1 Пасьля гэтага ізноў зьявіўся Ісус вучням Сваім ля мора Тывэрыядзкага. Зьявіўся вось як:
2 былі разам Сымон Пётр і Хама, званы Блізьнюк, і Натанаіл з Каны Галіле́йскай, і сыны Завядзе́явы, і двое другіх з вучняў Яго.
3 Сымон Пётр кажа ім: іду лавіць рыбу. Кажуць яму: ідзе́м і мы з табою. Пайшлі і зараз увайшлі ў човен і не злавілі ў тую ноч нічога.
4 Калі ж ужо настала раніца, Ісус стаяў на бе́разе, але вучні не пазналі, што гэта Ісус,
5 Ісус кажа ім: дзе́ці! Ці ёсьць у вас якая не́будзь ядоміна? Яны адказалі Яму: няма.
6 Ен жа сказаў ім: закіньце се́ці па правы бок чаўна і зловіце. Яны закінулі, ды ўжо не маглі выцягнуць се́ці ад масы рыбы.
7 Тады вучань, якога любіў Ісус, кажа Пятру: гэта Госпад. Сымон жа Пётр, пачуўшы, што гэта Госпад, падперазаўся (бо быў голы) і кінуўся ў мора;
8 а другія вучні прыплылі ў чоўне (бо недалёка былі ад зямлі, локцяў каля двухсот), цягнучы се́ць з рыбаю.
9 Калі ж выйшлі на зямлю, бачаць раскладзены агонь і на ім рыбу ды хле́б.
10 Ісус кажа ім: прынясе́це рыбы, якую вы цяпе́р злавілі.
11 Сымон Пётр пайшоў і выцягнуў на зямлю се́ць, поўную вялікіх рыбаў; іх было сто пяцьдзесят тры, і пры гэткім множстве се́ць не прарвалася.
12 Ісус кажа ім: ідзіце абе́дайце. З вучняў жа ніхто не адважыўся папытацца ў Яго: хто Ты? бо ўсе́ ве́далі, што гэта Госпад.
13 Ісус прыходзіць, бярэ хлеб і дае́ ім: таксама і рыбу.
14 Гэта ўжо трэці раз зьявіўся Ісус вучням Сваім пасьля ўваскрасе́ньня Свайго.
15 Калі ж яны абе́далі, Ісус кажа Сымону Пятру: Сымон Іонін, ці любіш ты Мяне́ больш, чым яны? Пётр кажа Яму: так, Госпадзі! Ты ве́даеш, што я люблю Цябе́. Ісус кажа яму: пасі аве́чкі Мае́.
16 Яшчэ кажа яму другі раз: Сымон Іонін! ці любіш ты Мяне́? Пётр кажа Яму: так, Госпадзі, Ты ве́даеш, што я люблю Цябе́. Ісус кажа яму: пасі аве́чкі Мае́.
17 І кажа яму трэці раз: Сымон Іонін! Ці: любіш ты Мяне́? Пётр засмуціўся, што трэці раз спытаўся ў яго: ці любіш ты Мяне́? і сказаў Яму: Госпадзі! Ты ўсё ве́даеш; Ты ве́даеш, што я люблю Цябе́! Ісус кажа яму: пасі аве́чкі Мае́!
18 Запраўды, запраўды кажу табе́: калі ты быў малады, дык падпяразваўся сам і хадзіў, куды хаце́ў; а як састарэеш, то выцягнеш рукі твае́, і другі цябе́ падперажэ і павядзе, куды ня схочаш.
19 Гэтае ж сказаў, паказуючы, якою сьмерцяю Пётр уславіць Бога. І, сказаўшы гэтае, кажа яму: ідзі за Мною.
20 Пётр жа, аглянуўшыся, бачыць за ім вучня, якога любіў Ісус, ды што на ве́чары, прыпаўшы да грудзе́й Яго, сказаў: Госпадзі! хто прадасьць Цябе́?
21 Убачыўшы яго, Пётр кажа Ісусу: Госпадзі! а ён што?
22 Ісус кажа яму калі Я хачу, каб ён ператрываў, пакуль прыду, што табе́ да гэтага? Ты йдзі за Мною!
23 І праняслося тое слова між братоў, што вучань той не памрэ. Але Ісус не сказаў яму, што не памрэ, а: калі Я хачу, каб ён ператрываў, пакуль прыду, што табе́ да гэтага?
24 Гэты вучань і сьве́дчыць аб гэтым і напісаў гэтае. І мы ве́даем, што праўдзівае сьвядоцтва яго.
25 Есьць і многа другога, што ўчыніў Ісус, але, каб напісаць гэтае асобна, дык, думаю, і самому сьве́ту не зьмясьціць бы напісаных кнігаў. Амін.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Паводле Іоана Сьвятое Эвангельле, 21 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч. Выдання 1926−1928 гадоў.
