1 У той час прыйшлі некаторыя і расказалі Яму пра галіле́ян, кроў якіх Пілат зьмяшаў з жэртвамі іх.
2 Ісус сказаў ім на гэтае: ці думаеце вы, што гэтыя галіле́яне былі больш грэшныя за ўсіх галіле́ян, што яны пацярпе́лі гэткія мукі?
3 Не́, кажу вам; але калі не пакаецеся, усе́ так сама пагінеце.
4 Ці думаеце, што тыя восемнаццаць душ, на якіх завалілася Сілаамская башня, ды пабіла іх, больш вінаватыя былі за ўсіх жыўшых у Ерузаліме?
5 Не́, кажу вам; але калі не пакаецеся, усе́ таксама пагінеце.
6 І сказаў вось якую прыповесьць: не́хта мёў у вінаградніку сваім пасаджаную смакоўніцу, і прыйшоў шукаць плоду на ёй і не знайшоў;
7 і сказаў вінаградару: вось я трэці год прыходжу шукаць плоду на гэтай смакоўніцы і не знаходжу; зрубай яе́: на што яна і зямлю займае?
8 Але той сказаў яму ў адказ: гаспадар! пакінь яе́ і на гэты год, пакуль я акапаю яе́ і абкладу гноем:
9 ці ня дасьць плоду; калі ж не́, то на той год ссячэш яе́.
10 У аднэй з школаў навучаў Ен у суботу;
11 і вось там была жанчына, восемнаццаць гадоў ме́ўшая духа нядужасьці; яна была скорчыўшыся і не магла выпрастацца.
12 Ісус, угле́дзіўшы яе́, паклікаў яе́ і сказаў ёй: жанчына! Ты вызвалена ад не́мачы твае́.
13 І ўсклаў на яе́ рукі; і ўраз жа выпрасталася і пачала славіць Бога.
14 Пры гэтым начальнік школы, узлаваўшыся, што Ісус аздаравіў у суботу, сказаў народу: ёсьць шэсьць дзён, калі можна працаваць: у тыя і прыходзьце аздараўляцца, а ня ў дзе́нь суботні.
15 Але Гасподзь сказаў яму ў адказ: крывадушнік: ці не адвязвае кожны з вас вала свайго ці асла ад ясьляў у суботу, і ці ж не вядзе́ паіць?
16 А гэтую дачку Аўраамаву, якую зьвязаў шатан вось ужо восемнаццаць гадоў, ці ж не нале́жала звольніць ад путаў гэтых у дзе́нь суботні?
17 І калі гаварыў Ен гэтае, усе́ ворагі Яго засароміліся; і ўве́сь народ радаваўся з усіх слаўных дзе́яньняў Яго.
18 Ен жа сказаў: да чаго падобна Царства Божае і да чаго прыраўную яго?
19 Яно падобна да зярняці гарчычнага, якое ўзяўшы пасадзіў чалаве́к у садзе сваім: і вырасла і сталася ве́лькім дрэвам, і птушкі нябе́сныя хаваліся ў галінах яго.
20 Яшчэ сказаў: да чаго прыраўную Царства Божае?
21 Яно падобна да рашчыны, якую жанчына ўзяла й палажыла ў тры ме́ры мукі, пакуль ня скісла ўсё.
22 І праходзіў па ме́стах і сёлах, навучаючы і кіруючы шлях свой да Ерузаліму.
23 Не́хта сказаў Яму: Госпадзі! Няўжо ж мала такіх, што спасаюцца? Ен жа сказаў ім:
24 Старайцеся ўвайсьці праз це́сныя вароты, бо, кажу вам, многія будуць памыкацца ўвайсьці ды ня здолеюць.
25 Калі гаспадар дому ўстане і зачыніць дзьве́ры, тады вы, стоячы вонках, пачне́це стукаць у дзьве́ры і казаць: Госпадзі! Госпадзі! адчыні нам! Але Ен скажа вам у адказ: ня ве́даю вас, адкуль вы.
26 Тады пачне́це гаварыць; мы е́лі і пілі перад Табою, і на вуліцах нашых навучаў Ты.
27 Але Ен скажа: кажу вам: ня ве́даю вас, адкуль вы; адыдзеце ад Мяне́ ўсе́, што чыняць няпраўду.
28 Там будзе плач і скрыгот зубоў, калі ўбачыце Аўраама, Ісаака і Якава і ўсіх прарокаў у Царстве Божым, вас жа прагоняць вон.
29 І прыдуць з усходу і захаду, і поўначы і паўдня, і сядуць за сталом у Царстве Божым.
30 І вось ёсьць апошнія, што будуць пе́ршымі, і ёсьць пе́ршыя, якія будуць апошнімі.
31 У гэны дзе́нь прыйшлі некаторыя з фарысэяў і гаварылі Яму: Ідзі сабе́ згэтуль, бо Цябе́ Ірад хоча забіць.
32 І сказаў ім: пайдзе́це скажэце гэтай лісіцы; вось выганяю чартоў і аздараўляю сягоньня і заўтра, а на трэці дзёнь будзе мне́ кане́ц.
33 Толькі ж мушу йсьці сягоньня і заўтра і пасьлязаўтра, бо ня можа стацца, каб прарок пагіб вонках Ерузаліму.
34 Ерузалім! Ерузалім! Ты, што забіваеш прарокаў і каме́ньмі закідаеш пасланых да цябе́! Сколькі разоў хаце́ў Я сабраць дзяце́й тваіх, як птушка птушанят сваіх, пад крыльлі, і не хаце́лі.
35 Вось жа пакідаецца вам дом ваш пусты. Кажу ж вам, што вы ня ўбачыце Мяне́, пакуль ня прыйдзе час, калі скажаце: багаслаўлёны, што йдзе́ ў імя Госпада.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Паводле Лукі Сьвятое Эвангельле, 13 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч. Выдання 1926−1928 гадоў.
