ён не пакінуў насеньня, таксама й трэйці.
 
І другі ўзяў яе і памёр, не пакінуўшы патомства; і трэці таксама;

І сямёх мела яе, і не пакінулі насеньня. Просьле ўсіх памерла й жонка.
 
І сямёра не пакінулі патомства. Пасля ўсіх памерла і жонка.

Дык у ўскрысеньню, як ускрэснуць, чыёй зь іх будзе яна жонкаю? Бо сямёх мелі яе за жонку».
 
Ва ўваскрэсенні [калі ўваскрэснуць] каго з іх будзе яна жонкаю? Бо сямёра мелі жонкай яе.»

І Ісус, адказуючы, сказаў ім: «Ці затым вы мыляецеся, што ня знаеце Пісьмаў ані моцы Божае?
 
Сказаў ім Ісус: «Ці не таму вы памыляецеся, што не ведаеце ні Пісьма, ані Божай сілы?

Бо як ускрэснуць ізь мертвых, ня будуць жаніцца ані выходзіць замуж, але будуць як ангілы на нябёсах.
 
Бо калі ўстануць з мёртвых, не будуць ні жаніцца, ані замуж выходзіць, але будуць як анёлы ў нябёсах.

А што да мертвых, што яны ўскрэснуць, ці ня чыталі вы ў кнізе Масеявай, у кусьце, як Бог казаў яму, кажучы: "Я Бог Абрагамоў а Бог Ісакоў а Бог Якаваў"?
 
Пра мёртвых жа, што ўваскрэснуць, хіба не чыталі вы ў Майсеевай Кнізе пра купіну, як сказаў яму Бог, прамаўляючы: «Я Бог Аўраамаў, і Бог Ісакаў, і Бог Якава»?

Ня ё Бог мертвых, але жывых. Дык вы вельма мыляецеся».
 
Ён не Бог мёртвых, але жывых: вы вельмі памыляецеся.

І дабліжыўся адзін із кніжнікаў, чуючы сьпярэчку іхную, і пераканаўшыся, што Ён адказаў ім вельмі добра, папытаўся ў яго: «Каторае расказаньне першае з усіх?»
 
І, падышоўшы, адзін з кніжнікаў, які чуў, як яны спрачаюцца, і бачачы, што добра Ён адказаў ім, спытаўся ў Яго: «Якая запаведзь першая з усіх?»

І Ісус адказаў яму: «Першае з усіх расказаньне: "Слухай Ізраелю! Спадар Бог наш ё Спадар адзін;
 
Адказаў Ісус: «Першая: «Слухая, Ізраіле! Госпад, наш Бог, ёсць Госпад адзіны;

І любі Спадара Бога свайго з усяго сэрца свайго, і з усяе душы свае, і з усяе думкі свае, і з усяе моцы свае". Гэта першае расказаньне!
 
І любі Госпада, Бога свайго, усім сэрцам сваім, і ўсёю душою сваёю, і ўсім розумам сваім, і усёю сілай сваёю.»

А другое падобнае да гэтага: "Любі прыяцеля свайго, як самога сябе". Няма іншага расказаньня большага за гэтыя».
 
І вось другая: «Любі свайго бліжняга, як самога сябе.» Няма іншай запаведзі большай за гэтыя.»

І кніжнік сказаў Яму: «Добра, Вучыцелю! Ты сказаў праўду, бо адзін ё Бог, нямаш іншага, апрача Яго;
 
І сказаў Яму кніжнік: «Добра, Настаўніку! Праўдзіва сказаў Ты, што Ён адзіны і няма другога, акрамя Яго:

І любіць Яго з усяго сэрца, і з усяго розуму, і з усяе душы, і з усяе моцы, і любіць прыяцеля, як самога сябе, ё балей чымся ўсі ўсепаленьні а аброкі».
 
І любіць Яго ўсім сэрцам, і ўсім розумам і ўсёю сілаю, і любіць бліжняга, як самога сябе, — больш за ўсе цэласпаленні і ахвяры».

І Ісус, бачачы, што ён разумна адказаў, сказаў яму: «Недалёка ты ад гаспадарства Божага». І ніхто просьле гэтага ня сьмеў пытацца ў Яго.
 
І Ісус, убачыўшы, што ён разумна адказваў, сказаў яму: «Недалёка ты ад Божага Царства». І ніхто больш не адважваўся пытацца ў Яго.

І Ісус, адказуючы, сказаў, як вучыў у сьвятыні: «Як гэта кажуць кніжнікі, што Хрыстос ё сын Давідаў?
 
І, азваўшыся, Ісус казаў, навучаючы ў святыні: «Як жа кажуць кніжнікі, што Хрыстос — Давідау сын?

Бо сам Давід сказаў у Духу Сьвятым: "СПАДАР сказаў Спадару майму: сядзі па правіцы Маёй, пакуль Я зраблю непрыяцеляў Тваіх казулькаю пад ногі Твае".
 
Сам Давід сказаў Святым Духам: «Сказаў Госпад майму Госпаду: сядзь праваруч Мяне, аж пакуль Я не пакладу Тваіх ворагаў пад Твае ногі.»

Дык Давід сам кажа Яму "Спадар": як жа Ён сын ягоны?» І вялікі груд ахвотна Яго слухаў.
 
Сам Давід кажа, што Ён — Госпад: дык як жа Ён яго сын? І вялікі натоўп ахвотна слухаў Яго.

І казаў ім у навуццы Сваёй: «Уважайце на кніжнікаў, што любяць хадзіць у даўгім адзецьцю, і здарованьні на таргох,
 
І ў Сваёй навуцы Ён казаў: «Сцеражыцеся кніжнікаў, што любяць праходжвацца ў доўгай вопратцы і каб віталі іх на рынках,

І першыя седавы ў бажніцах, і першыя месцы на вячэрах;
 
І першыя лавы ў сінагогах і першыя месцы на банкетах,

Што зьядаюць дамы ўдоваў ды пад прыклепам даўгіх малітваў. Гэтыя адзяржаць цяжшае засуджэньне».
 
Што праядаюць удовіны дамы і для выгляду доўга моляцца; гэтыя атрымаюць цяжэйшы прысуд».

І Ісус сеў супроці скарбонкі, і глядзеў, як людзі кідалі медзякі ў скарбонку. І шмат хто багаты кідаў шмат.
 
І, сеўшы насупроць скарбніцы, Ён глядзеў, як натоўп укідае медзь у скарбніцу. І многія багацеі шмат укідалі.

І прышла адна бедная ўдава, і ўкінула два пенязі, што складаюць шэляг.
 
І прыйшла адна ўбогая ўдава і ўкінула дзве лепты, гэта значыць кадрант.

Пагука ўшы вучанікаў Сваіх, сказаў ім: «Запраўды кажу вам, што гэтая бедная ўдава ўкінула балей, чымся ўсі, што кідалі ў скарбонку;
 
І, паклікаўшы Сваіх вучняў, Ён сказаў ім: «Папраўдзе кажу вам: гэтая ўбогая ўдава ўкінула больш за ўсіх, што ўкідалі ў скарбніцу;

Бо ўсі кідалі з дастатку свайго, але яна зь нястачы свае ўкінула ўсе, што мела, усе, што мела на жыцьцё свае».
 
Бо ўсе ад сваіх лішкаў укідалі, яна ж ад свайго недастатку, усё, што мела, укінула, усю сваю спожыць».