Марка 3 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Яна Станкевіча → Дабравесця / «Спадчына»; Клышка
І ўвыйшоў ізноў у бажніцу. Там быў чалавек із сухой рукою.
І Ён зноў увайшоў у сінагогу. І быў там чалавек, які меў усохлую руку.
І назіралі за Ім, ці не ўздарове яго ў сыботу, каб абвінаваць Яго.
І сачылі за Ім, ці Ён вылечыць таго ў суботу, каб абвінаваціць Яго.
Ён жа кажа сухарукаму: «Стань пасярэдзіне».
І кажа Ён чалавеку, што меў сухую руку: «Стань пасярэдзіне».
А ім кажа: «Ці праўна ў сыботу добра ці блага рабіць? Душу спасьці, ці загубіць?» Але яны маўчэлі.
А ім кажа: «Ці дазваляецца ў суботу дабро рабіць ці ліха тварыць, душу ўратаваць ці забіць?» Яны ж маўчалі.
І, глянуўшы на іх із гневам, зьнёмарасьціўшыся з калянасьці сэрцаў іхных, кажа таму чалавеку: «Выцягні руку сваю». Ён выцягнуў, і стала рука ягоная здаровая, як другая.
І агледзеўшы іх з гневам, засмучаны закамянеласцю іх сэрцаў, кажа Ён чалавеку: «Працягні руку». І той працягнуў, і яго рука ажыла.
Фарысэі, вышаўшы, без адвалокі зрабілі зь гіродыянамі нараду супроці Яго, каб загубіць Яго.
Фарысеі ж, выйшаўшы, адразу з ірадыянамі ўчынілі змову супроць Яго, як бы Яго загубіць.
А Ісус із вучанікамі сваімі адышоў над мора; і вялікая множасьць ішла за Ім із Ґалілеі а зь Юдэі
А Ісус са Сваімі вучнямі адышоўся да мора, і вялікае мноства з Галілеі [пайшло ўслед за Ім] і з Іудзеі,
А зь Ерузаліму а з Ідумеі а зза Ёрдану. І з каля Тыру а Сыдону, пачуўшы, што Ён робе, вялікая множасьць прышла да Яго.
і з Іерусаліма, і з Ідумеі, і з Заіярдання, і з ваколіц Тыра і Сідона, — вялікае мноства, пачуўшы пра ўсё, што Ён робіць, прыйшло да Яго.
І сказаў вучанікам Сваім, каб гатова была Яму лодка, з прычыны груду, каб ня сьціскалі Яго.
І сказаў Ён Сваім вучням, каб падрыхтавалі Яму човен з-за натоўпу, каб не напіралі на Яго;
Бо шмат каго Ён уздаравіў, так што ціснуліся да Яго, хто меў хваробу, каб даткнуцца да Яго.
Бо многіх Ён вылечыў, так што ўсе, каго даймала ліха, кідаліся да Яго, каб дакрануцца да Яго.
І нячыстыя духі, як бачылі Яго, падалі перад Ім і крычэлі, кажучы: «Ты — Сын Божы!»
І нячыстыя духі, калі Яго бачылі, падалі перад Ім і крычалі, кажучы: «Ты — Божы Сын».
Але Ён шмат перасьцерагаў іх, каб не выяўлялі Яго.
Ды Ён ім сурова забараніў, каб яны не раскрывалі Яго.
Потым узышоў на гару і пагукаў да Сябе, каго Сам хацеў; і прышлі да Яго.
І Ён узыходзіць на гару і кліча да Сябе, каго Сам хацеў; і яны пайшлі да Яго.
І прызначыў двананцацёх, каб маглі быць ізь Ім, і каб пасылаць іх на казань,
І вызначыў Дванаццаць [якіх і апосталамі назваў], каб былі з Ім, і каб пасылаць іх на казань,
І каб яны мелі ўладу ўздараўляць ад хваробаў і выганяць нячысьцікаў:
і каб мець ім уладу выганяць дэманаў;
Сымона, дадаўшы яму імя Пётра,
[і вызначыў гэтых Дванаццаць], і даў імя Сіману — Пётр,
А Якава Зэведэявага а Яана, брата Якававага, дадаўшы ім мянушку Воанерґес, значыцца «Сыны громавы»,
і Якава Зевядзеевага, і Іаана, Якавага брата, і даў ім імя Ваанергес, гэта значыць «Громавы сыны»;
Андрэя а Піліпа а Варфаломея а Мацьвея а Хаму а Якава Алфеевага а Хвадзея а Сымона Канояніна
і Андрэя, і Філіпа, і Варфаламея, і Мацвея, і Фаму, і Якава Алфеевага, і Фадзея, і Сімана Кананіта,
А Юду Іскарыёта, каторы й ізрадзіў Яго. І прыходзяць да дому.
і Юду Іскарыёта, які і прадаў Яго.
І ўзноў зыходзіцца люд, ажно нельга было ім хлеба ізьесьці.
І прыходзіць Ён у дом; і сходзіцца зноў натоўп, так што яны не маглі і хлеба з’есці.
І, пачуўшы, свае Ягоныя пайшлі няць Яго, бо дзейкалі, што Ён вонках сябе.
І, лачуўшыся, Яго блізкія выйшлі ўзяць Яго; бо казалі: Ён не ў Сабе.
А кніжнікі, што прышлі зь Ерузаліму, дзейкалі, што Ён мае веельзэвула, і што выганяе нячысьцікаў сілаю старшага нячысьцікаў.
А кніжнікі якія прыйшлі з Ерусаліма, казалі: «Ён мае Вельзевула і праз уладара дэманаў выганяе дэманаў».
І прыгукаўшы іх, гутарыў ім прыпавесьцьмі: «Як можа шайтан выганяць шайтана?
І, паклікаўшы іх, упадабненнямі казаў ім: «Як можа сатана сатану выганяць?»
Калі гаспадарства падзеліцца само ў сабе, ня можа ўстоіць гаспадарства тое.
І калі царства падзеліцца само супроць сябе, не можа ўтрымацца тое царства;
І, калі дом падзеліцца сам у сабе, ня можа ўстоіць дом тый.
і калі дом падзеліцца сам супроць сябе, не можа ўтрымацца дом той.
І калі шайтан паўстаў на самога сябе й падзяліўся, ня можа ўстоіць, але канец яму.
І калі сатана паўстаў сам супроць сябе і падзяліўся, не можа ён утрымацца, але канец яму.
«Бо ніхто, увыйшоўшы ў дом дужасіла, ня можа расхапаць маемасьці ягонае; хіба ўперад зьвяжа дужасіла, і тады аграбе дом ягоны.
Але ніхто не можа, увайшоўшы ў дом дужага, абрабаваць яго дабро, калі спярша не звяжа дужага і тады яго дом абрабуе.
«Запраўды кажу вам: будуць дараваны сыном людзкім усі грахі а блявузґаньні, якімі б блявузґалі;
Папраўдзе кажу вам: «Усё будзе даравана чалавечым сынам: грахі і блюзнерствы, якімі б яны не блюзнілі;
Але хто будзе блявузґаць на Духа Сьвятога, ніколі ня будзе мець дараваньня, але ён у небясьпечнасьці вечнага засуджэньня».
А хто зблюзніць на Святога Духа, няма яму адпушчэння навекі, але вінаваты ў вечным граху.
Бо гукалі: «У Ім нячысты дух».
Бо яны казалі: «Ён мае нячыстага духа».
І прыйшлі Маці Ягоная а браты Ягоныя і, стоячы вонках, паслалі да Яго пагукаць Яго.
І прыходзяць Яго Маці і Яго браты і, стоячы знадворку, паслалі да Яго паклікаць Яго.
А навокал Яго сядзеў груд. І сказалі Яму: «Гля, а Маці Твая а браты Твае а сёстры Твае вонках, шукаюць Цябе».
І сядзеў вакол Яго натоўп; і кажуць Яму: «Вось Твая Маці і Твае браты [і Твае сёстры] знадворку, шукаюць Цябе».
І, адказаўшы ім, сказаў: «Хто маці Мая або браты Мае?»
І ў адказ ім Ён кажа: «Хто Мая Маці і [Мае] браты?»
І глянуўшы на тых, што сядзелі навокал Яго, кажа: «Во маці Мая а браты Мае!
І, агледзеўшы тых, што сядзелі вакол Яго, кажа: «Вось Мая Маці і Мае браты!
Бо хто будзе паўніць волю Божую, той Імне а брат а сястра а маці».
[Бо] хто выконвае Божую волю, той Мне брат, і сястра, і Маці».