Лукаша 7 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Выдання 1926−1928 гадоў Л. Дзекуць-Малея 2x
Калі Ён скончыў усе словы Свае люду, які слухаў, дык увайшоў у Капернаум.
Калі Ен скончыў усю гутарку Сваю да слухаючага народу, то ўвайшоў у Капэрнаум.
У аднаго сотніка слуга, якім ён даражыў, быў хворы пры сьмерці.
У аднаго ж сотніка слуга, якога той цаніў, быў хворы пры сьме́рці.
Пачуўшы пра Ісуса, ён паслаў да Яго юдэйскіх старэйшынаў — прасіць Яго, каб прыйшоў ацаліць слугу ягонага.
Пачуўшы пра Ісуса, ён паслаў да Яго Юдэйскіх старэйшынаў — прасіць Яго, каб прыйшоў аздаравіць слугу яго.
І яны, прыйшоўшы да Ісуса, прасілі Яго моцна, кажучы: ён варты, каб Ты зрабіў дзеля яго гэта,
І яны, прыйшоўшы да Ісуса, крэпка прасілі Яго, кажучы: ён варт, каб Ты зрабіў для яго гэтае,
бо ён любіць народ наш і збудаваў нам сынагогу.
бо ён любіць народ наш і паставіў нам школу.
Ісус пайшоў зь імі. І калі Ён недалёка ўжо быў ад дома, сотнік прыслаў да Яго сяброў сказаць Яму: ня турбуйся, Госпадзе, бо я ня варты, каб Ты ўвайшоў пад мой дах;
Ісус пайшоў з імі. І калі Ен недалёка ўжо быў ад дому, сотнік прыслаў да Яго сяброў сказаць Яму: ня турбуйся, Госпадзі! бо я ня варты, каб Ты ўвайшоў пад страху маю,
таму і сябе самога не палічыў я вартым прыйсьці да Цябе; але скажы слова, і паправіцца слуга мой;
бо і сябе́ самога не палічыў я вартым прыйсьці да Цябе́; але скажы слова, і паздараве́е слуга мой;
бо я і падуладны чалавек, але, маючы ў сябе ў падначаленьні вояў, кажу аднаму: «ідзі», і ідзе; і другому: «прыйдзі», і прыходзіць; і слузе майму: «зрабі тое», і робіць.
бо і я маю над сабою ўладу, але маю і пад сабою жаўне́раў; кажу аднаму — „пайдзі,” і ідзе́; і другому: „прыдзі“ і прыходзіць; і слузе́ майму: „зрабі тое," і зробіць.
Пачуўшы гэта, Ісус зьдзівіўся яму і, павярнуўшыся, сказаў народу, які ішоў за Ім: кажу вам, што і ў Ізраілі не знайшоў Я такое веры.
Пачуўшы гэтае, Ісус зьдзівіўся з яго і, абярнуўшыся, сказаў ішоўшаму за Ім народу: кажу вам, што і ў Ізраілю не знайшоў Я гэткае ве́ры.
Пасланцы, вярнуўшыся ў дом, знайшлі хворага слугу здаровым.
Пасланыя, вярнуўшыся ў дом, знайшлі хворага слугу паздаравёўшым.
Пасьля гэтага Ісус пайшоў у горад, які называўся Наін, і зь Ім ішлі многія вучні Ягоныя і мноства людзей.
Пасьля гэтага Ісус пайшоў да ме́ста, называнага Наім; і з Ім ішлі многія з вучняў Яго ды множства народу:
Калі ж Ён наблізіўся да гарадзкое брамы, тут выносілі памерлага, адзінага сына ў маці, а яна была ўдава; і шмат людзей ішло зь ёю з горада.
Калі ж Ен падыйшоў да мястовае брамы, тут выносілі ўмёршага адзінага сына ў маткі, а яна была ўдава; і многа народу ішло з ёю з ме́ста.
Убачыўшы яе, Гасподзь умілажаліўся зь яе і сказаў ёй: ня плач.
Угле́дзіўшы яе́, Гасподзь зьлітаваўся над е́ю ды сказаў ёй: ня плач.
І падышоўшы, дакрануўся да мараў; тыя, што несьлі, спыніліся; і Ён сказаў: хлопча! табе кажу, устань.
І, падыйшоўшы, дакрануўся да насілкаў; нёсшыя затрымаліся; і Ен сказаў: хлопча! табе́ кажу: устань!
Мёртвы, падняўшыся, сеў і пачаў гаварыць; і аддаў яго Ісус маці ягонай.
Умёршы, падняўшыся, се́ў і пачаў гаварыць; і аддаў яго Ісус матцы яго.
І ўсіх апанаваў страх, і славілі Бога, кажучы: вялікі прарок паўстаў сярод нас, і Бог наведаў народ Свой.
І ўсіх зьняў страх і славілі Бога, кажучы: вялікі прарок паўстаў міжы намі, і Бог адве́даў народ Свой.
Такая пагалоска пра Яго разышлася па ўсёй Юдэі і па ўсім навакольлі.
І разыйшлося слова гэтае аб Ім па ўсёй Юдэі і па ўсіх ваколіцах.
І абвясьцілі Яну вучні ягоныя пра ўсё тое.
І паве́дамілі Іоана вучні Яго аб усім гэтым.
Ян, паклікаўшы двух вучняў сваіх, паслаў да Ісуса спытацца: ці Той Ты, Які павінен прыйсьці, ці чакаць нам другога?
І, паклікаўшы двох з вучняў сваіх, Іоан паслаў іх да Ісуса спытацца; ці Ты Той, Каторы павінен прыйсьці, ці чакаць нам другога?
Яны, прыйшоўшы да Ісуса, сказалі: Ян Хрысьціцель паслаў нас да Цябе спытацца: ці Той Ты, Які мае прыйсьці, ці чакаць нам другога?
Яны, прыйшоўшы да Ісуса, сказалі: Іоан Хрысьціцель паслаў нас да Цябе́ спытацца; ці Ты Той, Катораму належыць прыйсьці, ці чакаць нам другога?
А тым часам Ён многіх ацаліў ад хваробаў і немачаў і ад злых духаў, і многім сьляпым даў зрок.
А ў гэты час Ен многіх аздараўляў ад хвароб і недамаганьняў і ад злых духаў, і многім сьляпым варочаў зрок.
І сказаў ім Ісус у адказ: ідзеце, скажэце Яну, што вы бачылі і чулі: сьляпыя робяцца відушчымі, кульгавыя ходзяць, пракажоныя ачышчаюцца, глухія чуюць, мёртвыя ўваскрасаюць і ўбогім абвяшчаецца дабравесьце;
І сказаў ім Ісус у адказ: пайдзе́це, скажэце Іоану, што вы бачылі і чулі: сьляпыя пачынаюць бачыць, кульгавыя ходзяць, пракажоныя ачышчаюцца, глухія чуюць, уме́ршыя ўваскрасаюць, і ўбогім апавяшчаецца эвангельле.
і дабрашчасны, хто не спакусіцца празь Мяне.
І шчасьлівы, хто не спакусіцца ад Мяне́.
І калі пайшлі пасланцы Янавыя, Ён пачаў гаварыць людзям пра Яна: што глядзець хадзілі вы ў пустыню? ці ня трысьцінку, ветрам калыханую?
Калі ж пасланыя Іоанам пайшлі, пачаў гаварыць да народу пра Іоана: што глядзе́ць хадзілі вы ў пустыню? ці трасьціну ве́трам калыханую?
што ж глядзець хадзілі вы? ці не чалавека, у мяккія шаты апранутага? Але тыя, хто апранаецца пышна і раскошна жыве, яны пры дварах царскіх.
Што ж глядзе́ць хадзілі вы? ці чалаве́ка, адзе́тага ў мяккія вопраткі? Але пышна адзе́тыя і раскошна жывучыя знаходзяцца пры дварох царскіх.
Што ж глядзець хадзілі вы? ці не прарока? Таму, кажу вам, нават больш, чым прарока.
Што ж глядзе́ць хадзілі вы? ці прарока? Так, кажу вам, і бале́й за пророка.
Гэта той, пра якога напісана: «вось, Я пасылаю анёла Майго перад абліччам Тваім, які падрыхтуе шлях Твой перад Табою».
Гэта ёсць, аб якім напісана: вось Я пасылаю ангела Майго перад абліччам Тваім, каторы прыгатуе шлях Твой перад Табою (Малах. 3:1).
Бо кажу вам: сярод народжаных жанчынамі няма ніводнага прарока большага за Яна Хрысьціцеля; але найменшы ў Царстве Божым большы за яго.
Бо кажу вам: з роджаных жанчынамі няма ніводнага прарока, большага за Іоана Хрысьціцеля; але ме́ншы ў Царстве Божым большы за яго.
І ўвесь народ, які слухаў, і мытнікі ўзьнесьлі Богу славу, ахрысьціўшыся хрышчэньнем Янавым;
І ўве́сь народ, які слухаў Яго, і мытнікі аддалі хвалу Богу, хрысьцючыся хрышчэньнем Іоанавым;
а фарысэі і законьнікі адверглі волю Божую пра сябе, ня хрысьціўшыся ў яго.
а фарысэі і законьнікі адкінулі раду Божую для іх, не ахрысьціўшыся ў Яго.
Тады Гасподзь сказаў: з кім параўнаю людзей роду гэтага? і да каго яны падобныя?
Тады Гасподзь сказаў: да каго прыраўную людзе́ў роду гэтага? і да каго яны падобны?
яны падобныя да дзяцей, якія сядзяць на рынку, клічуць адно аднаго і кажуць: мы гралі вам на жалейцы, а вы не скакалі; мы сьпявалі вам песьні журботныя, а вы не галасілі.
Яны падобны да дзяце́й, што сідзяць на вуліцы, клічуць адзін аднаго і кажуць: „мы йгралі вам на жалейцы і вы не скакалі; мы сьпявалі вам сумныя пе́сьні, і вы ня плакалі.“
Бо прыйшоў Ян Хрысьціцель, ні хлеба ня есьць, ні віна ня п’е; і кажаце: «у ім дэман».
Бо прыйшоў Іоан Хрысьціцель; ні хле́ба ня е́сьць, ні віна ня п'е́ць; і кажуць: у ім злы дух.
Прыйшоў Сын Чалавечы, есьць і п’е; і кажаце: «вось чалавек, які любіць есьці і піць віно, прыяцель мытнікаў і грэшнікаў».
Прыйшоў Сын Чалаве́чы; е́сьць і п'е́ць; і кажуць: вось чалаве́к, каторы любіць е́сьць і піць віно, сябра мытнікаў і грэшнікаў.
І апраўдана мудрасьць усімі дзецьмі яе.
І апраўданы розум усімі дзяцьмі яго.
Нехта з фарысэяў прасіў Яго паесьці зь ім ежы; і Ён, увайшоўшы ў дом фарысэя, узьлёг.
Не́хта з фарысэяў прасіў Яго пае́сьці разам з ім; і Ен, увайшоўшы ў дом фарысэя, узьлёг.
І вось, жанчына з таго горада, якая была грэшніца, даведаўшыся, што Ён узьляжыць у доме ў фарысэя, прынесла алавастравы посуд зь мірам;
І вось жанчына з таго ме́ста, якая была грэшніцай, даве́даўшыся, што Ен супачывае ў доме фарысэя, прыне́сла алябастравую судзіну з але́ем;
і, стаўшы ззаду каля ног Ягоных і плачучы, пачала абліваць ногі Ягоныя сьлязьмі і абціраць валасамі галавы сваёй, і цалавала ногі Яму, і мазала мірам.
і, стануўшы ззаду ля ног Яго і плачучы, пачала абліваць ногі Яго сьлязьмі і выціраць валасамі галавы свае́й, і цалавала ногі Яго і мазала але́ем.
Бачачы гэта, фарысэй, які запрасіў Яго, сказаў сам сабе: калі б Ён быў прарок, дык ведаў бы, хто і якая жанчына дакранаецца да Яго, бо яна грэшніца.
Бачучы гэтае, фарысэй, што быў запрасіў Яго, сказаў сам да сябе́: калі б Ен быў прарок, то ве́даў бы, хто і якая: жанчына дакранаецца да Яго, бо яна грэшніца.
Зьвярнуўшыся да яго, Ісус сказаў: Сымоне! Я маю нешта сказаць табе. Ён кажа: скажы, Настаўнік.
Зьвярнуўшыся да яго, Ісус сказаў: Сымон! Я маю штось сказаць табе́. Ен кажа: скажы, Вучыцель!
Ісус сказаў: у аднаго пазыкоўца было два даўжнікі: адзін вінен быў пяцьсот дынараў, а другі пяцьдзясят;
Ісус сказаў: у аднаго крэдытара былі два даўжнікі: адзін быў вінен пяцьсот дынараў, а другі пяцьдзесят;
але як што яны ня мелі чым заплаціць, ён дараваў абодвум. Дык скажы, каторы зь іх болей палюбіць яго?
але, як яны ня ме́лі чым заплаціць, ён дараваў абодвум. Скажы ж, каторы з іх бале́й узьлюбіць яго?
Сымон адказаў: думаю, той, каму больш даравана. Ён сказаў яму: правільна ты разважыў.
Сымон адказаў: думаю; той, катораму бале́й дараваў. Ен сказаў яму: справядліва ты рассудзіў.
І абярнуўшыся да жанчыны, сказаў Сымону: ці бачыш ты гэтую жанчыну? Я прыйшоў у дом твой, і ты вады Мне на ногі ня даў: а яна сьлязьмі абліла Мне ногі і валасамі галавы свае абцерла.
І, зьвярнуўшыся да жанчыны, сказаў Сымону: ці бачыш ты гэтую жанчыну? Я прыйшоў у дом твой, і ты вады Мне́ на ногі ня даў; а яна сьлязьмі абліла Мне́ ногі і валосьсем галавы свае́й выцерла.
Ты цалаваньня Мне ня даў; а яна, з той хвіліны, як Я прыйшоў, не перастае цалаваць Мне ногі.
Ты цалаваньня Мне́ ня даў, а яна, як толькі Я прыйшоў, не перастае́ цалаваць Мне́ ногі.
Ты галавы Мне алеем не памазаў; а яна мірам намасьціла Мне ногі.
Ты галавы Мне́ маслам не памазаў; а яна але́ем памазала Мне́ ногі.
А таму кажу табе: даруюцца грахі ёй многія за тое, што яна палюбіла многа: а каму мала даруецца, той мала любіць.
Дзеля гэтага кажу табе́: даруюцца многія грахі яе́ за тое, што яна многа ўзьлюбіла; а каму мала даруецца, той мала любіць.
А ёй сказаў: даруюцца табе грахі.
А ёй сказаў: адпускаюцца табе́ грахі.
І тыя, што ўзьляжалі зь Ім, пачалі гаварыць самі сабе: хто гэта, што і грахі даруе?
І супачываўшыя разам з Ім пачалі гаварыць у сабе: хто Ен такі, што і грахі адпускае?
А Ён сказаў жанчыне: вера твая ўратавала цябе; ідзі зь мірам.
Ен жа сказаў жанчыне: ве́ра твая спасла цябе́; ідзі з мірам.