Да Эфэсянаў 5 разьдзел
Пасланьне да Эфэсянаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Дабравесця / «Спадчына»; Клышка
Дык будзьце насьлядоўцамі Бога, як умілаваныя дзе́ці,
і хадзеце ў любві, як і Хрыстос палюбіў нас і выдаў Сябе́ за нас, як дар і ахвяру Богу, на пах прые́мны.
А блуд і ўсякая нячыстасьць або прагавітасьць няхай і не ўспамінаюцца ў вас, як і гожа сьвятым;
ані агідныя і благія словы або жарты і няпрыстойнасьці; але ле́пш падзяка.
Бо ве́дайце, што ніякі блудзень, ці нячысты, ці хцівец, які хваліць ідалаў, ня мае спадчыны ў Царстве Хрыста і Бога.
Няхай ніхто ня зводзіць вас пустымі словамі, бо за гэтае прыходзіць гне́ў Божы на сыноў спраціўле́ньня.
Дык ня будзьце супольнікамі іх.
Вы былі калісь це́мрай, а цяпе́р — сьвятло́ ў Госпадзе: паступайце-ж, як дзе́ці сьвятла́,
бо плод Духа ёсьць у ўсякай дабраце́ і праведнасьці, і праўдзе;
выпрабоўвайце, што ўгодна Богу,
і ня прыймайце ўчасьця ў бясплодных дзе́яньнях це́мры, а ле́пш дакарайце.
Бо аб тым, што робіцца імі тайна, сорамна й гаварыць.
Усякі-ж дакор робіцца яўным ад сьвятла́, бо ўсё, што робіцца яўным, ёсьць сьвятло;
дык і кажа: устань, сьпя́чы, і ўскрэсьні з мертвых, і асьве́ціць цябе́ Хрыстос.
Дык глядзе́це, паступайце асьцярожна, не як бязглуздыя, але як мудрыя,
выкупляючы час, бо дні хітрыя.
Дзеля гэтага ня будзьце неразважлівымі, але пазнавайце, што́ ёсьць Воля Божая.
І ня ўпівайцеся віном, бо ў ім распуста, але напаўняйцеся Духам,
гаворачы ад сябе́ псальмамі і гымнамі, і пе́сьнямі духоўнымі, пяючы і іграючы Госпаду ў сэрцах вашых,
дзякуючы заўсёды і за ўсё Богу і Айцу ў імя Госпада нашага Ісуса Хрыста,
пакараючыся сабе́ ўзае́мна ў страху Божым.
Жанчыны, пакарайцеся сваім мужом, як Госпаду,
бо муж ёсьць галава жаны, як і Хрыстос галава Царквы́, і Ён жа збавіцель це́ла;
але, як царква́ пакараецца Хрысту, гэтак і жонкі сваім мужом у-ва ўсім.
Мужы, любе́це жонкі свае́, як і Хрыстос палюбіў Царкву і выдаў Сябе́ за яе́,
каб асьвяціць яе́, ачысьціўшы купальняй воднаю у слове;
каб паставіць яе́ Сабе́ слаўнаю, Царкву гэную, бяз плямы ці заганы ці чаго гэткага, але каб яна была сьвятая і беззаганная.
Гэтак павінны мужы любіць сваіх жанок, як це́лы свае́: хто любіць жонку сваю, самога сябе́ любіць.
Бо ніхто ніколі ня ме́ў не́навісьці да свайго це́ла, але жывіць і грэець яго, як і Госпад Царкву;
бо мы — чле́ны це́ла Яго, ад це́ла Яго і ад касьце́й Яго.
Дзеля гэтага пакіне чалаве́к айца свайго і матку і прыле́піцца да жонкі свае́й, і будуць двое ў адным це́ле (Быцьцё 2:24).
Тайна гэтая валікая; я-ж кажу аб Хрысьце́ і Царкве́.
Дык і вы, усякі па сабе́, кожны хай любіць жонку сваю як самога сябе́; жонка-ж няхай баіцца мужа свайго.