Лукаша 14 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Выдання 1926−1928 гадоў Л. Дзекуць-Малея 2x

 
 

Давялося Яму ў суботу прыйсьці ў дом аднаго начальніка фарысэйскага з’есьці хлеба, і яны цікавалі за Ім;
 
І сталася, прыйшоў Ен у суботу ў дом аднаго з начальнікаў фарысэйскіх зье́сьці хле́ба, і яны сачылі Яго;

і вось, стаў перад Ім чалавек, які цярпеў ад вадзянкі.
 
і вось перад Ім зьявіўся чалаве́к, хворы на вадзянку.

З гэтай нагоды Ісус спытаўся ў законьнікаў і фарысэяў: ці дазваляецца лекаваць у суботу?
 
І, азваўшыся, сказаў Ісус законьнікам і фарысэям: ці дазваляецца аздараўляць у суботу?

Яны маўчалі. І дакрануўшыся, ацаліў таго і адпусьціў.
 
Яны маўчалі. І, дакрануўшыся, аздаравіў яго і адправіў.

Пры гэтым сказаў ім: калі ў каго-небудзь з вас асёл альбо вол упадзе ў калодзеж, ці ж не адразу і выцягне яго і ў суботу?
 
Пры гэтым сказаў ім: калі ў каго з вас асёл ці вол упадзе́ ў студню, ці ня ўраз выцягне яго ў суботу?

І не маглі запярэчыць Яму на гэта.
 
І не маглі адказаць Яму на гэтае.

А заўважаючы, як запрошаныя выбіралі першыя месцы, сказаў ім прытчу:
 
Заўважыўшы ж, як запрошаныя выбіралі пе́ршыя ме́йсцы, сказаў ім прыповесьць:

калі ты будзеш пакліканы кім-небудзь на вясельле, не сядай на першае месца, каб не надарыўся хто з запрошаных ім больш ганаровы за цябе,
 
Калі запросіць цябе́ не́хта на вясе́льле, не сядай на пе́ршае ме́йсца, каб не надарыўся хто паважне́йшы за цябе́ спаміж запрошаных ім,

і той, хто запрашаў цябе і яго, падышоўшы, не сказаў бы табе: «саступі яму месца»; і тады з сорамам павінен будзеш заняць апошняе месца.
 
і каб той, што прасіў цябе́ і яго, падыйшоўшы не сказаў бы табе́: „дай яму ме́йсца“; і тады з сорамам павінен будзеш се́сьці на апошняе ме́йсца.

А калі запрошаны будзеш, прыйшоўшы, сядай на апошняе месца, каб той, хто цябе запрасіў, падышоўшы, сказаў: «дружа! перасядзь вышэй»; тады будзе табе пашана перад тымі, хто сядзіць з табою:
 
Але, калі запрошаны будзеш, прыйшоўшы сядай на апошняе ме́йсца, каб той, што прасіў цябе́, падыйшоўшы сказаў; дружа! перасядзь вышэй; тады будзе табе́ пашана перад се́дзячымі з табою;

бо кожны, хто ўзвышае сам сябе, паніжаны будзе, а хто паніжае сябе, узвысіцца.
 
бо кожын, хто сам сябе́ вывышшае, будзе паніжоны, а хто сябе́ паніжае, будзе ўзвышаны.

Сказаў жа і таму, хто запрасіў Яго: калі спраўляеш абед альбо вячэру, ня кліч сяброў тваіх, ні братоў тваіх, ні родзічаў тваіх, ні суседзяў багатых, каб і яны цябе калі не паклікалі, і не дастаў бы ты аддачы.
 
Сказаў жа і запрасіўшаму Яго: калі ладзіш абе́д, ці вячэру, ня кліч сяброў тваіх, ні братоў тваіх, ні сваякоў тваіх, ні сусе́дзяў багатых, каб і яны цябе́ не запрасілі не́калі, і ты не дастаў адплаты.

Але калі спраўляеш гасьціну, кліч убогіх, калекаў, кульгавых, сьляпых,
 
Але, калі ладзіш, заклікай убогіх, кале́каў, кульгавых, сьляпых.

і дабрашчасны будзеш, што яны ня могуць аддаць табе, бо аддасца табе ў дзень уваскрэсеньня праведных.
 
І шчасьлівы будзеш, што яны ня змогуць адплаціць табе́, бо аддасца табе́ ў уваскрасе́ньне праведных.

Пачуўшы гэта, нехта з тых, што ўзьляжалі зь Ім, сказаў Яму: дабрашчасны, хто з’есьць хлеба ў Царстве Божым!
 
Пачуўшы гэтае, не́хта з супачываўшых з Ім сказаў Яму: шчасьлівы, хто пакаштуе хле́ба ў царстве Божым.

А Ён сказаў яму: адзін чалавек зладзіў вялікую вячэру і склікаў многіх;
 
Ен жа сказаў яму: адзін чалаве́к справіў вялікі банкет і заклікаў многіх;

і калі настаў час бяседы, паслаў раба свайго сказаць запрошаным: ідзеце, бо ўжо ўсё гатова.
 
і, калі настаў час банке́ту, паслаў слугу свайго сказаць запрошаным: – ідзе́це, бо ўжо ўсё гатова.

І пачалі ўсе, як бы змовіўшыся, перапрашацца. Першы сказаў яму: я купіў зямлю, і мне трэба пайсьці і агледзець яе; прашу цябе, прабач мне.
 
І зачалі ўсе́ быццам змовіўшыся, прасіць прабачэньня. Пе́ршы сказаў яму: я купіў зямлю, і мне́ трэба пайсьці паглядзе́ць яе́; прашу цябе́, выбач мне́.

Другі сказаў: я купіў пяць пар валоў і іду выпрабаваць іх; прашу цябе, прабач мне.
 
Другі сказаў: я купіў пяць пар валоў і іду пробаваць іх; прашу цябе́, выбач мне́.

Трэйці сказаў: я ажаніўся і таму не магу прыйсьці.
 
Трэці сказаў: я ажаніўся і дзеля гэтага не магу прыйсьці.

І вярнуўшыся, раб той данёс пра гэта гаспадару свайму. Тады, угневаўшыся, гаспадар дома сказаў рабу свайму: ідзі хутчэй па вуліцах і завулках горада, і прывядзі сюды ўбогіх, калекаў, кульгавых і сьляпых.
 
І, вярнуўшыся, слуга той пераказаў гэтае гаспадару свайму. Тады, разгне́ваўшыся, гаспадар дому сказаў слузе́ свайму: пайдзі хутчэй па вуліцах і вулках ме́ста і прывядзі сюды ўбогіх, кале́каў, кульгавых, сьляпых.

І сказаў раб: спадару! зроблена, як загадаў ты, і яшчэ ёсьць месца.
 
І сказаў слуга: гаспадар! сталася, як ты сказаў, і яшчэ ёсьць ме́йсцы.

Гаспадар сказаў рабу: ідзі па дарогах і ўздоўж платоў і ўгавары прыйсьці, каб напоўніўся дом мой;
 
І гаспадар сказаў слузе́: пайдзі па дарогах і ля платоў і ўгавары прыйсьці, каб напоўніўся дом мой;

бо кажу вам, што ніхто з тых запрошаных ня з’есьць маёй вячэры: бо шмат пакліканых, ды мала выбраных.
 
бо кажу вам, што ніхто з тых, што былі прошаны, не пакаштуе мае́ вячэры.

Зь Ім ішло мноства людзей; і Ён, зьвярнуўшыся, сказаў ім:
 
І вялікія грамады йшлі за Ім; і Ен, абярнуўшыся, сказаў ім:

калі хто прыходзіць да Мяне, і не зьненавідзіць бацькі свайго і маці, і жонкі і дзяцей, і сірот і сёстраў, а пры гэтым і самога жыцьця свайго, той ня можа быць Маім вучнем;
 
Калі хто прыходзіць да Мяне́ і не зьненавідзіць бацьку свайго і матку, і жану, і дзяце́й і братоў, і сёстраў, а пры тым і самае жыцьцё сваё, той ня можа быць вучнем Маім;

і хто не нясе крыжа свайго і ня ідзе за Мною, ня можа быць Маім вучнем.
 
і хто не нясе́ крыжа свайго і йдзе́ за Мною, ня можа быць вучнем Маім.

Бо хто з вас, хочучы збудаваць вежу, ня сядзе сьпярша і не палічыць выдаткаў, ці мае ён, што трэба на будову яе,
 
Бо хто з вас, надумаўшы башту стаўляці, ня сядзе ране́й і не аблічыць выдаткаў, ці мае, каб дакончыць яе́,

каб, калі закладзе падмурак і ня зможа закончыць, усе, хто гэта бачыць, не пасьмяяліся зь яго,
 
каб, калі паложа фундамант і ня здолее дакончыць, усе́, гле́дзячы, ня сталі сьмяяцца з яго,

кажучы: гэты чалавек пачаў будаваць і ня мог закончыць?
 
кажучы: геты чалаве́к зачаў будаваць і ня мог дакончыць!

Альбо які цар, ідучы на вайну супроць іншага цара, ня сядзе і не параіцца папярэдне, ці моцны ён зь дзесяцьцю тысячамі стаць супроць таго, хто ідзе на яго з дваццацьцю тысячамі?
 
Або ці які цар, ідучы на вайну супраць другога цара, ня сядзе і не парадзіцца ране́й, ці здолее ён з дзесяцьма тысячамі даць адпор таму, што йдзе́ на яго з дваццацьма тысячамі;

інакш, пакуль той яшчэ далёка, ён пашле да яго пасольства — прасіць міру.
 
бо, калі не́, дык пакуль той яшчэ далёка, ён пашле́ да яго пасольства прасіць міру.

Так кожны з вас, хто не адцураецца ўсяго, што мае, ня можа быць Маім вучнем.
 
Гэтак кожны з вас, хто не адрачэцца ад усяго, што мае, ня можа быць Маім вучнем.

Соль — добрая рэч; але калі соль страціць сілу, чым асаліць яе?
 
Соль добрая рэч; але калі соль згубіць сілу, чым паправіш яе́?

ні ў зямлю, ні ў гной ня прыдасца; прэч выкідаюць яе. Хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе!
 
Ні ў зямлю, ні ў гной не надае́цца, вон выкідаюць яе́. Хто мае́, вушы слышаць, няхай слухае.