Лукаша 16 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Анатоля Клышкi → Выдання 1926−1928 гадоў Л. Дзекуць-Малея 2x

 
 

І Ён казаў таксама [сваім] вучням: Быў адзін багаты чалавек, які меў аканома, і яму данеслі на яго, што той растрачвае яго маёмасць.
 
Сказаў жа і да вучняў Сваіх: адзін чалаве́к быў багаты і ме́ў эканома, на якога данясьлі яму, што растрачвае маемасьць яго;

І ён, паклікаўшы яго, сказаў яму: Што гэта я чую пра цябе? Дай рахунак з твайго аканомства, бо ты ўжо не можаш быць аканомам.
 
І, паклікаўшы яго, сказаў яму: што: гэта я чую аб табе́? Дай справаздачу з гаспадараваньня твайго, бо ты ня можаш бале́й гаспадараваць.

Аканом жа сказаў сам сабе: Што мне рабіць, бо мой гаспадар адымае ў мяне аканомства? Капаць не здужаю, жабраваць саромеюся.
 
Тады эканом сказаў сам у сабе́: што мне́ рабіць? Гаспадар мой адыймае ад мяне́ кіраўніцтва домам; капаць ня здужаю, прасіць саромлюся;

Ведаю, што зраблю, каб мяне, калі знімуць з аканомства, прынялі ў свае дамы.
 
ве́даю, што зраблю, каб прынялі, мяне́ ў дамы сваі, калі адстаўлены буду ад эканомства.

І, паклікаўшы паасобку кожнага з даўжнікоў свайго гаспадара, спытаўся ў першага: Колькі ты вінен майму гаспадару?
 
І, паклікаўшы пазычальнікаў гаспадара свайго кожнага паасобку, сказаў пе́ршаму: сколькі вінен гаспадару майму?

І той сказаў: Сто батаў38 алею. — Ён жа сказаў яму: Вазьмі сваю распіску і, сеўшы, хуценька напішы: пяцьдзесят».
 
Той сказаў: сто ме́р але́ю. І сказаў: вазьмі тваю расьпіску і сядай, хутчэй напішы пяцьдзесят.

Пасля другому сказаў: А ты колькі вінен? — І той сказаў: Сто кораў39 пшаніцы. — Кажа яму: Вазьмі сваю распіску і напішы: «восемдзесят».
 
Потым другому сказаў: „а ты сколькі вінен? Той адказаў: сто ме́р пшаніцы.” І сказаў яму: вазьмі тваю расьпіску і напішы: восемдзесят.

І пахваліў гаспадар неправеднага аканома, што ён разумна зрабіў; бо сыны гэтага веку разумнейшыя за сыноў святла для свайго пакалення.
 
І пахваліў гаспадар эканома няве́рнага, што дагадліва ўчыніў; бо сыны ве́ку гэтага дагадлівей сыноў сьвятла ў родзе сваім.

І Я вам кажу: Здабывайце сабе сяброў багаццем40 няправеднага свету, каб, калі яго не стане, яны прынялі вас у вечныя сялібы.
 
І Я кажу вам: здабывайце сабе́ прыяцеляў багацьцем неправедным, каб яны, як зьбяднее́це, прынялі вас у ве́чныя сялібы.

Верны ў найменшым і ў многім верны, а няправедны ў найменшым няправедны і ў многім.
 
Ве́рны ў малым і ў многім ве́рны, а няве́рны ў малым няве́рны і ў многім.

Дык калі ў няправедным багацці40 не сталі верныя, хто вам праўдзівае даверыць?
 
Дык вось, калі вы ў няправедным багацьці ня былі ве́рны, хто даве́рыць вам праведнае?

І калі вы ў чужым не сталі верныя, хто вам дасць ваша?
 
І калі ў чужым ня былі ве́рны, хто дасьць вам вашае?

Ніяк слуга не можа служыць двум гаспадарам: бо ці аднаго будзе ненавідзець, а другога будзе любіць, або аднаго будзе трымацца, а другім пагарджаць. Не можаце Богу служыць і мамоне.
 
Ніякі слуга ня можа служыць двом гаспадаром, бо ці аднаго будзе ненавідзець а другога любіць, ці аднаму зачне́ пільна служыць, а пра другога нядбаць. Ня можаце служыць Богу і мамоне.

І чулі ўсё гэта фарысеі, што былі срэбралюбцы, і насміхаліся з Яго.
 
Чулі ўсё гэтае і срэбралюбы фарысэі, і сьмяяліся з Яго.

І Ён сказаў ім: Вы выдаеце сябе за праведных перад людзьмі, але Бог ведае вашы сэрцы; бо высокае ў людзей — брыдота перад Богам.
 
І сказаў ім; вы паказуеце сябе́ праведнымі перад людзьмі, але Бог ве́дае сэрцы вашыя: бо што высока ў людзе́й, тое агіда перад Богам.

Закон і прарокі — да Іаана: з таго часу Царства Божае дабравесціцца, і кожны сілаю прабіваецца ў яго.
 
Закон і прарокі да Іоана: адгэтуль жа Царства Божае абвяшчаецца, і кожын сілаю ўваходзіць у яго.

Ды лягчэй небу і зямлі прайсці, чым каб прапала адна рыска ў законе.
 
Але хутчэй не́ба і зямля прамінуць, чым адна рыса з закону загіне.

Кожны, хто адпускае сваю жонку і бярэ іншую, чужаложыць, і той, хто бярэ ў жонкі адпушчаную мужам, чужаложыць.
 
Усякі, хто разводзіцца з жонкаю свае́ю і жэніцца з другой, блудзіць, і кожны, хто жэніцца з разьве́дзенай з мужам, блудзіць.

Адзін чалавек быў багаты і апранаўся ў парфіру і вісон і штодня раскошна весяліўся.
 
Адзін чалаве́к быў багаты, адзяваўся ў парфіру ды віссон, і кожны дзе́нь раскошна банкетаваў.

І адзін убогі, імем Лазар, ляжаў каля яго варотаў, увесь у скуллі
 
Другі ж быў убогі, на імя Лазар, ды ляжаў ля варот яго ўве́сь у струпох;

і прагнуў наесціся таго, што падала41 са стала багацея; яшчэ і сабакі прыходзілі і лізалі яго скулле.
 
і жадаў насыціцца крошкамі, што падалі з стала багача, і сабакі, прыходзячы, лізалі струпы яго.

І сталася: убогі памёр, і яго аднеслі Анёлы на Аўраамава ўлонне; памёр таксама і багаты, і яго пахавалі.
 
І сталася: убогі памёр і адне́сены быў Ангеламі на лона Аўраамава; памёр і багач, і пахавалі яго;

І ў пекле, зносячы мукі, узняў ён свае вочы і бачыць здалёку Аўраама і Лазара на яго ўлонні.
 
і ў пе́кле, будучы ў муках, ён, падняўшы вочы сваі, убачыў здалёк Аўраама і Лазара на лоне яго,

І ён, усклікнуўшы, сказаў: Татухна Аўрааме, злітуйся нада мною і пашлі Лазара, каб ён абмакнуў канец свайго пальца ў ваду і астудзіў мой язык, бо я мучуся ў гэтым полымі.
 
і, загаласіўшы, сказаў: Аце́ц Аўраам! зьлітуйся нада мною і пашлі Лазара, каб абмачыў кане́ц пальца свайго ў вадзе́ і асьвяжыў язык мой, бо я мучуся ў полымі гэтым.

Аўраам жа сказаў: Дзіця, успомні, што ты ў сваім жыцці атрымаў сваё добрае, а Лазар гэтак жа ліхое; цяпер жа ён тут суцяшаецца, а ты мучышся.
 
Але Аўраам сказаў: сын! прыпомні, што ў жыцьці тваім ме́ў ты добрае, а Лазар благое; цяпе́р жа ён тут пацяшаецца, а ты це́рпіш вялікія мукі;

І да ўсяго гэтага між намі і вамі ўстаноўлена вялікая прорва, каб тыя, што хочуць перайсці адсюль да вас, не маглі, ані адтуль да нас не пераходзілі.
 
дый да таго між намі і вамі вялікая прорва, так што, хто хоча перайсьці адгэтуль да вас, ня могуць, таксама і адтуль да нас не пераходзяць.

І ён сказаў: Дык прашу цябе, татухна, пашлі яго ў дом майго бацькі,
 
Тады сказаў ён: дык прашу цябе́, аце́ц, пашлі яго ў дом айца майго,

бо пяць братоў маю, каб ён перасцярог іх, каб і яны не прыйшлі ў гэтае месца мучэння.
 
бо ў мяне́ пяць братоў; няхай ён засьве́дчыць ім, каб і яны ня прыйшлі ў гэтае ме́йсца мучэньня.

І кажа [яму] Аўраам: Яны маюць Маісея і прарокаў: няхай слухаюць іх.
 
Аўраам сказаў яму: у іх ёсьць Майсе́й і прарокі, няхай слухаюць іх.

А ён сказаў: Не, татухна Аўрааме, але калі хто з мёртвых прыйдзе да іх, пакаюцца.
 
Ен жа сказаў: не́, аце́ц Аўраам! Алё калі хто з уме́ршых прыйдзе да іх, пакаюцца.

Ды ён сказаў яму: Калі яны Маісея і прарокаў не слухаюць, то калі б і хто з мёртвых уваскрэс, не параканаюцца.
 
Тады Аўраам сказаў яму: калі Майсе́я і прарокаў ня слухаюць, то каліб хто і з уме́ршых уваскрос, не паве́раць.