Лукаша 22 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Выдання 1926−1928 гадоў Л. Дзекуць-Малея 2x
Набліжалася сьвята праснакоў, якое называлася Пасхаю;
Надыходзіла ж сьвята праснакоў, званае Пасха.
і намышлялі першасьвятары і кніжнікі, як бы загубіць Яго, бо баяліся народу.
І шукалі архірэі і кніжнікі, як бы загубіць Яго, бо баяліся народу.
І ўвайшоў сатана ў Юду, празванага Іскарыётам, аднаго зь ліку дванаццацёх,
Увайшоў жа шатан у Юду, празванага Іскарыётам, аднаго з дванаццацёх;
і ён пайшоў і гутарыў зь першасьвятарамі і начальнікамі, як Яго выдаць ім.
і той пайшоў і гаварыў з архірэямі і начальнікамі, як Яго прадаць ім.
Яны ўзрадаваліся і згадзіліся даць яму грошай;
Яны ж узрадаваліся і згодзіліся даць яму грошай;
і ён абяцаўся, і шукаў зручнага часу, каб выдаць Яго ім ня прылюдна.
і ён абяцаў і шукаў нагоды, каб выдаць Яго ім і не пры народзе.
І настаў дзень праснакоў, у які трэба было закалоць пасхальнае ягня;
Прыйшоў жа дзе́нь праснакоў, калі належала рэзаць вялікоднае ягня.
і паслаў Ісус Пятра і Яна, сказаўшы: ідзеце, прыгатуйце нам есьці пасху.
І паслаў Ісус Пятра і Іоана, сказаўшы: пайдзе́це, прыгатуйце нам: е́сьці пасху.
А яны сказалі Яму: дзе скажаш нам прыгатаваць?
Яны ж сказалі Яму: дзе́ скажаш нам прыгатаваць?
Ён сказаў ім: вось, пры ўваходзе вашым у горад сустрэнецца з вамі чалавек, які нясьціме збанок вады; ідзеце сьледам за ім у дом, у які ўвойдзе ён.
Ен жа сказаў ім: вось, пры ўваходзе вашым у ме́ста, спаткаецца з вамі чалаве́к, нясучы збанок вады; пайдзе́це за ім у дом, у які ўвойдзе ён,
і скажэце гаспадару дома: Настаўнік кажа табе: дзе пакой, у якім бы Мне есьці пасху з вучнямі Маімі?
і скажэце гаспадару дому: Вучыцель кажа табе́: дзе́ пакой, у якім бы Мне́ е́сьці пасху з вучнямі Маімі?
І ён пакажа вам сьвятліцу вялікую засланую; там прыгатуйце.
І ён пакажа вам сьвятліцу вялікую, засланую; там прыгатуйце.
Яны пайшлі і знайшлі, як сказаў ім, і прыгатавалі пасху.
Яны пайшлі і знайшлі, як сказаў ім, і прыгатавалі пасху.
І калі настала гадзіна, Ён узьлёг, і дванаццаць апосталаў зь Ім,
І, як прыйшла гадзіна, Ен се́ў за стол, і дванаццаць апосталаў з Ім,
і сказаў ім: вельмі хацеў Я есьці з вамі гэтую пасху раней Маіх пакутаў,
і сказаў ім: крэпка зажадалася Мне́ е́сьці з вамі гэтую пасху пе́рш, чым маю цярпе́ць мукі.
бо кажу вам, што ўжо ня буду есьці яе, пакуль яна ня ўчыніцца ў Царстве Божым.
Бо кажу вам, што ўжо ня буду е́сьці яе́, пакуль ня споўніцца ў Царстве Божым.
І ўзяўшы чару і падзякаваўшы, сказаў: прымеце яе і падзялеце паміж сабою;
І, ўзяўшы чару і аддаўшы хвалу, сказаў: вазьме́це гэтае і падзяліце між сабою,
бо кажу вам, што ня буду піць ад плоду вінаграднага, пакуль ня прыйдзе Царства Божае.
бо кажу вам, што ня буду піць ад плоду вінаграднага, пакуль ня прыйдзе Царства Божае
І ўзяўшы хлеб і падзякаваўшы, пераламаў і падаў ім, кажучы: гэта ёсьць Цела Маё, якое за вас аддаецца; гэта выконвайце на ўспамін пра Мяне.
І, узяўшы хле́б і аддаўшы хвалу, паламаў і падаў ім, кажучы: гэта ёсьць Це́ла Мае́, што за вас дае́цца; рабе́це гэта на ўспамін аба Мне́.
Таксама і чару пасьля вячэры, кажучы: гэтая чара ёсьць новы запавет у Маёй Крыві, якая за вас праліваецца;
Такжа і чару пасьля вячэры, кажучы: гэтая чара ёсьць новы тэстамэнт у Маёй крыві, што за вас праліваецца.
і вось, рука прадажніка Майго са Мною за сталом;
Ды вось, рука выдаючага Мяне́ са Мною за сталом;
у астатнім, Сын Чалавечы ідзе, як прадвызначана; але гора таму чалавеку, якім Ён выдаецца.
Сын жа Чалаве́чы йдзе́ паводле таго, што напе́рад суджана; але гора таму чалаве́ку, што Яго прадае́ць.
І яны пачалі пытацца адзін у аднаго, хто б зь іх быў той, які гэта зробіць.
І яны пачалі пытацца адзін у аднаго: хто гэта з іх ме́ўся ўчыніць гэтае?
А была і спрэчка паміж імі, хто зь іх павінен уважацца за большага.
Узьнялася ж і спрэчка між імі, хто з іх павінен лічыцца большым.
Ён жа сказаў ім: цары валадараць над народамі і ўлады іхнія дабрадзеямі называюцца;
Ен жа сказаў ім: цары народаў пануюць над імі і валадары іх дабрадзе́ямі называюцца,
а вы ня так: але хто з вас большы, будзь як меншы, і начальнік будзь, як слуга.
вы ж ня гэтак: але большы сярод вас станься як ме́ншы, і правадыр — як слуга
Бо хто большы: той, хто ўзьлягае, ці хто слуга? Ці ня той, хто ўзьлягае? А Я сярод вас, як слуга.
Бо хто большы: той, што сядзіць за сталом, ці той, што паслугуе? Ці не супачываючы? А я сярод вас, як паслугуючы.
Але вы трывалі са Мною ў гаротах Маіх,
Але вы вытрывалі са Мною ў спакушэньнях Маіх,
і Я запавядаю вам, як запавядаў Мне Айцец Мой, Царства,
і Я адказваю вам Царства, як Мне́ адказаў Аце́ц Мой,
каб елі і пілі на бяседзе Маёй у Царстве Маім, і каб селі на пасадах судзіць дванаццаць каленаў Ізраілевых.
каб вы е́лі і пілі за сталом Маім у царстве Маім; і пасядзеце на пасадах судзіць дванаццаць кале́н Ізраілевых.
І сказаў Гасподзь: Сымоне! Сымоне! вось, сатана прасіў, каб сеяць вас як пшаніцу;
І сказаў Гасподзь: Сымо́н, Сымо́н! вось шатан пажадаў вас, каб прасе́іваць, як пшаніцу;
але Я маліўся за цябе, каб не зьмізарнела вера твая; і ты некалісь, навярнуўшыся, умацуй братоў тваіх.
але Я маліўся за цябе́, каб не паме́ншала ве́ра твая; і ты не́калі, навярнуўшыся, умацуй братоў тваіх.
Ён адказваў: Госпадзе! з Табою я гатовы і ў цямніцу і на сьмерць ісьці.
Той жа адказаў Яму: Госпадзі! з Табою я гатоў ісьці і ў вязьніцу і на сме́рць!
Але Ён сказаў: кажу табе, Пётр, не засьпявае певень сёньня, як ты тройчы зрачэшся, што ня ведаеш Мяне.
Але Ен сказаў: кажу табе́, Пётр, не прапяе́ пе́вень сягоньня, як ты тройчы адрачэшся, што знаеш Мяне́.
І сказаў ім: калі я пасылаў вас безь мяшка і бяз торбы і без абутку, ці мелі вы ў чым нястачу? Яны адказвалі: ні ў чым.
І сказаў ім: калі пасылаў Я вас без мяшка і бяз торбы і без абутку, ці ме́лі вы ў чым недастатак? Яны адказалі: ні ў чым.
Тады Ён сказаў ім: але цяпер, хто мае мяшок, той вазьмі яго, таксама і торбу; а ў каго няма, прадай вопратку сваю і купі меч;
Тады Ен сказаў ім: але цяпе́р хто мае мяшок, той вазьмі яго, таксама і торбу; а ў каго няма, прадай вопратку сваю і купі ме́ч;
бо маўляю вам, што мусіць збыцца на Мне і гэтае напісанае: «і да зладзеяў залічаны». Бо тое, што пра Мяне, канчаецца.
бо кажу вам, што павінна выпаўніцца на Мне́ тое, што напісана: і да злачынцаў залічаны. Бо ўсё аба Мне́ спаўняецца (Ісая 53:12).
Яны сказалі: Госпадзе! вось, тут два мечы. Ён сказаў ім: досыць.
Яны сказалі: Госпадзі! вось тут два мячы! Ен сказаў ім: даволі!
І выйшаўшы пайшоў як звычайна на гару Аліўную; за Ім сьледам пайшлі і вучні Ягоныя.
І, выйшаўшы, пайшоў, як звычайна, на гару Аліўную; за Ім пайшлі і вучні Яго.
А прыйшоўшы на месца, сказаў ім: малецеся, каб ня ўпасьці ў спакусу.
Прыйшоўшы ж на ме́йсца, сказаў ім: маліцеся, каб не папасьці ў спакушэньне.
І Сам адышоў ад іх — як кінуць каменем, і, схіліўшы калені, маліўся,
І Сам адыйшоў ад іх, як кінуць камень, і, укле́нчыўшы, маліўся,
кажучы: Войча! о, калі б Ты дабраволіў пранесьці чару гэтую міма Мяне! зрэшты, не Мая воля, а Твая хай будзе.
кажучы: Аце́ц, калі Твая воля, пранясі чару гэтую міма Мяне́, але не́ Мая воля, але Твая няхай станецца.
І зьявіўся Яму анёл зь нябёсаў і мацаваў Яго.
Зьявіўся ж Яму ангел з не́ба, узмацоўваючы Яго,
І ў змаганьні ўнутраным руплівей маліўся; і быў пот Ягоны, як кроплі крыві, што падалі на зямлю.
і ў барацьбе сьмяротнай пільне́й маліўся, і быў пот Яго, як каплі крыві, падаючы на зямлю.
Устаўшы з малітвы, Ён прыйшоў да вучняў, і застаў іх у сьне ад смутку,
Устаўшы ад малітвы, Ен прыйшоў да вучняў сваіх і знайшоў іх сьпячымі ад гора,
і сказаў ім: што вы сьпіце? устаньце і малецеся, каб ня ўпасьці ў спакусу.
і сказаў ім: што вы сьпіцё? Устаньце і маліцеся, каб не папасьці ў спакушэньне.
Калі Ён яшчэ казаў гэта, паявіліся людзі, а наперадзе іх ішоў адзін з дванаццацёх, называны Юда, і ён падышоў да Ісуса, каб пацалаваць Яго. Бо ён такі даў ім знак: каго я пацалую, Той і ёсьць.
Яшчэ Ен гаварыў, аж вось народ, а напе́радзі ішоў адзін з дванаццацёх, званы Юда, і ён падыйшоў да Ісуса, каб пацалаваць Яго.
А Ісус сказаў яму: Юда ці цалаваньнем выдаеш Сына Чалавечага?
Ісус жа сказаў яму: Юда! пацалункам Сына Чалаве́чага прадае́ш?
Тыя, што былі зь Ім, бачачы, да чаго ўсё ідзе, сказалі Яму: Госпадзе! ці ня ўдарыць нам мечам?
Быўшыя ж з Ім, бачучы, да чаго даходзе, сказалі: „Госпадзі! ці ня ўдэрыць нам мячом?"
І адзін зь іх ударыў раба першасьвятаровага і адсек яму правае вуха.
І адзін з іх удэрыў слугу архірэйскага і адсе́к яму правае вуха.
Тады Ісус сказаў: пакіньце, даволі. І дакрануўшыся да вуха ягонага, загоіў яго.
Тады Ісус сказаў: пакіньце, даволі. І, дакрануўшыся да вуха яго, аздаравіў яго.
А першасьвятарам і начальнікам храма і старэйшынам, якія сабраліся супроць Яго, сказаў Ісус: быццам на разбойніка выйшлі вы зь мечамі і каламі, каб узяць Мяне!
Архірэям жа і начальнікам царквы і старшынам, сабраўшымся проці Яго, сказаў Ісус: быццам на разбойніка выйшлі вы з мячамі ды каламі, каб узяць Мяне́.
Кожны дзень бываў Я з вамі ў храме, і вы не падымалі на Мяне рук, а цяпер — ваш час і ўлада цемры.
Кожны дзе́нь бываў Я з вамі ў царкве́, і вы не падымалі на Мяне́ рук; але цяпе́р ваш час і ўлада це́мры.
Узяўшы Яго, павялі і прывялі ў дом першасьвятара. А Пётр ішоў сьледам зводдаль.
І, узяўшы Яго, павялі і прывялі ў дом архірэя. Пётр жа ішоў здалёк.
Калі яны расклалі агонь сярод двара і селі разам, сеў і Пётр паміж імі.
Калі ж распалілі агонь сярод двара, ды пасе́лі разам, се́ў і Пётр між імі.
Адна служанка, убачыўшы яго каля агню і ўгледзеўшыся ў яго, сказала: гэты быў зь Ім.
Адна служанка, убачыўшы яго се́дзячы ля вагня і паўглядаўшыся на яго, сказала: і гэты быў з Ім.
Але ён адрокся ад Яго, сказаўшы жанчыне: я ня ведаю Яго.
Але ён адрокся ад Яго, сказаўшы: Жанчына! я ня ве́даю Яго.
Неўзабаве потым другі, убачыўшы яго, сказаў: і ты зь іх. Але Пётр сказаў гэтаму чалавеку: не.
І неўзабаве другі, убачыўшы яго, сказаў: і ты з іх. Але Пётр сказаў: не, чалаве́ча!
Прайшло з гадзіну часу, яшчэ нехта настойліва казаў: сапраўды, і гэты быў зь Ім, бо ён Галілеянін.
І, як прайшла з гадзіна часу, яшчэ не́хта настайваў: запраўды, і гэты быў з Ім, бо ён галіле́янін.
Але Пётр сказаў таму чалавеку: ня ведаю, што ты кажаш. І адразу, калі яшчэ гаварыў ён, засьпяваў певень.
Але Пётр сказаў: „Чалаве́ча, ня ве́даю, што ты гаворыш”. І ў той жа час, калі ён яшчэ гаварыў, прапяяў пе́вень.
Тады Гасподзь, абярнуўшыся, паглядзеў на Пятра; і Пётр згадаў слова Госпада, як Ён сказаў яму: перш чым засьпявае певень, адрачэшся ад Мяне тройчы.
Тады Гасподзь, азірнуўшыся, паглядзе́ў на Пятра, і ўспомніў Пётр слова Госпада, як Ен сказаў яму: пе́рш, чым прапяе́ пе́вень, тройчы адрачэшся ад Мяне́.
І выйшаўшы вонкі, горка заплакаў.
І, выйшаўшы вон, горка заплакаў.
Людзі, якія трымалі Ісуса, зьдзекі чынілі зь Яго і білі Яго;
І людзі, трымаўшыя Ісуса, зьдзе́каваліся над Ім і білі Яго;
і накрыўшы Яго, білі Яго па твары і пыталіся ў Яго: скажы, хто выцяў Цябе?
і, накрыўшы Яго, білі Яго па абліччу і пыталіся ў Яго: прароч, хто ўдэрыў Цябе́?
І шмат іншай кляцьбы вымаўлялі супраць Яго.
І шмат другога, лаючы, гаварылі на Яго.
І як настаў дзень, сабраліся старэйшыны народу, першасьвятары і кніжнікі, і ўвялі Яго ў свой сынедрыён,
Калі ж настаў дзе́нь, сабраліся старшыны народу і архірэі І кніжнікі і ўвялі Яго ў свой сынэдрыон,
і сказалі: ці Ты Хрыстос? скажы нам. Ён сказаў ім: калі скажу вам, вы не паверыце;
кажучы: ці Ты Хрыстос? скажы нам. Ен сказаў ім: калі скажу вам, вы не паве́рыце;
калі ж і спытаюся ў вас, ня будзеце адказваць Мне і не адпусьціце Мяне;
калі ж і Я спытаюся ў вас, ня будзеце адказваць Мне́ і ня звольніце Мяне́.
ад сёньня Сын Чалавечы сядзе праваруч сілы Божай.
Адгэтуль Сын Чалаве́чы сядзе праваруч сілы Божай.
І сказалі ўсе: дык Ты Сын Божы? Ён адказваў ім: вы кажаце, што Я.
І сказалі ўсе́: дык ты Сын Божы? Ен адказаў ім: вы кажаце, што Я.
А яны сказалі: якое яшчэ трэба нам сьведчаньне? бо мы самі чулі з вуснаў Ягоных!
Яны ж сказалі: якое яшчэ трэба нам сьвядоцтва? бо ж мы самы чулі з вуснаў Яго.