1 Сталася ж, як народ ціснуўся да Яго, каб чуць Слова Божае, а Ен стаяў ля возера Генісарэцкага,
2 убачыў Ен два чаўны на возеры, а рыбаловы, выйшаўшы з іх, мылі се́ці.
3 Увайшоўшы ў адзін човен, што быў Сымонаў, Ен прасіў яго адплыць крыху ад бе́рагу і се́ўшы вучыў народ з чаўна.
4 Калі ж перастаў вучыць, сказаў Сымону: адплыві на глыбіню і закінь се́ці твае́ дзеля лову.
5 Сымон сказаў Яму ў адказ: Настаўнік! Мы працавалі ўсю ноч і нічога не злавілі; але па слову Твайму закіну се́ці.
6 Зрабіўшы гэтае, яны злавілі вялікае множства рыбы, і навет се́тка ў іх прарывалася.
7 І далі знак сябрам, што былі на другім чаўне́, каб прыйшлі памагчы ім; і прыйшлі і напоўнілі абодва чаўны, так што яны пачалі залівацца.
8 Угле́дзіўшы гэтае, Сымон Пётр прыпаў да кале́н Ісусавых і сказаў: выйдзі ад мяне́, Госпадзі! бо я чалаве́к грэшны.
9 Бо вялікі страх апанаваў ім і ўсімі быўшымі з ім дзе́ля гэтага ўлову рыб, імі злоўленых;
10 таксама і Якава і Іоана, сыноў Завядзе́евых, быўшых сябрамі Сымона. І сказаў Сымону Ісус: ня бойся, ад сяньня будзеш лаўцом чалаве́каў.
11 І, выцягнуўшы абодва чаўны на бе́раг, пакінулі ўсё і пайшлі за Ім.
12 І сталася, як Ісус быў у адным ме́сьце, прыйшоў чалаве́к увесь у праказе і, угле́дзіўшы Ісуса, упаў тварам уніз, молячы Яго і кажучы: Госпадзі! калі хочаш, можаш мяне́ ачысьціць.
13 І Ен працягнуў руку, дакрануўся да яго і сказаў: хачу, ачысьціся. І тады ж праказа зыйшла з яго.
14 І Ен прыказаў яму нікому не гаварыць, а пайсьці паказацца сьвяшчэньніку і прыне́сьці ахвяру за ачышчэньне свае́, як павяле́ў Майсе́й на сьвёдчаньне ім.
15 Але тым бале́й разыйшлася чутка аб Ім, і вялікае множства народу сьцякалася да Яго — слухаць і аздаравіцца ў Яго ад хворасьцяў сваіх.
16 Але Ен адыходзіў у пустынныя ме́йсцы і маліўся,
17 І сталася, раз, як Ен навучаў, і сядзе́лі тут фарысэі і законавучыцелі, прыйшоўшы з усіх мястэчак Галіле́і І Юдэі і Ерузаліму, і сіла Госпадава была дзеля аздараўлёньня іх,
18 вось, нясуць людзі на пасьце́лі чалаве́ка, што быў спараліжаваны, і хаце́лі ўнясьці яго ў дом і палажыць перад Ісусам;
19 і, не знайшоўшы, дзе́ пранясьці яго праз народ, уле́зьлі на ве́рх дому і праз страху спусьцілі яго з пасьце́льлю на сярэдзіну перад Ісусам;
20 і Ен, бачачы ве́ру іх, сказаў чалаве́ку гэнаму: адпускаюцца табе́ грахі тваі.
21 Кніжнікі і фарысэі зачалі разважаць, кажучы: Хто ён такі, што блюзьніць? Хто можа адпускаць грахі апрача аднаго Бога?
22 Ісус, пазнаўшы думкі іх, сказаў ім у адказ: што вы думаеце ў сэрцах вашых?
23 Што лягчэй сказаць: адпускаюцца табе́ грахі тваі, ці сказаць: устань і хадзі?
24 Але каб вы ве́далі, што Сын Чалаве́чы мае ўладу на зямлі адпускаць грахі, — сказаў Ен спараліжаванаму: кажу табе́: устань, вазьмі пасьцёль тваю і ідзі ў дом твой.
25 І той ураз жа ўстаў перад імі, узяў на чым ляжаў і пайшоў у дом свой, славячы Бога.
26 І жах апанаваў усіх, і славілі Бога; і, абнятыя страхам, гаварылі: дзіўныя дзе́і відзелі мы цяпе́р.
27 Пасьля гэтага Ісус выйшаў і ўбачыў мытніка, на імя Ле́вія, се́дзячы на мытніцы, і кажа яму: ідзі за Мною.
28 І той, пакінуўшы усё, устаў і пайшоў за Ім.
29 прырыхтаваў для Яго Ле́вій у доме сваім вялікі пачастунак, і была там грамада мытнікаў і другіх, што частаваліся з імі.
30 Кніжнікі ж і фарысэі наракалі і гаварылі вучням Яго: на што вы ясьцё і п'яцё з мытнікамі ды грэшнікамі?
31 Ісус жа сказаў ім у адказ: не здаровыя маюць патрэбу ў ле́кару, але хворыя.
32 Я прыйшоў клікаць да пакаяньня ня праведных, але грэшных.
33 Яны ж сказалі Яму: чаму вучні Іоанавы посьцяць часта і моляцца, таксама і фарысэйскія, а тваі ядуць і п'юць?
34 Ен сказаў ім: ці можаце прымусіць сыноў вясе́льных пасьціць, калі з імі жаніх?
35 Але прыдуць дні, калі возьмуць у іх жаніха, і тады будуць пасьціць у тыя дні.
36 Пры гэтым сказаў ім прыповесьць: ніхто не прыстаўляе латкі да старое адзе́жыны, ададраўшы ад новае адзе́жыны, бо йначэй і новую разьдзярэ, і да старое не падайдзе́ латка ад новага.
37 І ніхто ня ўлівае маладога віна ў старыя мяхі, бо маладое віно прарве́ мяхі і само выцяча, і мяхі прападуць;
38 але маладое віно трэба ўліваць у мяхі новыя; тады захаваецца тое і другое.
39 І ніхто, п'ючы старое віно, не захоча тады ж маладога; бо кажа: „старое ле́пшае.“
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Паводле Лукі Сьвятое Эвангельле, 5 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч. Выдання 1926−1928 гадоў.
