Лукаша 17 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Выдання 1926−1928 гадоў Л. Дзекуць-Малея 2x

 
 

Сказаў Ісус таксама вучням Сваім: немагчыма ня прыйсьці звадам, але гора таму, праз каго яны прыходзяць:
 
І сказаў Ісус да вучняў сваіх: спакусы ня могуць ня прыйсьці, але гора таму, праз каго яны прыходзяць:

лепш было б яму, калі б мельны жарон павесілі яму на шыю і кінулі яго ў мора, чым калі б ён спакусіў аднаго з малых гэтых.
 
ле́пей было б яму, каліб камень ад жорнаў паве́сілі яму на шыю і кінулі яго ў мора, чымся каб ён спакусіў аднаго з малых гэтых.

Глядзеце на сябе. Калі ж згрэшыць супроць цябе брат твой, ушчуй яго, і калі пакаецца, даруй яму.
 
Глядзіце ж за сабою. Калі ж саграшыць проці цябе́ брат твой, дакарай яго і, калі пакаецца, даруй яму;

і калі сем разоў на дзень згрэшыць супроць цябе і сем разоў на дзень навернецца, і скажа: каюся, — даруй яму.
 
і калі се́м разоў у дзе́нь саграшыць проці цябе́ і се́м разоў у дзе́нь зьве́рнецца да цябе́ ды скажа: „каюся", даруй яму.

І сказалі апосталы Госпаду: памнож у нас веру.
 
І сказалі апосталы Госпаду: дадай нам ве́ры.

Гасподзь сказаў: калі б вы мелі веру зь зерне гарчычнае і сказалі смакоўніцы гэтай: вырвіся і перасадзіся ў мора, — дык яна паслухалася б вас.
 
Гасподзь сказаў: каліб вы ме́лі ве́ру з зе́рне гарчычнае і сказалі смакоўніцы гэтай: выкараніся і перасадзіся ў мора, то яна паслухала б вас.

Хто з вас, маючы раба, які арэ альбо пасьвіць, калі вернецца ён з поля, скажа яму: хадзі хутчэй, сядай за стол?
 
А хто з вас, маючы слугу, што гарэ ці пасе́, калі ён прыдзе з поля, скажа яму: ідзі хутчэй, сядай за стол?

Наадварот, ці ня скажа яму: прыгатуй мне павячэраць і, падперазаўшыся, служы мне, пакуль буду есьці і піць, і потым еж і пі сам?
 
Дык ці ж ня скажа яму: прырыхтуй мне́ павячэраць і, падперазаўшыся, служы мне, пакуль буду е́сьці ды піць, і пасьля е́ш і пі сам?

Ці будзе ён дзякаваць рабу гэтаму за тое, што ён выканаў загад? ня думаю.
 
Ці дзякуе ён слузе́ гэнаму за тое, што зрабіў загаданае яму? Ня думаю.

Гэтак сама і вы, калі выканаеце ўсё загаданае вам, кажэце: мы рабы нічога ня вартыя, бо зрабілі, што павінны былі зрабіць.
 
Так і вы, калі выпаўніце усё, што загадана вам, кажыце: мы слугі нічога ня вартыя, бо зрабілі, што павінны былі зрабіць.

Ідучы ў Ерусалім, Ён праходзіў паміж Самарыяй і Галілеяю.
 
І сталася, як ішоў да Ерузаліму, праходзіў між Самарыяй і Галіле́яй.

І калі ўваходзіў Ён у адно селішча, сустрэлі Яго дзесяць чалавек пракажоных, якія спыніліся зводдаль,
 
І калі ўваходзіў Ен у адно сяло, спаткалі Яго дзесяцёра пракажоных, якія затрымаліся здалёк

і моцным голасам казалі: Ісусе Настаўнік, памілуй нас.
 
і моцным голасам гаварылі: Ісус Настаўнік! памілуй нас.

Убачыўшы іх, Ён сказаў ім: ідзеце, пакажэцеся сьвятарам. І пакуль яны ішлі, ачысьціліся.
 
Убачыўшы іх, Ен сказаў ім: ідзе́це, пакажэцеся сьвяшчэньнікам. І калі яны йшлі, ачысьціліся.

А адзін зь іх, бачачы, што ацалёны, вярнуўся, моцным голасам услаўляючы Бога,
 
Адзін жа з іх, бачучы, што паздараве́ў, вярнуўся, моцным голасам славючы Бога,

і ўпаў ніцма да ног Ягоных, дзякуючы Яму; і гэта быў Самаранін.
 
і паваліўся да ног Яго, дзякуючы Яму, і гэта быў Самаранін.

Тады Ісус сказаў: ці ня дзесяць ачысьціліся? дзе ж дзевяць?
 
Тады Ісус сказаў: ці ня дзе́сяць ачысьціліся? дзе́ ж дзе́вяць?

як яны не вярнуліся ўзьнесьці славу Богу, апрача гэтага іншапляменца?
 
яны не вярнуліся аддаць славу Богу, апрача гэтага чужынца.

І сказаў яму: устань, ідзі; вера твая ўратавала цябе.
 
І сказаў яму: устань, ідзі; ве́ра твая спасла цябе́.

А як спыталіся ў Яго фарысэі, калі прыйдзе Царства Божае, адказваў ім: ня прыйдзе Царства Божае ўвачавідкі,
 
Запытаны ж фарысэямі, калі прыйдзе Царства Божае, адказаў ім: ня прыйдзе Царства Божае відавочна,

і ня скажуць: вось, яно тут, альбо: вось, там. Бо вось, Царства Божае ўнутры ў вас ёсьць.
 
і ня скажуць: вось яно тут, ці вось там. Бо вось, Царства Божае ўнутры вас ёсьць.

Сказаў таксама вучням: прыйдуць дні, калі захочаце бачыць хоць адзін зь дзён Сына Чалавечага, і ня ўбачыце;
 
Вучням жа сказаў: прыйдуць дні калі захочаце бачыць хоць адзін дзе́нь Сына Чалаве́чага, і ня ўбачыце;

і скажуць вам: вось, тут, альбо: вось, там, — ня ідзеце і ня гневайцеся:
 
і скажуць вам: „вось тут", ці „вось там“, — ды не хадзіце і не ганяйцеся,

бо як маланка, што бліснула з аднаго краю неба, бліскае да другога краю неба, так будзе Сын Чалавечы ў дзень Свой.
 
бо як бліскавіца, мільгануўшы з аднаго краю не́ба, да другога краю не́ба сьвёціць, так будзе Сын Чалаве́чы ў дзе́нь свой.

Але сьпярша належыць Яму шмат адпакутаваць і быць адкінутым родам гэтым.
 
Але мусіць Ен многа працярпе́ць, і адцураецца ад яго род гэты.

І як было ў дні Ноя, так будзе і ў дні Сына Чалавечага:
 
І як было ў дні Ноя, так будзе ў дні Сына Чалаве́чага:

елі, пілі, жаніліся, выходзілі замуж, да таго дня, як увайшоў Ной у каўчэг, і прыйшоў патоп і зьнішчыў усіх.
 
е́лі, пілі, жаніліся, выходзілі замуж да таго дня, як Ной увайшоў у човен, і прыйшоў патоп і загубіў усіх.

Гэтак сама было і ў дні Лота: елі, пілі, куплялі, прадавалі, садзілі, будавалі;
 
Таксама як было ў дні Лота: е́лі, пілі, куплялі, прадавалі, садзілі, будавалі;

але ў дзень, калі Лот выйшаў з Садомы, праліўся зь неба дождж агнявы і серны і вынішчыў усіх:
 
але ў дзе́нь, калі Лот выйшаў з Садому, лінуў агонь ды з се́ркаю з не́ба і зьнішчыў усіх.

так будзе і ў той дзень, калі Сын Чалавечы адкрыецца.
 
Так будзе і ў той дзе́нь, калі прыйдзе Сын Чалаве́чы.

У той дзень, хто будзе на даху, а рэчы ягоныя ў доме, той ня сыходзь узяць іх; і хто будзе на полі, таксама не вяртайся назад;
 
У той дзе́нь, хто будзе на страсе́, а рэчы яго ў доме, няхай ня зыходзе ўзяць іх; і хто будзе ў полі, таксама няхай не варочаецца.

успамінайце жонку Лотаву.
 
Спомніце жонку Лотаву.

Хто будзе ашчаджаць душу сваю, той загубіць яе; а хто загубіць яе, той ажывіць яе.
 
Хто будзе старацца захоўваць душу сваю, той загубіць яе́; а хто загубіць яе́, той ажывіць яе́.

Маўляю вам: у тую ноч будуць двое на адной пасьцелі: адзін возьмецца, а другі пакінецца;
 
Кажу вам: у тую ноч будзе двое на аднэй пасьце́лі: аднаго возьмуць, — а другога пакінуць;

дзьве будуць малоць разам: адна возьмецца, а другая пакінецца:
 
і дзьве́ будуць малоць разам: адна будзе ўзята, а другая! пакінена;

двое будуць на полі: адзін возьмецца, а другі пакінецца.
 
і двое будуць у: полі: адзін узяты будзе, а другі пакінены.

На гэта сказалі Яму: дзе, Госпадзе? А Ён сказаў ім: дзе труп, там зьбяруцца і арлы.
 
І, пытаючыся, казалі Яму: дзе́, Госпадзі? Ен жа сказаў ім: дзе́ толькі це́ла, там зьбяруцца і арлы.