Біблія » Пераклады » Выдання 1926−1928 гадоў Л. Дзекуць-Малея 2x

Іоана 1 Эвангельле Іоана 1 разьдзел

1 На пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Богам было Слова.
2 Яно было ў Бога спрадве́ку.
3 Усё праз Яго сталася, і без Яго нічога ня было з таго, што сталася.
4 У Ім жыцьцё было, і жыцьцё было сьвятлом для людзе́й.
5 І сьвятло ў це́мры сьве́ціць, і це́мра не агарнула яго.
6 Быў чалаве́к, пасланы ад Бога; імя яго Іоан.
7 Ен прыйшоў дзеля сьве́дчаньня, каб сьве́дчыў аб сьвятле́, каб усе́ мелі ве́ру праз Яго
8 Ня быў ён сьвятлом, але каб сьве́дчыў аб Сьвятле́.
9 Было Сьвятло праўдзівае, якое прасьвячае ўсякага чалаве́ка прыходзячы ў сьве́т.
10 Было Яно на сьве́це, і сьвет праз Яго стаўся, і сьве́т Яго не пазнаў.
11 Да сваіх прыйшло, і свае́ Яго ня прынялі.
12 А тым, што прынялі Яго, ве́руючым у імя Яго, дало Яно ім сілу дзяцьмі Божымі стацца, тым, якія ве́руюць у імя Яго,
13 тым, што не ад крыві, не ад жаданьня цела, не ад жаданьня мужа, але ад Бога нарадзіліся.
14 І Слова це́лам сталася і пасялілася між нас, (і бачылі мы славу Яго, славу, як Адзінароднага ад Айца), поўнае ласкі і праўды.
15 Іоан сьве́дчыць аб Ім і голасна кажа: Гэта Той, пра Якога я сказаў: Той, што пасьля мяне́ йдзе, Ен напе́радзе мяне стаў, бо раней за мяне́ быў.
16 І ад поўнасьці Яго ўсе́ мы прынялі ласку на ласку;
17 бо закон быў дадзены праз Майсея, ласка ж і праўда сталіся праз Ісуса Хрыста.
18 Бога ня бачыў ніхто ніколі; Адзінародны Сын, што ў улоньні Айца, Той зьявіў.
19 І вось сьведчаньне Іоана, як жыды паслалі з Ерузаліму сьвяшчэньнікаў і лявітаў, каб спыталіся ў яго: „хто ты“?
20 Ен сказаў і ня зрокся, і сказаў: „я ня Хрыстос.“
21 І пыталіся у яго: „дык хто-ж? ты Ільля?“ І сказаў: „не.“ „Прарок?“ І адказаў „не.“
22 Дык сказалі яму: хто-ж ты? каб нам даць адказ тым, што нас паслалі: што ты кажаш аб самым сабе?
23 І сказаў: я голас гукаючага ў пустыні: „Прастуйце шлях Госпаду, як сказаў прарок Ісая“ (Ісая 40:3).
24 А пасланыя былі ад фарысэяў.
25 І спыталіся ў яго: „Дык што-ж ты хрысьціш, калі ты ня Хрыстос, ані Ільля, ані прарок?“
26 Іоан сказаў ім у адказ: „я хрышчу вадой, але паўстаў сярод вас, Каго вы ня ведае́це;
27 гэта Той, што йдзе́ за мною, але напе́радзе мяне́ быў, Якому я ня варты разьвязаць раме́нь абуцьця Яго.“
28 Сталася гэта ў Віфавары, за Іорданам, дзе́ хрысьціў Іоан.
29 На другі дзе́нь бачыць Іоан Ісуса ідучы да яго і кажа: „вось Ягня Божае, што бярэ на Сябе́ грахі ўсяго сьве́ту.
30 Гэта, Той аб Якім я сказаў: ідзе́ за мною Муж, Які стаў напе́радзе мяне́, бо ране́й за мяне́ быў;
31 і я ня ве́даў Яго; але, каб зьявіўся Ізраілю, прыйшоў я, хрысьцячы вадой.“
32 І сьве́дчыў Іоан, кажучы: „я бачыў Духа, зыходзячы з не́ба, як галуб, і стаў Ен над Ім.
33 І я ня ве́даў Яго; але Той, што паслаў мяне́ хрысьціць вадой, сказаў мне́: на каго угле́дзіш зыходячы Духа, Гэты і есьць Той, што Духам Сьвятым хрысьціць.
34 І я бачыў і засьве́дчыў, што гэты ёсьць „Сын Божы.“
35 На другі дзе́нь ізноў стаяў Іоан і двое з вучняў яго.
36 І, ўгле́дзіўшы, што йдзе Ісус, сказаў: „вось Ягня Божае!“
37 І пачулі двое з вучняў яго, як казаў гэтае, і пайшлі за Ісусам.
38 Ісус жа, аглянуўшыся і ўгле́дзіўшы, што йдуць за ім, кажа ім: „чаго шукаеце?“ Яны адказалі Яму: Равві! (г. е. вучыцель) — дзе́ жывеш?
39 Кажа ім: „пайдзе́це і ўбачыце.“ Яны пайшлі і ўбачылі, дзе́ Ен жыве́, і аставаліся ў Яго гэты дзе́нь. Было ж каля дзесятае гадзіны.
40 Адзін з двох, што чулі ад Іоана і пайшлі за Ісусам, быў Андрэй, брат Сымона Пятра.
41 Ен пе́ршы знаходзіць брата свайго Сымона і кажа яму: мы знайшлі Мэсію (што азначае Хрыста).
42 І прывёў яго да Ісуса. Ісус жа, глянуўшы на яго, сказаў: Ты Сымон, сын Іонін, ты назаве́шся Кіфа, што значыць камень (Пётр).
43 На другі дзе́нь Ісус захаце́ў ісьці ў Галіле́ю, і знаходзіць Піліпа, ды кажа яму: ідзі за Мною.
44 Піліп жа быў з Віфсаіды, з ме́ста Андрэя і Пятра.
45 Піліп знаходзіць Натанаіла і кажа яму: „мы знайшлі Таго, аб Кім пісаў Майсе́й у законе і прарокі: Ісуса, Сына Язэпавага, што з Назарэту.“
46 Але Натанаіл сказаў яму: ці ж можа быць што добрае з Назарэту? Піліп кажа яму: пайдзі ды паглядзі.
47 Ісус, угле́дзіўшы Натанаіла, як ішоў да Яго, кажа аб ім: „вось, запраўды, ізраільцянін, у якім няма няшчырасьці.“
48 Натанаіл кажа Яму: „скуль ве́даеш мяне́?“ Ісус адказаў і сказаў яму: „пе́рш, чым Піліп паклікаў цябе́, я бачыў цябе́, як ты быў пад смакоўніцаю.“
49 І кажа Яму Натанаіл: „Равві! Ты Сын Божы! Ты — Цар Ізраіляў!“
50 Ісус у адказ сказаў яму: „ве́рыш, бо Я сказаў табе́: Я бачыў цябе́ пад смакоўніцаю; убачыш больш за гэтае.“
51 І кажа яму: запраўды, запраўды кажу вам: адгэтуль будзеце бачыць не́ба адчыненае і ангелаў Божых узыходзячы і сходзячы ўніз да Сына Чалаве́чага.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Паводле Іоана Сьвятое Эвангельле, 1 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Public Domain

Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч. Выдання 1926−1928 гадоў.