Марка 16 разьдзел

Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Яна Станкевіча → Дабравесця / «Спадчына»; Клышка

 
 

Як мінула сыбота, Марыя Магдалена а Марыя Якавава а Салома купілі пахаў, каб ісьці, намасьціць Яго.
 
І калі мінула субота, Марыя Магдалена, і Марыя Якава, і Саламея купілі духмянасцяў, каб, прыйшоўшы, памазаць Яго.

І вельма рана нараніцы, першага дня тыдня, прышлі да гробу ўсходам сонца.
 
І вельмі рана ў першы дзень тыдня прыходзяць яны да магілы, калі ўзыходзіла сонца.

І гукалі мяжсобку: «Хто адкоце нам камень ад дзьвярэй гробу?»
 
І казалі між сабою: «Хто адваліць нам камень ад уваходу ў магілу?»

І, глянуўшы, бачаць, што камень адкочаны; а ён быў вельма вялікі.
 
Ды, паглядзеўшы, бачаць, што камень адвалены; а быў ён надта вялікі.

І, увыйшоўшы ў гроб, абачылі маладзёна, на правым баку седзячага, адзеўшыся ў даўгое белае адзецье; і зжахнуліся.
 
І, увайшоўшы ў магілу, яны ўбачылі юнака, што сядзеў праваруч і быў апрануты ў белыя шаты; і жахнуліся.

Ён жа сказаў ім: «Не жахайцеся. Ісуса шукаеце Назарэцяніна, што быў укрыжаваны; Ён ускрэс, Яго няма тут. Во месца, ідзе Ён быў пакладзены.
 
А Ён кажа ім: «Не жахайцеся! Ісуса вы шукаеце Назараніна ўкрыжаванага; Ён уваскрос, Яго няма тут. Вось месца, дзе паклалі Яго.

Але йдзіце, накажыце вучанікам Ягоным а Пётру, што Ён выперадзе вас да Ґалілеі; там абачыце Яго, як Ён сказаў вам».
 
Але ідзіце, скажыце Яго вучням і Пятру, што Ён ідзе паперадзе вас у Галілею; там Яго ўбачыце, як Ён казаў вам».

І яны борзда вышлі, і ўцяклі ад гробу, бо яны дрыжэлі й былі зумеўшыся, і нічога нікому не сказалі, бо баяліся.
 
І, выйшаўшы, пабеглі яны ад магілы, бо іх ахапіла трымценне і ўзрушэнне і нікому нічога не сказалі, бо баяліся.

Ускрэсшы рана першага дня тыдня, Ён сьпярша зьявіўся Марыі Магдалене, з каторае быў выгнаўшы сямёх нячысьцікаў.
 
А ўваскросшы рана ў першы дзень тыдня, Ён паказаўся спярша Марыі Магдалене, з якой выгнаў сем дэманаў.

Яна пайшла й наказала тым, што былі зь Ім, каторыя былі ў жалобе й плакалі.
 
Яна, пайшоўшы, абвясціла тым, што бывалі з Ім, а цяпер сумавалі і плакалі;

Але тыя, пачуўшы, што Ён жывы, і яна бачыла Яго, не нялі веры.
 
І тыя, пачуўшы, што Ён жыве і што яна бачыла Яго, — не паверылі.

Просьле гэтага Ён зьявіўся ў іншым выглядзе двум ізь іх на дарозе, як яны йшлі да сяла.
 
Пасля ж гэтага адкрыўся Ён двум з іх іншым вобразе дарогаю, калі яны ішлі ў вёску;

Яны йшлі й наказалі засталым; і гэтыя не нялі веры.
 
А тыя, пайшоўшы, абвясцілі астатнім, але і ім не паверылі.

І потым зьявіўся адзінанцацём, як узьляжалі за сталом, і ўпікаў ім за няверу іхную а калянасьць сэрца, бо не нялі веры тым, каторыя бачылі Яго ўскрэслага.
 
Пазней [жа] адкрыўся Ён і самім Адзінаццаці, калі яны ўзлягалі [на вячэры] і дакараў за нявер’е іх і нячуласць сэрца, што яны тым, хто бачыў Яго ўваскрослым, не паверылі.

І сказаў ім: «Ідучы па ўсім сьвеце, абяшчайце Евангелю ўсяму стварэньню.
 
І сказаў ім: «Ідучы па ўсім свеце, абвяшчайце Дабравесце кожнаму стварэнню.

Хто будзе верыць і ахрысьціцца, спасён будзе; а хто ня будзе верыць, будзе засуджаны.
 
Хто ўверуе і хрысціцца — будзе збавёны, а хто не ўверуе — будзе асуджаны.

І гэтыя знакі злучацца з тымі, што вераць: імям Маім будуць выганяць нячысьцікаў; будуць гукаць новымі мовамі;
 
Адзнакаю ж тых, хто ўверуюць, будзе такое: Маім Імем будуць яны выганяць дэманаў, будуць гаварыць новымі мовамі,

Будуць браць гады; а калі б што атрутнае пілі, не пашкодзе ім; на хворых будуць ускладаць рукі, і добра ім будзе».
 
Будуць браць гадаў [у рукі], а хоць бы смяротнае што выпілі, ім не пашкодзіць, на хворых ускладуць рукі і добра тым будзе».

Гэтак Спадар, просьле гутаркі зь імі, быў узяты на неба й сеў па правіцы Божай.
 
І вось Госпад пасля размовы з імі ўзнёсся на неба і сеў праваруч Бога.

А тыя пайшлі й абяшчалі ўсюдых, і Спадар судзеяў зь імі, і слова іхнае мацніў знакамі, злучанымі зь імі. Амін.
 
А тыя, выйшаўшы, абвяшчалі ўсюды, Госпад дапамагаў ім і слова засведчваў услед знакам!