Біблія » Пераклады » Выдання 1926−1928 гадоў Л. Дзекуць-Малея 2x

Лукі 3 Эвангельле Лукі 3 разьдзел

1 У пятнаццаты ж год панаваньня Тывэрыя ке́сара, калі Понці Пілат гаспадарыў у Юдэі, Ірад быў чацьвертаўладцаю ў Галілеі, Піліп, брат яго, чацьвертаўладцаю ў Ітурэі і Траханіцкай краіне, а Лісані чацьвертўладцою ў Авілене́і;
2 пры архірэях Ганьне і Кайафе, быў голас Божы да Іоана, сына Захаравага, у пустыні.
3 І ён праходзіў па ўсіх ваколіцах Іорданскіх, прапаве́дываючы хрышчэньне пакаяньня дзеля адпушчэньня грахоў,
4 як напісана ў кнізе слоў прарока Ісаі, які кажа: голас клікаючага ў пустыні: прыгатуйце шлях Госпаду, простымі зрабёце сьце́жкі Яму;
5 усякі дол няхай напоўніцца, і ўсякая гара і ўзгорак няхай зьнізяцца, крывулі выпрастуюцца і няроўныя шляхі зробяцца гладкімі;
6 і ўгле́дзіць усякае це́ла спасе́ньне Божае (Ісая 40:3-5).
7 І казаў Іоан народу, які прыходзіў хрысьціцца ў яго: плод ехідніны! хто перасьцярог вас, каб уцякалі ад будучага гне́ву?
8 Зрабе́це ж годныя пакаяньня плады і ня думайце гаварыць сабе́: „бацька ў нас Аўраам“; бо кажу вам, што Бог можа з каме́ньняў гэтых падняць дзяце́й Аўрааму.
9 Ужо і сяке́ра ля караня дрэваў ляжыць; усякае дрэва, што плоду добрага ня прыносе, зрубаецца і кідаецца ў вагонь.
10 І спытаўся ў яго народ: што ж нам рабіць?
11 Ен жа сказаў ім у адказ: у каго дзьве́ адзе́жыны, той дай таму, хто ня мае; і каго ёсьць е́жа, рабі тое ж.
12 Прыйшлі і мытнікі хрысьціцца і сказалі яму: вучыцель! што нам рабіць?
13 Ен жа адказаў ім: нічога не бярэце больш таго, што назначана вам.
14 Пыталіся ў яго таксама і ваякі: а нам што рабіць? І сказаў ім: нікога ня крыўдзьце, не абмаўляйце і здавальняйцеся свае́ю платай.
15 Калі ж народ быў у недаўме́ньні, І ўсе́ думалі ў сэрцах сваіх аб Іоане, ці ня Хрыстос ён, —
16 Іоан усім адказаў: я хрышчу вас вадою, але йдзе́ Дужэйшы за мяне́, у каторага я ня варты разьвязаць раме́нь абуцьця: Ен будзе хрысьціць вас Духам Сьвятым і агнём;
17 лапата Яго ў руцэ Яго і Ен ачысьціць гумно Свае́ і пазьбірае пшаніцу ў сьвіран свой, а салому спаліць агнём неўгасімым.
18 Многа і другога прапаве́дываў ён народу, навучаючы яго.
19 Ірад жа чацьвертаўладца, дакараны ім за Ірадзіяду, жонку брата яго, Піліпа, і за ўсё, што Ірад зрабіў благога,
20 дадаў да ўсяго іншага і тое, што пасадзіў Іоана ў вязьніцу.
21 І сталася, як хрысьціўся ўве́сь народ, і Ісус хрысьціўшыся маліўся, — адчынілася не́ба,
22 і Дух Сьвяты зыйшоў на Яго ў цяле́сным выглядзе, як галуб, і быў голас з не́ба гаворачы: Ты Сын Мой Улюблены; цябе́ ўпадабаў Я.
23 Ісус, пачынаючы Свае́ служэньне, быў гадоў трыццацёх і быў, як думалі, сын Язэпаў, Іліяў,
24 Матфанаў, Ле́віяў Мэльхіяў, Іоанаў, Язэпаў,
25 Матафіяў, Амосаў, Навумаў. Ясьлімаў, Наге́еў,
26 Маафаў, Матафіяў, Саме́йяў, Язэпаў, Юдзін,
27 Іоананаў, Рысаеў, Зарававэлеў, Салафіілеў, Нірыеў,
28 Мэльхіеў, Адзіеў, Касамаў, Ялмадамаў, Іраў,
29 Есіяў, Еліязэраў, Іярымаў, Матфатаў, Ле́віін,
30 Сымэонаў, Юдзін, Язэпаў, Іоананаў, Еліакімаў,
31 Мэлеаеў, Маінаінаў, Матафаеў, Натанаў, Давідаў,
32 Іясе́еў, Авідаў, Ваозаў, Салмонаў, Наасонаў.
33 Амінадаваў, Арамаў, Ясромаў, Фарэсаў, Юдзін,
34 Якаўлеў, Ісаакаў, Аўраамаў, Фарын, Нахораў,
35 Сэрухаў, Рагаваў, Фалекаў, Яве́раў, Салін,
36 Каінанаў, Арфаксадаў, Сімаў, Нояў, Ламе́хаў,
37 Матусалаў, Янохаў, Іарэдаў, Малеляілаў, Каінанаў,
38 Еносаў, Сіфаў, Адамаў, Божы.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Паводле Лукі Сьвятое Эвангельле, 3 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Public Domain

Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч. Выдання 1926−1928 гадоў.