1 Сказаў такжа ім прыповесьць аб тым, што трэба заўсёды маліцца і не апускаць рук,
2 кажучы, што ў адным ме́сьце быў судзьдзя, які Бога не баяўся і людзе́й не сароміўся.
3 У тым жа ме́сьце была адна ўдава, і яна, прыходзячы да яго, казала: абарані мяне́ ад ворага майго.
4 Але ён доўгі час не хаце́ў. А пасьля сказаў сам сабе́: хоць я і Бога не баюся і людзе́й не саромлюся,
5 але́ як гэтая ўдава не дае́ мне́ спакою, абараню яе́, каб яна ня прыходзіла бале́й дакучаць мне́
6 І сказаў Гасподзь: чуеце, што кажа судзьдзя няправедны?
7 Ці ж Бог не абороніць выбраных Сваіх, што клічуць яго дзе́нь і ноч, і доўга цярпе́ць будзе іх?
8 Кажу вам, што хутка ўчыніць ім справядлівасьць. Але Сын Чалаве́чы, прыйшоўшы; ці знойдзе ве́ру на зямлі?
9 Сказаў такжа гэткую прыповесьць да некаторых, што пэўныя былі сябе́, што яны праведныя, і паніжалі другіх:
10 двое людзе́й увайшлі ў царкву памаліцца: адзін фарысэй, а другі мытнік.
11 Фарысэй, стоючы, гэтак маліўся ў сабе́: Божа, дзякую табе́, што я не такі, як другія людзі: зьдзірцы, крыўдзіцелі, чужаложцы, або як гэты мытнік:
12 пашчу два разы ў тыдзень, даю дзесяціну з усяго, што прыдбаю.
13 А мытнік, стануўшы здалёк, не адважваўся навет падняць вачэй на не́ба; але, б'ючы сябе́ ў грудзі, гаварыў: Божа! будзь міласьцівы нада мною грэшным.
14 Кажу ж вам, што гэты пайшоў апраўданы бале́й, чымся той: бо ўсякі, хто сам сябе́ вывышшае, паніжоны будзе, а паніжаючы сябе́ ўзвысіцца.
15 Прыносілі да Яго і дзяце́й, каб Ен дакрануўся да іх; вучні ж, бачучы гэтае, забаранялі ім.
16 Але Ісус, паклікаўшы іх, сказаў; пусьце́це дзяцей прыходзіць да Мяне́, і не забараняйце ім, бо гэткіх ёсьць Царства Божае;
17 запраўды кажу вам: хто ня прыйме Царства Божага, як дзіця, той ня ўвойдзе ў яго.
18 І спытаўся ў Яго не́хта з начальнікаў: Вучыцель добры! што мне́ рабіць, каб унасьле́даваць жыцьцё ве́чнаё?
19 Ісус сказаў яму: чаму кажаш Мне́ „добры“? Ніхто ня добры, адзін толькі Бог.
20 Ве́даеш прыказаньні: не чужалож, не забівай, не крадзі, ня сьве́дчы крыва, паважай айца твайго і матку тваю. (Вых. 20:12-16)
21 Ен жа сказаў: усяго гэтага пільнаваўся я змалку ле́т маіх.
22 Пачуўшы гэтае, Ісус сказаў яму: яшчэ аднаго не хапае табе́: усё, што маеш, прадай і раздай убогім, і будзеш ме́ць скарб на не́бе; і прыходзь ідзі за Мною.
23 Ен жа, пачуўшы, засумаваў, бо быў надта багаты.
24 Ісус, бачучы, што ён засумаваў, сказаў: як трудна багатаму ўвайсьці ў Царства Божае.
25 Бо лягчэй вярблюду прайсьці праз голчына вуха, чымся багатаму ўвайсьці ў Царства Божае.
26 Чуўшыя гэтае сказалі: хто: ж можа спасьціся?
27 Але Ен сказаў: немагчымае для людзе́й магчыма для Бога.
28 Пётр жа сказаў: вось мы кінулі ўсё і пашлі за Табою.
29 А Ен сказаў ім: запраўды кажу вам; няма нікога, хто кінуўшы дом, ці бацькоў, ці братоў, ці сёстраў, ці жонку, ці дзяце́й дзеля Царства Божага,
30 не атрымаў бы шмат бале́й у гэты час, а ў ве́к будучы — жыцьцё ве́чнае.
31 Адклікаўшы ж дванаццацёх вучняў Сваіх, сказаў ім: вось уваходзім у Ерузалім, і зьдзе́йсьніцца ўсё напісанае праз прарокаў аб Сыне Чалаве́чым;
32 бо выдадуць Яго паганам і назьдзе́куюцца над Ім, і зьняважаць Яго, і аплююць Яго;
33 і будуць біць і заб’юць Яго на сьме́рць; і на трэці дзе́нь уваскрэсьне.
34 Але яны нічога з гэтага не зразумелі; словы гэтыя былі закрыты для іх, і яны не разуме́лі сказанага.
35 І сталася, як падыходзіў да Ерыхону, адзін сьляпы сядзе́ў ля дарогі, жабруючы;
36 І, пачуўшы, што міма яго праходзіць народ, спытаўся: што гэта такое?
37 Яму сказалі, што Ісус Назарэй ідзе́.
38 Тады ён закрычэў: Ісус, Сын Давідаў, зьмілуйся нада мною!
39 Пярэднія закрычэлі на яго, каб маўчаў; але ён яшчэ мацне́й крычэў: Сын Давідаў! зьмілуйся нада мною!
40 Ісус, затрымаўшыся, сказаў прыве́сьці яго да Сябе́. І калі той падыйшоў да Яго, спытаўся ў яго:
41 чаго ты хочаш ад Мяне́? Той сказаў: Госпадзі, каб мне́ бачыць.
42 Ісус сказаў яму: Бач жа! ве́ра твая спасла цябе́.
43 І ён той жа час пачаў бачыць і пайшоў за Ім, славячы Бога. І ўве́сь народ, бачучы гэнае, аддаў хвалу Богу.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Паводле Лукі Сьвятое Эвангельле, 18 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч. Выдання 1926−1928 гадоў.
