Лукаша 20 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Выдання 1926−1928 гадоў Л. Дзекуць-Малея 2x

 
 

У адзін з тых дзён, калі Ён вучыў людзей у храме і зьвеставаў, падступіліся першасьвятары і кніжнікі з старэйшынамі
 
У адзін з тых дзён, калі Ен навучаў народ у царкве́ і прапаве́даваў Эвангельле, прыйшлі архірэі ды кніжнікі з старэйшынамі

і сказалі Яму: скажы нам, якою ўладаю Ты гэта робіш, альбо хто Табе даў уладу такую?
 
і гаварылі Яму: скажы нам, якою ўладаю Ты гэтае робіш, ці хто даў Табе́ ўладу гэтую?

Ён сказаў ім у адказ: і Я ў вас пра адно папытаюся, і скажэце Мне:
 
Ен жа сказаў ім у адказ: спытаюся і Я ў вас адно слова, і скажэце Мне́:

хрышчэньне Янава зь нябёсаў было, ці ад людзей?
 
Хрышчэньне Іоанава з не́ба было, ці ад людзе́й?

А яны, разважаючы паміж сабою, казалі: калі скажам: зь нябёсаў, дык скажа: «чаму ж вы не паверылі яму?»,
 
Яны ж разважалі між сабою, кажучы: калі скажам: з не́ба, то скажа: чаму ж вы не паве́рылі яму?

а калі скажам: «ад людзей», дык увесь люд паб’е нас камянямі, бо ён упэўнены, што Ян ёсьць прарок.
 
а калі скажам: ад людзе́й, то ўве́сь народ паб'е нас каме́ньмі, бо ён перакананы; што Іоан ёсьць прарок.

І адказвалі: ня ведаем адкуль.
 
І адказалі: ня ве́даем адкуль.

Ісус сказаў ім: і Я не скажу вам, якою ўладаю гэта раблю.
 
Ісус сказаў ім: і Я не скажу вам, якою ўладаю гэтае роблю.

І пачаў Ён гаварыць народу прытчу такую: адзін чалавек насадзіў вінаграднік і аддаў яго вінаградарам, і адлучыўся на доўгі час;
 
І зачаў Ен гаварыць да народу гэткую прыповесьць: адзін чалаве́к насадзіў вінаграднік і аддаў яго вінаградарам, і адлучыўся на даўгі час;

і ў свой час паслаў да вінаградараў раба, каб яны далі яму пладоў зь вінаградніка; але вінаградары, прыбіўшы яго, адаслалі ні з чым.
 
і ў свой час паслаў да вінаградараў слугу, каб яны далі яму пладоў з вінаградніка; але вінаградары, прыбіўшы яго, адаслалі ні з чым.

Яшчэ паслаў другога раба; але яны і гэтага, прыбіўшы і зганіўшы, адаслалі ні з чым.
 
Яшчэ паслаў другога слугу; але яны і гэтага, прыбіўшы і аблаяўшы, адаслалі ні з чым.

І яшчэ паслаў трэйцяга; але яны і таго, пакалечыўшы, выгналі.
 
І яшчэ паслаў трэцяга; але яны і таго, зраніўшы, выгналі.

Тады сказаў гаспадар вінаградніка: што мне рабіць? пашлю сына майго любаснага; можа, убачыўшы яго, пасаромеюцца.
 
Тады сказаў гаспадар вінаградніка: што мне́ рабіць? Пашлю сына майго ўлюбленага; можа, угле́дзіўшы яго, паўстыдаюцца.

Але вінаградары, убачыўшы яго, разважалі паміж сабою, кажучы: гэта спадчыньнік; хадзем, заб’ём яго, і спадчына ягоная будзе наша.
 
Але вінаградары, убачыўшы яго, разважалі між сабою, кажучы: „гэта наступнік; пойдзем, заб'ём яго, і спадчына яго будзе наша."

І, вывеўшы яго вонкі зь вінаградніка, забілі. Што ж зробіць зь імі гаспадар вінаградніка?
 
І, вывеўшы яго вон з вінаградніка, забілі. Што ж зробіць з імі гаспадар вінаградніка?

Прыйдзе і загубіць вінаградараў тых і аддасьць вінаграднік іншым. Тыя, што чулі гэта, сказалі: хай ня будзе!
 
Прыйдзе ды выгубіць вінаградараў гэных і аддасьць вінаграднік другім. Чуўшыя ж гэтае сказалі: Хай ня будзе!

Але Ён, зірнуўшы на іх, сказаў: што азначае гэта, напісанае: «камень, які адкінулі будаўнікі, той самы зрабіўся каменем кутнім»?
 
Але Ен глянуўшы на іх, сказаў: што значыць гэтае напісаньне: камень, каторы адкінулі будаўнічыя, ён жа зрабіўся галавою вугла? (Псал. 117:22).

Кожны, хто ўпадзе на той камень, разаб’ецца; а на каго ён упадзе, таго раздушыць.
 
Усякі, хто ўпадзе́ на гэты камень, разаб'ецца, а на каго ён упадзе́, таго раздавіць.

І намышлялі тым часам першасьвятары і кніжнікі, каб накласьці на Яго рукі, але пабаяліся народу, бо зразумелі, што пра іх сказаў Ён гэтую прытчу.
 
І шукалі ў гэты час архірэі ды кніжнікі, каб налажыць на Яго рукі, але пабаяліся народу, бо зразуме́лі, што аб іх сказаў гэтую прыповесьць.

І сочачы за Ім, падаслалі падступных людзей, якія прыкінуўшыся пабожнымі, падлавілі б Яго на якім-небудзь слове, каб перадаць Яго начальству і ўладзе правіцеля.
 
І, сочачы за Ім, падаслалі хітрых людзе́й, якія, удаючы праведных, падлавілі б Яго на якім-не́будзь слове, каб выдаць Яго старшынам і ўладзе гаспадаравай.

І яны спыталіся ў Яго: Настаўнік! мы ведаем, што Ты праўдзіва гаворыш і вучыш, і не зважаеш на аблічча, а праўдзіва шляху Божаму вучыш;
 
І тыя спыталіся у Яго: Вучыцель! мы ве́даем, што Ты справядліва гаворыш і навучаеш і не глядзіш на аблічча, але запраўды шляху Божага вучыш.

ці дазваляецца нам даваць падатак кесару, ці не?
 
Ці нале́жыць плаціць падатак ке́сару, ці не́?

А Ён, разгадаўшы злахітрасьць іхную, сказаў ім: што вы Мяне спакушаеце?
 
Але Ен, зразуме́ўшы хітрасьць іх, сказаў ім: што вы Мяне́ спакушаеце?

пакажэце Мне дынар: чыя на ім выява і надпіс? Яны адказвалі: кесаравыя.
 
Пакажэце Мне́ дынарыя: чые́ на ім аблічча і надпіс? Яны адказалі: ке́саравы.

Ён ім сказаў: дык аддайце кесару кесаравае, а Божае Богу.
 
Ен жа сказаў ім: дык аддавайце ке́сарава ке́сару, а Божае Богу.

І не маглі падлавіць Яго ў слове перад людзьмі і, зьдзівіўшыся з адказу Ягонага, замоўклі.
 
І не маглі падлавіць Яго на слове перад народам, і, зьдзівіўшыся адказу Яго, замоўклі.

Тады падыйшлі некаторыя з садукеяў, што адмаўляюць уваскрэсеньне, і спыталіся ў Яго:
 
Тады прыйшлі некаторыя з садуке́яў, ня ве́рачых у ўваскрасе́ньне, і спыталіся Яго:

Настаўнік! Майсей напісаў нам, што калі ў каго памрэ брат, які меў жонку, і памрэ бязьдетны, дык брат ягоны павінен узяць ягоную жонку і адрадзіць семя брату свайму.
 
Вучыцель! Майсе́й напісаў нам, што, калі ў каго памрэ брат, які ме́ў жонку, і памрэ бязьдзе́тным, то брат яго мусіць узяць яго жонку і ажывіць се́мя брату свайму (Другазак. 25:5).

Было сем братоў: першы, узяўшы жонку, памёр бязьдзетны;
 
Было се́м братоў; і пе́ршы, узяўшы жонку, паме́р бязьдзе́тным;

узяў тую жонку другі, і той памёр бязьдетны;
 
узяў тую жонку другі, і той паме́р бязьдзе́тным;

узяў яе трэйці, таксама і ўсе сямёра, і памерлі, не пакінуўшы дзяцей;
 
узяў яе́ і трэці, таксама і усе́ се́м, і паме́рлі, не пакінуўшы дзяце́й.

пасьля ўсіх памерла і жонка.
 
Пасьля ўсіх паме́рла і жонка.

Дык вось, ва ўваскрэсеньні, катораму зь іх яна будзе жонкаю? бо сямёра яе мелі за жонку.
 
Дык пры ўваскрасе́ньні каторага з іх будзе яна жонкаю? бо се́мера ме́лі яе́ жонкаю.

Ісус сказаў ім у адказ: дзеці веку гэтага жэняцца і выходзяць замуж;
 
І сказаў ім Ісус у адказ: дзе́ці ве́ку гэтага жэняцца і выходзяць замуж;

а тыя, што спадобіліся дасягнуць таго веку і ўваскрэсеньня зь мёртвых, ні жэняцца, ні замуж ня выходзяць,
 
а стаўшыяся годнымі прыждаць таго ве́ку і ўваскрасе́ньня з ме́ртвых ня жэняцца, дый замуж ня выходзяць,

і памерці ўжо ня могуць, бо яны роўныя анёлам і ёсьць сыны Божыя, будучы сынамі ўваскрэсеньня;
 
і паме́рці ўжо ня могуць, бо яны роўны ангелам і сыны Бога, раз былі сынамі ўваскрасе́ньня.

а што мёртвыя ўваскрэснуць, і Майсей паказаў пры купіне, калі назваў Госпада Богам Абрагама і Богам Ісака і Богам Якава.
 
А што ўме́ршыя ўваскрэснуць, паказаў і Майсе́й ля купіны, калі зваў Госпада Богам Аўраама і Богам Ісаака і Богам Якава (Вых. 3:6).

Бог жа ня ёсьць Бог мёртвых, а жывых, бо ў Яго ўсе жывыя.
 
Бо ж ня ёсьць Бог уме́ршых, але жывых: Яму ўсе́ жывы.

На гэта некаторыя з кніжнікаў сказалі: Настаўнік! Ты добра сказаў.
 
На гэтае некаторыя з кніжнікаў сказалі: Вучыцель! Ты добра сказаў.

І ўжо не адважваліся распытваць Яго ні пра што. А Ён сказаў ім:
 
І ўжо не адважаліся ні аб чым задаваць Яму пытаньні. Ен жа сказаў ім:

як кажуць, Хрыстос ёсьць сын Давідаў?
 
як кажуць: што Хрыстос ёсьць Сын Давідаў?

А сам Давід кажа ў кнізе Псальмаў: «сказаў Гасподзь Госпаду майму: сядзі праваруч ад Мяне,
 
А сам Давід кажа у кнізе псальмаў: сказаў Гасподзь Госпаду майму: сядзі праваруч Мяне́,

пакуль пакладу ворагаў Тваіх у падножжа ног Тваіх».
 
дакуль пакладу ворагаў Тваіх за падножжа ног Тваіх (Пс. 109:1).

Дык вось, Давід Госпадам называе Яго: як жа Ён сын яму?
 
Дык Давід Госпадам называе Яго; як жа Ен сын яму?

І калі слухаў увесь народ, Ён сказаў вучням Сваім:
 
І, калі слухаў уве́сь народ, Ен сказаў вучням Сваім:

Асьцерагайцеся кніжнікаў, якія любяць хадзіць у доўгім адзеньні і любяць вітаньні на сходах народных, сядзець наперадзе ў сынагогах, і ўзьляжаць наперадзе на гасьцінах,
 
сьцеражыцеся кніжнікаў, што любяць хадзіць у даўгіх вопратках; любяць вітаньні на торжышчах, пе́ршыя ме́йсцы ў школах і пе́ршыя ме́йсцы на банке́тах,

якія паядаюць дамы ўдоваў і крывадушна доўга моляцца; яны прымуць тым большую асуду.
 
што зьядаюць хаты ўдоў і дзеля віду доўга моляцца; яны возьмуць тым цяжэйшае асуджэньне.