Лукаша 10 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Выдання 1926−1928 гадоў Л. Дзекуць-Малея 2x

 
 

Пасьля гэтага выбраў Гасподзь і іншых вучняў, і паслаў іх па двое перад абліччам Сваім у кожны горад і мясьціну, куды Сам хацеў ісьці,
 
Пасьля гэтага выбраў Гасподзь і другіх семдзесят вучняў і паслаў іх па два перад абліччам Сваім у кожнае ме́ста і ме́йсца, куды Сам мёўся йсьці

і сказаў ім: жніва многа, а работнікаў мала; дык вось малеце Гаспадара жніва, каб паслаў работнікаў на жніво Сваё.
 
І сказаў ім: жніво багатае, а работнікаў мала; дык прасе́це Гаспадара жніва, каб выслаў работнікаў на жніво Свае́.

Ідзеце! Я пасылаю вас, як ягнят сярод ваўкоў.
 
Ідзе́це! Я пасылаю вас, як ягнят сярод ваўкоў.

Не бярэце ні мяха, ні торбы, ні абутку, і нікога на дарозе ня вітайце.
 
Не бярэце ні мяшка, ні торбы, ні абутку і нікога ў дарозе ня вітайце.

У які дом увойдзеце, сьпярша кажэце: «мір дому гэтаму!»
 
У якую ж хату ўвойдзеце, пе́рш кажэце: „мір дому гэтаму!“

і калі будзе там сын міру, дык спачыне на ім мір ваш; а калі не, дык да вас вернецца;
 
І калі будзе там сын міру, то супачыне на ім мір ваш; а калі не́, то да вас ве́рнецца.

а ў доме тым заставайцеся, ежце і пеце, што ў іх ёсьць: бо працаўнік варты ўзнагароды за працу сваю, не пераходзьце з дому ў дом.
 
У доме ж тым заставайцеся, е́шце і піце, што ў іх ёсьць; бо работнік варт платы свае́й, Не пераходзьце з дому ў дом.

І калі прыйдзеце ў які горад, і прымуць вас, ежце, што вам дадуць;
 
І калі прыдзеце ў якое ме́ста, і прымуць вас, е́шце, што вам дадуць;

і ацаляйце ў ім хворых, і кажэце ім: «наблізілася да вас Царства Божае».
 
і аздараўляйце ў іх хворых, і кажэце ім: падыйшло да вас Царства Божае.

А як прыйдзеце ў які горад, і ня прымуць вас, дык, выйшаўшы на вуліцу, скажэце:
 
Калі ж прыдзеце ў якое ме́ста, і ня прымуць вас, то, выйшаўшы на вуліцу, скажэце:

«і пыл, прыліплы да нас ад вашага горада, абцярушваем вам; аднак жа ведайце, што наблізілася да вас Царства Божае».
 
і пыл, што прыліп да нас ад вашага ме́ста, абтрасаем вам: аднак жа ве́дайце, што падыйшло да вас Царства Божае.

Кажу вам, што Садоме ў дзень той будзе радасьней, чым гораду таму.
 
Кажу ж вам, што Садому ў дзе́нь той ле́пей будзе, чымся ме́сту гэткаму.

Гора табе, Харазіне! гора табе, Віфсаіда! бо, калі б у Тыры і Сідоне зьявіліся сілы, яўленыя ў вас, дык даўно б яны, седзячы ў вярэце і ў попеле, пакаяліся;
 
Гора табе́, Харазін! гора табе́, Віфсаіда! Бо калі б у Тыру і Сыдоне сталіся цуды, што дзе́яліся ў вас, то даўно б яны пакаяліся, се́дзячы ў валасяніцы ды попелі;

але і Тыру і Сідону радасьней будзе на судзе, чым вам.
 
але Тыру і Сыдону ле́пш будзе на судзе́, чым вам.

І ты, Капернауме, што да неба ўзвысіўся, да пекла зрынешся.
 
І ты, Капэрнаум, да не́ба ўзьне́сшыся, да пе́кла спадзе́ш.

Хто слухае вас, Мяне слухае, і хто вас цураецца, Мяне цураецца; а хто цураецца Мяне, цураецца Таго, Хто паслаў Мяне.
 
Хто слухае вас — Мяне́ слухае, і хто вас цураецца, той Мяне́ цураецца; а хто цураецца Мяне́, цураецца і Паслаўшага Мяне́.

Семдзесят вучняў вярнуліся з радасьцю і казалі: Госпадзе! і дэманы слухаюцца нас у імя Тваё.
 
Семдзесят вучняў вярнуліся з радасьцю ды гаварылі: „Госпадзі! і чарты слухаюцца нас дзеля іме́ньня Твайго.“

А Ён сказаў ім: Я бачыў сатану, які ўпаў зь неба, як маланка;
 
Ен жа сказаў ім: Я бачыў шатана, спаўшага з не́ба як малоньня;

вось, даю вам уладу наступаць на зьмеяў і скарпіёнаў і на ўсю сілу варожую, і нішто не пашкодзіць вам;
 
вось даю вам уладу наступаць на зьме́яў і скарпіёнаў і на ўсю сілу варожую, і нішто не пашкодзіць вам;

аднак жа таму ня радуйцеся, што духі слухаюцца вас: а радуйцеся таму, што імёны вашыя напісаны на нябёсах.
 
аднак жа з таго ня це́шцеся, што духі вам пакараюцца; але це́шцеся з таго, што іме́ньні вашыя запісаны на нябёсах.

У тую хвіліну ўзрадаваўся духам Ісус і сказаў: слаўлю Цябе, Войча, Госпадзе неба і зямлі, што Ты ўтоіў гэта ад мудрых і ад разумных і адкрыў малым дзецям; праўда, Войча! бо такая была Твая воля.
 
У той час узрадаваўся духам Ісус і сказаў: Хвала Табе́, Отча, Госпадзі не́ба й зямлі, што ты ўтаіў гэтае ад мудрых і разумных і адкрыў малым. Запраўды, Отча; бо так яно ўпадабалася прад абліччам Тваім.

І зьвярнуўшыся да вучняў, сказаў: усё перададзена Мне Айцом Маім; і Хто ёсьць Сын, ня ведае ніхто, апрача Айца, і Хто ёсьць Айцец, ня ведае ніхто, апрача Сына, і каму Сын хоча адкрыць.
 
І, зьвярнуўшыся да вучняў, сказаў: усё Мне́ аддана Айцом Маім; і хто ёсьць Сын, ня ве́дае ніхто, апрача Айца, і хто ёсьць Аце́ц, ня ве́дае ніхто, апрача Сына і каму Сын хоча адкрыць.

І зьвярнуўшыся да вучняў, сказаў ім асобна: дабрашчасныя вочы, якія бачаць тое, што вы бачыце!
 
І, зьвярнуўшыся да вучняў, сказаў ім асобна: шчасьлівыя вочы, бачучы тое, што вы бачыце!

бо кажу вам, што многія прарокі і цары хацелі бачыць, што вы бачылі, і ня ўбачылі, і чуць, што вы чулі, і ня чулі.
 
бо кажу вам, што многія прарокі і цары хаце́лі бачыць, што вы бачыце, і ня бачылі; і слышаць, што вы чуеце, і ня слышалі.

І вось, адзін законьнік устаў і, спакушаючы Яго, сказаў: Настаўнік, што мне рабіць, каб успадкаваць жыцьцё вечнае?
 
І вось адзін законьнік устаў і, спакушаючы Яго, сказаў: Вучыцель! што мне́ рабіць, каб насьле́даваць жыцьцё ве́чнае?

А Ён сказаў яму: у законе што напісана? як чытаеш?
 
А Ен сказаў яму: у законе што напісана? як чытаеш?

Той сказаў у адказ: «палюбі Госпада Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсёю моцай тваёю, і ўсім разуменьнем тваім, і блізкага твайго, як самога сябе».
 
Ен сказаў у адказ: узьлюбі Госпада Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсе́ю душою твае́ю, і ўсе́ю моцаю твае́ю, і ўсім разуме́ньнем тваім, і бліжняга твайго; як самога сябе́;

Ісус сказаў яму: слушна ты адказваў; так рабі і будзеш жыць.
 
Ісус сказаў яму: справядліва ты адказаў; так рабі і будзеш жыць.

Але той, хочучы апраўдацца, сказаў Ісусу: а хто мой блізкі?
 
Але ён, хочучы апраўдаць сябе́, сказаў Ісусу: а хто мой бліжні?

На гэта сказаў Ісус: нейкі чалавек ішоў зь Ерусаліма ў Ерыхон і нарваўся на разбойнікаў, якія зьнялі зь яго вопратку, паранілі яго і пайшлі, пакінуўшы яго ледзь жывога.
 
На гэтае сказаў Ісус: не́йкі чалавёк ішоў з Ерузаліму да Ерыхону і папаўся разбойнікам, каторыя зьнялі з яго вопратку, ранілі яго і пайшлі, пакінуўшы яго ле́дзь жывым.

З нагоды нейкі сьвятар ішоў тою дарогаю і, убачыўшы яго, прайшоў міма.
 
Здарэньнем адзін сьвяшчэньнік ішоў гэтай дарогай і, угле́дзіўшы яго, прайшоў міма.

Гэтак сама і лявіт, быўшы на тым месцы, падышоў, паглядзеў і прайшоў міма.
 
Таксама і лявіт, быўшы на тым ме́йсцы, падыйшоў, паглядзе́ў і прайшоў міма.

А нейкі Самаранін, праязджаючы, знайшоў яго і, убачыўшы яго, пашкадаваў,
 
Самаранін жа не́йкі, ідучы, найшоў на яго і, угле́дзіўшы, зьлітаваўся,

і падышоўшы, перавязаў яму раны, паліваючы алеем і віном; і, пасадзіўшы яго на свайго асла, прывёз яго ў гасьцініцу і паклапаціўся пра яго;
 
і падыйшоўшы перавязаў яму раны, паліўшы але́ем і віном; і, пасадзіўшы яго на свайго асла, прывёз яго ў зае́зд і паклапаціўся аб ім;

а на другі дзень, ад’язджаючы, дастаў два дынары, даў гаспадару гасьцініцы і сказаў яму: паклапаціся пра яго; і калі патраціш больш, я, калі вярнуся, аддам табе.
 
а на другі дзе́нь, ад'яжджаючы, выняў два дынары, даў гаспадару заёзду і сказаў яму: даглядай яго і, калі выдаш што бале́й, я, вярнуўшыся, аддам табе́.

Хто з гэтых трох, думаеш ты, быў блізкі таму, што нарваўся на разбойнікаў?
 
Хто з гэтых трох, думаеш ты, быў бліжні таму, што папаўся разбойнікам?

Ён сказаў: той, які зрабіў яму міласьць. Тады Ісус сказаў яму: ідзі, і ты рабі гэтак сама.
 
Ен сказаў: той, што зьлітаваўся над ім. Тады Ісус сказаў яму: ідзі й ты рабі гэтак.

У часе дарогі іхняй, прыйшоў Ён у адно селішча; тут жанчына, імем Марфа, прыняла Яго ў дом свой;
 
І сталася ў часе дарогі іх, прыйшоў Ен у вадно сяло; тут жанчына, іме́ньнем Марта, прыняла Яго ў дом свой;

у яе была сястра, імем Марыя, якая села да ног Ісуса і слухала слова Ягонае.
 
у яе́ была сястра, на імя Марыя, якая се́ла ля ног Ісусавых і слухала слова Яго.

А Марфа клапатала пра вялікае частаваньне, і падышоўшы, сказала: Госпадзе! ці Табе клопату няма, што сястра мая адну мяне пакінула служыць? скажы ёй, каб пасобіла мне.
 
Марта ж клапацілася аб вялікай паслузе і, падыйшоўшы, сказала: Госпадзі! ці ж Табе́ ня рупіць, што сястра мая адну мяне́ пакінула паслугоўваць? скажы ёй, каб памагла мне́.

А Ісус сказаў ёй у адказ: Марфа! Марфа! рупішся і завіхаешся ты занадта,
 
Ісус жа сказаў ёй у адказ: Марта! Марта! ты турбуешся і клапоцішся аб многае,

а адно толькі трэба, Марыя ж выбрала добрую долю, якая не адымецца ў яе.
 
а адно толькі патрэбна. Марыя ж выбрала добрую частку, якая не адымецца ў яе́.