1 Пасьля гэтага пайшоў Ісус на той бок мора Галіле́йскага, Тывэрыядзкага.
2 І пайшло за Ім многа народу, бо бачылі цуды, якія Ен рабіў з хворымі,
3 І ўзыйшоў Ісус на гару і там сядзе́ў з вучнямі Сваімі,
4 А блізка была Пасха, сьвята Іудеўская.
5 Ісус, падняўшы вочы і угле́дзіўшы, што многа народу йдзе да Яго, кажа Піліпу: дзе нам купіць хле́ба, каб іх накарміць?
6 Казаў жа Ен гэта выве́дываючы ў яго, бо Сам ве́даў, што хаце́ў зрабіць
7 Піліп адказаў Яму: ім на дзьве́сьці дынараў мала будзе хле́ба, каб кожнаму з іх дасталася хоць па крысе́.
8 Адзін з вучняў Яго, Андрэй, брат Сымона Пятра, кажа Яму:
9 Тут ёсьць у аднаго хлопчыка пяць хле́баў ячме́нных і дзьве́ рыбы; але што гэта для такога множства?
10 Ісус сказаў: скажэце ім пасядаць. Была ж на тым ме́йсцы густая трава. І вось пасядалі людзі лікам да пяці тысячаў.
11 І ўзяў Ісус хле́бы і, аддаўшы хвалу, раздаў вучням, вучні сядзе́ўшым, так сама і рыбы, колькі хто хаце́ў.
12 І, як насыціліся, сказаў вучням Сваім: зьбярэце застаўшыяся кускі, каб нічога не прапала.
13 І сабралі і напоўнілі дванадцаць карабоў кускамі ад пяцёх ячме́нных хле́баў, што засталіся ў е́ўшых.
14 Людзі-ж, што бачылі цуд, зроблены Ісусам, сказалі: гэта запраўды той прарок, што йдзе́ ў сьвет.
15 Ісус жа, ве́даючы, што хочуць не́ўспадзе́ўкі прыйсьці і ўзяць Яго, каб зрабіць царом, ізноў адыйшоўся на гару адзін.
16 Калі настаў ве́чар, то вучні Яго зыйшлі да мора
17 і ўвайшоўшы ў човен, паплылі на той бок мора ў Капарнаум. Станавілася ўжо цёмна, а Ісус ня прыходзіў да іх.
18 Дуў моцны ве́цер, і мора хвалявалася.
19 Праплыўшы каля двадцацех пяцёх ці трыдцацёх стадыяў, яны ўбачылі Ісуса ідучы па моры і ўжо недалёка ад чаўна і спалохаліся.
20 Але Ен сказаў ім: гэта Я, ня бойцеся!
21 Яны захаце́лі ўзяць Яго ў човен, і зараз-жа човен прыстаў да бе́рагу, куды плылі.
22 Назаўтрае народ, які стаяў на тым баку мора і бачыў, што там ня было другога чаўна, апрача аднаго, ў які ўвашлі вучні Яго, і што Ісус не ўваходзіў у човен з вучнямі Сваімі, але адплылі адны вучні Яго,
23 другія-ж чаўны прыйшлі з Тывэрыяды, непадалёк ад таго ме́йсца, дзе е́лі хле́б на багаслаўле́ньне Госпада;
24 вось-жа, калі народ угле́дзіў, што тут няма ні Ісуса, ні вучняў Яго, то ўвайшлі ў човен і прыплылі у Капэрнаум, шукаючы Ісуса,
25 і, знайшоўшы Яго на тым баку мора, сказалі Яму: Равві: калі Ты сюды прыйшоў?
26 І адказаў ім Ісус і сказаў: запраўды, запраўды кажу вам: шукаеце Мяне́ не затым, што бачылі цуд, але затым, што е́лі хле́б і насыціліся;
27 працуйце-ж не дзеля е́жы, што зьніштажаецца, але дзе́ля е́жы, што астае́цца ў жыцьцё ве́чнае, якое дасьць вам Сын Чалаве́чы, бо на ім паклаў пячаць Сваю Аце́ц Бог.
28 Яны-ж сказалі Яму: што нам рабіць, каб рабіць дзе́лы Божыя ?
29 І адказаў ім Ісус і сказаў: вось дзе́лы Бога: каб вы ўве́равалі ў Таго, Каго Ен паслаў.
30 Яны-ж сказалі Яму: які-ж Ты дасі знак, каб мы бачылі і паве́рылі Табе́? што Ты чыніш?
31 Бацькі нашыя е́лі манну ў пустыні і насыціліся, паводле напісанага: „хлеб з не́ба даў ім е́сьці“ (Пс. 77:24).
32 Ісус жа сказаў ім: Запраўды, запраўды кажу вам: не Майсей даў вам хле́б з не́ба але Аце́ц Мой дае́ вам праўдзівы хле́б з не́ба;
33 бо хле́б Божы ёсьць той, што зыходзіць з не́ба і дае́ жыцьцё сьве́ту.
34 Яны ж сказалі Яму: Госпадзі! давай нам заўсёды такі хле́б.
35 Ісус жа сказаў ім: Я ёсьць хле́б жыцьця; хто прыходзе да Мяне́, ня будзе галодны, і хто ве́руе ў Мяне́, ня будзе прагнуць ніколі.
36 Але Я сказаў вам, што й бачылі Мяне́, і ня ве́рыце.
37 Усё, што дае́ Мне́ Аце́ц, да Мяне́ прыйдзе, і таго, хто прыходзе да Мяне́, ня выганю вон,
38 бо Я зыйшоў з не́ба не дзеля таго, каб чыніць Маю волю, але волю паслаўшага Мяне́ Айца;
39 воля ж паслаўшага Мяне́ Айца ёсьць тая, каб з таго, што Ен Мне́ даў, нічога не загубіць, але ўваскрасіць усё гэтае ў апошні дзе́нь;
40 воля паслаўшага Мяне́ ёсьць тая, каб кожны, хто бачыць Сына і ве́руе ў Яго ме́ў жыцьцё ве́чнае, і Я ўваскрашу Яго ў апошні дзе́нь.
41 Іудеі ж гудзе́лі проці Яго, што сказаў: „Я есьць хлеб, што з неба зыйшоў,“
42 і гаварылі: ці ня Ісус гэта, сын Язэпа, бацьку й матку якога ведаем? Як жа Ен кажа: „Я зыйшоў з не́ба?“´
43 Ісус жа адказаў ім і сказаў: ня гудзе́це міжы сабою;
44 ніхто ня можа прыйсьці да Мяне́, калі яго ня прывабіць Аце́ц, што паслаў Мяне́, і Я ўваскрашу яго ў апошні дзе́нь.
45 Напісана ў прарокаў: і будуць усе́ навучаны Богам. Кожын, чуючы ад Айца і навучыўшыся, прыходзіць да Мяне́ (Ісая 54:13).
46 Не затым, каб не́хта бачыў Айца апрача Таго, хто ад Бога: той бачыў Айца.
47 Запраўды, запраўды кажу вам: хто ве́руе ў Мяне́, мае́ ве́чнае жыцьцё.
48 Я хле́б жыцьця.
49 Бацькі вашыя е́лі манну ў пустыні і паўміралі,
50 хле́б жа, які з не́ба зыходзе, такі, што не памрэ, хто е́сьць яго.
51 Я — хле́б жывы, што зыйшоў з не́ба: хто е́сьць хле́б гэты, жыць будзе ве́чна. Хле́б жа, які Я дам, ёсьць Це́ла Мае́, каторае Я аддам за жыцьцё сьве́ту.
52 І спрачаліся між сабою Іудеі, кажучы: як Ен можа даць нам е́сьці це́ла Свае́?
53 Ісус жа сказаў ім: запраўды, запраўды кажу вам: калі ня будзеце е́сьці це́ла Сына Чалаве́чага і піць крыві Яго, то ня будзеце ме́ць у сабе́ жыцьця.
54 Хто е́сьць це́ла Мае́ і п'е кроў Маю, мае жыцьцё ве́чнае, і Я уваскрашу яго ў апошні дзе́нь.
55 Бо це́ла Мае́ запраўды ёсьць е́жа, і кроў Мая запраўды ёсьць піта;
56 і хто е́сьць це́ла Мае́ і п'е кроў Маю, ува Мне́ ёсьць і Я ў ім.
57 Як паслаў Мяне́ жывы Аце́ц, і Я жыву Айцом, так і хто е́сьць Мяне́, жыць будзе Мною;
58 гэта ж і ёсьць хле́б, што з не́ба зыйшоў. Ня так, як бацькі вашыя е́лі манну і паўміралі: хто е́сьць хле́б гэты, жыць будзе ве́чна.
59 Гэтае казаў Ен у школе, навучаючы ў Капэрнауме.
60 Многія з вучняў Яго, чуючы гэтае, казалі: жорсткае гэта слова. Хто можа слухаць яго?
61 Ісус жа, ве́даючы ў Сабе́, што вучні Яго гудзяць аб гэтым, сказаў ім: ці гэтае вас спакушае?
62 а як угле́дзіце Сына Чалаве́чага ўзыходзячы туды, дзе быў ране́й?
63 Дух жывіць, це́ла ж нічога ня вартае; словы, якія вам кажу, ёсьць дух і жыцьцё;
64 але ёсьць некаторыя сярод вас, што ня ве́руюць. Бо Ісус напе́рад ве́даў, што ёсьць няве́руючыя, і хто здрадзіць Яго.
65 І сказаў: дзеля гэтага ж і казаў Я вам, што ніхто ня можа прыйсьці да Мяне́, калі яму ня будзе дадзена Айцом Маім.
66 З таго часу многія з вучняў Яго пайшлі назад і ўжо не хадзілі з Ім.
67 Тады Ісус сказаў дванадцацём: ці ня хочаце: і вы адыйсьціся?
68 І адказаў Яму Сымон Пётр: Госпадзі! да каго нам ісьці? Ты маеш словы ве́чнага жыцьця;
69 і мы паве́рылі і пазналі, што Ты Хрыстос, Сын Бога жывога.
70 Ісус адказаў ім: ці ня вас дванадцацёх выбраў Я? Але адзін з вас злы дух.
71 Гэтае гаварыў Ен пра Юду Сымонавага Іскарыёта, бо гэты хаце́ў прадаць Яго, адзін з дванадцацёх.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Паводле Іоана Сьвятое Эвангельле, 6 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч. Выдання 1926−1928 гадоў.
