1 Сказаўшы гэтае, Ісус выйшаў з вучнямі Сваімі за ручэй Кедрон, дзе́ быў сад, у які ўвайшоў Сам і вучні Яго.
2 Ве́даў жа гэтае мейсца і Юда, што прадаў Яго, бо Ісус і вучні Яго там часта зьбіраліся.
3 Вось Юда, ўзяўшы роту ды слуг ад архірэяў і фарысэяў, прыходзіць туды з ліхтарамі, сьве́тачамі і аружжам.
4 Ісус жа, ве́даючы ўсе, што з Ім будзе, выйшаў і сказаў ім: каго шукаеце?
5 Яму адказалі: Ісуса Назарэя! Ісус кажа ім: гэта Я. Стаяў жа з імі і Юда, што прадаў Яго.
6 І калі сказаў ім: „гэта Я“, яны адступіліся назад і ўпалі на зямлю.
7 І ізноў спытаўся ў іх: каго шукаеце? Яны сказалі: Ісуса Назарэя.
8 Ісус адказаў: Я сказаў вам, што гэта Я; дык вось, калі Мяне́ шукаеце, дайце ім адыйсьці,
9 каб споўнілася слова, сказанае Ім: з тых, якіх Ты даў Мне́, Я не загубіў нікога.
10 Сымон жа Пётр, маючы ме́ч, выняў яго і ўдэрыў слугу архірэявага і адсе́к яму правае вуха; слуга ж той зваўся Малх.
11 Але Ісус сказаў Пятру: палажы ме́ч у ножны. Няўжо ж Я ня вып'ю чары, што даў Мне́ Аце́ц?
12 Тады жаўне́ры і тысячнік і слугі Іудеўскіе ўзялі Ісуса, зьвязалі Яго
13 і павялі Яго сьпярша да Анны, бо ён быў це́сьцем Каіафы, які быў на той год архірэем.
14 Гэта быў той Каіафа, які парадзіў Іудеян, што ле́пш, каб адзін чалаве́к пагіб за народ.
15 За Ісусам ішоў Сымон Пётр і другі вучань; вучань гэны быў знаёмы з архірэем, дык ён увайшоў з Ісусам на архірэйскі падворак,
16 а Пётр стаяў за варотамі. І вось: той другі вучань, знаёмы з архірэем, выйшаў і сказаў прыдзьве́рніцы і ўвёў Пятра.
17 Тут служанка прыдзьве́рніца кажа Пятру: ці і ты ня з вучняў гэтага чалаве́ка? Ен сказаў: Не!
18 Рабы ж і слугі, распаліўшы вагонь, бо было сьцюдзёна, стаялі і грэліся. Пётр таксама стаяў з імі і грэўся.
19 Архірэй жа спытаўся ў Ісуса аб вучняў Яго і аб вучэньне Яго.
20 Ісус адказаў яму: Я ясна гаварыў сьве́ту; Я заўсёды навўчаў у царкве́ і школе, дзе́ звычайна зьбіраюцца Іудеі, і ўкрадкам не гаварыў нічога.
21 Чаму пытаешся Мяне́? Папытайся ў тых, хто слухаў, што Я гаварыў ім. Вось яны ве́даюць, што Я казаў.
22 Як жа Ен сказаў гэтае, адзін з слуг, што блізка стаяў, удэрыў Ісуса па абліччу і сказаў: так Ты адказваеш архірэю?
23 Ісус адказаў яму: калі Я сказаў блага, дакажы, што блага, а калі добра, за што б'еш Мяне́?
24 Анна паслаў Яго зьвязанага да архірэя Каіафы.
25 А Сымон Пётр стаяў і грэўся. Тут кажуць яму: ці і ты не з Яго вучняў? А той адрокся і сказаў: не́!
26 Кажа адзін з слуг архірэйскіх, сваяк таго, якому Пётр адсе́к вуха: ці ж ня бачыў я цябе́ з Ім у садзе?
27 Пётр ізноў адрокся; і зараз жа прапяяў пе́вень.
28 Ад Каіафы павялі Ісуса да прэторыі. Была раніца, і яны не ўвайшлі ў прэторыю, каб не занячысьціцца, ды каб можна было е́сьць пасху.
29 Пілат выйшаў да іх і сказаў: у чым вінаваціце чалаве́ка гэтага?
30 Яны адказалі і сказалі яму: калі б Ен ня быў такі злачынца, мы ня выдалі б Яго табе́!
31 Пілат сказаў ім: вазьме́це Яго вы і па вашаму закону судзіце Яго, Іудеі сказалі яму: нам нікога ня гожа забіваць.
32 Каб споўнілася слова Ісуса, якое Ен сказаў, абвяшчаючы, якою сьме́рцяй мае паме́рці.
33 Дык Пілат ізноў увайшоў у прэторыю і, паклікаўшы Ісуса, сказаў Яму: Ты Цар Іудеўскі?
34 Ісус адказаў яму: ці ад сябе́ ты гаворыш гэтае, ці другія сказалі табе́ аба Мне́?
35 Пілат адказаў: ці ж я Іудей? Цябе́ твой народ і архірэі выдалі мне́; што ж Ты зрабіў?
36 Ісус адказаў: Царства Маё ня з гэтага сьве́ту; калі б з гэтага сьве́ту было царства Маё, то слугі Маі бароліся бы, каб Іудеі ня выдалі Мяне́. Але царства Маё ня згэтуль.
37 Пілат сказаў Яму: дык Ты Цар? Ісус адказаў: ты кажаш, што Я цар. Я на тое нарадзіўся і на тое прыйшоў на сьве́т, каб сьве́дчыць аб праўдзе. Кожын, хто ад праўды, слухае голасу Майго.
38 Кажа Яму Пілат: Што такое праўда? І, сказаўшы гэтае, ізноў выйшаў да Іудееў і сказаў ім: я ніякае віны ў Ім не знаходжу.
39 Есьць жа ў вас звычай, каб я не́кага звальняў вам на Пасху. Хочаце, пушчу вам Цара Іудеўскага?
40 Тады ізноў закрычалі ўсе́, кажучы: не Яго, але Варавву! А Варавва быў душагуб.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Паводле Іоана Сьвятое Эвангельле, 18 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч. Выдання 1926−1928 гадоў.
