Лукаша 5 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Выдання 1926−1928 гадоў Л. Дзекуць-Малея 2x

 
 

Аднойчы, калі люд ціснуўся да Яго, каб чуць слова Божае, а Ён стаяў каля возера Генісарэцкага,
 
Сталася ж, як народ ціснуўся да Яго, каб чуць Слова Божае, а Ен стаяў ля возера Генісарэцкага,

убачыў Ён дзьве лодкі, якія стаялі на возеры; а рыбакі, выйшаўшы зь іх, вымывалі мярэжы.
 
убачыў Ен два чаўны на возеры, а рыбаловы, выйшаўшы з іх, мылі се́ці.

Увайшоўшы ў адну лодку, якая была Сымонава, Ён прасіў яго адплыць крыху ад берагу, і сеўшы, вучыў людзей з лодкі.
 
Увайшоўшы ў адзін човен, што быў Сымонаў, Ен прасіў яго адплыць крыху ад бе́рагу і се́ўшы вучыў народ з чаўна.

А калі перастаў вучыць, сказаў Сымону: адплыві на глыбокае, і закіньце мярэжы свае для лову.
 
Калі ж перастаў вучыць, сказаў Сымону: адплыві на глыбіню і закінь се́ці твае́ дзеля лову.

Сымон сказаў Яму ў адказ: Настаўнік! мы працавалі ўсю ноч і нічога не злавілі; але па слове Тваім закінем мярэжу.
 
Сымон сказаў Яму ў адказ: Настаўнік! Мы працавалі ўсю ноч і нічога не злавілі; але па слову Твайму закіну се́ці.

Зрабіўшы гэта, яны злавілі вялікае мноства рыбы, і нават мярэжа ў іх рвалася.
 
Зрабіўшы гэтае, яны злавілі вялікае множства рыбы, і навет се́тка ў іх прарывалася.

І далі знак супольнікам, якія былі ў другой лодцы, каб прыйшлі пасобіць ім, і прыйшлі, і напоўнілі абедзьве лодкі, так што яны пачалі тануць.
 
І далі знак сябрам, што былі на другім чаўне́, каб прыйшлі памагчы ім; і прыйшлі і напоўнілі абодва чаўны, так што яны пачалі залівацца.

Убачыўшы гэта, Сымон Пётр прыпаў да каленяў Ісуса і сказаў: выйдзі ад мяне, Госпадзе! бо я чалавек грэшны.
 
Угле́дзіўшы гэтае, Сымон Пётр прыпаў да кале́н Ісусавых і сказаў: выйдзі ад мяне́, Госпадзі! бо я чалаве́к грэшны.

Бо жах агарнуў яго і ўсіх, хто быў зь Ім, ад гэтага ўлову рыбы, імі злоўленае;
 
Бо вялікі страх апанаваў ім і ўсімі быўшымі з ім дзе́ля гэтага ўлову рыб, імі злоўленых;

таксама і Якава і Яна; сыноў Зевядзеевых, якія былі супольнікамі Сымону. І сказаў Сымону Ісус: ня бойся; ад сёньня будзеш лавіць людзей.
 
таксама і Якава і Іоана, сыноў Завядзе́евых, быўшых сябрамі Сымона. І сказаў Сымону Ісус: ня бойся, ад сяньня будзеш лаўцом чалаве́каў.

І выцягнуўшы абедзьве лодкі на бераг, пакінулі ўсё і пайшлі сьледам за Ім.
 
І, выцягнуўшы абодва чаўны на бе́раг, пакінулі ўсё і пайшлі за Ім.

Калі Ісус быў у адным горадзе, прыйшоў чалавек увесь у праказе і, убачыўшы Ісуса, упаў ніцма, молячы Яго і кажучы: Госпадзе! калі хочаш, можаш мяне ачысьціць.
 
І сталася, як Ісус быў у адным ме́сьце, прыйшоў чалаве́к увесь у праказе і, угле́дзіўшы Ісуса, упаў тварам уніз, молячы Яго і кажучы: Госпадзі! калі хочаш, можаш мяне́ ачысьціць.

Ён працягнуў руку, дакрануўся да яго і сказаў: хачу, ачысьціся. І адразу праказа сышла зь яго.
 
І Ен працягнуў руку, дакрануўся да яго і сказаў: хачу, ачысьціся. І тады ж праказа зыйшла з яго.

І Ён загадаў яму нікому не расказваць, а пайсьці паказацца сьвятару і прынесьці ахвяру за ачышчэньне сваё, як загадаў Майсей, на сьведчаньне ім.
 
І Ен прыказаў яму нікому не гаварыць, а пайсьці паказацца сьвяшчэньніку і прыне́сьці ахвяру за ачышчэньне свае́, як павяле́ў Майсе́й на сьвёдчаньне ім.

Але тым болей шырыліся чуткі пра Яго, і вялікае мноства людзей сьцякалася да Яго — слухаць і ацаляцца ў Яго ад хваробаў сваіх.
 
Але тым бале́й разыйшлася чутка аб Ім, і вялікае множства народу сьцякалася да Яго — слухаць і аздаравіцца ў Яго ад хворасьцяў сваіх.

А Ён адыходзіў у пустэльныя мясьціны і маліўся.
 
Але Ен адыходзіў у пустынныя ме́йсцы і маліўся,

Аднаго дня, калі Ён вучыў, і сядзелі тут фарысэі і законьнікі, якія прыйшлі з усіх мясцовасьцяў Галілеі і Юдэі і зь Ерусаліма, і сіла Гасподняя зьяўлалася ў ацаленьні хворых —
 
І сталася, раз, як Ен навучаў, і сядзе́лі тут фарысэі і законавучыцелі, прыйшоўшы з усіх мястэчак Галіле́і І Юдэі і Ерузаліму, і сіла Госпадава была дзеля аздараўлёньня іх,

вось, прынесьлі нейкія на пасьцелі чалавека, які быў паралізаваны, і спрабавалі ўнесьці яго ў дом і пакласьці перад Ісусам;
 
вось, нясуць людзі на пасьце́лі чалаве́ка, што быў спараліжаваны, і хаце́лі ўнясьці яго ў дом і палажыць перад Ісусам;

і не знайшоўшы дзе пранесьці яго, з прычыны люднасьці, залезьлі на дах дома і праз дах апусьцілі яго з пасьцельлю на сярэдзіну перад Ісусам.
 
і, не знайшоўшы, дзе́ пранясьці яго праз народ, уле́зьлі на ве́рх дому і праз страху спусьцілі яго з пасьце́льлю на сярэдзіну перад Ісусам;

І Ён, бачачы веру іхную, сказаў чалавеку таму: даруюцца табе грахі твае.
 
і Ен, бачачы ве́ру іх, сказаў чалаве́ку гэнаму: адпускаюцца табе́ грахі тваі.

Кніжнікі і фарысэі пачалі разважаць, кажучы: хто гэта, Які блюзьнерыць? хто можа дараваць грахі, апрача аднаго Бога?
 
Кніжнікі і фарысэі зачалі разважаць, кажучы: Хто ён такі, што блюзьніць? Хто можа адпускаць грахі апрача аднаго Бога?

Ісус, зразумеўшы намыслы іхнія, сказаў ім у адказ: што намышляеце ў сэрцах вашых?
 
Ісус, пазнаўшы думкі іх, сказаў ім у адказ: што вы думаеце ў сэрцах вашых?

што лягчэй сказаць: «даруюцца табе грахі твае», альбо сказаць: «устань і хадзі»?
 
Што лягчэй сказаць: адпускаюцца табе́ грахі тваі, ці сказаць: устань і хадзі?

але каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае ўладу на зямлі дараваць грахі, — сказаў Ён паралізаванаму: табе кажу: устань, вазьмі пасьцель тваю і ідзі ў дом твой.
 
Але каб вы ве́далі, што Сын Чалаве́чы мае ўладу на зямлі адпускаць грахі, — сказаў Ен спараліжаванаму: кажу табе́: устань, вазьмі пасьцёль тваю і ідзі ў дом твой.

І той адразу ўстаў перад імі, узяў, на чым ляжаў, і пайшоў у дом свой, славячы Бога.
 
І той ураз жа ўстаў перад імі, узяў на чым ляжаў і пайшоў у дом свой, славячы Бога.

І жах агарнуў усіх, і славілі Бога; і, поўныя страху, казалі: дзівосныя дзеі бачылі мы сёньня.
 
І жах апанаваў усіх, і славілі Бога; і, абнятыя страхам, гаварылі: дзіўныя дзе́і відзелі мы цяпе́р.

Пасьля гэтага Ісус выйшаў і ўбачыў мытніка, якога звалі Лявій, які сядзеў каля мытні, і кажа яму: ідзі за Мною.
 
Пасьля гэтага Ісус выйшаў і ўбачыў мытніка, на імя Ле́вія, се́дзячы на мытніцы, і кажа яму: ідзі за Мною.

І ён, пакінуўшы ўсё, устаў і пайшоў за Ім.
 
І той, пакінуўшы усё, устаў і пайшоў за Ім.

І зрабіў Яму Лявій у доме сваім бяседу вялікую; і там было мноства мытнікаў і іншых, якія ўзьляжалі зь імі.
 
прырыхтаваў для Яго Ле́вій у доме сваім вялікі пачастунак, і была там грамада мытнікаў і другіх, што частаваліся з імі.

А кніжнікі і фарысэі наракалі і казалі вучням Ягоным: навошта вы ясьце і п’яце з мытнікамі і грэшнікамі?
 
Кніжнікі ж і фарысэі наракалі і гаварылі вучням Яго: на што вы ясьцё і п'яцё з мытнікамі ды грэшнікамі?

А Ісус сказаў ім у адказ: не здаровыя маюць патрэбу ў лекары, а хворыя;
 
Ісус жа сказаў ім у адказ: не здаровыя маюць патрэбу ў ле́кару, але хворыя.

Я прыйшоў заклікаць ня праведнікаў, а грэшнікаў да пакаяньня.
 
Я прыйшоў клікаць да пакаяньня ня праведных, але грэшных.

А яны сказалі Яму: чаму вучні Янавыя посьцяць часта і ўзносяць малітвы, таксама і фарысэйскія, а Твае ядуць і п’юць?
 
Яны ж сказалі Яму: чаму вучні Іоанавы посьцяць часта і моляцца, таксама і фарысэйскія, а тваі ядуць і п'юць?

Ён сказаў ім: ці можаце прымусіць сыноў харомаў шлюбных пасьціцца, калі зь імі малады?
 
Ен сказаў ім: ці можаце прымусіць сыноў вясе́льных пасьціць, калі з імі жаніх?

але прыйдуць дні, калі адымецца ў іх малады, і тады будуць пасьціцца у тыя дні.
 
Але прыдуць дні, калі возьмуць у іх жаніха, і тады будуць пасьціць у тыя дні.

Пры гэтым сказаў ім прытчу: ніхто ня прышывае латку да старой адзежыны, ададраўшы ад новай адзежыны; а інакш і новую падзярэ, і да старой не падыдзе латка ад новай.
 
Пры гэтым сказаў ім прыповесьць: ніхто не прыстаўляе латкі да старое адзе́жыны, ададраўшы ад новае адзе́жыны, бо йначэй і новую разьдзярэ, і да старое не падайдзе́ латка ад новага.

І ніхто ня ўлівае маладога віна ў мяхі старыя; а інакш маладое віно парве мяхі, і само выцеча, і мяхі прападуць;
 
І ніхто ня ўлівае маладога віна ў старыя мяхі, бо маладое віно прарве́ мяхі і само выцяча, і мяхі прападуць;

а маладое віно трэба ўліваць у мяхі новыя; тады зьберажэцца і тое і другое.
 
але маладое віно трэба ўліваць у мяхі новыя; тады захаваецца тое і другое.

І ніхто, піўшы старое віно, не захоча адразу маладога; бо кажа: старое лепшае.
 
І ніхто, п'ючы старое віно, не захоча тады ж маладога; бо кажа: „старое ле́пшае.“