Лукаша 3 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Анатоля Клышкi → Выдання 1926−1928 гадоў Л. Дзекуць-Малея 2x

 
 

А ў пятнаццаты год кіравання кесара Тыберыя, калі Понцій Пілат быў намеснікам Іудзеі, а чацвёртаўладальнікам Галілеі быў Ірад, Філіп жа, яго брат, быў чацвёртаўладальнікам Ітурэі і Траханіцкай зямлі, а Лісаній чацвёртаўладальнікам Авіліны,
 
У пятнаццаты ж год панаваньня Тывэрыя ке́сара, калі Понці Пілат гаспадарыў у Юдэі, Ірад быў чацьвертаўладцаю ў Галілеі, Піліп, брат яго, чацьвертаўладцаю ў Ітурэі і Траханіцкай краіне, а Лісані чацьвертўладцою ў Авілене́і;

пры першасвятары Ганну і Каіяфе, было слова Божае да Іаана, сына Захарыевана, у пустэльні.
 
пры архірэях Ганьне і Кайафе, быў голас Божы да Іоана, сына Захаравага, у пустыні.

І ён прайшоў усё наваколле Іардана, абвяшчаючы хрышчэнне пакаяння дзеля адпушчэння грахоў,
 
І ён праходзіў па ўсіх ваколіцах Іорданскіх, прапаве́дываючы хрышчэньне пакаяньня дзеля адпушчэньня грахоў,

як напісана ў кнізе слоў прарока Ісаіі: «Голас прапаведніка ў пустэльні: «Падрыхтуйце дарогу Госпаду, простымі зрабіце Яму сцежкі;
 
як напісана ў кнізе слоў прарока Ісаі, які кажа: голас клікаючага ў пустыні: прыгатуйце шлях Госпаду, простымі зрабёце сьце́жкі Яму;

кожны дол няхай напоўніцца, а кожная гара і пагорак няхай панізяцца, і крывое няхай выпрастаецца, і выбоістыя дарогі стануць гладкімі;
 
усякі дол няхай напоўніцца, і ўсякая гара і ўзгорак няхай зьнізяцца, крывулі выпрастуюцца і няроўныя шляхі зробяцца гладкімі;

і ўбачыць кожнае стварэнне выратаванне Божае».
 
і ўгле́дзіць усякае це́ла спасе́ньне Божае (Ісая 40:3-5).

Дык ён казаў натоўпам, што выходзілі, каб хрысціцца ў яго: Гадзючыя выпадкі, хто паказаў вам уцякаць ад будучага гневу?
 
І казаў Іоан народу, які прыходзіў хрысьціцца ў яго: плод ехідніны! хто перасьцярог вас, каб уцякалі ад будучага гне́ву?

Дык стварыце годныя плады пакаяння і не пачынайце казаць самім сабе: «Бацька ў нас Аўраам». Бо кажу вам, што Бог можа з гэтых камянёў узняць дзяцей Аўрааму.
 
Зрабе́це ж годныя пакаяньня плады і ня думайце гаварыць сабе́: „бацька ў нас Аўраам“; бо кажу вам, што Бог можа з каме́ньняў гэтых падняць дзяце́й Аўрааму.

Ужо ж і сякера ляжыць пры корані дрэў; дык кожнае дрэва, што добрага плоду не родзіць, ссякаюць і кідаюць у агонь.
 
Ужо і сяке́ра ля караня дрэваў ляжыць; усякае дрэва, што плоду добрага ня прыносе, зрубаецца і кідаецца ў вагонь.

І натоўпы пыталіся ў яго, кажучы: Дык што нам рабіць?
 
І спытаўся ў яго народ: што ж нам рабіць?

Ён жа ў адказ ім казаў: Хто мае два хітоны, няхай дасць таму, хто не мае, і хто мае ежу, няхай гэтак жа зробіць.
 
Ен жа сказаў ім у адказ: у каго дзьве́ адзе́жыны, той дай таму, хто ня мае; і каго ёсьць е́жа, рабі тое ж.

Прыйшлі ж і зборшчыкі падаткаў хрысціцца і сказалі яму: Настаўніку, што нам рабіць?
 
Прыйшлі і мытнікі хрысьціцца і сказалі яму: вучыцель! што нам рабіць?

І ён ім сказаў: Не спаганяйце нічога больш, чым вызначана вам.
 
Ен жа адказаў ім: нічога не бярэце больш таго, што назначана вам.

Пыталіся ж у яго і воіны, кажучы: А нам што рабіць? — І сказаў ім: Ні ў кога нічога не вымагайце, не даносьце і задавальняйцеся сваёю платаю.
 
Пыталіся ў яго таксама і ваякі: а нам што рабіць? І сказаў ім: нікога ня крыўдзьце, не абмаўляйце і здавальняйцеся свае́ю платай.

Калі ж народ чакаў і ўсе разважалі ў сваіх сэрцах пра Іаана, ці не Хрыстос ён,
 
Калі ж народ быў у недаўме́ньні, І ўсе́ думалі ў сэрцах сваіх аб Іоане, ці ня Хрыстос ён, —

Іаан адказаў, кажучы ўсім: Я вадою хрышчу вас; а ідзе Мацнейшы за мяне, у Якога я няварты развязаць раменьчык Яго сандаляў; Ён вас будзе хрысціць Святым Духам і агнём;
 
Іоан усім адказаў: я хрышчу вас вадою, але йдзе́ Дужэйшы за мяне́, у каторага я ня варты разьвязаць раме́нь абуцьця: Ен будзе хрысьціць вас Духам Сьвятым і агнём;

у Яго руцэ веялка, каб ачысціць Свой умалот і сабраць пшаніцу ў Сваё сховішча, а мякіну спаліць незгасальным агнём.
 
лапата Яго ў руцэ Яго і Ен ачысьціць гумно Свае́ і пазьбірае пшаніцу ў сьвіран свой, а салому спаліць агнём неўгасімым.

Дык, і шмат у чым іншым настаўляючы, ён дабравесціў народу.
 
Многа і другога прапаве́дываў ён народу, навучаючы яго.

А Ірад, чацвёртаўладнік, выкрываны ім за Ірадыяду, жонку свайго брата, і за ўсё ліхое, што Ірад зрабіў,
 
Ірад жа чацьвертаўладца, дакараны ім за Ірадзіяду, жонку брата яго, Піліпа, і за ўсё, што Ірад зрабіў благога,

дадаў да ўсяго і тое, што зняволіў Іаана ў турму.
 
дадаў да ўсяго іншага і тое, што пасадзіў Іоана ў вязьніцу.

І сталася: калі хрысціўся ўвесь народ і Ісус, ахрысціўшыся, маліўся, расчынілася неба,
 
І сталася, як хрысьціўся ўве́сь народ, і Ісус хрысьціўшыся маліўся, — адчынілася не́ба,

і зышоў Святы Дух у цялесным выглядзе, як голуб на Яго, і голас з неба пачуўся: Ты Мой Сын Улюбёны, у Табе знайшоў Я задавальненне.
 
і Дух Сьвяты зыйшоў на Яго ў цяле́сным выглядзе, як галуб, і быў голас з не́ба гаворачы: Ты Сын Мой Улюблены; цябе́ ўпадабаў Я.

А Сам Ісус, пачынаючы Сваё служэнне, меў гадоў каля трыццаці, быў, як думалі, Сын Іосіфаў, Іліеў,
 
Ісус, пачынаючы Свае́ служэньне, быў гадоў трыццацёх і быў, як думалі, сын Язэпаў, Іліяў,

Матфатаў, Лявіеў, Мялхіеў, Іяннаеў, Іосіфаў,
 
Матфанаў, Ле́віяў Мэльхіяў, Іоанаў, Язэпаў,

Матафіеў, Амосаў, Навумаў, Гесліеў, Нагееў,
 
Матафіяў, Амосаў, Навумаў. Ясьлімаў, Наге́еў,

Маафаў, Матафіеў, Семяінаў, Іасіхаў, Іадаеў,
 
Маафаў, Матафіяў, Саме́йяў, Язэпаў, Юдзін,

Іаананаў, Рысаеў, Дзарававелеў, Салафіілеў, Нірыеў,
 
Іоананаў, Рысаеў, Зарававэлеў, Салафіілеў, Нірыеў,

Мялхіеў, Аддзеў, Касамаў, Элмадамаў, Іраў,
 
Мэльхіеў, Адзіеў, Касамаў, Ялмадамаў, Іраў,

Ісусаў, Эліедзераў, Іарымаў, Матфатаў, Лявіеў,
 
Есіяў, Еліязэраў, Іярымаў, Матфатаў, Ле́віін,

Сімяонаў, Іудаў, Іосіфаў, Іананаў, Эліякімаў,
 
Сымэонаў, Юдзін, Язэпаў, Іоананаў, Еліакімаў,

Меляаеў, Мяннаеў, Матафаеў, Нафанаў, Давідаў,
 
Мэлеаеў, Маінаінаў, Матафаеў, Натанаў, Давідаў,

Іессееў, Авідаў, Ваозаў, Салаў, Наасонаў,
 
Іясе́еў, Авідаў, Ваозаў, Салмонаў, Наасонаў.

Амінадаваў, Адмінаў, Арніеў, Гесромаў, Фарэсаў, Іудаў,
 
Амінадаваў, Арамаў, Ясромаў, Фарэсаў, Юдзін,

Іякаваў, Ісаакаў, Аўраамаў, Фараў, Нахораў,
 
Якаўлеў, Ісаакаў, Аўраамаў, Фарын, Нахораў,

Сярухаў, Рагаваў, Фалекаў, Эвераў, Салаў,
 
Сэрухаў, Рагаваў, Фалекаў, Яве́раў, Салін,

Каінамаў, Арфаксадаў, Сімаў, Ноеў, Ламехаў,
 
Каінанаў, Арфаксадаў, Сімаў, Нояў, Ламе́хаў,

Мафусалаў, Энохаў, Іярэтаў, Малеляілаў, Каінамаў,
 
Матусалаў, Янохаў, Іарэдаў, Малеляілаў, Каінанаў,

Эносаў, Сіфаў, Адамаў, Божы.
 
Еносаў, Сіфаў, Адамаў, Божы.