Біблія » Пераклады » Выдання 1926−1928 гадоў Л. Дзекуць-Малея 2x

Лукі 1 Эвангельле Лукі 1 разьдзел

1 Як ужо многія браліся напісаць аповесьць аб зусім добра вядомых сярод вас здарэньнях,
2 як пераказалі нам тое быўшыя з самага пачатку вачавідцамі і слугамі Слова,
3 то прыйшло на думку і мне́, пільна разьве́даўшы аб усім ад пачатку, як сьле́д апісаць табе́, высокапаважаны Феафіле,
4 каб ты даве́даўся праўду аб тых словах, якіх цябе́ навучылі.
5 Быў у дні Ірада, цара Юдэйскага, сьвяшчэньнік, з Авіявае чаргі, на імя Захарыя, і жонка яго з дачок Ааронавых; і было імя яе́ Альжбе́та.
6 Былі ж яны абое праведныя перад Богам, паступаючы паводле прыказаньняў і законаў Госпада беззаганна.
7 І ня было ў іх дзіцяці, бо Альжбе́та была няплодная, і абое яны былі паджылыя ў гадах сваіх.
8 І сталася, калі ў парадку свае́ чаргі служыў ён перад Богам,
9 выпала яму паводле звычаю сьвяшчэньнікаў увайсьці ў царкву Гасподню кадзіць;
10 а ўся маса народу вонках малілася ў час каджэньня.
11 І зьявіўся яму Ангел Гасподні, стоячы справа ля кадзільнага ахвярніку.
12 І спалохаўся Захарыя, убачыўшы яго, і зьняў яго страх.
13 Ангел жа сказаў яму: ня бойся, Захарыя; бо выслухана малітва твая, і жонка твая Альжбе́та ўродзіць табе́ сына, і дасі яму імя — Іоан.
14 І будзе табе́ радасьць і ўце́ха, і многія ўзрадуюцца з нараджэньня яго.
15 Бо ён будзе вялікі перад Госпадам; і ня будзе піць віна і сікеру, і Духам Сьвятым напоўніцца яшчэ ў чэраве маткі свае́.
16 І многіх з сыноў Ізраілевых наверн да Госпада Бога іх.
17 І пройдзе перад Ім у духу і сіле Ільлі, каб вярнуць сэрцы бацькоў дзе́цям, і непаслухмяных да мудрасьці праведных, каб прыгатаваць Госпаду народ падгатоўлены.
18 І сказаў Захарыя Ангелу: Па чым пазнаю я гэтае? То ж я стары, і жонка мая ў гадах пажылых.
19 І сказаў яму Ангел у адказ: я Гаўрыіл, што перад Богам стаю, і пасланы гаварыць з табою і абвясьціць табе́ гэтае.
20 І вось, будзеш ты маўчаць, і ня здолееш гаварыць да дня, калі гэтае станецца: за тое, што не паве́рыў словам маім, якія збудуцца ў свой час.
21 І ждаў народ Захарыю і дзівіўся, што ён марудзіць у царкве́.
22 Выйшаўшы-ж, ён ня мог гаварыць да іх: і пазналі, што бачыў праяву ў царквё; і ён ківаў і застаўся не́мы.
23 І сталася, як скончыліся дні службы яго, вярнуўся ён у дом свой.
24 Пасьля гэтых дзён зачала Альжбе́та, жонка яго, і таілася пяць ме́сяцаў, ды гаварыла:
25 „так учыніў мне́ Гасподзь у дні гэтыя, як глянуў на мяне́ каб зьняць з мяне́ ганьбу між людзьмі."
26 У шосты ж ме́сяц пасланы быў Ангел Гаўрыіл ад Бога ў места Галіле́йскае, называнае Назарэт,
27 да дзе́вы, павянчанай з мужам іме́ньнем Язэп, з дому Давідавага; імя ж дзе́вы — Марыя.
28 Ангел, увайшоўшы да яе́, сказаў: „радуйся, дабрадатная! Гасподзь з табою; багаслаўлёна ты між жанок."
29 Яна ж, убачыўшы яго, спалохалася ад слоў яго і разважала, што б гэта было за прывітаньне такое?
30 І сказаў ёй Ангел: ня бойся, Марыя; бо ты знайшла ласку ў Бога.
31 І вось зачнеш у чэраве і народзіш Сына і дасі Яму імя: Ісус.
32 Ен будзе вялікі і Сынам Найвышэйшага назаве́цца, і дасьць Яму Гасподзь Бог пасад Давіда, бацькі Яго,
33 і царыць будзе над домам Якава да ве́ку, і царству Яго ня будзе канца.
34 Марыя ж сказала Ангелу: як гэта будзе, калі я ня знаю мужа?
35 І ў адказ сказаў ёй: Дух Святы найдзе́ на цябе́, і сіла Найвышэйшага ахінё цябе́: вось чаму й тое, што народзіцца сьвятое, Сынам Божым назаве́цца.
36 Вось і Альжбе́та, сваячка твая, і яна зачала сына ў старасьці сваёй, і гэта ўжо шосты ме́сяц у яе́, хоць і называнай няплоднай.
37 Бо ж у Бога ніводнае слова ня будзе немагчымым.
38 І сказала Марыя: вось я — слуга Госпада; няхай станецца мне́ па слову твайму, І адыйшоў ад яе́ Ангел.
39 Устаўшы ж Марыя ў тыя дні борзда пайшла ў горную краіну, у ме́ста Юдзіна.
40 І ўвайшла ў дом Захарыі і прывітала Альжбе́ту.
41 І сталася, як Альжбе́та ўчула прывітаньне Марыі, узварухнулася дзіцятка ў чэраве яе́, і Альжбе́та напоўнілася Духам Сьвятым.
42 І загаласіла моцным голасам і сказала: багаслаўлёна ты між жанок, і багаслаўлёны плод чэрава твайго.
43 І адкуль гэтае мне́, што прыйшла маці Госпада майго да мяне́?
44 Бо вось, як голас вітаньня твайго дайшоў да вушэй маіх, узварухнулася вясёла дзіцятка ў чэраве маім.
45 І шчасьліва паве́рыўшая; бо збудзецца сказанае ёй ад Госпада.
46 І сказала Марыя: вялічае душа мая Госпада;
47 і ўзрадаваўся дух мой у Богу Спасіцелю маім,
48 што глянуў Ен на пакорнасьць рабы свае́, бо адгэтуль шчасьліваю называцімуць мяне́ ўсе́ роды,
49 бо вялікае ўчыніў мне́ Дужы; і сьвята імя Яго;
50 І міласьць Яго ў роды радоў для тых, што баяцца Яго.
51 Учыніў сілу рукой свае́й; рассе́еў гордых думкамі сэрца іх;
52 адабраў у моцных пасады, ўзьвялічыў пакорных,
53 галодных здаволіў дабром, а багатыроў адпусьціў ні з чым.
54 Прыняў Ізраіля, слугу свайго, успомніў міласьць,
55 як гаварыў да айцоў нашых, да Аўраама і насе́ньня яго да ве́ку.
56 Прабыла ж Марыя з ёю каля трох месяцаў і вярнулася ў дом свой.
57 Альжбе́це ж настаў час радзіць, і яна ўрадзіла сына.
58 І пачулі сусе́дзі ды сваякі яе́, што ўзьвялічыў Гасподзь міласьць сваю над ёю, і це́шыліся з ёю.
59 У восмы дзе́нь прыйшлі абрэзаць дзіцятка, і хаце́лі назваць яго па іме́ньні бацькі яго — Захарыям.
60 На гэтае маці яго сказала: не, а назваць яго Іоанам.
61 І сказалі ёй: нікога няма ў родзе тваім, хто зваўся-б гэтым іме́ньнем,
62 і пыталіся на мігах у бацькі, як бы ён хаце́ў назваць яго.
63 Ен зажадаў дошчачку і напісаў: Іоан імя яму. І ўсе́ дзівіліся.
64 І ў той жа час расчыніліся вусны яго і язык яго, і ён стаў гаварыць, багаслаўлючы Бога.
65 І страх узьняўся сярод суседзяў іх; і расказвалі пра ўсе́ гэтае па ўсе́й нагорнай старане́ Юдэйскай.
66 І ўсе́ чуўшыя ўзялі гэтае да сэрца свайго і гаварылі: што ж гэта будзе за дзіця? І рука Госпадава была з ім.
67 І Захарыя, бацька яго, напоўніўся, Сьвятым Духам і прарочыў, кажучы:
68 Багаслаўлёны Гасподзь Бог Ізраіляў, што адве́даў народ свой, і даў выбаўленьне яму;
69 І падняў рог спасе́ньня нашага ў доме Давіда, слугі Свайго,
70 (як апавясьціў вуснамі быўшых ад ве́ку сьвятых прарокаў Сваіх).
71 спасе́ нас ад ворагаў нашых і ад рукі ўсіх ненавідзячых нас;
72 і учыніць міласьць бацьком нашым і спамяне́ сьвяты тастамант свой,
73 прысягу, што кляўся Аўрааму, бацьцы нашаму, даць нам
74 не з баязьні па выбаўле́ньні з рукі ворагаў нашых,
75 служыць Яму ў сьвятасьці і праўдзе перад Ім у ва ўсе́ дні жыцьця нашага,
76 і ты, дзіцятка, назавешся прарокам Усявышняга, бо пройдзеш напе́рад прад абліччам Госпада — прыгатаваць шляхі Яму,
77 даць народу пазнаць спасе́ньне ў адпушчэньні грахоў яго,
78 па ўнутранаму міласэрдзю Бога нашага, якім адве́даў нас Усход з вышыні,
79 прасвяціць тых, што ў це́мры і ў цяню сьмяротным, пакіраваць ногі нашыя на дарогі міра.
80 Дзіця ж узрастала і ўмацоўвалася духам, і было ў пустынях да дня зьяўле́ньня свайго Ізраілю.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Паводле Лукі Сьвятое Эвангельле, 1 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Public Domain

Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч. Выдання 1926−1928 гадоў.