1 Тады Пілат узяў Ісуса і бічаваў Яго.
2 І жаўнеры сплёўшы вянок з цярніны, узьдзелі Яму на галаву і апранулі Яму чырвоны плашч
3 і гаварылі: радуйся, Цар Іудеўскі! і білі Яго па абліччу.
4 Пілат ізноў выйшаў і сказаў ім: вось я выводжу Яго да вас, каб вы ве́далі, што я не знаходжу ў Ім ніякае віны.
5 Тады выйшаў Ісус у цярневым вянку і чырвоным плашчу. І сказаў ім Пілат: вось чалаве́к!
6 Як убачылі Яго архірэі і слугі іх, дык пачалі крычаць, кажучы: распні, распні Яго! Пілат кажа ім: вазьме́це Яго і ўкрыжуйце вы, бо я не знаходжу ў Ім ніякае віны.
7 Іудеі адказалі яму: мы маем закон; і па закону нашаму мусіць паме́рці, бо зрабіў Сябе́ Сынам Божым.
8 Пілат, пачуўшы гэтае слова, яшчэ больш спужаўся.
9 І ізноў ўвайшоў у прэторыю і сказаў Ісусу: адкуль Ты? Але Ісус не адказаў яму нічога.
10 Пілат кажа Яму: Ты мне́ не адказваеш? Ці ня ве́даеш, што магу ўкрыжаваць Цябе́ і магу звольніць Цябе́?
11 Ісус адказаў: ты ня ме́ў бы ніякае ўлады нада Мною, калі б Табе́ ня было дадзена з вышыні; дзеля гэтага больш граху на тым, хто Мяне́ прадаў табе́.
12 З таго мамэнту Пілат стараўся звольніць Яго. Іудеі ж крычалі кажучы: калі звольніш Яго, ты ня друг Ке́сару; кожны, хто робіць сябе́ царом, вораг ке́сара.
13 Пілат, пачуўшы гэтае слова, вывеў вон Ісуса і се́ў на судовым пасадзе, на ме́йсцы, што называлася літостратон (каме́нны памост) а по-евреўскі Гаввафа.
14 Была ж тады пятніца перад Пасхай, і гадзіна шостая. І сказаў Пілат Іудеям: вось Цар ваш!
15 Але яны закрычэлі: вазьмі, вазьмі, укрыжуй Яго! Пілат кажа ім: як я распну Цара вашага? Архірэі ж адказалі: няма ў нас цара, апрача Ке́сара.
16 Тады ён аддаў Яго на ўкрыжаваньне. І ўзялі Ісуса і павялі.
17 І, нясучы крыж Свой, Ен выйшаў на ўрочышча Чарапоў, што по-евреўскі называецца Галгофа,
18 дзе і ўкрыжавалі Яго і з Ім двух другіх наабапал Яго, а ў сярэдзіне Ісуса.
19 Пілат жа і надпіс напісаў і паставіў на крыжу. Напісана было: Ісус Назаранін, Цар Іудеўскі.
20 Гэты надпіс чыталі многія з Іудееў, бо ме́йсца, дзе́ быў укрыжаваны Ісус, было недалёка ад ме́ста, дый напісана было па-Іудеўску, па-грэцку і па-рымску.
21 Архірэі ж Іудеўскія сказалі Пілату: ня пішы: „Цар Іудеўскі“, але напішы, што Ен Сам казаў: „Я цар Іудеўскай.“
22 Пілат адказаў: што я напісаў, тое напісаў.
23 Жаўне́ры ж, як расьпялі Ісуса, узялі вопратку Яго і падзялілі на чатыры часткі — кожному жаўне́ру частка дый хітон; хітон жа быў ня шыты, але ўве́сь вытканы ад ве́рху;
24 дык сказалі адзін аднаму: ня будзем разьдзіраць яго, а кінем жэрабе: чый будзе; каб збылося сказанае ў пісаньні: Падзялілі адзе́жу Маю між сабою і аб вопратку Маю жэрабе кідалі (Пс. 21:19) Так і ўчынілі жаўне́ры.
25 Стаялі ж ля крыжа Ісусавага маці Яго і сястра Маткі Яго, Марыя Кляопава, і Марыя Магдаліна.
26 Ісус жа, угле́дзіўшы Матку і стаяўшага побач вучня, якога любіў, кажа Матцы сваёй: Жанчына, вось сын твой!
27 Пасьля кажа вучню: вось Маці твая! І з таго часу вучань гэты ўзяў яе́ да сябе́.
28 Пасьля таго Ісус, ве́даючы, што ўжо ўсё збылося, каб споўнілася Пісаньне, кажа: піць хачу!
29 Тут стаяла судзіна, поўная воцату. Жаўне́ры, набраўшы воцату губкай і ўзьдзе́ўшы яе́ на трысьціну, паднялі да вуснаў Яго.
30 Ісус жа, як узяў воцату, сказаў: Збылося! і, нахіліўшы галаву, аддаў дух.
31 А як была пятніца, дык жыды, каб не пакінуць це́лаў на крыжу ў суботу, (бо той дзе́нь суботні быў вялікі), прасілі Пілата, каб перабіць у іх гале́ні і зьняць.
32 І вось прыйшлі жаўне́ры і ў пе́ршага перабілі гале́ні, і ў другога ўкрыжаванага з Ім.
33 прыйшоўшы ж да Ісуса, як убачылі, што Ен ужо ўмёр, дык не перабівалі ў Яго гале́няў;
34 толькі адзін з жаўне́раў прабіў Яму бок рагатынаю, і ўраз жа пацякла кроў і вада.
35 Той, хто бачыў, пасьве́дчыў, і сьвядоцтва яго праўдзівае; і ён ве́дае, што кажа праўду, каб вы паве́рылі.
36 Бо ўсё гэтае сталася, каб збылося Пісаньне: „Косьць Яго няхай не пераломіцца“ (Выхад 12:46).
37 Дый ізноў жа ў другім ме́йсцы гаворыць Пісаньне: „Угле́дзяць, каго прабілі“ (Захар. 12:10).
38 Пасьля гэтага Язэп з Арыматэі (ён быў вучнем Ісуса, але тайным дзеля страху перад Іудеямі) папрасіў Пілата зьняць це́ла Ісуса; і Пілат дазволіў. Дык пайшоў і зьняў це́ла Ісуса.
39 Прыйшоў такжа і Нікадэм (ён прыходзіў ране́й да Ісуса ўначы) і прынёс мешаніну з сьмірны і алёэ літраў каля ста.
40 І ўзялі яны це́ла Ісуса і абярнулі Яго ў палатно з пахнідламі, як звычайна хароняць Іудеі.
41 На тым ме́йсцы, дзе Ен быў укрыжаваны, быў сад, і ў садзе новая магіла, у якой яшчэ ніхто ня быў паложаны.
42 Вось тутака дзеля пятніцы Іудеўскай (бо магіла была блізка) і палажылі це́ла Ісуса.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Паводле Іоана Сьвятое Эвангельле, 19 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч. Выдання 1926−1928 гадоў.
