Біблія » Пераклады » Выдання 1926−1928 гадоў Л. Дзекуць-Малея 2x

Лукі 23 Эвангельле Лукі 23 разьдзел

1 І паднялася ўся грамада іх, і павялі Яго да Пілата,
2 і пачалі абвінавачываць Яго, кажучы: Яго знайшлі мы, што псуе народ наш і забараняе плаціць падатак ке́сару, называючы Сябе́ Хрыстом-Царом.
3 Пілат спытаўся ў Яго: Ты цар Юдэйскі? Ен сказаў яму ў адказ; ты кажаш.
4 Пілат сказаў архірэям і народу: я не знаходжу ніякае віны ў гэтым Чалаве́ку.
5 Але яны настайвалі, кажучы, што Ен бунтуе народ, вучачы па ўсёй Юдэі, пачынаючы ад Галіле́і да гэтага ме́йсца.
6 Пілат, пачуўшы пра Галіле́ю, спытаўся: ці ж Ен Галіле́янін?
7 І, даве́даўшыся, што Ен з краіны Ірадавай, паслаў Яго да Ірада, які ў тыя дні быў таксама ў Ерузаліме.
8 Ірад, угле́дзіўшы Ісуса, ве́льмі ўце́шыўся, бо даўно жадаў бачыць Яго, бо шмат чуў аб Ім і спадзяваўся, што Ен учыніць не́йкае знаме́ньне.
9 І пытаўся ў Яго многімі словамі, але Ен нічога не адказаў яму.
10 Архірэі ж і кніжнікі стаялі, заўзята абвінавачываючы Яго.
11 Ірад жа з жаўне́рамі сваімі, зьняважыўшы Яго і насьмяяўшыся над Ім, адзе́ў Яго ў сьве́тлую вопратку і адаслаў назад да Пілата.
12 І сталіся той дзе́нь Пілат і Ірад прыяцелямі сабе́, бо ране́й былі ў не́прыязьні між сабою.
13 Пілат жа, склікаўшы архірэяў ды начальнікаў і народ,
14 сказаў ім: вы прывялі да мяне́ чалаве́ка гэтага, які псуе народ; і вось я, пры вас пытаючы, не знайшоў чалаве́ка гэтага вінаватым ні ў чым тым, у чым вы абвінавачаваеце Яго;
15 і Ірад таксама, бо я яму пасылаў Яго, і нічога ня знойдзена ў Ім, дастойнага сьме́рці;
16 дык вось, пакараўшы Яго, звольню.
17 Яму ж трэба было дзеля сьвята звольніць ім аднаго вязьня.
18 Але ўве́сь народ пачаў крычаць: Вазьмі Яго! адпусьці нам Вараву!
19 Варава быў пасаджаны ў вязьніцу за паднятае ім у ме́сьце паўстаньне і забойства.
20 Пілат ізноў прамовіў, хочучы адпусьціць Ісуса.
21 Але яны крычалі: распні, распні Яго!
22 Ен трэці раз сказаў ім: Што ж благога ўчыніў Ен? Нічога, заслугоўваючага сьме́рці, я не знайшоў у Ім; дык вось, пакараўшы Яго, звольню.
23 Але яны дале́й з вялікім крыкам дамагаліся, каб Яго ўкрыжавалі. І перамог крык іх і архірэяў.
24 І Пілат прысудзіў, каб сталася па просьбе іх.
25 І звольніў ім пасаджанага за бунт і забойства ў вязьніцу, каго яны прасілі, а Ісуса выдаў на іх волю.
26 І, як вялі Яго, то, узяўшы не́йкага Сымона Кірэнэйца, што йшоў з поля, узвалілі на яго крыж, каб нёс за Ісусам.
27 І шло за Ім вялікае множства народу і жанчын, якія плакалі і галасілі па Ім.
28 Ісус жа, зьвярнуўшыся да іх, сказаў: дочкі Ерузалімскія! ня плачце па Мне́, але плачце па сабе́ і па дзе́цях вашых;
29 бо падыходзяць дні, калі скажуць: шчасьлівыя няплодныя і чэравы, што не раджалі, і грудзі, што не кармілі.
30 Тады пачнуць гаварыць горам: „упадзіце на нас”, і ўзгоркам: „пакрыйце нас!“
31 бо калі зялёнаму дрэву гэтае робяць, то з сухім што станецца?
32 Вялі з Ім на сьме́рць і двох ліхадзе́яў.
33 І, калі прыйшлі на ме́йсца, называнае Чараповае, там укрыжавалі Яго і ліхадзе́яў, аднаго па правы, а другога па ле́вы бок.
34 Ісус жа сказаў: Аце́ц, даруй ім, бо ня ве́даюць, што робяць. І дзялілі адзе́жы Яго, кідаючы жэрабе.
35 І стаяў народ і глядзе́ў. Насьмяхаліся ж разам з імі і начальнікі, кажучы: другіх спасаў, няхай жа Сябе́ Самога спасе́, калі Ен Хрыстос, выбранец Божы.
36 Таксама і жаўне́ры лаялі Яго, падыходзячы і падносячы воцат,
37 і казалі: калі Ты Цар Юдэйскі, спасі Сябе́ Самога.
38 І быў над Ім надпіс, напісаны славамі грэцкімі, рымскімі і жыдоўскімі: гэты ёсьць Цар Юдэйскі.
39 Адзін з паве́шаных ліхадзе́яў зьневажаў Яго, кажучы: „калі Ты Хрыстос, спасі Сябе́ і нас.“
40 Другі ж, наадварот, сунімаў яго ды гаварыў: ці ж ты не баішся Бога, калі і сам засуджаны на тое ж?
41 І мы засуджаны справядліва, бо мы дасталі тое, чаго варты нашы ўчынкі; а Ен нічога благога не зрабіў.
42 І сказаў Ісусу: успомні аба мне́, Госпадзі, калі прыйдзеш у Царства Твае́!
43 І сказаў яму Ісус: Запраўды кажу табе сяньня ж будзеш са Мною ў раю.
44 Было ж каля шостае гадзіны дня, і сталася це́мра па ўсе́й зямлі да гадзіны дзявятае:
45 і памёркла сонца, і заслона ў царкве́ разарвалася пасярэдзіне
46 Ісус, загаласіўшы моцным голасам, сказаў: Аце́ц, у рукі Твае́ аддаю дух Мой. І, сказаўшы гэтае, аддаў дух.
47 Сотнік жа, бачучы здарыўшаеся, славіў Бога і казаў: запраўды, чалаве́к гэты быў праведнік.
48 І ўве́сь народ, што прыйшоў паглядзе́ць на гэта, бачучы здарыўшаеся, варочаўся, б'ючыся ў грудзі.
49 Усе́-ж, знаўшыя Яго, і жанчыны, што йшлі за Ім з Галіле́і, стаялі здалёк і глядзе́лі на гэтае.
50 Тады не́хта, на імя Язэп, сябра рады, чалаве́к добры і справядлівы
51 (ён ня прымаў учасьця ў радзе і паступку яе) родам з Арыматэі, ме́ста Юдэйскага, які таксама ждаў Царства Божага,
52 прыйшоў да Пілата і прасіў Це́ла Ісусавага;
53 і, зьняўшы Яго, абвіў плашчаніцаю і палажыў Яго ў гробе, высечаным у скале́, дзе́ яшчэ ніхто ня быў пакладзены.
54 Дзе́нь той быў пятніца, і надыходзіла субота.
55 І жанчыны, што прыйшлі з Ісусам з Галіле́і, пайшлі і глядзе́лі магілу і як клалі це́ла Яго;
56 вярнуўшыся ж прыгатавалі пахі і масьці і ў суботу супачывалі паводле прыказаньня.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Паводле Лукі Сьвятое Эвангельле, 23 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Public Domain

Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч. Выдання 1926−1928 гадоў.