Дзеі 10 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Вітаўта Тумаша

 
 

Быў жа ў Кесарыі муж не́йкі, на ймя Карнэль, сотнік із роты, называнай Італійскай,
 

пабожны й багабойны разам з усе́нькім домам сваім; багата абдорываў ён народ ды ўсьцяж маліўся Богу.
 

Ён бачыў ясна ў зьяве, каля дзявятае гадзіны дня, як увайшоў да яго Ангел Божы і сказаў: Карнэль!
 

Ён жа, глянуўшы на яго ды спалохаўшыся, сказаў: Хто ты, Госпадзе? І сказаў да яго: Малітвы твае́ й дораньне тваё ўзыйшлі на памяць перад абліччам Бога.
 

Дык пашлі цяпе́р у Іоппу людзе́й ды пакліч праз іх Сымона, што называецца Пятром;
 

ён у гасьцёх у не́йкага Сымона, гарбара, дом якога ля мора. Ён скажа табе́, што трэба табе́ рабіць.
 

Калі-ж Ангел, што гутарыў з Карнэлем, пайшоў, ён, клікнуўшы двое слуг сваіх і пабожнага жаўне́ра із тых, што былі пры ім,
 

ды ўсё ім расказаўшы, паслаў іх у Іоппу.
 

Назаўтрае-ж, як яны былі ў дарозе й падыходзілі да ме́ста, Пётр узыйшоў на дах памаліцца каля шостае гадзіны.
 

І сталася, пачуў голад ды захаце́ў е́сьці; пакуль-жа гатавалі, найшло на яго захапле́ньне,
 

і бачыць не́ба расчыненае ды судзіну не́йкую, зыходзячы да яго, быццам вялікі абрус, зьвязаны за чатыры канцы і апусканы на зямлю,
 

а ў ім былі ўсялякія чацьвёраногія зямлі, зьвяры й гады і птахі нябе́сныя.
 

І стаўся голас да яго: Устань, Пётр, і забівай ды еш.
 

Пётр жа сказаў: не, Госпадзе, бо ніколі ня е́ў я паганага й нячыстага.
 

І ізноў голас другі раз да яго: Што Бог ачысьціў, ты не пагань.
 

Сталася-ж гэта тройчы. І судзіна ізноў узьнялася на не́ба.
 

Калі-ж Пётр сумляваўся ў сабе́, што-б значыла зьява, якую бачыў, — вось людзі, пасланыя ад Карнэля, распытаўшыся аб Сымонавы дом, спыніліся ля варотаў
 

і, крыкнуўшы, спыталіся: Ці тут у гасьцёх Сымон, называны Пятром?
 

А пад той час, як Пётр разважаў пра зьяву, сказаў яму Дух: Вось, трое людзе́й шукаюць цябе́.
 

Дык, устаўшы, ідзі ды пайдзі з імі, нічога не разьбіраючы: бо Я паслаў іх.
 

Зыйшоўшы-ж да гэных людзе́й, пасланых да яго ад Карнэля, Пётр сказаў: Вось я той, каго шукаеце. Што за прычына, дзеля чаго вы прыйшлі?
 

Яны-ж сказалі: Карнэль, сотнік, муж справядлівы й багабойны, аб якім сьве́дчыць уве́сь народ Жыдоўскі, дастаў ад сьвятога Ангела загад паклікаць цябе́ ў свой дом ды паслухаць слоў тваіх.
 

Дык, запрасіўшы іх, пачаставаў. А назаўтрае Пётр пайшоў з імі, ды некаторыя із братоў, што з Іоппы, пайшлі з ім разам.
 

І назаўтрае прыйшлі ў Кесарыю. Карнэль жа чакаў на іх, спрасіўшы родных сваіх ды блізкіх прыяцеляў.
 

Калі-ж сталася, што Пётр увайшоў, Карнэль, сустрэўшы яго, упаў да ног ягоных і пакланіўся.
 

Але Пётр падняў яго, гаворачы: Устань, і я чалаве́к.
 

І, размаўляючы з ім, увайшоў ды знаходзе многа сабраных.
 

І прамовіў да іх: Вы ве́даеце, што не́льга чалаве́ку Жыду лучыцца ці схадзіцца з чужынцамі; але Бог паказаў мне́ не лічыць ніводнага чалаве́ка паганым ці нячыстым.
 

Дзе́ля гэтага я, пакліканы, і прыйшоў, не спрачаючыся. І вось пытаюся: на што вы клікалі мяне́?
 

І прамовіў Карнэль: Ад чацьве́ртага дня ажно да гэтае гадзіны я пасьціў ды ў дзявятай гадзіне маліўся ў доме маім; і вось стануў перада мною муж у бліскучай вопратцы
 

ды прамовіў: Карнэль, выслухана малітва твая, і дораньне твае́ ўзыйшло на памяць перад абліччам Бога;
 

дык пашлі ў Іоппу ды пакліч Сымона, што называецца Пётр: ён у гасьціне ў доме Сымона гарбара, каля мора; той, прыйшоўшы, скажа табе́.
 

Дык я ўраз-жа паслаў да цябе́, і ты добра зрабіў, што прыйшоў. І вось мы ўсе́ стаімо перад абліччам Бога, каб выслухаць усё, што загадана табе́ ад Бога.
 

І Пётр, расчыніўшы вусны, сказаў: Запраўды спасьцерагаю, што не на аблічча ўглядаецца Бог,
 

але ў кожным народзе прые́мны Яму той, хто баіцца Бога й чыніць справядліва.
 

Слова паслаў сыном Ізраілявым, абвяшчаючы мір праз Ісуса Хрыста (той ёсьць Госпад усяго);
 

вы ве́даеце слова, што сталася па ўсе́нькай Юдэі, пачынаючы ад Галіле́і, пасьля Хрышчэньня, якое абвясьціў Іоан:
 

як Бог Ісуса із Назарэту памазаў Духам і моцай, што хадзіў робячы дабро і аздараўляючы ўсіх апанаваных чартом, бо з ім быў Бог.
 

І мы — сьве́дкі ўсяго, што Ён зрабіў у краіне Жыдоўскай дый у Ерузаліме. І забілі Яго, паве́сіўшы на дрэве.
 

Яго Бог ускрасіў на трэці дзе́нь і даў Яму паказвацца,
 

ды не ўсяму народу, але сьве́дкам, напе́рад выбраным ад Бога, нам, што е́лі й пілі разам з Ім пасьля ўваскрасе́ньня із мёртвых.
 

І загадаў нам абвяшчаць народу й сьве́дчыць, што Ён ёсьць празначаны ад Бога судзьдзя жывых і мёртвых.
 

Аб ім усе Прарокі сьве́дчаць, што кожын, хто ве́руе ў Яго, дастане адпушчэньне грахоў праз імя Ягонае.
 

І, калі Пётр яшчэ гаварыў, зыйшоў Дух Сьвяты на ўсіх, што слухалі ягонае слова.
 

І ве́ручыя із абрэзаных, якія былі прыйшлі разам з Пятром, здуме́ліся, што дар Духа Сьвятога зыходзе й на паганаў:
 

бо пачулі іх гаворачы языкамі і ўзьвялічаючы Бога. Тады прамовіў Пётр:
 

Няўжо-ж хто можа забараніць вады дзе́ля хрышчэньня вось гэтых, што прынялі Духа Сьвятога, як і мы?
 

І загадаў ім ахрысьціцца ў імя Госпада. Тады прасілі яго, каб пабыў у іх колькі дзён.