1 І сталася ў тыя дні: выйшла ад ке́сара Аўгуста павяле́ньне зрабіць сьпісаньне па ўсёй зямлі.
2 Гэты сьпіс быў пе́ршы за гаспадараньня Кірынэя ў Сірыі.
3 І пайшлі ўсе́ запісвацца, кожны ў сваё ме́ста.
4 Пайшоў таксама і Язэп з Галіле́і, з ме́ста Назарэту, у Юдэю, у ме́ста Давідава, званае Віфлее́м, бо ён быў з дому і роду Давідавага,
5 запісацца з Марыяю, зьвянчанай з ім жонкай, што была цяжарная.
6 Калі ж яны былі там, надыйшоў час радзіць ёй;
7 і ўрадзіла Сына Свайго Пе́ршага, і палажыла яго ў жолаб, бо ня было ім ме́ста ў зае́зьдзе.
8 У той старане́ былі на полі пастухі, што вартавалі ўначы ля статку свайго.
9 І вось зьявіўся ім Ангел Гасподні і слава Госпадава асьвяціла іх; і ўбаяліся страхам ве́лькім.
10 І сказаў ім Ангел: ня бойцеся! бо вось я абвяшчаю вам вялікую радасьць, што будзе ўсім людзям:
11 Бо цяпе́р нарадзіўся вам у ме́сьце Давідавым Спасіцель, Каторы ёсьць Хрыстос Гасподзь;
12 і вось вам знак: вы знойдзеце Дзіця ў пялёнках, ляжучы ў ясьлях.
13 І неўспадзе́ўкі зьявілася з Ангелам вялікае войска нябе́снае, славячы Бога і гаворачы:
14 Слава на вышынах Богу і на зямлі мір сярод людзей добрае волі.
15 І сталася, як адыйшлі ад іх Ангелы на не́ба, пастухі сказалі адзін аднаму: пойдзем у Віфлее́м і паглядзім, што там здарылася, што обвясьціў нам Гасподзь.
16 І пасьпе́шна выйшлі і знайшлі Марыю і Язэпа, і Дзіцятка, ляжучы ў жолабе.
17 Ўгле́дзіўшы ж, расказалі аб тым, што было абве́шчана ім пра Дзіцятка гэнае.
18 І усе́, чуўшы, дзівіліся з таго, што расказвалі ім пастухі.
19 А Марыя захавала ўсе́ словы гэтыя, складаючы ў сэрцы сваім.
20 І вярнуліся пастухі, славячы і выхваляючы Бога за ўсе́, што чулі і бачылі, як ім сказана было.
21 І як прайшло восем дзён, калі трэба было абрэзаць Дзіцятка, далі Яму імя Ісус, названае Ангелам да зачацьця Яго ў чэраве.
22 А калі скончыліся дні ачышчэньня іх па закону Майсе́еваму, прыне́сьлі Яго ў Ерузалім, каб прадставіць перад Госпадам,
23 як сказана ў законе Гасподнім, каб усякае дзіця мужчынскага полу, разрываючае чэрава, было ахвяравана Госпаду (Вых. 13:2);
24 і каб прынясьці ў ахвяру, як сказана ў законе Гасподнім, дзьве́ гарліцы, ці двое галубенятак.
25 І вось быў у Ерузаліме чалавек, на імя Сымэон. Ен быў чалаве́к справядлівы і набожны, чакаў пацяшэньня Ізраілевага; Дух Сьвяты быў на ім.
26 Яму было прадказана Духам Сьвятым, што ён ня ўгле́дзіць сьме́рці, дакуль ня ўгле́дзіць Хрыста Гасподняга.
27 І прыйшоў ён па натхне́ньню ў царкву. І калі бацькі прыне́сьлі Дзіцятка Ісуса, каб выканаць над Ім законны абрад,
28 ён узяў Яго на рукі, багаславіў Бога і сказаў:
29 Цяпе́р адпускаеш слугу Твайго, Валадару, па слову Твайму, з мірам;
30 бо бачылі вочы маі спасе́ньне Твае́,
31 каторае Ты прыгатаваў перад абліччам усіх народаў,
32 сьвятло для асьветы паганаў, і славу народу Твайго Ізраіля.
33 Язэп жа і Маці Яго дзівіліся сказанаму аб Ім.
34 І багаславіў іх Сымэон і сказаў Марыі, Матцы Яго: вось, ляжыць Гэты на ўпадак і паўстаньне многіх у Ізраілю і на знак, якому працівіцца будуць,
35 і табе́ самай ме́ч пранікне ў душу, — каб выявіліся памышле́ньні многіх сэрцаў.
36 Тут была таксама Ганна прарочыца, дачка Фануілава, з кале́на Асірава; была яна ў ве́льмі старым ве́ку, з мужам ад дзявоцтва свайго пражыла сем гадоў,
37 удава гадоў восьмідзесяцёх чатырох, каторая не адыходзіла ад царквы, постам ды малітваю служачы Богу дзе́нь і ноч.
38 І яна ў той час прыйшоўшы славіла Госпада і гаварыла аб Ім усім, што ждалі выбаўле́ньня ў Ерузаліме.
39 І калі яны выканалі ўсё па закону Гасподняму, дык вярнуліся ў Галіле́ю, у ме́ста свае́ Назарэт.
40 Дзіцятка ж узрастала і ўзмацоўвалася духам, напаўняючыся розумам; і дабрадаяньне Божае было на Ім.
41 І кожны год бацькі Яго хадзілі ў Ерузалім на сьвята Пасхі.
42 І калі Ен быў дванаццацёх гадоў, прыйшлі яны таксама, як звычайна, у Ерузалім на сьвята;
43 калі ж, па сканчэньні дзён сьвята, варочаліся, застаўся хлопчык Ісус у Ерузаліме; і не заўважылі таго Язэп ды маці Яго;
44 але думалі, што Ен ідзе з другімі; прайшоўшы ж дзе́нную дарогу, сталі шукаць Яго між сваякамі ды знаёмымі.
45 І, не знайшоўшы Яго, вярнуліся ў Ерузалім, шукаючы Яго.
46 Праз тры дні знайшлі Яго ў царкве́, се́дзячы сярод вучыцялёў, слухаючы іх І пытаючыся ў іх;
47 усе́ слухаўшыя дзівіліся з розуму ды адказаў Яго.
48 І, угле́дзіўшы Яго, зьдзівіліся; і маці Яго сказала Яму: Дзіця! што ты зрабіў з намі? Вось бацька Твой і я з вялікаю тугою шукалі Цябе́.
49 Ен сказаў ім: на што было вам шукаць Мяне́? ці ж вы ня ве́далі, што Мне́ трэба быць у тым, што нале́жыць Айцу Майму?
50 Але яны не зразуме́лі сказаных ім словаў.
51 І Ен пайшоў з імі і прыйшоў да Назарэту; і быў паслухмяны ім. І маці Яго захавала ўсе́ словы гэтыя ў сэрцы сваім.
52 Ісус жа рос розумам і ўзростам ды ў ласцы ў Бога і людзёй.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Паводле Лукі Сьвятое Эвангельле, 2 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч. Выдання 1926−1928 гадоў.
