Лукаша 9 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Выдання 1926−1928 гадоў Л. Дзекуць-Малея 2x
І склікаўшы дванаццаць, даў ім сілу і ўладу над усімі дэманамі, і лекаваць ад хваробаў,
Паклікаўшы ж усіх дванаццацёх, даў ім моц і ўладу над усімі чартамі і аздараўляць ад хворасьцяў.
і паслаў іх зьвеставаць Царства Божае і ацаляць хворых
І паслаў іх навучаць аб Царстве Божым і аздараўляць хворых.
і сказаў ім: нічога не бярэце ў дарогу: ні кія, ні торбы, ні хлеба, ні срэбра, і ня майце па дзьве вопраткі;
І сказаў ім: нічога не бярэце на дарогу; ні кія, ні торбы, ні хле́ба, ні срэбра, і каб двух вопратак ня ме́лі;
і ў які дом увойдзеце, там заставайцеся і адтуль выпраўляйцеся ў дарогу;
і ў які дом увойдзеце, там заставайцеся і стуль ідзе́це ў дарогу;
а калі дзе ня прымуць вас, дык, выходзячы з горада таго, абцярушэце і пыл з вашых ног у сьведчаньне на іх.
і калі дзе́ ня прымуць вас, то, выходзячы з таго ме́ста, абтрасе́це і пыл з ног вашых у сьве́дчаньне на іх.
Яны пайшлі і праходзілі селішчамі, зьвястуючы і ацаляючы ўсюды.
І, пайшоўшы, праходзілі па сёлам, апавядаючы эвангельле і ўсюды аздараўляючы.
Дачуўся Ірад тэтрарх пра ўсё, што рабіў Ісус, і зьдзіўляўся: бо адны казалі, што гэта Ян паўстаў зь мёртвых;
Ірад жа чацьвертаўладнік чуў пра ўсё, што дзе́ялася ад Яго, і ня це́міў: бо адны казалі, што гэта Іоан устаў з мёртвых;
другія — што Ільля зьявіўся; а тыя, што адзін з старавечных прарокаў уваскрэс.
другія, што Ільля зьявіўся, а іншыя, што адзін з старадаўных прарокаў уваскрос.
І сказаў Ірад: Яну я адцяў галаву; а хто Гэты, пра Якога я чую такое? І стараўся ўбачыць Яго.
І сказаў Ірад: Іоана я сьцяў; хто ж гэты, аб якім я чую такое? І стараўся ўбачыць Яго.
Апосталы, вярнуўшыся, расказалі Яму, што яны зрабілі; і Ён, узяўшы іх з Сабою, адасобіўся ў пустэльнай мясьціне, непадалёк ад горада, называнага Бэтсаідаю.
Апосталы, вярнуўшыся, расказалі Яму, што яны зрабілі, і Ен, узяўшы іх з Сабою, пайшоў самотна ў пустыннае ме́йсца ме́ста, называнага Віфсаідаю.
Але людзі, даведаўшыся, пайшлі за Ім: і Ён, прыняўшы іх, гутарыў зь імі пра Царства Божае і ацаляў тых, каму было патрэбнае ацаленьне.
Але народ, даве́даўшыся, пайшоў за Ім; і Ен, прыняўшы іх, вёў з імі гутарку аб Царстве Божым і, каму гэтага трэба было, аздараўляў.
А дзень пачаў хіліцца да вечара. І прыступіўшы да Яго, дванаццаць казалі Яму: адпусьці людзей, каб яны пайшлі ў навакольныя селішчы і вёскі начаваць і дасталі ежы; бо што мы тут у пустэльнай мясьціне.
Калі ж дзе́нь зачаў зыходзіць, дык прыступілі да Яго дванаццаць і гаварылі Яму: адпраў народ, каб яны пайшлі ў вакалічныя сёлы і вёскі начаваць і дасталі е́сьці, бо мы тут у пустым ме́йсцы.
Але Ён сказаў ім: вы дайце ім есьці. Яны сказалі: у нас няма больш за пяць хлябоў і дзьве рыбіны; хіба што, нам трэба пайсьці купіць ежы на ўвесь гэты люд.
Але Ен сказаў ім: вы дайце ім е́сьці. Яны сказалі; у нас няма бале́й за пять хлябоў і дзьвюх рыб; хіба нам пайсьці купіць е́жы для ўсіх гэтых людзе́й?
Бо іх было каля пяці тысяч чалавек. Але Ён сказаў вучням Сваім: пасадзеце іх радамі па пяцьдзясят.
Бо іх было каля пяцёхтысячаў душ. Але Ен сказаў вучням Сваім; рассадзіце іх радамі па пяцьдзесят.
І зрабілі так, і пасадзілі ўсіх.
І ўчынілі так, і рассадзілі ўсіх.
А Ён, узяўшы пяць хлябоў і дзьве рыбіны і паглядзеўшы на неба, дабраславіў іх, пераламаў і даў вучням, каб раздаць людзям.
Ен жа, узяўшы пяць хлябоў і дзьве́ рыбы і паўзіраўшыся ў не́ба, багаславіў іх, паламаў і даў вучням, каб раздалі народу.
І елі і наеліся ўсе: і рэшты кавалкаў набралася ў іх дванаццаць кашоў.
І е́лі і насыціліся ўсе́; і набралі недае́дкаў дванаццаць карабоў.
Аднаго разу, калі Ён маліўся ў адасобленым месцы, вучні былі зь Ім, Ён спытаўся ў іх: за каго ўважаюць Мяне людзі?
І сталася, як маліўся самотна, і вучні былі з Ім, Ен спытаўся ў іх: за каго лічыць Мяне́ народ?
Яны сказалі ў адказ, за Яна Хрысьціцеля, а некаторыя — за Ільлю: а іншыя кажуць, што адзін з старавечных прарокаў уваскрэс.
Яны сказалі ў адказ: за Іоана Хрысьціцеля, а іншыя за Ільлю; другія ж кажуць, што адзін з старадаўных прарокаў уваскрос.
А Ён спытаўся ў іх: а вы за каго ўважаеце Мяне? Адказаў Пётр: за Хрыста Божага.
Ен жа спытаўся ў іх: а вы за каго лічыце Мяне́? І адказаў. Пе́тр: за Хрыста Божага.
Але Ён строга загадаў ім нікому не казаць пра гэта,
Але Ен строга загадаў ім нікому не гаварыць аб гэтым,
сказаўшы, што Сын Чалавечы мае шмат адпакутаваць, і быць адкінутым старэйшынамі, першасьвятарамі і кніжнікамі, і быць забітым, і на трэйці дзень уваскрэснуць.
сказаўшы, што Сын Чалаве́чы мусіць многа выцярпець мук; і адцураюцца ад Яго старэйшыны, архірэі і кніжнікі, і будзе забіты і на трэці дзе́нь уваскрэсьне.
А да ўсіх прамовіў: калі хто хоча ісьці за Мною, адрачыся ад сябе і вазьмі крыж свой і ідзі за Мною;
Да ўсіх жа сказаў: калі хто: хоча йсьці за Мною, няхай адрачэцца ад самога сябе́, няхай возьме крыж свой і йдзе́ за Мною.
бо, хто хоча душу сваю захаваць, той страціць яе: а хто страціць душу сваю дзеля Мяне, той захавае яе,
Бо хто хоча душу сваю спасьці, загубіць яе́; а хто загубіць душу сваю дзеля Мяне́, той спасё яе́.
бо што карысьці чалавеку здабыць увесь сьвет, а сябе самога загубіць, альбо пашкодзіць сабе?
Бо якая карысьць чалаве́ку здабыць уве́сь сьве́т, а сябе самога загубіць, ці пашкодзіць сабе́?
бо хто пасаромеецца Мяне і Маіх слоў, таго Сын Чалавечы пасаромеецца, калі прыйдзе ў славе Сваёй і Айцовай і сьвятых анёлаў.
Бо хто паўстыдаецца Мяне́ і Маіх слоў, таго Сын Чалаве́чы паўстыдаецца, калі прыйдзе ў славе Сваёй і Айца і сьвятых Ангелаў.
Кажу бо вам па праўдзе: ёсьць сярод тых, што стаяць тут, такія, якія ня зьведаюць сьмерці, а ўжо ўгледзяць Царства Божае.
Праўду кажу вам: ёсьць некаторыя з тых, што тут стаяць, якія не спазнаюць сьме́рці, пакуль ня ўбачуць Царства Божага.
Пасьля гэтых словаў, дзён праз восем, узяўшы Пятра, Яна і Якава, узыйшоў Ён на гару памаліцца.
Сталася ж дзён праз восем пасьля слоў гэтых, узяўшы Пятра, Іоана і Якава, узыйшоў Ен на гару памаліцца,
І калі маліўся, выгляд аблічча ў Яго зьмяніўся, і вопратка ў Яго зрабілася белая, бліскучая.
і сталася, як Ен маліўся, выгляд аблічча Яго зьмяніўся, і вопратка Яго сталася бе́лая, блішчастая.
І вось, два мужы гутарылі зь Ім, якія былі Майсей і Ільля:
І вось двое людзе́й гутарылі з Ім, а былі гэта Майсе́й і Ільля:
зьявіўшыся ў славе, яны казалі абодва пра зыход Ягоны, які яму належала зьдзейсьніць у Ерусаліме.
зьявіўшыся ў славе, яны гаварылі аб сьме́рці Яго, што ме́ўся споўніць у Ерузаліме.
Пётр і астатнія зь ім змораныя былі сном: але прачнуўшыся, угледзелі славу Ягоную, і двух мужоў, што стаялі зь Ім.
Пётр жа і быўшыя з Ім былі апанаваны сном; прабудзіўшыся ж, убачылі славу Яго, і двох мужаў, стоячы з Ім.
І калі яны адыходзілі ад Яго, сказаў Пётр Ісусу: Настаўнік! добра нам тут быць: зробім тры палаткі, адну Табе, адну Майсею і адну Ільлю, — ня ведаючы, што казаў.
І калі тыя адыходзілі ад Яго, сказаў Пётр Ісусу: Настаўнік! добра нам тут быць: зробім тры палаткі: адну Табе́, адну Майсе́ю і адну Ільлі, — ня ве́даючы, што кажа.
Калі ж ён казаў гэта, наплыло воблака і асланіла іх; і спалохаліся яны, калі ўвайшлі ў воблака.
Калі ж ён гаварыў гэтае, сталася хмара і агарнула іх; і перепалохаліся, як увайшлі ў хмару.
І быў з воблака голас, які мовіў: Гэты ёсьць Сын Мой Любасны; Яго слухайце.
І быў з хмары голас гаворачы: Гэты ёсьць Сын Мой улюблены; Яго слухайце.
Калі быў гэты голас, застаўся Ісус адзін. І яны змоўчалі і нікому не казалі ў тыя дні пра тое, што бачылі.
І калі быў голас гэты, апынуўся Ісус адзін. І яны маўчалі і нікому не гаварылі ў тыя дні, што бачылі.
А на другі дзень, калі яны сыйшлі з гары, сустрэла Яго шмат людзей.
І сталася назаўтрае, як яны зышлі з гары, сустрэла Яго вялікае множства народу.
Раптам нехта зь людзей усклікнуў: Настаўнік! малю Цябе зірнуць на сына майго, ён адзін у мяне:
І вось не́йкі чалаве́к з народу крыкнуў: Вучыцель: малю Цябе́! Глянь на сына майго; ён адзін ў мяне́:
яго вярэдзіць дух, і ён раптам ускрыквае, і курчыць яго, так што пускае пену; і ледзьве адступае ад яго, змучыўшы яго;
і вось дух бярэ яго, і ён ураз жа крычыць, і ірве́ць яго з пе́най; і ле́дзь адступае ад яго, змучыўшы яго;
я прасіў вучняў Тваіх выгнаць яго, і яны не маглі.
я прасіў вучняў Тваіх выгнаць яго; і яны не маглі.
А Ісус адказваючы, сказаў: о род няверны і разбэшчаны! дакуль буду з вамі і буду цярпець вас? прывядзі сюды сына твайго.
Ісус жа адказваючы сказаў: о, род няве́рны і распусны! дакуль буду з вамі і буду цярпе́ць вас? Прывядзі сюды сына твайго.
І калі той яшчэ ішоў, дэман кінуў яго на зямлю і пачаў калаціць; але Ісус загразіў нячыстаму духу, і ацаліў падлетка, і аддаў яго бацьку ягонаму.
Калі ж той яшчэ йшоў, дух кінуў яго і затрос; але Ісус прыкрыкнуў на нячыстага духа і аздаравіў хлопца, ды аддаў яго бацьцы яго.
І ўсе зьдзіўляліся зь велічы Божай. А калі ўсе зьдзіўляліся з усяго, што гаварыў Ісус, Ён сказаў вучням Сваім:
І ўсе́ дзівіліся ве́лічы Божай. Калі ж усе́ дзівіліся ўсяму, што чыніў Ісус, Ен сказаў вучням Сваім:
пакладзеце вы сабе ў вушы словы гэтыя: Сын Чалавечы будзе аддадзены ў рукі чалавечыя.
палажэце сабе́ ў вушы словы гэтыя: Сын Чалаве́чы будзе выданы ў рукі чалаве́чыя.
Але яны не зразумелі слова гэтага, і яно было замкнута ад іх, так што яны ня ўцямілі яго; а спытацца ў Яго пра гэтае слова баяліся.
Але яны не зразуме́лі слова гэтага, і яно было закрыта ад іх, каб яны ўцямілі яго; а папытацца ў Яго пра гэтае слова баяліся.
І прыйшло ім на думку: хто б зь іх быў большы?
Прыйшла ж ім думка: хто б з іх быў большы?
А Ісус, бачачы помысел сэрца іхняга, узяўшы дзіця, паставіў яго перад Сабою
Ісус жа, бачучы помыслы іх сэрца, узяўшы дзіцё, паставіў яго перад Сабою
і сказаў ім: хто прыме гэтае дзіця ў імя Маё, той Мяне прымае; а хто прыме Мяне, той прымае Таго, Хто паслаў Мяне; бо, хто з вас найменшы за ўсіх, той будзе вялікі.
і сказаў ім: хто прыйме гэтае дзіцё у імя Маё, той Мяне́ прыйме, а хто прыйме Мяне́, той прыйме Паслаўшага Мяне́; бо хто з вас ме́ншы за ўсіх, той будзе вялікі.
Пры гэтым Ян сказаў: Настаўнік! мы бачылі чалавека, які імем Тваім выганяе дэманаў, і забаранілі яму, бо ён ня ходзіць з намі.
Пры гэтым Іоан сказаў: Настаўнік! мы бачылі чалаве́ка, іме́ньнем Тваім выганяючага чартоў, і забаранілі яму, бо ён ня ходзіць з намі.
Ісус сказаў яму: не забараняйце; бо хто ня супроць вас, той за вас.
І сказаў яму Ісус: не забараняйце; бо хто, ня проці вас,той за вас.
А калі набліжаліся дні ўшэсьця Ягонага ад людзей, Ён захацеў ісьці ў Ерусалім,
І сталася, як набліжаліся дні забраньня Яго, умацавалася аблічча Яго ісьці ў Ерузалім,
і паслаў вястуноў перад абліччам Сваім: і яны пайшлі і ўвайшлі ў селішча Самаранскае, каб падрыхтаваць для Яго;
і паслаў пасланцоў прад абліччам Сваім; і яны пайшлі і ўвайшлі ў сяло Самаранскае, каб прыгатаваць для Яго;
але там ня прынялі Яго, бо Ён меў выгляд вандроўніка ў Ерусалім.
але там ня прынялі Яго, бо аблічча Яго было йдучы ў Ерузалім.
Бачачы гэта, вучні Ягоныя, Якаў і Ян, сказалі: Госпадзе! ці хочаш, мы скажам, каб вагонь сышоў зь неба і вынішчыў іх, як і Ільля зрабіў?
Бачучы ж вучні Яго, Якаў і Іоан, сказалі: Госпадзі! ці хочаш мы скажам, каб агонь зыйшоў з не́ба і зьнішчыў іх, як і Ільля зрабіў?
Але Ён, зьвярнуўшыся да іх, забараніў ім і сказаў: ня ведаеце, якога вы духу;
Але Ен, зьвярнуўшыся да іх, забараніў ім і сказаў: ня ве́даеце, якога вы духа;
бо Сын Чалавечы прыйшоў ня губіць душы чалавечыя, а ратаваць. І пайшлі ў іншае селішча.
бо Сын Чалаве́чы прыйшоў ня губіць душы людзкія, але спасаць. І пайшлі ў другое сяло.
Сталася, што калі яны былі ў дарозе, нехта сказаў Яму: Госпадзе! я пайду за Табою, куды б Ты ні пайшоў.
І сталася, як яны былі ў дарозе, не́хта сказаў Яму: Госпадзі: я пайду за Табою, куды б Ты ні пайшоў.
Ісус сказаў яму: лісы маюць норы, а птушкі нябесныя — гнёзды; а Сын Чалавечы ня мае, дзе прыхіліць галаву.
Ісус сказаў яму: лісіцы маюць норы, і птушкі нябе́сныя гнёзды; а Сын Чалаве́чы ня мае дзе́ галаву прыкланіці.
А другому сказаў: ідзі за Мною. Той сказаў: Госпадзе! дазволь мне сьпярша пайсьці і пахаваць бацьку майго.
А другому сказаў: Ідзі за Мною. Той сказаў: Госпадзі! дазволь мне́ пе́рш пайсьці і пахаваць бацьку майго.
Але Ісус сказаў яму: пакінь мёртвым хаваць сваіх мерцьвякоў; а ты ідзі, зьвястуй Царства Божае.
Але Ісус сказаў яму: пакінь уме́ршым хаваць сваіх нябожчыкаў; а ты йдзі, ды абвяшчай Царства Божае.
Яшчэ другі сказаў: я пайду за Табою, Госпадзе! але сьпярша дазволь мне разьвітацца з хатнімі маімі.
Яшчэ іншы сказаў: Я пайду за Табою, Госпадзі! Але пе́рш дазволь мне́ папрашчацца з хатнімі маімі.
Але Ісус сказаў яму: ніхто, хто паклаў руку сваю на плуг і азіраецца назад, не надзейны для Царства Божага.
Але Ісус сказаў яму: ніхто не спасобен да Царства Божага, хто, узлажыўшы руку сваю на плуг, аглядаецца назад.