Лукаша 4 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Анатоля Клышкi → Выдання 1926−1928 гадоў Л. Дзекуць-Малея 2x

 
 

Ісус жа, поўны Святога Духа, вярнуўся ад Іардана, і вадзіў Яго Дух у пустэльні
 
Ісус, напоўнены Духам Сьвятым, вярнуўся ад Іордану і паве́дзены быў Духам у пустыню;

сорак дзён, і быў Ён спакушваны д’ябалам. І не еў нічога тыя дні, а калі яны скончыл, адчуў голад.
 
там сорак дзён Ен быў спакушаны ад д'явала і нічога ня ёў у гэтыя дні; а калі яны скончыліся, урэшце захаце́ў е́сьці;

І д’ябал сказаў Яму: Калі Ты Сын Божы, скажы гэтаму каменю, каб ён зрабіўся хлебам.
 
і сказаў Яму д'явал: калі ты Сын Божы, то скажы гэтаму камню зрабіцца хле́бам.

Ісус адказаў яму: Напісана: «Не хлебам адным бузе жыць чалавек, [а кожным словам Божым]».
 
Ісус сказаў яму ў адказ: напісана, што ня хле́бам адным будзе жыць чалаве́к, але ўсякім словам Божым (Другазак. 8:3).

І, узвёўшы Яго, [на высокую гару], паказаў Яму ў імгненне часу ўсе царствы населенай зямлі,
 
І, ўзьвёўшы Яго на высокую гару, д'явал паказаў Яму ўсе́ царствы сусьве́ту ў імгненьне часу,

І д’ябал сказаў Яму: Табе дам усю гэтую ўладу і славу іх, бо мне яна перададзена, і я, каму хачу, даю яе.
 
і сказаў Яму д'явал: дам Табе́ ўладу над усімі царствамі і славу іх, бо яна аддана мне, і я, каму хачу, даю яе́;

Дык Ты, калі паклонішся перада мной, яна ўся будзе Твая7.
 
Дык калі Ты паклонішся мне́, то ўсё будзе Твае́.

І ў адказ Ісус сказаў яму: [Адыдзі ад Мяне, сатана]. Напісана: «Госпаду, твайму Богу, пакланяйся і Яму аднаму служы».
 
Ісус сказаў яму ў адказ: адыйдзі ад Мяне́, шатан; напісана: Госпаду Богу твайму кланяйся і Яму аднаму служы (Другазак. 6:13).

І ён павёў Яго ў Іерусалім, паставіў на крыло святыні і сказаў Яму: Калі Ты Сын Божы, кінься адсюль уніз;
 
І павёў Яго ў Ерузалім, і паставіў на крыле́ царквы, і сказаў Яму: калі Ты Сын Божы, кінься адгэтуль уніз;

бо напісана: «Сваім Анёлам Ён загадае пра Цябе ўсцерагчы Цябе,
 
бо напісана: „Ангелам сваім накажа пра цябе́ ўсьцерагчы Цябе;

і на руках яны панясуць Цябе, каб Ты не спатыкнуўся аб камень Сваёю нагою».
 
І на руках панясуць, каб і не даткнуўся да каменя нагою Твае́ю“ (Пс. 90:11-12).

А Ісус сказаў у адказ яму: Сказана: «Не выпрабоўвай Госпада, твайго Бога».
 
Ісус сказаў яму ў адказ: сказана: „не спакушай Госпада Бога Твайго“ (Другазак. 6:16).

І, скончыўшы ўсё спакушэнне, д’ябал адышоў ад Яго да часу.
 
І, скончыўшы ўсё кушэньне, д'явал адыйшоў ад Яго да часу.

І вярнуўся Ісус у моцы Духа ў Галілею. І вестка пра Яго разышлася па ўсім наваколлі.
 
І вярнуўся Ісус у сіле Духа ў Галіле́ю; і разыйшлася чутка пра Яго па ўсе́й вакалічнай старане́.

І Ён вучыў у іх сінагогах, і ўсе Яго славілі.
 
І вучыў Ен у школах іх і ад усіх быў слаўлены;

І прыйшоў Ён у Назарэт, дзе быў узгадаваны, і ўвайшоў Сваім звычаем у суботні дзень у сінагогу і ўстаў, каб чытаць.
 
І прыйшоў у Назарэт, дзе́ быў выхаваны, і ўвайшоў, па звычаю Свайму, у дзе́нь суботні ў школу, і ўстаў чытаць,

І падалі Яму кнігу прарока Ісаіі, і, развінуўшы скрутак, Ён знайшоў месца, дзе было напісана:
 
і падалі Яму кнігу прарока Ісаі; і Ен, раскрыўшы кнігу, знайшоў ме́йсца, дзе́ было напісана:

«Дух Госпада на Мне, бо Ён памазаў Мяне дабравесціць убогім, паслаў Мяне [вылечыць разбітых сэрцам], абвясціць палонным вызваленне і сляпым — відушчасць, адпусціць прыгнечаных на волю,
 
„Дух Гасподні на Мне́: бо Ен памазаў Мяне́ дабраве́сьціць убогім і паслаў Мяне́ аздараўляць разьбітых сэрцам, гаварыць вязьням аб вызвале́ньні і сьляпым аб павароце зроку, пусьціць змучаных на волю,

абвясціць спрыяльны год Гасподні».
 
і абвяшчаць год Гасподні прые́мны“ (Ісая 61:1-2).

І, згарнуўшы скрутак, аддаў служку і сеў; і вочы ўсіх у сінагозе былі скіраваны на Яго.
 
І, зачыніўші кнігу, ды аддаўшы служцы; се́ў; і вочы ўсіх у школе былі зьве́рнены на Яго.

Ён пачаў казаць ім: Сёння спраўдзілася гэтае Пісанне, якое вы чулі.
 
І Ен пачаў гаварыць ім: цяпе́р выпаўнілася пісаньне гэтае ў вушах вашых.

І ўсе сведчылі Яму і дзівіліся словам ласкі, што зыходзілі з Яго вуснаў, і пыталі: Ці не Іосіфаў гэта сын?
 
І ўсе́ засьвёдчылі яму гэта і дзівіліся ласкавым словам, выходзячым з вуснаў Яго, і гаварылі: Ці не Язэпаў гэта сын?

І Ён сказаў ім: Вядома, вы скажаце Мне гэтае выслоўе: «Доктару, вылеч Самога Сябе»; «Тое, што мы чулі, адбылося ў Капернауме, зрабі і тут у Сваёй бацькаўшчыне».
 
Ен сказаў ім: ве́дама, вы скажаце Мне́ прыказку: „ле́кару, вылячы Самога Сябе́; зрабі і тут, у Тваёй бацькаўшчыне, тое, што, мы чулі, было ў Капэрнауме.”

І Ён сказаў: Праўду кажу вам: Ніякага прарока не прымаюць у сваёй бацькаўшчыне.
 
І сказаў: запраўды кажу вам: ніводзін прарок ня прыймаецца ў бацькаўшчыне сваёй.

Па праўдзе ж кажу вам: шмат было ўдоў у дні Іліі ў Ізраіле, калі зачынілася неба на тры гады і шэсць месяцаў, так што вялікі голад настаў на ўсёй зямлі,
 
Папраўдзе кажу вам: многа ўдоваў было ў Ізраілю ў дні Ільлі, калі зачынена было не́ба тры гады і шэсьць ме́сяцаў, так што зрабіўся вялікі голад па усёй зямлі;

і да ніводнае з іх не быў пасланы Ілія, а только ў Сарэпту Сідонскую да жанчыны-ўдавы.
 
і ні да аднае́ з іх ня быў пасланы Ільля, але толькі да ўдавы ў Сарэпту Сыдойскую.

І шмат было пракажоных у Ізраіле пры Елісеі прароку, і ніводзін з іх не быў ачышчаны, акрамя сірыйца Неямана.
 
Многа таксама было пракажоных у Ізраілю пры прароку Ялісе́ю, і ніводзін з іх не ачысьціўся, апрача Нэемана Сірыйца.

І перапоўніліся гневам усе ў сінагозе, пачуўшы гэта,
 
Пачуўшы гэтае, ўсе́ ў школе напоўніліся вялікаю злосьцю;

і, устаўшы, выгналі Яго з горада, і павялі Яго на вяршыню гары, на якой быў пабудаваны іх горад, каб скінуць Яго ўніз;
 
і, ўстаўшы, выгналі Яго вон з ме́ста і павялі на вяршыну гары, на каторай было пабудована ме́ста іх, каб скінуць Яго.

Ён жа, прайшоўшы пасярод іх, пайшоў далей.
 
Але Ен, прайшоўшы сярод іх, пайшоў.

І спусціўся ў Капернаум, галілейскі горад. І вучыў іх па суботах;
 
І прыйшоў у Капэрнаум, ме́ста Галіле́йскае, і вучыў іх у дні суботы.

і яны ўразіліся Яго навукаю, бо Яго слова мела ўладу.
 
І дзівіліся з навукі Яго, бо ўладная была мова Яго.

І быў у сінагозе чалавек, які меў духа, нячыстага дэмана, і ён закрычаў моцным голасам:
 
І быў у школе чалаве́к, маючы нячыстага духа чартоўскага, і ён зае́нчыў моцным голасам:

Эй, што Табе да нас, Ісусе Назараніне? Ты прыйшоў загубіць нас? Я ведаю Цябе, хто Ты, — Святы Божы.
 
Пакінь! Што Табе́ да нас, Ісус Назаранін? Ты прыйшоў загубіць нас; знаю Цябе́, хто Ты, Сьвяты. Божы.

Ды Ісус забараніў яму, кажучы: Замоўкні і выйдзі з яго! — І дэман, кінуўшы таго на сярэдзіну, выйшаў з яго, ані не пашкодзіўшы яму.
 
Ісус прыкрыкнуў на яго, сказаўшы: змоўкні і выйдзі з яго. І чорт, кінуўшы яго сярод школы, выйшаў з яго, нічога не пашкодзіўшы яму.

І напаў на ўсіх жах і разважалі між сабою, кажучы: Што гэта за слова, што Ён з уладаю і сілай загадвае нячыстым духам, і яны выходзяць.
 
І напаў на ўсіх вялікі страх, і разважалі між сабою: што гэта за слова такое, што ўладаю і сілаю Ен прыказвае нячыстым духам, і яны выходзяць?

І розгалас пра Яго разышоўся па ўсіх навакольных мясцінах.
 
І разьнеслася чутка аб Ім па ўсіх вакалічных мейсцах.

А Ён, устаўшы і выйшаўшы з сінагогі, увайшоў у дом Сімана. Цешча ж Сіманава была ахоплена моцнай гарачкаю, і Яго папрасілі за яе.
 
Выйшаўшы ж з школы, Ен прыйшоў у дом Сымона; це́шча ж Сымонава была у моцнай гарачцы; і прасілі ў Яго за яе́.

І, стаўшы над ёю, Ён забараніў гарачцы, і тая пакінула яе: яна ж, зараз жа ўстаўшы, прыслугоўвала ім.
 
І стануўшы над е́ю, пагразіў гарачцы, і пакінула яе́. Яна тут жа ўстала і служыла ім.

Калі ж сонца заходзіла, усе, хто меў хворых на розныя хваробы, прывялі іх да Яго; Ён жа, ускладаючы рукі на кожнага з іх, вылечваў іх.
 
Пры захадзе сонца ўсе́, маючыя хворых на розныя хворасьці, прыводзілі іх да Яго; і Ен, кладучы на кожнага з іх рукі, аздараўляў іх.

Выходзілі ж і дэманы з многіх, крычучы і кажучы: Ты [Хрыстос], Сын Божы! — Ды Ён забараняў і не даваў ім гаварыць, бо яны ведалі, што Ён Хрыстос.
 
Выходзілі таксама і нячыстыя духі з многіх з крыкам і гаварылі: Ты Хрыстос, Сын Божы. А Ен забараняў ім гаварыць, што яны ве́даюць, што Ен Хрыстос.

Калі ж настаў дзень, Ён, выйшаўшы, падаўся ш пустэльнае месца; і натоўпы шукалі Яго, і прыйшлі да Яго, і затрымлівалі Яго, каб Ён не адыходзіў ад іх.
 
Калі ж настаў дзе́нь, Ен, выйшаўшы з дому, пайшоў у пустыннае ме́йсца, і народ шукаў Яго і, прыйшоўшы да Яго, удзе́ржываў Яго, каб ня йшоў ад іх.

Ён жа сказаў ім: І іншым гарадам Я павінен дабравесціць Царства Божае, бо на гэта я пасланы.
 
Але Ен сказаў ім: і другім ме́стам павінен Я абвяшчаць добрую ве́стку аб Царстве Божым, бо ж на тое Я пасланы.

І Ён абвяшчаў у сінагогах Іудзеі8.
 
І навучаў у школах Галіле́йскіх.