Біблія » Пераклады » Выдання 1926−1928 гадоў Л. Дзекуць-Малея 2x

Іоана 8 Эвангельле Іоана 8 разьдзел

1 Ісус жа пайшоў на гару Аліўную.
2 Нараніцы ж ізноў прыйшоў у царкву, і ўве́сь народ ішоў да Яго. Ен се́ў і навучаў іх.
3 Тут кніжнікі і фарысэі прывялі да Яго жанчыну, злоўленую на чужаложстве, і, паставіўшы яе́ пасярэдзіне,
4 сказалі Яму: Настаўнік, гэта жанчына злоўлена на чужаложстве,
5 а Майсе́й у законе загадаў нам пабіваць гэткіх каме́ньнем. Ты ж што скажаш?
6 Гаварылі ж гэта спакушаючы Яго, каб знайсьці што-не́будзь дзеля абвінавачаньня Яго. Але Ісус, нагнуўшыся, пісаў пальцам на зямлі.
7 Калі ж яны не пераставалі пытацца ў Яго, то, падняўшыся, сказаў ім: хто з вас бязгрэшны, пе́ршы кінь камень у яе́.
8 І, зноў нагнуўшыся, пісаў на зямлі.
9 Яны ж, пачуўшы гэтае і дакараныя сумле́ньнем, павыходзілі адзін за адным, пачынаючы ад старшых аж да апошніх, застаўся адзін Ісус і жанчына што стаяла пасярэдзіне.
10 Ісус, падняўшыся і ня бачучы нікога апрача жанчыны, сказаў ёй: жанчына! дзе тваі абвініцелі? Ніхто не асудзіў цябе́?
11 Яна адказала: ніхто, Госпадзі! Ісус жа сказаў ей: і Я не асуджаю цябе́: ідзі больш не грашы.
12 Зноў кажа Ісус да народу: Я сьвятло сьве́ту; хто пойдзе за Мною, той ня будзе хадзіць у цемры, але ме́ціме сьвятло жыцьця.
13 Тады фарысэі казалі Яму: Ты Сам аб Сабе́ сьве́дчыш ды непраўдзівае сьвядоцтва Твае.
14 Адказаў ім Ісус і сказаў: калі Я і Сам аб Сабе́ сьве́дчу, то сьвядоцтва Мае́ справядлівае́, бо Я ве́даю адкуль прыйшоў і куды іду; а вы ня ве́даеце, адкуль Я і куды іду.
15 Вы судзіце па це́лу; Я ня суджу нікога.
16 А калі і суджу Я, то суд Мой справядлівы, бо Я не адзін, але Я і Аце́ц, што паслаў Мяне́.
17 І ў законе ж вашым напісана, што сьве́дчаньне двох чалаве́к справядлівае. (Другазак. 19:15).
18 Я Сам сьве́дчу аб Сабе́ і сьве́дчыць аба Мне́ Аце́ц, які паслаў Мяне́.
19 Тады сказалі Яму: дзе Аце́ц Твой? Ісус адказаў ім: вы ня ве́даеце ні Мяне́, ні Айца Майго. Калі б вы ве́далі Мяне, ве́далі б і Айца Майго.
20 Гэтыя словы гаварыў Ісус ля скарбніцы, калі вучыў у царкве́; і ніхто ня ўзяў Яго, бо яшчэ ня прыйшоў час яго.
21 І ізноў сказаў ім Ісус Я адыходжу, і будзеце шукаць Мяне́; і паўміраеце ў граху сваім. Куды іду Я, вы прыйсьці ня можаце.
22 Іудеі ж гаварылі: ці не заб'е́ Ен Сябе́ Сам, што кажа: куды Я іду, вы ня можаце прыйсьці?
23 І сказаў ім: вы ад нізу, Я ж з вышыні; вы з гэтага сьве́ту, Я ня з гэтага сьве́ту,
24 сказаў жа Я вам, што паўміраеце ў грахох вашых; бо калі не паве́рыце, што гэта Я, то памрэце ў грахох вашых.
25 Яны ж сказалі Яму: хто ж Ты? І сказаў ім Ісус: Адпачатны, як і кажу вам;
26 многа маю гаварыць аб вас і судзіць; але Той, што паслаў Мяне́, справядлівы, што Я чуў ад Яго, тое і кажу сьве́ту.
27 Не зразуме́лі, што Ен гаварыў ім аб Айцу.
28 І сказаў ім Ісус: як падыймеце Сына Чалаве́чага, тады даве́даецеся, што гэта Я і што нічога не раблю ад Сябе́, але як наўчыў Мяне́ Аце́ц Мой, так і гавару.
29 І са Мною Той, што паслаў Мяне́: Аце́ц не пакінуў Мяне́ аднаго, бо Я заўсёды раблю тое, што падабаецца Яму.
30 Калі Ен гаварыў гэтае, многія ўве́равалі ў Яго.
31 Тады сказаў Ісус уве́раваўшым у Яго жыдом: калі астанецёся ў слове Маім, дык запраўды вы вучні Маі.
32 І пазнаеце праўду, і праўда зробіць вас вольнымі.
33 Яму адказалі: мы се́мя Аўраама і нікому ніколі ня былі рабамі; як жа Ты кажаш: станецеся вольнымі.
34 Ісус адказаў ім: запраўды, запраўды кажу вам: усякі, хто грашыць, ёсьць нявольнік граху.
35 Але раб ня жыве́ ў доме ве́чна: сын астае́цца ве́чна.
36 Дык вось, калі Сын вызваліць вас, то запраўды вольнымі будзеце.
37 Ве́даю, што вы се́мя Аўраама, аднак жа шукаеце, каб забіць Мяне́, бо слова Мае́ не ўмяшчаецца ў вас.
38 Я кажу тое, што бачыў у Айца Майго, а вы робіце тое, што бачылі ў айца вашага.
39 Яны адказалі Яму і сказалі: аце́ц наш — Аўраам. Ісус сказаў ім: калі б вы былі дзе́ці Аўраама, то рабілі бы ўчынкі Аўраамавы.
40 А цяпе́р шукаеце, як забіць Мяне́, чалаве́ка, што сказаў вам праўду, якую чуў ад Бога; Аўраам гэтага не рабіў.
41 Вы робіце ўчынкі айца вашага. На гэтае сказалі Яму: мы не з распусты роджаны; аднаго Айца маем, Бога.
42 Ісус сказаў ім: калі б Бог быў ваш Аце́ц, то вы любілі б Мяне́, бо Я з Бога выйшаў і прыходжу; бо Я ня Сам ад Сябе́ прыйшоў, але Ен паслаў Мяне́.
43 Чаму вы не разуме́еце гутаркі Мае́? Бо ня можаце слышаць слова Майго.
44 Ваш аце́ц дыявал, і вы хочаце выпаўняць жаданьні айца вашага. Ен быў душагуб ад пачатку і ня ўстоіў у праўдзе; бо яе́ няма ў ім. Калі ён гаворыць брахню, гаворыць свае́, бо ён брахун і бацька ілжы.
45 А як Я праўду гавару, то ня ве́рыце Мне.
46 Хто з вас дакажа Мой грэх? Калі ж Я гавару праўду, чаму вы ня ве́рыце Мне́?
47 Хто ад Бога, той слухае словы Божыя; вы затым ня слухаеце, што вы не ад Бога.
48 На гэтае адказалі Яму Іудеі і сказалі: ці ж няпраўду мы кажам, што Ты Самаранін і што злы дух у Табе́?
49 Ісус адказаў: у ва Мне́ беса няма; але Я паважаю Айца Свайго, а вы зьневажаеце Мяне́.
50 Дый Я ж ня шукаю славы для Мяне́; ёсьць Той; што шукае і судзіць.
51 Запраўды, запраўды кажу вам: хто выпаўняе слова Мае́, ня ўгле́дзіць сьмерці даве́ку.
52 Іудеі сказалі Яму: цяпе́р даве́даліся мы, што ў Табе́ бес. І Аўраам памёр, і прарокі, а Ты кажаш: хто выпаўніць слова Мае́, той не спазнае сьме́рці даве́ку.
53 Няўжо ж Ты большы за айца нашага Аўраама, які ўмер? і прарокі ўмярлі: за каго Ты Сябе́ выдае́ш?
54 Ісус адказаў: калі Я Сам Сябе́ выслаўляю, то слава Мая нішто. Мяне́ выслаўляе Аце́ц Мой, аб каторым вы гаворыце, што Ен Бог ваш.
55 І вы не пазналі Яго, а Я знаю Яго, і калі скажу, што ня знаю Яго, то буду падобны да вас брахун. Але Я знаю Яго і выпаўняю слова Яго.
56 Аўраам, аце́ц ваш, рад быў бачыць дзе́нь Мой; і ўгле́дзіў і ўце́шыўся.
57 На гэтае сказалі Яму Іудеі: Табе́ няма яшчэ пяцідзесяцёх гадоў, і Ты бачыў Аўраама?
58 Ісус адказаў ім: запраўды, запраўды кажу вам: пе́рш, чымся нарадзіўся Аўраам, быў Я.
59 Тады ўзялі каме́ньні, каб кінуць у Яго, але Ісус укрыўся і выйшаў з царквы, прайшоўшы між імі; і пайшоў далей.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Паводле Іоана Сьвятое Эвангельле, 8 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Public Domain

Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч. Выдання 1926−1928 гадоў.