Лукаша 19 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Анатоля Клышкi → Выдання 1926−1928 гадоў Л. Дзекуць-Малея 2x

 
 

І Ён, увайшоўшы, праходзіў праз Іерыхон.
 
І увайшоўшы, праходзіў праз Ерыхон.

І вось чалавек, званы імем Закхей, а быў ён галоўным зборшчыкам падаткаў і быў багаты;
 
І вось, не́хта на Імя Закхе́й, начальнік мытнікаў і чалаве́к заможны,

і шукаў ўбачыць Ісуса, хто Ён, і не мог з-за натоўпу, таму што быў ростам малы.
 
хаце́ў убачыць Ісуса, які Ен? але ня мог за народам, бо быў малы ростам;

І, забегшы наперад, узлез на сікамору, каб убачыць Яго, бо тою дарогаю Ён меўся праходзіць.
 
і, забе́гшы напе́рад, узьле́з на смакоўніцу, каб убачыць яго: Ен мусіў прайсьці міма яе́.

І Ісус, калі прыйшоў на гэтае месяца, паглядзеўшы ўгару, [ўбачыў яго] і сказаў яму: Закхею, хутчэй злазь, бо сёння Мне трэба застацца ў тваім доме.
 
І, прыйшоўшы на гэтае ме́йсца, Ісус, глянуўшы, убачыў яго і сказаў яму: Закхе́й! зыйдзі хутчэй, бо сягоньня трэба Мне́ быць у цябе́ ў доме.

І той спешна злез і прыняў Яго, радуючыся.
 
І той пасьпе́шна зыйшоў і прыняў Яго з радасьцяй.

І, убачыўшы, усе пачалі наракаць, кажучы: Ён зайшоў спыніцца ў грэшнага чалавека.
 
І ўсе́, бачучы гэнае, пачалі наракаць і гаварылі што Ен зайшоў да грэшнага чалаве́ка.

А Закхей, устаўшы, сказаў Госпаду: Вось, палавіну маёй паёмасці, Госпадзе, я даю ўбогім, і калі ў каго, што ашуканствам узяў, аддаю ў чатыры разы больш.
 
А Закхе́й, стануўшы, сказаў Госпаду: Госпадзі! палову маемасьці мае́ я аддам: убогім і, калі каго чым скрыўдзіў, аддам учацьвёра бале́й.

Ісус жа сказаў яму: Сёння прыйшло выратаванне гэтаму дому, бо і ён сын Аўраамаў;
 
Ісус сказаў яму: цяпе́р прышло спасе́ньне дому гэтаму, бо і ён сын Аўраама;

бо Сын Чалавечы прыйшоў шукаць і ўратаваць загінулае.
 
бо Сын Чалаве́чы прыйшоў знайсьці і спасьці загінуўшае.

Калі ж яны слухалі гэта, Ён у дадатак сказаў прыпавесць, бо Ён быў блізка ад Іерусаліма, і ім здавалася, што тут жа павінна з’явіцца Царства Божае.
 
А як яны слухалі гэтае, дадаў прыповесьць: бо Ен быў блізка Ерузаліму, і яны думалі, што хутка павінна Царства Божае зьявіцца.

Дык Ён сказаў: Адзін чалавек знатнага роду выпраўляўся ў далёкую краіну, каб прыняць сабе царства і вярнуцца.
 
Дык сказаў: не́йкі чалаве́к высокага роду зьбіраўся ў далёкую старану, каб дастаць сабе́ царства і вярнуцца;

І, паклікаўшы дзесяць сваіх слуг, ён даў ім дзесяць мінаў48 і сказаў ім: Пускайце ў ход, пакуль я не прыйду.
 
паклікаўшы ж дзесяць слуг сваіх, даў ім дзе́сяць мін (хунтаў срэбра) і сказаў ім: карыстайцеся імі, пакуль вярнуся.

Але яго грамадзяне ненавідзелі яго і паслалі ўслед за ім пасольства, кажучы: «Мы не хочам, каб гэты чалавек быў чаром над намі».
 
Але грамадзяне ненавідзелі яго і паслалі сьле́дам за ім пасольства, сказаўшы: „ня хочам, каб гэты царстваваў над намі.”

І сталася: калі ён вярнуўся, прыняўшы царства, сказаў паклікаць да яго тых слуг, якім даў серабра, каб даведацца, што яны прыдбалі49.
 
І, як вярнуўся, атрымаўшы царства, загадаў паклікаць да сябе́ слуг гэных, што ім даў срэбра, каб даве́дацца, хто што зарабіў.

І прыйшоў першы, кажучы: Гаспадару, твая міна прыспорыла дзесяць мінаў.
 
Прыйшоў пе́ршы і сказаў: гаспадар! міна твая прыне́сла дзе́сяць мінаў.

І ён сказаў яму: Выдатна, добры слуга; за тое, што ў самым малым быў верны, май уладу над дзесяццю гарадамі.
 
І сказаў яму: добра, добры слуга! За тое, што ты ў малым быў ве́рны, вазьмі пад сваю ўладу дзе́сяць ме́стаў.

і прыйшоў другі, кажучы: Твая міна, гаспадару, дала пяць мінаў.
 
Прыйшоў другі і сказаў: гаспадар! міна твая прыне́сла пяць мін.

Сказаў жа і гэтаму: А ты будзь над пяццю гарадамі.
 
Сказаў і гэтаму: і ты будзь над пяцьма ме́стамі.

І астатні прыйшоў, кажучы: Гаспадару, вось твая міна, якую я, адклаўшы, хаваў у хустцы;
 
Прыйшоў трэці і сказаў: гаспадар! вось твая міна, каторую я схаваў, завязаўшы ў хустку,

таму што я баяўся цябе, бо ты чалавек патрабавальны: бярэш, чаго не клаў. І жнеш, чаго не сеяў.
 
бо я баяўся цябе́: ты чалаве́к жорсткі; бярэш, чаго ня клаў, і жне́ш, чаго ня се́яў.

Той кажа яму: Тваімі вуснамі буду судзіць цябе, ліхі слуга. Ты ведаў, што я чалавек патрабавальны: бяру, чаго не клаў, і жну, чаго не сеяў.
 
Гаспадар сказаў яму: „тваімі вуснамі буду судзіць цябе́, хітры слуга: ты ве́даў што я чалаве́к жорсткі: бяру, чаго ня клаў, і жну, чаго ня се́яў;

Чаму ж не даў ты майго серабра ліхвярам?50 І я, прыйшоўшы, атрымаў бы яго з прыбыткам.
 
чаму ж ты не аддаў срэбра майго ў абарот, каб я, прыйшоўшы, атрымаў яго з прыбыткам?

І тым, што стаялі побач, сказаў: Вазьміце ад яго міну і дайце таму, у каго дзесяць мінаў.
 
І сказаў прысутным: — вазьме́це ў яго міну і дайце таму, якога дзе́сяць мінаў.

І сказалі яму: Гаспадару, ён мае дзесяць мінаў.
 
(І сказалі яму: пане, у яго ж. ёсьць дзесяць мінаў!)

Кажу вам, што кожнаму, хто мае, будзе дадзена, а ў таго, хто не мае, і тое, што мае, адымецца.
 
Кажу вам, што ўсякаму хто мае — дадзена будзе,а ў ня маючага адымецца і тое, што мае.

А ворагаў маіх, гэтых, што не хацелі, каб я быў царом над імі, прывядзіце сюды і забіце іх перада мною.
 
А ворагаў маіх — (тых, што не хаце́лі, каб я панаваў над імі), прывядзіце сюды і біце перада мною.

І, сказаўшы гэта, Ён пайшоў наперадзе, узыходзячы ў Іерусалім.
 
І, сказаўшы гэтае, Ен пайшоў дале́й, ідучы ў Ерузалім.

І сталася: калі Ён наблізіўся да Віфагіі, да гары, што завецца Аліўнаю, паслаў Ён двух [сваіх] вучняў,
 
І сталася, як падыйшоў да Віффагіі і Віфаніі, да гары, называнай Аліўнай, паслаў двох вучняў сваіх,

кажучы: Ідзіце ў сяло насупроць, пры ўваходзе ў яго знойдзеце прывязанае асляня, на якое ніхто з людзей ніколі не садзіўся, і, адвязаўшы яго, прывядзіце.
 
сказаўшы: пайдзе́це ў сяло, што насупраць; увайшоўшы ў яго, знойдзеце асьлятка прывязанае, на якога ніхто з людзе́й ніколі не сядаў; адвязаўшы яго, прывядзіце;

І, калі хто будзе пытацца ў вас: «навошта адвязваеце?», скажыце так: «Яно патрэбна Госпаду».
 
і калі хто спытаецца ў вас: „на што адвязваеце?“ — скажэце яму так: яно патрэбна Госпаду.

І пасланыя пайшлі і знайшлі, як Ён сказаў ім.
 
Пасланыя пайшлі і знайшлі, як Ен сказаў ім.

А калі яны адвязалі асляня, яго гаспадары сказалі ім: Што вы адвязваеце асляня?
 
Калі ж яны адвязалі асьлятка, гаспадары яго сказалі ім: на што адвязваеце асьлятка?

Яны ж сказалі: Яно пастрэбна Госпаду.
 
Яны адказалі: яно патрэбна Госпаду.

І прывялі яго да Ісуса; і, накінуўшы сваю вопратку на асляня, пасадзілі Ісуса.
 
І прывялі яго да Ісуса; і, накінуўшы вопраткі свае́ на асьля, пасадзілі на яго Ісуса.

І, калі Ён ехаў, яны падсцілалі сваю вопратку на дарозе.
 
І калі Ен е́хаў падсьцілалі вопраткі свае́ на дарозе.

А калі Ён набліжаўся ўжо да спуску з Аліўнай гары, усё мноства вучняў, радуючыся, пачало моцным голасам хваліць Бога за ўсе з’явы сілы, што яны ўбачылі,
 
Калі ж пад'яжджаў да спуску з гары Аліўнай, усё множства вучняў Яго ад радасьці моцнымі галасамі славілі Бога за ўсе́ цуды, якія бачылі яны,

кажучы: Дабраславёны Цар, Які прыходзіць у імя Гасподняе! У небе мір і слава ў вышніх!
 
кажучы: багаслаўлён цар, што йдзе́ ў ймя Гасподняе! мір на не́бе і слава на вышыні!

І некаторыя фарысеі з натоўпу сказалі Яму: Настаўніку, забарані Сваім вучням!
 
І некаторыя фарысэі з грамады народу сказалі Яму: Вучыцель! забарані вучням Тваім!

А Ён у адказ сказаў: Кажу вам, калі яны змоўкнуць, закрычаць камяні.
 
І, адказваючы ім, Ен сказаў: кажу вам, што, калі яны замоўкнуць, дык каме́ньні загалосяць.

І, калі Ён наблізіўся, то, убачыўшы горад, заплакаў па ім,
 
І, як падыйшоў, дык, гле́дзячы на ме́ста, заплакаў па ім

кажучы: Калі б і ты хоць у гэты твой дзень зразумеў, што служыць для міру твайго, ды цяпер гэта схавана ад тваіх вачэй.
 
і сказаў: о, каб і ты хоць у гэты дзе́нь твой зразуме́ла, што дзеля міру твайго! Але гэта ўкрыта цяпе́р ад вачэй тваіх;

Бо прыйдуць для цябе дні, і твае ворагі узвядуць вакол цябе вал, і абложаць цябе, і сціснуць цябе адсюль,
 
бо прыйдуць на цябе́ дні, калі ворагі тваі абкладуць цябе́ акопамі і акружаць цябе́, і сьціснуць цябе́ зусюль;

і зраўняюць цябе з зямлёю і паб’юць тваіх дзяцей у табе, і не пакінуць каменя на камені за тое, што ты не распазнаў часу адведзін цябе.
 
і зруйнуюць цябе́, і пазабіваюць дзяце́й тваіх у табе́, і не пакінуць у табе́ каменя на камені, бо не распазнала часу адве́дзінаў тваіх.

І, увайшоўшы ў святыню, пачаў выганяць прадаўцоў [у ім і пакупнікоў],
 
І, увайшоўшы ў царкву, пачаў гнаць адтуль прадаваўшых і купляўшых,

кажучы ім: Напісана: «І будзе Мой дом домам малітвы51», вы ж яго зрабілі пячорай52 разбойнікаў.
 
кажучы ім: напісана: дом Мой ёсьць дом малітвы; а вы зрабілі яго лагвом разбойнікаў (Ісая 56:7. Іерам. 7:4).

І Ён кожны дзень навучаў у святыні. А першасвятары, і кніжнікі шукалі, як бы Яго загубіць, таксама і першыя людзі народу,
 
І навучаў кожны дзе́нь у царкве́. Архірэі ж І кніжнікі і старэйшыны народу шукалі, як бы загубіць Яго;

ды не знаходзілі, што зрабіць, бо ўвесь народ неадступна лухаў Яго.
 
І не знаходзілі, што б зрабіць з Ім, бо. ўве́сь народ гарнуўся да Яго, каб слухаць.