1 І сталася пасьля, праходзіў Ен па ме́стах і сёлах, прапаве́дываючы і абвяшчаючы добрую ве́стку аб Царстве Божым, і з Ім дванаццаць,
2 і некаторыя жанчыны, каторых Ен аздаравіў ад злых духаў і хвароб — Марыя, называная Магдаліна, з якое выйшла се́м чартоў,
3 і Іоанна, жана Хузы, наглядчыка Ірадавага, і Сусанна, і многія другія, што служылі Яму з мае́масьці свае́й.
4 Калі ж сабралося множства народу, і з усіх гарадоў жыхары зыходзіліся да Яго, Ен зачаў гаварыць прыповесьцю:
5 выйшаў сейбіт се́яць се́мя свае́; і калі ён се́яў, іншае ўпала пры дарозе і было патаптана і птушкі нябе́сныя паклявалі яго;
6 а іншае ўпала на камень і, узыйшоўшы, засохла, бо ня ме́ла вільгаці;
7 а іншае ўпала між цярнінаю, і вырасла цярніна і заглушыла яго;
8 а іншае ўпала на добрую зямлю і, узыйшоўшы, прынясло плод стакротны. Сказаўшы гэтае, клікнуў: хто мае вушы слухаць, няхай слухае.
9 Вучні ж Яго спыталіся у Яго: што б значыла прыповесьць гэтая?
10 Ен сказаў: вам дадзена знаць тайны Царства Божага, а для рэшты яны у прыповесьцях, так што яны бачучы ня бачуць і чуючы не разумёюць.
11 Вось што значыць прыповесьць гэтая: се́мя ёсьць слова Божае.
12 А што ля дарогі, гэта тыя, што слухаюць, ды пасьля прыйходзіць д'явал і забірае слова з сэрца іх, каб не паве́рылі і не спасьліся;
13 а на камені гэта тыя, што, калі пачуюць слова, дык з радасцяю прыймаюць, ды ня маюць караня і часова ве́раць, а ў час спакусы адпадаюць;
14 а што ўпала ў цярніну — гэта тыя, што слухаюць слова, але, адыходзячы, заглушаюцца клапотамі, багацьцем і ўце́хамі жыцьцёвымі і не даюць плёну.
15 А ўпаўшае на добрую зямлю — гэта тыя, што, пачуўшы слова, захоўваюць у добрым і чыстым сэрцы і даюць плён у цярплівасьці.
16 Ніхто, запаліўшы сьве́чку, не прыкрывае яе́ судзінаю, або не стаўляе пад ложак, але ставіць на ліхтар, каб, уваходзячы, бачылі сьвятло.
17 Бо няма нічога тайнага, што б ня выявілася, ні ўкрытага, што ня сталася б вядомым і ня выйшла б наве́рх.
18 Глядзіце ж, як вы слухаеце; бо хто мае, таму дадзена будзе, а хто ня мае, у таго адымецца й тое, што ён думае ме́ць.
19 І прыйшлі да Яго маці і браты Яго і не маглі падыйсьці да Яго з прычыны народу.
20 І далі знаць Яму: маці і браты Тваі стаяць вонках, хочучы бачыць Цябе́.
21 Ен сказаў ім у адказ: маці мая і браты маё — гэта тыя, што слухаюць слова Божае і выпаўняюць яго.
22 І сталася, аднаго дня Ен увайшоў з вучнямі Сваімі ў човен і сказаў ім: пераплыве́м на той бок возера. І паплылі.
23 Калі ж яны плылі, Ен заснуў. На возеры падняўся бурны ве́цер, і залівала іх хвалямі, і яны былі ў небясьпе́цы
24 І, падыйшоўшы, збудзілі Яго ды сказалі: Настаўнік! Настаўнік! мы гінем, Але Ен, устаўшы, закрычэў ве́тру і хваляваньню вады; і спыніліся, і сталася ціша.
25 Тады Ен сказаў ім: дзе́ ве́ра ваша? Яны ж у страху і задзіўле́ньні гаварылі адзін аднаму: Хто ж гэта, што ве́трам загадвае і вадзе́, і слухаюцца Яго?
26 І прыплылі ў старану Гадарынскую, што насупроць Галіле́і.
27 Калі ж выйшаў Ен на бе́раг, спаткаў Яго адзін чалаве́к з ме́ста, які ме́ў чартоў з даўных часоў і хадзіў не адзе́ўшыся, і жыў ня ў доме, але ў магілах.
28 Ен, угле́дзіўшы Ісуса, закрычэўшы паваліўся перад Ім і моцным голасам сказаў: што табе́ да мяне, Ісус, Сын Бога Усявышняга? Малю Цябе́, ня муч мяне́.
29 Бо Ісус сказаў нячыстаму духу выйсьці з гэтага чалавёка; бо ён доўгі час мучыў яго, так што яго вязалі ланцугамі й сьцераглі яго, але ён разрываў ланцугі, і нячысты гнаў яго ў пустыні.
30 Ісус спытаўся ў яго: як твае́ імя? Ен сказаў: „легіён”; бо многа чартоў увайшло ў яго
31 І прасілі Яго, каб не вяле́ў ім ісьці ў бяздоньне.
32 Тут жа на гарэ пасьвіўся вялікі гурт сьвіне́й; і чарты прасілі Яго, каб дазволіў ім увайсьці ў іх. Ен дазволіў ім.
33 Чарты, выйшаўшы з чалаве́ка, ўвайшлі ў сьвіне́й
34 І кінуўся гурт з кручы ў мора, і ўтануў. Пастухі, бачучы, што сталася, пабе́глі ды расказалі ў ме́сьце і сёлах.
35 І выйшлі бачыць стаўшаеся; і, прыйшоўшы да Ісуса, знайшлі чалаве́ка, з каторага выйшлі чарты, се́дзячы ля ног Ісусавых, адзе́тага і пры розуме; і перепалохаліся.
36 А бачыўшыя расказалі ім, як спасён быў апанаваны чартамі.
37 І прасіў Яго ўве́сь народ Гадарынскае краіны пайсьці ад іх, бо іх зьняў вялікі страх. Ен увайшоў у човен і вярнуўся.
38 А чалаве́к, з якога выйшлі чарты, прасіў Яго, каб быць з Ім. Але Ісус адправіў яго, сказаўшы:
39 вярніся ў дом твой і раскажы, што ўчыніў табе́ Бог. Ен пайшоў і наказваў па ўсім ме́сьце, што ўчыніў яму Ісус.
40 Калі ж вярнуўся Ісус, народ прыняў Яго, бо ўсе́ чакалі Яго.
41 І вось прыйшоў чалаве́к, імем Яір, (а быў ён начальнікам школы); і, упаўшы да ног Ісусавых, прасіў Яго ўвайсьці ў дом яго,
42 бо ў яго была адзіная дачка, гадоў дванаццацех, і тая была пры сьме́рці. Калі ж Ен ішоў, народ ціснуўся да Яго.
43 І адна жанчына, што мучылася ад крываце́чы дванаццаць гадоў і аддала на ле́караў усю мае́масьць сваю, ды ні водзін ня мог вылячыць яе́,
44 падыйшоўшы ззаду, дакранулася да краю вопраткі Яго; і той час крываце́ча ў яе́ спынілася.
45 І сказаў Ісус: хто дакрануўся да Мяне́? Калі ж усе́ адпіраліся, Пётр і быўшыя з Ім сказалі: Настаўнік! народ акружае Цябе́ ды націскае, і Ты кажаш: хто дакрануўся да Мяне́?
46 Але Ісус сказаў: не́хта дакрануўся да Мяне́, бо Я адчуваю сілу, што выйшла з Мяне́.
47 Жанчына ж, бачучы, што яна не ўтаіцца, дрыжучы падыйшла і, упаўшы перад Ім, аб'явіла Яму перад усім народам, з якое прычыны дакранулася да Яго, і як тады ж паздараве́ла.
48 Ен сказаў ёй; бадрыся, дачка! ве́ра твая спасла цябе́; ідзі з мірам.
49 Калі Ен яшчэ гаварыў гэтае, прыходзіць не́хта з дому начальніка школы і кажа ім: дачка твая паме́рла; ня турбуй Вучыцеля.
50 Але Ісус, пачуўшы гэтае, сказаў яму: ня бойся, толькі ве́р, і спасёна будзе.
51 Прыйшоўшы ж у дом, не дазволіў увайсьці нікому апрача Пятра, Іоана і Якава, і бацькі ды маткі дзяўчыны.
52 Усе́ плакалі і галасілі па ёй. Але Ен сказаў: ня плачце; яна не паме́рла, але сьпіць.
53 І сьмяяліся з Яго, ве́даючы, што яна паме́рла.
54 Ен жа, выслаўшы ўсіх вон і ўзяўшы яе́ за руку, клікнуў кажучы: дзяўчына! устань!
55 І вярнуўся дух яе́; і ўраз жа ўстала; і Ен вяле́ў даць ёй е́сьці.
56 І зьдзівіліся бацькі яе́, Ен жа вяле́ў ім не гаварыць нікому аб тым, што сталася.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Паводле Лукі Сьвятое Эвангельле, 8 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч. Выдання 1926−1928 гадоў.
