Марка 8 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Яна Станкевіча → Дабравесця / «Спадчына»; Клышка
Тых дзён ізноў зьберся вялікі груд, і ня было ім чаго есьці. Ісус, прыгукаўшы вучанікаў Сваіх, сказаў ім:
У тыя дні калі зноў быў вялікі натоўп і не мелі яны чаго есці, Ён, паклікаўшы вучняў, кажа ім:
«Жаль Імне груду, бо ўжо тры дні пры Імне, і няма ім чаго есьці.
«Шкада Мне гэтага натоўпу, бо ўжо тры дні яны астаюцца са Мною і не маюць чаго есці:
Калі постуючых адпушчу іх да дамоў іхных, замлеюць у дарозе, бо некаторыя зь іх прышлі здалеку.
І, калі адпушчу іх галодных дадому, аслабеюць яны ў дарозе, а некаторыя з іх папрыходзілі здалёку».
І вучанікі адказалі Яму: «Скуль мог бы хто досыць учыніць гэтым людзём хлебам на пустыні?»
І адказалі Яму Яго вучні: «Адкуль зможа хто накарміць іх хлябам! тут, у пустэльні?»
І папытаўся ў іх: «Колькі ў вас букаткаў?» Яны сказалі: «Сем».
І Ён пытаўся ў іх: «Колькі хлябоў вы маеце?» Яны ж сказалі: «Сем».
І расказаў людзём расьсесьціся на зямлі; і ўзяўшы сем букаткаў, і даўшы падзякі, паламіў, і даў вучанікам Сваім, паслужыць. І яны паслужылі груду .
І Ён загадвае натоўпу ўзлегчы на зямлю; і, узяўшы гэтыя сем хлябоў, уздаўшы падзяку, паламаў і даў Сваім вучням, каб раздалі, і яны раздалі натоўпу.
І мелі крыху рыбкаў: дабраславіўшы, Ён расказаў паслужыць ім.
І мелі трохі рыбак; і, блаславіўшы іх, Ён сказаў і іх раздаць.
І елі і пад’елі; і набралі засталых кавалкаў сем кашоў.
І елі яны і наеліся, і назбіралі з пазасталых кавалкаў сем кашоў.
Тых жа, што елі, было каля чатырох тысячаў. І адпусьціў іх.
А было іх каля чатырох тысяч. І Ён адпусціў іх.
І без адвалокі ўвыйшоў у струг з вучанікамі Сваімі, і прыплыў у часьці Далмануфскія.
І, адразу ступіўшы ў човен са Сваімі вучнямі, прыбыў у старану Далмануфскую.
І вышлі фарысэі, і пачалі сьпярэчку зь Ім, шукаючы ў яго знаку зь неба, спакушаючы Яго.
І выйшлі фарысеі і пачалі спрачацца з Ім, вымагаючы ад Яго знака з неба, выпрабоўваючы Яго.
І Ён, уздыхаючы ў духу Сваім, сказаў: «Нашто род гэты шукае знаку? Запраўды кажу вам, ня дасца роду гэтаму знак».
І Ён, глыбока ўздыхнуўшы ў Сваім духу, кажа: «Навошта род гэты вымагае знаку? Папраўдзе кажу вам, не будзе дадзена знаку роду гэтаму».
І, пакінуўшы іх, ізноў увыйшоў у струг, і адплыў на тый бок.
І, пакінуўшы іх, Ён зноў ступіў у човен і адплыў на той бок.
І забыліся ўзяць хлеба, і ня мелі ў струзе із сабою балей як адну букатку.
І забыліся яны ўзяць хлябы і толькі адзін хлеб мелі з сабою ў лодцы.
А Ён расказаў ім, кажучы: «Глядзіце, сьцеражыцеся закісі фарысэйскае а закісі Гірадавае».
І Ён наказваў ім, кажучы: «Глядзіце, сцеражыцеся фарысейскай кіслі ды Ірадавай кіслі.
І, разважаючы мяжсобку, гукалі: «Хлеба ня маем».
І разважалі яны між сабою, што хлябоў у іх няма.
А Ісус, пазнаўшы, кажа ім: «Чаму разважаеце праз тое, што ня маеце хлеба? Ці вы яшчэ ня цяміце а не разумееце? ці яшчэ закалянена маеце сэрца свае?
І, уведаўшы, Ён кажа ім: «Чаго разважаеце, што не маеце хлябоў? Ці яшчэ не ўяўляеце і не разумееце? Ці яшчэ маеце сэрца сваё зацвярдзелае?
Маючы вочы, ня бачыце? маючы вушы, ня чуеце? і ня памятуеце?
Вочы маючы, не бачыце? І вушы маючы, не чуеце? І не памятаеце?
Як Я пяць букаткаў паламіў памеж пяцёх тысячаў, колькі поўных кашоў набралі вы кавалкаў?» Кажуць Яму: «Двананцаць».
Калі тыя пяць хлябоў ламаў Я на пяць тысяч — колькі кошыкаў, поўных кавалкаў, назбіралі?» Кажуць Яму: «Дванаццаць».
«А як сем памеж чатырох тысячаў, колькі поўных кашоў набралі вы кавалкаў?» І кажуць «Сем».
А калі я тыя сем — на чатыры тысячы, колькі кашоў поўных кавалкаў назбіралі?» І кажуць [Яму]: «Сем».
І сказаў ім: «Як гэта, што вы не разумееце?».
І Ён сказаў ім: «Вы яшчэ не разумееце?»
І прыходзе да Віфсаіды; і прыводзяць да Яго нявіснога, і просяць Яго дакрануцца да яго.
І прыходзяць яны ў Віфсаіду. І прыводзяць да Яго сляпога і просяць Яго, каб Ён дакрануўся да таго.
І Ён, узяўшы нявіснога за руку, вывеў яго вонкі зь местачка, і, плюнуўшы яму на вочы, узлажыў на яго рукі, і папытаўся ў яго, ці бача што.
І, узяўшы сляпога за руку, Ён вывеў яго з сяла і, плюнуўшы яму на вочы, усклаў на яго рукі і спытаўся ў яго: «Ці бачыш што?»
Ён, глянуўшы ўгару, сказаў: «Бачу праходзячых людзёў, як дзервы».
І, паглядзеўшы, той сказаў: «Бачу людзей, што нібы дрэвы, здаецца, ходзяць».
Потым ізноў узлажыў рукі на вочы ягоныя і казаў яму глянуць угару. І ён быў адноўлены, і бачыў усе ясна.
Пасля Ён зноў усклаў рукі на вочы яму, і той пільна паглядзеў і вылечыўся і стаў бачыць усё выразна.
І адаслаў яго двору, кажучы: «Не заходзь да местачка ані расказуй нікому ў местачку».
І паслаў яго дадому, кажучы: «І ў сяло не заходзь [і нікому ў сяле не расказвай]».
І вышаў Ісус а вучанікі Ягоныя да местачкаў Цэсары Піліпавае. І ў дарозе Ён пытаўся ў вучанікаў Сваіх, кажучы ім: «За каго Мяне маюць людзі?»
І пайшоў Ісус і Яго вучні ў сёлы Кесарыі Філіпавай; і ў дарозе Ён пытаўся ў Сваіх вучняў: «За каго Мяне лічаць людзі?»
Яны сказалі Яму, кажучы: «За Яана Хрысьціцеля, а некатрыя за Ільлю, а іншыя за аднаго з прарокаў».
Яны ж сказалі Яму: За Іаана Хрысціцеля, а другія — за Ілью, іншыя ж — за аднаго з прарокаў».
І Ён папытаўся ў іх: «А вы за каго Мяне маеце?» Адказуючы, Пётра сказаў Яму: «Ты — Хрыстос».
І Ён спытаўся ў іх: «А вы за каго Мяне лічыце?» Пётр у адказ Яму кажа: «Ты — Хрыстос».
І забараніў ім, каб нікому не казалі празь Яго.
І Ён забараніў, каб нікому пра Яго не казалі.
І пачаў вучыць іх, што Сыну Людзкому належа шмат цярпець, і быць адхіненым старцамі а найвышшымі сьвятарамі а кніжнікамі, і забітым быць, а за тры дні ўскрэснуць.
І Ён пачаў навучаць іх, што Чалавечаму Сыну належыць шмат выцерпець і што ад Яго адцураюцца старэйшыны, і першасвятары, і кніжнікі і што будзе забіты, але праз тры дні ўваскрэсне.
І гукаў гэта адкрыта. І, узяўшы Яго на бок, Пётра пачаў ганіць Яго.
І казаў Ён гэтае слова адкрыта. І, адвёушы Яго ўбок, пачаў адгаворваць Яго.
Але Ён, абярнуўшыся а глянуўшы на вучанікаў Сваіх, зганіў Пётру, сказаўшы: «Адыйдзі ад Мяне, шайтане, бо ты думаеш не праз тое, што Божае, але што людзкое».
Ён жа, абярнуўшыся і ўбачыўшы Сваіх вучняў, забараніў Пятру і кажа: «Адступіся ад Мяне, сатана, бо думаеш ты не пра Божае, але пра чалавечае».
І, пагукаўшы груд із вучанікамі Сваімі, сказаў ім: «Калі хто хоча йсьці за Імною, зрачыся сябе, і вазьмі крыж свой, і йдзі за Імною;
І, паклікаўшы натоўп разам са Сваімі вучнямі, сказаў ім: «Калі хто хоча за Мною ісці ўслед, няхай зрачэцца самога сябе і хай возьме свой крыж і ідзе ўслед за Мною.
Бо хто хоча жыцьцё свае захаваць, згубе яго; а хто згубе жыцьцё свае дзеля Мяне а Евангелі, тый захавае яго.
Бо хто хоча сваё жыццё ўратаваць, той загубіць яго; хто ж загубіць сваё жыцце дзеля Мяне і Дабравесця, уратуе яго.
А якая карысьць людзіне, калі прыдбае цэлы сьвет, а душу сваю згубе?
Бо што выгадае чалавек, здабыўшы ўвесь свет, а пашкодзіўшы Сваёй душы?
Альбо якую мену дасьць людзіна за душу сваю?
Бо што дасць чалавек у замен Свае душі?
Бо хто будзе сароміцца Мяне а словаў Маіх у родзе гэтым чужаложным а грэшным, і Сын Людзкі пасароміцца яго, як прыйдзе ў славе Айца Свайго ізь сьвятымі ангіламі».
Бо хто пасаромеецца Мяне і Маіх слоў перад гэтым родам пералюбным і грэшным, таго пасаромеецца і Чалавечы Сын, калі прыйдзе ў славе Свайго Бацькі разам са сваімі анёламі».