Біблія » Пераклады » Выдання 1926−1928 гадоў Л. Дзекуць-Малея 2x

Лукі 4 Эвангельле Лукі 4 разьдзел

1 Ісус, напоўнены Духам Сьвятым, вярнуўся ад Іордану і паве́дзены быў Духам у пустыню;
2 там сорак дзён Ен быў спакушаны ад д'явала і нічога ня ёў у гэтыя дні; а калі яны скончыліся, урэшце захаце́ў е́сьці;
3 і сказаў Яму д'явал: калі ты Сын Божы, то скажы гэтаму камню зрабіцца хле́бам.
4 Ісус сказаў яму ў адказ: напісана, што ня хле́бам адным будзе жыць чалаве́к, але ўсякім словам Божым (Другазак. 8:3).
5 І, ўзьвёўшы Яго на высокую гару, д'явал паказаў Яму ўсе́ царствы сусьве́ту ў імгненьне часу,
6 і сказаў Яму д'явал: дам Табе́ ўладу над усімі царствамі і славу іх, бо яна аддана мне, і я, каму хачу, даю яе́;
7 Дык калі Ты паклонішся мне́, то ўсё будзе Твае́.
8 Ісус сказаў яму ў адказ: адыйдзі ад Мяне́, шатан; напісана: Госпаду Богу твайму кланяйся і Яму аднаму служы (Другазак. 6:13).
9 І павёў Яго ў Ерузалім, і паставіў на крыле́ царквы, і сказаў Яму: калі Ты Сын Божы, кінься адгэтуль уніз;
10 бо напісана: „Ангелам сваім накажа пра цябе́ ўсьцерагчы Цябе;
11 І на руках панясуць, каб і не даткнуўся да каменя нагою Твае́ю“ (Пс. 90:11-12).
12 Ісус сказаў яму ў адказ: сказана: „не спакушай Госпада Бога Твайго“ (Другазак. 6:16).
13 І, скончыўшы ўсё кушэньне, д'явал адыйшоў ад Яго да часу.
14 І вярнуўся Ісус у сіле Духа ў Галіле́ю; і разыйшлася чутка пра Яго па ўсе́й вакалічнай старане́.
15 І вучыў Ен у школах іх і ад усіх быў слаўлены;
16 І прыйшоў у Назарэт, дзе́ быў выхаваны, і ўвайшоў, па звычаю Свайму, у дзе́нь суботні ў школу, і ўстаў чытаць,
17 і падалі Яму кнігу прарока Ісаі; і Ен, раскрыўшы кнігу, знайшоў ме́йсца, дзе́ было напісана:
18 „Дух Гасподні на Мне́: бо Ен памазаў Мяне́ дабраве́сьціць убогім і паслаў Мяне́ аздараўляць разьбітых сэрцам, гаварыць вязьням аб вызвале́ньні і сьляпым аб павароце зроку, пусьціць змучаных на волю,
19 і абвяшчаць год Гасподні прые́мны“ (Ісая 61:1-2).
20 І, зачыніўші кнігу, ды аддаўшы служцы; се́ў; і вочы ўсіх у школе былі зьве́рнены на Яго.
21 І Ен пачаў гаварыць ім: цяпе́р выпаўнілася пісаньне гэтае ў вушах вашых.
22 І ўсе́ засьвёдчылі яму гэта і дзівіліся ласкавым словам, выходзячым з вуснаў Яго, і гаварылі: Ці не Язэпаў гэта сын?
23 Ен сказаў ім: ве́дама, вы скажаце Мне́ прыказку: „ле́кару, вылячы Самога Сябе́; зрабі і тут, у Тваёй бацькаўшчыне, тое, што, мы чулі, было ў Капэрнауме.”
24 І сказаў: запраўды кажу вам: ніводзін прарок ня прыймаецца ў бацькаўшчыне сваёй.
25 Папраўдзе кажу вам: многа ўдоваў было ў Ізраілю ў дні Ільлі, калі зачынена было не́ба тры гады і шэсьць ме́сяцаў, так што зрабіўся вялікі голад па усёй зямлі;
26 і ні да аднае́ з іх ня быў пасланы Ільля, але толькі да ўдавы ў Сарэпту Сыдойскую.
27 Многа таксама было пракажоных у Ізраілю пры прароку Ялісе́ю, і ніводзін з іх не ачысьціўся, апрача Нэемана Сірыйца.
28 Пачуўшы гэтае, ўсе́ ў школе напоўніліся вялікаю злосьцю;
29 і, ўстаўшы, выгналі Яго вон з ме́ста і павялі на вяршыну гары, на каторай было пабудована ме́ста іх, каб скінуць Яго.
30 Але Ен, прайшоўшы сярод іх, пайшоў.
31 І прыйшоў у Капэрнаум, ме́ста Галіле́йскае, і вучыў іх у дні суботы.
32 І дзівіліся з навукі Яго, бо ўладная была мова Яго.
33 І быў у школе чалаве́к, маючы нячыстага духа чартоўскага, і ён зае́нчыў моцным голасам:
34 Пакінь! Што Табе́ да нас, Ісус Назаранін? Ты прыйшоў загубіць нас; знаю Цябе́, хто Ты, Сьвяты. Божы.
35 Ісус прыкрыкнуў на яго, сказаўшы: змоўкні і выйдзі з яго. І чорт, кінуўшы яго сярод школы, выйшаў з яго, нічога не пашкодзіўшы яму.
36 І напаў на ўсіх вялікі страх, і разважалі між сабою: што гэта за слова такое, што ўладаю і сілаю Ен прыказвае нячыстым духам, і яны выходзяць?
37 І разьнеслася чутка аб Ім па ўсіх вакалічных мейсцах.
38 Выйшаўшы ж з школы, Ен прыйшоў у дом Сымона; це́шча ж Сымонава была у моцнай гарачцы; і прасілі ў Яго за яе́.
39 І стануўшы над е́ю, пагразіў гарачцы, і пакінула яе́. Яна тут жа ўстала і служыла ім.
40 Пры захадзе сонца ўсе́, маючыя хворых на розныя хворасьці, прыводзілі іх да Яго; і Ен, кладучы на кожнага з іх рукі, аздараўляў іх.
41 Выходзілі таксама і нячыстыя духі з многіх з крыкам і гаварылі: Ты Хрыстос, Сын Божы. А Ен забараняў ім гаварыць, што яны ве́даюць, што Ен Хрыстос.
42 Калі ж настаў дзе́нь, Ен, выйшаўшы з дому, пайшоў у пустыннае ме́йсца, і народ шукаў Яго і, прыйшоўшы да Яго, удзе́ржываў Яго, каб ня йшоў ад іх.
43 Але Ен сказаў ім: і другім ме́стам павінен Я абвяшчаць добрую ве́стку аб Царстве Божым, бо ж на тое Я пасланы.
44 І навучаў у школах Галіле́йскіх.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Паводле Лукі Сьвятое Эвангельле, 4 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Public Domain

Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч. Выдання 1926−1928 гадоў.