Лукаша 11 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Выдання 1926−1928 гадоў Л. Дзекуць-Малея 2x

 
 

Сталася, што калі Ён у адным месцы маліўся, і перастаў, адзін вучань Ягоны сказаў Яму: Госпадзе! навучы нас маліцца, як і Ян навучыў вучняў сваіх.
 
І сталася, як Ен у адным ме́йсцы маліўся, калі перастаў, адзін з вучняў Яго сказаў Яму: Госпадзі! наўчы нас моліцца, як і Іоан наўчыў вучняў сваіх.

Ён сказаў ім: калі моліцеся, кажэце: «Войча наш, Які існы ў нябёсах! хай сьвяціцца імя Тваё; хай прыйдзе Царства Тваё; хай будзе воля Твая і на зямлі,
 
Ен сказаў ім: калі маліцеся, гаварыце: Отча наш, каторы ёсьць у Нябёсах! Няхай сьвяціцца імя Твае́, няхай прыйдзе Царства Твае́; няхай будзе воля Твая, як у не́бе, так і на зямлі.

як на небе; хлеб наш надзённы давай нам на кожны дзень;
 
Хле́б наш штодзе́нны дай нам сягоньня

і даруй нам грахі нашыя, як і мы даруем кожнаму вінаватаму перад намі; і не дапусьці нас у спакусу, але ратуй нас ад ліхога».
 
і даруй нам даўгі нашыя, як і мы даруем даўжніком нашым; і ня ўводзь нас у спакушэньне, але захавай нас ад злога.

І сказаў ім: уявім, што нехта з вас, маючы сябра, прыйдзе да яго апоўначы і скажа яму: дружа, пазыч мне тры хлябы,
 
І сказаў ім: Не́хта з вас, маючы сябра, прыйдзе да яго і скажа яму: сябра! пазыч мне́ тры булкі хле́ба,

бо сябра мой з дарогі зайшоў да мяне, і ў мяне няма чаго даць яму;
 
бо сябра мой з дарогі зайшоў да мяне́, і мне́ няма чаго даць яму;

а той зь сярэдзіны скажа яму ў адказ: ня турбуй мяне, дзьверы ўжо замкнёныя, і дзеці мае на пасьцелі са мною; не магу ўстаць і даць табе.
 
а той з хаты скажа яму ў адказ: ня турбуй мяне́; дзьве́ры ўжо зачынены, і дзе́ці мае́ са мною ў пасьце́лі; не магу ўстаць і даць табе́.

Калі, кажу вам, ён ня ўстане і ня дасьць яму па прыязьні зь ім, дык па неадступнасьці ягонай, устаўшы, дасьць яму, колькі просіць.
 
Калі, кажу вам, ён ня ўстане і ня дасьць яму дзеля дружбы з ім, дык дзеля дакучлівасьці яго ўстаўшы дасьць яму, сколькі просіць.

І Я кажу вам: прасеце, і дасца вам; шукайце, і знойдзеце; стукайцеся, і адчыняць вам;
 
І Я кажу вам: прасе́це, і дадзена вам будзе; шукайце і знойдзеце, стукайце, і адчыняць вам;

бо кожны просьбіт атрымлівае, і шукальнік знаходзіць, і хто стукаецца, таму адчыняць.
 
бо ўсякі, хто просіць, дастае́; і хто шукае, знаходзіць, і хто стукае, адчыняць таму.

Які з вас бацька, калі сын папросіць у яго хлеба, падасьць яму камень? альбо калі папросіць рыбы, падасьць яму зьмяю, замест рыбы?
 
Хто з вас бацька, калі сын папросіць хле́ба, дасьць яму камень? Ці калі папросіць рыбы, дасьць яму зьмяю заме́ст рыбы?

альбо, калі папросіць яйка, падасьць яму скарпіёна?
 
Ці калі папросіць яйка, дасьць яму скарпіёна?

Дык вось, калі вы, ліхія, умееце даньні добрыя даваць дзецям вашым, тым болей Айцец Нябесны дасьць Духа Сьвятога тым, хто просіць у Яго.
 
Дык вось, калі вы, благія, уме́еце добрыя даяньні даваць дзе́цям вашым, тым бале́й Ацёц Нябе́сны дасьць Духа Сьвятога тым, што просяць у Яго.

Аднаго разу выгнаў Ён дэмана, які быў нямы; і калі дэман выйшаў, нямы загаварыў; і людзі зьдзівіліся.
 
І раз выгнаў Ен чарта, які быў не́мы; і калі чорт выйшаў, не́мы стаў гаварыць; і народ быў зьдзіўлены,

А некаторыя зь іх казалі: Ён выганяў дэманаў сілаю вэльзэвула, князя дэманскага.
 
Іншыя ж з іх гаварылі: Ен выганяе чартоў сілаю Вэльзэвула, князя чартоўскага.

А іншыя, спакушаючы, патрабавалі ад Яго азнакі зь неба.
 
А іншыя, спакушаючы, трэбавалі ў Яго знаме́ньня з не́ба.

Але Ён, ведаючы намыслы іхнія, сказаў ім: усякае царства, якое разьдзялілася самое ў сабе, запусьцее, і дом, які разьдзяліўся сам у сабе, зруйнуецца.
 
Але Ен, ве́даючы памышленьні іх, сказаў ім: усякае царства, разьдзяліўшаеся само ў сабе́, апусьце́е, і дом, разьдзяліўшыся сам у сабе́, упадзе́.

А калі і сатана разьдзеліцца сам у сабе, дык як устоіць царства ягонае? а вы кажаце, што я сілаю вэльзэвулавай выганяю дэманаў.
 
Калі ж і шатан разьдзяліўся сам у сабе́, то як устаіць царства яго? А вы кажаце, што Я сілаю Вэльзэвула выганяю чартоў;

І калі Я сілаю вэльзэвулавай выганяю дэманаў, дык сыны вашыя чыёй сілаю выганяюць іх? А таму яны будуць вам за судзьдзяў.
 
і калі Я сілаю Вэльзэвула выганяю чартоў, то сыны вашыя кім выганяюць іх? Затым яны будуць судзьдзямі вам.

А калі Я пальцам Божым выганяю дэманаў, дык напэўна ж дасягнула да вас Царства Божае.
 
Калі ж Я пальцам Божым выганяю чартоў, то значыць прыйшло да вас Царства Божае.

Калі дужы са зброяй ахоўвае свой дом, тады ў бясьпецы ягоная маёмасьць;
 
Калі дужы з аружжам пілнуе свой дом, тады ў бясьпе́чнасьці яго мае́масьць;

а калі дужэйшы за яго нападае на яго і пераможа яго, тады возьме ўсю зброю ягоную, на якую ён спадзяваўся, і падзеліць захопленае ў яго.
 
калі ж дужэйшы за яго нападзе́ на яго і пераможа яго, тады возьме ўсе́ аружжа яго, на якое спадзяваўся, і раздасьць дабро яго.

Хто не са Мною, той супроць Мяне; і хто ня зьбірае са Мною, той раскідае.
 
Хто не са Мною, той проці Мяне́; і хто ня зьбірае са Мною, той раскідае.

Калі нячысты дух выйдзе з чалавека, дык ходзіць па бязводных мясьцінах, шукаючы спакою, і не знаходзячы, кажа: вярнуся ў дом мой, адкуль выйшаў.
 
Калі нячысты дух выйдзе з чалаве́ка, то ходзіць па бязводных ме́йсцах, шукаючы супакою, і, не знаходзячы, кажа: „вярнуся ў дом мой, адкуль выйшаў."

І прыйшоўшы, застае яго падмеценым і прыбраным;
 
І, прыйшоўшы, знаходзіць яго вымеценым і прыбраным;

тады ідзе і бярэ з сабою сем іншых духаў, люцейшых за сябе, і, увайшоўшы, жывуць там; і бывае чалавеку таму апошняе горш за першае.
 
тады йдзе́ і бярэ з сабою се́м другіх духаў, больш злых за яго, і, увайшоўшы, жывуць там: і бывае для чалаве́ка таго апошняе горш за пе́ршае.

Калі ж Ён казаў гэта, адна жанчына, узвысіўшы голас зь людзей, сказала Яму: дабрашчаснае ўлоньне, якое насіла Цябе, і саскі, якія Цябе кармілі!
 
І сталася, як Ен гаварыў гэтае, адна жанчына, азваўшыся з народу, сказала Яму: шчасьлівае нутро, насіўшае Цябе́, і грудзі Цябе́ карміўшыя!

А Ён сказаў: дабрашчасныя тыя, што слухаюць слова Божае і трымаюцца яго.
 
А Ен сказаў: шчасьлівыя чуючыя слова Божае і выпаўняючыя яго.

А калі люд пачаў сыходзіцца ў мностве, Ён пачаў гаварыць: род гэты ліхі; ён шукае азнакі, і азнака не даецца яму, апрача азнакі Ёны прарока;
 
Калі ж народ пачаў зьбірацца грамадой, Ен зачаў гаварыць: род гэты нягодны; ён шукае знаме́ньня, і знаме́ньне ня будзе дадзена яму, апрача знаме́ньня Іоны прарока;

бо, як Ёна быў азнакай Нінэвіцянам, так будзе Сын Чалавечы роду гэтаму.
 
бо як Іона быў знаме́ньнем для Ніневійцаў, так будзе і Сын Чалаве́чы для роду гэтага.

Царыца Поўдня паўстане на суд з мужамі роду гэтага і асудзіць іх, бо яна прыходзіла з канца зямлі паслухаць мудрасьці Саламонавай; і вось тут больш за Саламона.
 
Царыца Паўднёвая ўстане на суд з людзьмі роду гэтага і засудзіць іх, бо яна прыходзіла ад краю зямлі паслухаць мудрасьці Саламонавай, і вось тут бале́й за Саламона.

Нінэвіцяне ўстануць на суд з родам гэтым і асудзяць яго, бо яны пакаяліся праз прапаведаваньне Ёнавае, і вось, тут больш за Ёну.
 
Ніневійцы ўстануць на суд з родам гэтым і асудзяць яго, бо яны пакаяліся ад навучаньня Іонінага, і вось, тут бале́й за Іону.

Ніхто, запаліўшы сьвечку, ня ставіць яе ў патайным месцы, ні пад пасудзінаю, а на сьвечніку, каб, уваходзячы, бачылі сьвятло.
 
Ніхто, запаліўшы сьве́чку, не стаўляе яе́ ў патайным ме́йсцы, ці пад судзіну, але на ліхтару, каб уваходзячыя бачылі сьвятло.

Сьветач целу ёсьць вока; дык вось, калі вока тваё будзе чыстае, дык і ўсё цела тваё будзе сьветлае; а калі яно будзе благое, дык і цела тваё будзе цёмнае.
 
Сьве́тач це́ла ёсьць вока; дык вось, калі вока твае́ будзе чыстае, то і ўсё це́ла тваё будзе сьве́тлае, а калі яно будзе благое, то й це́ла твае́ будзе цёмнае.

Дык вось, глядзі: сьвятло, якое ў табе, ці ня ёсьць цемра?
 
Дык глядзі ж, каб сьвятло, што табе, ня было це́мрай.

А калі цела тваё ўсё сьветлае і ня мае ніводнай цямноціны, дык будзе сьветла ўсё так, як бы калі сьветач асьвятляў цябе зьзяньнем.
 
Калі ж це́ла твае́ ўсё сьве́тлае і ня мае ніводнае цёмнае часткі, то будзе сьвяціцца ўсё так, як бы сьве́тач асьвяціў цябе́.

Калі Ён сказаў гэта, адзін фарысэй запрасіў Яго да сябе абедаць; Ён прыйшоў і ўзьлёг.
 
Калі Ен гаварыў гэтае, адзін фарысэй прасіў Яго да сябе́ абе́даць; Ен прыйшоў ды супачыў.

А фарысэй зьдзівіўся, убачыўшы, што Ён ня ўмыў рук перад абедам.
 
Фарысэй жа зьдзівіўся, што Ен не абмыў рук перад ядой.

Але Гасподзь сказаў яму: вось вы, фарысэі, зьнешнасьць чары і місы ачышчаеце, а нутрына вашая поўная пахапнасьці і злахітрасьці.
 
Але Гасподзь сказаў яму: цяпе́р вы, фарысэі, чару і місу звонку ачышчаеце, а нутро вашае напоўнена драпе́жнасьцяй ды злосьцяй.

Неразумныя! ці ж ня Той, Хто стварыў зьнешняе, старыў і ўнутранае?
 
Неразумныя! ці ня Той, Хто стварыў вонкавае, стварыў і ўнутранае?

Падавайце лепей міласьціну з таго, што ў вас ёсьць: тады ўсё будзе ў вас чыстае.
 
Падавайце ле́пш ахвяру з таго, што ў вас ёсьць, тады ўсё будзе ў вас чыстае.

Але гора вам, фарысэям, што даяце дзесяціну зь мяты, руты і ўсякай гародніны, і ня дбаеце пра суд і любасьць Божую: гэта трэба было рабіць, і таго не пакідаць.
 
Але гора вам, фарысэям, што даецё дзясятую частку з мяты, руты і ўсякага зе́льля і ня дбаеце аб суд і любоў Божую; і гэтае трэба было рабіць, ды таго не пакідаць.

Гора вам, фарысэям, што любіце ў сынагогах сядзець наперадзе і вітаньні на плошчах.
 
Гора вам, фарысэям, што любіце пе́ршыя ме́йсцы ў школах і паклоны на торжышчах.

Гора вам, кніжнікі і фарысэі, крывадушнікі, што вы — як магілы схаваныя, над якімі людзі ходзяць і ня ведаюць таго.
 
Гора вам, кніжнікі і фарысэі, крывадушнікі, бо вы быццам магілы ўкрытыя, што людзі ходзяць над імі й ня ве́даюць таго.

На гэта нехта з законьнікаў сказаў Яму: Настаўнік! кажучы гэта, Ты нас крыўдзіш.
 
На гэтае не́хта з законьнікаў сказаў Яму: Вучыцель, кажучы гэтае, Ты й нас крыўдзіш.

Але Ён сказаў: і вам, законьнікам, гора, што ўскладваеце на людзей ёрмы непасільныя, а самыя і адным пальцам не кранаеце іх.
 
Але Ен сказаў: і вам, законьнікам, гора, што накладаеце на людзе́й цяжары церазме́рныя, а самы і адным пальцам сваім не кране́це цяжараў.

Гора вам, што будуеце могільнікі прарокам, якіх забілі бацькі вашыя:
 
Гора вам, што строіце скле́пы прарокам, бацькі ж вашыя забівалі іх;

гэтым самым вы сьведчыце пра дзеі бацькоў вашых і згаджаецеся зь імі; бо яны забілі прарокаў, а вы будуеце ім помнікі.
 
гэтым вы сьве́дчыце аб учынках бацькоў вашых і згаджаецеся з імі, бо яны забівалі прарокаў, а вы будуеце ім скле́пы.

Таму і мудрасьць Божая сказала: пашлю да іх прарокаў і апосталаў, і зь іх адных заб’юць, а другіх прагоняць;
 
Дзеля гэтага і прамудрасьць Божая сказала: пашлю да іх прарокаў і апосталаў, і з іх адных заб'юць, а другіх выжануць.

хай спагоніцца з роду гэтага кроў усіх прарокаў, пралітая ад стварэньня сьвету,
 
Няхай зыцічыцца ад роду гэтага кроў усіх прарокаў, пралітая ад стварэньня сьве́ту,

ад крыві Авеля да крыві Захара, забітага паміж ахвярнікам і храмам. Праўда, кажу вам, спагоніцца з роду гэтага.
 
ад крыві Авэля да крыві Захарыя, забітага між жэртвенікам І храмам. Запраўды кажу вам: зышчыцца ад роду гэтага.

Гора вам, законьнікам, што вы ўзялі ключ разуменьня: самыя не ўвайшлі і ўваходзіць перашкодзілі.
 
Гора вам, законьнікам, што вы ўзялі ключ разуме́ньня: самы не ўвайшлі і ўваходзячым перашкодзілі.

Калі Ён казаў ім гэта, кніжнікі і фарысэі пачалі заўзята падступацца да Яго, вымагаючы ў Яго адказаў на многае,
 
Калі ж Ен гаварыў ім гэтае, кніжнікі ды фарысэі пачалі ве́льмі прыставаць да Яго і дапытывацца ў Яго аб многае,

цікуючы за Ім і стараючыся падлавіць што-небудзь з вуснаў Ягоных, каб зьвінаваціць Яго.
 
цікуючы на Яго і стараючыся ўлавіць не́шта з вуснаў Яго, каб абвінаваціць Яго.