Біблія » Пераклады » Выдання 1926−1928 гадоў Л. Дзекуць-Малея 2x

Лукі 22 Эвангельле Лукі 22 разьдзел

1 Надыходзіла ж сьвята праснакоў, званае Пасха.
2 І шукалі архірэі і кніжнікі, як бы загубіць Яго, бо баяліся народу.
3 Увайшоў жа шатан у Юду, празванага Іскарыётам, аднаго з дванаццацёх;
4 і той пайшоў і гаварыў з архірэямі і начальнікамі, як Яго прадаць ім.
5 Яны ж узрадаваліся і згодзіліся даць яму грошай;
6 і ён абяцаў і шукаў нагоды, каб выдаць Яго ім і не пры народзе.
7 Прыйшоў жа дзе́нь праснакоў, калі належала рэзаць вялікоднае ягня.
8 І паслаў Ісус Пятра і Іоана, сказаўшы: пайдзе́це, прыгатуйце нам: е́сьці пасху.
9 Яны ж сказалі Яму: дзе́ скажаш нам прыгатаваць?
10 Ен жа сказаў ім: вось, пры ўваходзе вашым у ме́ста, спаткаецца з вамі чалаве́к, нясучы збанок вады; пайдзе́це за ім у дом, у які ўвойдзе ён,
11 і скажэце гаспадару дому: Вучыцель кажа табе́: дзе́ пакой, у якім бы Мне́ е́сьці пасху з вучнямі Маімі?
12 І ён пакажа вам сьвятліцу вялікую, засланую; там прыгатуйце.
13 Яны пайшлі і знайшлі, як сказаў ім, і прыгатавалі пасху.
14 І, як прыйшла гадзіна, Ен се́ў за стол, і дванаццаць апосталаў з Ім,
15 і сказаў ім: крэпка зажадалася Мне́ е́сьці з вамі гэтую пасху пе́рш, чым маю цярпе́ць мукі.
16 Бо кажу вам, што ўжо ня буду е́сьці яе́, пакуль ня споўніцца ў Царстве Божым.
17 І, ўзяўшы чару і аддаўшы хвалу, сказаў: вазьме́це гэтае і падзяліце між сабою,
18 бо кажу вам, што ня буду піць ад плоду вінаграднага, пакуль ня прыйдзе Царства Божае
19 І, узяўшы хле́б і аддаўшы хвалу, паламаў і падаў ім, кажучы: гэта ёсьць Це́ла Мае́, што за вас дае́цца; рабе́це гэта на ўспамін аба Мне́.
20 Такжа і чару пасьля вячэры, кажучы: гэтая чара ёсьць новы тэстамэнт у Маёй крыві, што за вас праліваецца.
21 Ды вось, рука выдаючага Мяне́ са Мною за сталом;
22 Сын жа Чалаве́чы йдзе́ паводле таго, што напе́рад суджана; але гора таму чалаве́ку, што Яго прадае́ць.
23 І яны пачалі пытацца адзін у аднаго: хто гэта з іх ме́ўся ўчыніць гэтае?
24 Узьнялася ж і спрэчка між імі, хто з іх павінен лічыцца большым.
25 Ен жа сказаў ім: цары народаў пануюць над імі і валадары іх дабрадзе́ямі называюцца,
26 вы ж ня гэтак: але большы сярод вас станься як ме́ншы, і правадыр — як слуга
27 Бо хто большы: той, што сядзіць за сталом, ці той, што паслугуе? Ці не супачываючы? А я сярод вас, як паслугуючы.
28 Але вы вытрывалі са Мною ў спакушэньнях Маіх,
29 і Я адказваю вам Царства, як Мне́ адказаў Аце́ц Мой,
30 каб вы е́лі і пілі за сталом Маім у царстве Маім; і пасядзеце на пасадах судзіць дванаццаць кале́н Ізраілевых.
31 І сказаў Гасподзь: Сымо́н, Сымо́н! вось шатан пажадаў вас, каб прасе́іваць, як пшаніцу;
32 але Я маліўся за цябе́, каб не паме́ншала ве́ра твая; і ты не́калі, навярнуўшыся, умацуй братоў тваіх.
33 Той жа адказаў Яму: Госпадзі! з Табою я гатоў ісьці і ў вязьніцу і на сме́рць!
34 Але Ен сказаў: кажу табе́, Пётр, не прапяе́ пе́вень сягоньня, як ты тройчы адрачэшся, што знаеш Мяне́.
35 І сказаў ім: калі пасылаў Я вас без мяшка і бяз торбы і без абутку, ці ме́лі вы ў чым недастатак? Яны адказалі: ні ў чым.
36 Тады Ен сказаў ім: але цяпе́р хто мае мяшок, той вазьмі яго, таксама і торбу; а ў каго няма, прадай вопратку сваю і купі ме́ч;
37 бо кажу вам, што павінна выпаўніцца на Мне́ тое, што напісана: і да злачынцаў залічаны. Бо ўсё аба Мне́ спаўняецца (Ісая 53:12).
38 Яны сказалі: Госпадзі! вось тут два мячы! Ен сказаў ім: даволі!
39 І, выйшаўшы, пайшоў, як звычайна, на гару Аліўную; за Ім пайшлі і вучні Яго.
40 Прыйшоўшы ж на ме́йсца, сказаў ім: маліцеся, каб не папасьці ў спакушэньне.
41 І Сам адыйшоў ад іх, як кінуць камень, і, укле́нчыўшы, маліўся,
42 кажучы: Аце́ц, калі Твая воля, пранясі чару гэтую міма Мяне́, але не́ Мая воля, але Твая няхай станецца.
43 Зьявіўся ж Яму ангел з не́ба, узмацоўваючы Яго,
44 і ў барацьбе сьмяротнай пільне́й маліўся, і быў пот Яго, як каплі крыві, падаючы на зямлю.
45 Устаўшы ад малітвы, Ен прыйшоў да вучняў сваіх і знайшоў іх сьпячымі ад гора,
46 і сказаў ім: што вы сьпіцё? Устаньце і маліцеся, каб не папасьці ў спакушэньне.
47 Яшчэ Ен гаварыў, аж вось народ, а напе́радзі ішоў адзін з дванаццацёх, званы Юда, і ён падыйшоў да Ісуса, каб пацалаваць Яго.
48 Ісус жа сказаў яму: Юда! пацалункам Сына Чалаве́чага прадае́ш?
49 Быўшыя ж з Ім, бачучы, да чаго даходзе, сказалі: „Госпадзі! ці ня ўдэрыць нам мячом?"
50 І адзін з іх удэрыў слугу архірэйскага і адсе́к яму правае вуха.
51 Тады Ісус сказаў: пакіньце, даволі. І, дакрануўшыся да вуха яго, аздаравіў яго.
52 Архірэям жа і начальнікам царквы і старшынам, сабраўшымся проці Яго, сказаў Ісус: быццам на разбойніка выйшлі вы з мячамі ды каламі, каб узяць Мяне́.
53 Кожны дзе́нь бываў Я з вамі ў царкве́, і вы не падымалі на Мяне́ рук; але цяпе́р ваш час і ўлада це́мры.
54 І, узяўшы Яго, павялі і прывялі ў дом архірэя. Пётр жа ішоў здалёк.
55 Калі ж распалілі агонь сярод двара, ды пасе́лі разам, се́ў і Пётр між імі.
56 Адна служанка, убачыўшы яго се́дзячы ля вагня і паўглядаўшыся на яго, сказала: і гэты быў з Ім.
57 Але ён адрокся ад Яго, сказаўшы: Жанчына! я ня ве́даю Яго.
58 І неўзабаве другі, убачыўшы яго, сказаў: і ты з іх. Але Пётр сказаў: не, чалаве́ча!
59 І, як прайшла з гадзіна часу, яшчэ не́хта настайваў: запраўды, і гэты быў з Ім, бо ён галіле́янін.
60 Але Пётр сказаў: „Чалаве́ча, ня ве́даю, што ты гаворыш”. І ў той жа час, калі ён яшчэ гаварыў, прапяяў пе́вень.
61 Тады Гасподзь, азірнуўшыся, паглядзе́ў на Пятра, і ўспомніў Пётр слова Госпада, як Ен сказаў яму: пе́рш, чым прапяе́ пе́вень, тройчы адрачэшся ад Мяне́.
62 І, выйшаўшы вон, горка заплакаў.
63 І людзі, трымаўшыя Ісуса, зьдзе́каваліся над Ім і білі Яго;
64 і, накрыўшы Яго, білі Яго па абліччу і пыталіся ў Яго: прароч, хто ўдэрыў Цябе́?
65 І шмат другога, лаючы, гаварылі на Яго.
66 Калі ж настаў дзе́нь, сабраліся старшыны народу і архірэі І кніжнікі і ўвялі Яго ў свой сынэдрыон,
67 кажучы: ці Ты Хрыстос? скажы нам. Ен сказаў ім: калі скажу вам, вы не паве́рыце;
68 калі ж і Я спытаюся ў вас, ня будзеце адказваць Мне́ і ня звольніце Мяне́.
69 Адгэтуль Сын Чалаве́чы сядзе праваруч сілы Божай.
70 І сказалі ўсе́: дык ты Сын Божы? Ен адказаў ім: вы кажаце, што Я.
71 Яны ж сказалі: якое яшчэ трэба нам сьвядоцтва? бо ж мы самы чулі з вуснаў Яго.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Паводле Лукі Сьвятое Эвангельле, 22 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Public Domain

Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч. Выдання 1926−1928 гадоў.