1 Пасьля гэтага было сьвята Іудеўская, і прыйшоў Ісус у Ерузалім.
2 Есьць-жа ў Ерузаліме ля аве́чых варотаў купальня, што заве́цца по-евреўскі Вітэзда, з пяцьма стаўбамі.
3 Каля іх ляжала множства нядужых, сьляпых, кульгавых, ссохшых, што чакалі руху вады;
4 бо Ангел Гасподні час ад часу зыходзіў у купальню і каламуціў ваду; і хто пе́ршы ўваходзіў у яе́ пасьля ўскаламучаньня вады, той здараве́ў, на што бы ні хварэў.
5 І быў тут не́йкі чалаве́к, што хварэў трыдцаць восем ле́т.
6 Ісус, угле́дзіўшы яго ляжучы і даве́даўшыся, што ён ляжыць ужо даўгі час, кажа яму: ці хочаш паздаравець?
7 Хворы адказаў Яму: так, Госпадзі, але ня маю чалаве́ка, які спусьціў бы мяне́ ў купальню, калі ўскаламуціцца вада; калі-ж сам прыходжу, другі ўжо зыходзіць прада мною.
8 І кажа яму Ісус: устань, вазьмі ложак твой і хадзі.
9 І ён у тую-ж часіну стаўся здаровым і ўзяў ложак свой і пайшоў. Было-ж гэта ў суботу.
10 Дзеля гэтага Іудеі казалі аздароўленаму: сёньня субота, ня гожа табе́ браць ложак.
11 Ен адказаў ім: хто мяне́ аздаравіў, той мне сказаў: вазьмі ложак твой і хадзі.
12 Яго спыталіся: хто гэны чалаве́к, што сказаў табе́: вазьмі ложак твой і хадзі?
13 Аздароўлены-ж ня ве́даў, хто Ен, бо Ісус адыйшоўся ад народу, што быў у тым ме́йсцы.
14 Пасьля гэтага Ісус спаткаў яго ў царкве́ і сказаў яму: вось, ты цяпе́р здаровы, не грашы-ж больш, каб ня сталася табе́ не́шта горшае.
15 Чалаве́к гэны пайшоў і расказаў Іудеям, што гэта Ісус аздаравіў яго.
16 І пачалі за гэта Іудеі гнаць Ісуса і шукалі, як бы забіць Яго, што Ен рабіў гэткае ў суботу.
17 Ісус жа кажа ім: Аце́ц мой дагэтуль робіць, і Я раблю.
18 За гэта яшчэ больш шукалі Іудеі, якбы забіць Яго, што Ен ня толькі ломіць суботу, але і Айцом Сваім заве́ Бога, раўняючы Сябе́ да Бога.
19 На гэта Ісус сказаў: запраўды, запраўды кажу вам: Сын нічога ня можа рабіць Сам ад Сябе́, калі ня будзе бачыць робячы Айца, бо што робіць Ен, то і Сын робіць таксама.
20 Бо Аце́ц любіць Сына і паказвае Яму ўсё, што Сам робіць, дый пакажа Яму большыя дзе́яньні, чым гэтыя, ажно дзівавацца будзеце.
21 Бо як Аце́ц уваскрашае ўме́ршых і ажыўляе, — так і Сын ажыўляе, каго хоча.
22 Бо Аце́ц і ня судзіць нікога, але ўве́сь суд аддаў Сыну,
23 каб усе́ паважалі Сына, як паважаюць Айца. І хто не паважае Сына, не паважае і Айца, паслаўшага Яго.
24 Запраўды, запраўды кажу вам: хто слухае слова Маё і ве́рыць Паслаўшаму Мяне́, мае ве́чнае жыцьцё і на суд ня йдзе, але перайшоў ад сьме́рці ў жыцьцё.
25 Запраўды, запраўды кажу вам: прыйдзе час, дый ужо прыйшоў, калі ўме́ршыя пачуюць голас Сына Божага і, пачуўшы, ажывуць.
26 Бо як Аце́ц мае жыцьцё ў Сабе́, так і Сыну даў жыцьцё ме́ць у Сабе́;
27 і даў Яму ўладу й суд чыніць, бо Ен ёсьць Сын Чалаве́чы.
28 Ня дзівуйцеся гэтаму: бо прыйдзе час, калі ўсе́, што ў магілах, пачуюць голас Сына Божага,
29 і выйдуць, што добрае чынілі, на ўваскрашэньне жыцьця, а што благое чынілі — на ўваскрашэньне суда.
30 Я нічога не магу рабіць Сам ад Сябе́, як чую, так і суджу, і суд Мой праўдзівы, бо ня шукаю Мае́й волі, але волі паслаўшага Мяне́ Айца.
31 Калі сьве́дчу Сам аб Сабе́, то сьве́дчаньне Маё непраўдзівае.
32 Есьць другі, што сьведчыць аба Мне́, і, Я ве́даю, праўдзівае тое сьве́дчаньне, якім Ен сьве́дчыць аба Мне́.
33 Вы пасылалі да Іоана, і ён засьве́дчыў аб праўдзе.
34 Я ж не ад чалаве́ка прыймаю сьве́дчаньне, але кажу гэта, каб вы спасьліся.
35 Той быў сьве́тач, які гарэў і сьвяціў, а вы хаце́лі часіну паце́шыцца пры сьвятле́ Яго.
36 Я ж маю сьве́дчаньне большае за Іоанава: бо дзе́яньні, што Аце́ц даў Мне́ закончыць, самыя гэтыя дзе́яньні, што Я чыню, сьведчаць аба Мне́, што Аце́ц паслаў Мяне́.
37 І Аце́ц, Які паслаў Мяне́, Сам засьве́дчыў аба Мне́. А вы ані голасу Яго ніколі ня чулі, ані аблічча Яго ня бачылі,
38 і ня маеце слова Яго, што ў вас было-бы, бо ня ве́рыце Таму Каго Ен паслаў.
39 Перагле́дзьце Пісаньні: бо вы думаеце праз іх жыцьцё ве́чнае ме́ць, і яны сьве́дчаць аба Мне́.
40 Але вы ня хочаце прыйсьці да Мяне́ каб ме́ць жыцьцё.
41 Славы ад людзе́й не бяру,
42 але пазнаў вас: любві да Бога ня маеце у сабе́.
43 Я прыйшоў у імя Айца Майго, і ня прыймаеце Мяне́, а калі-б другі прыйшоў у сваё імя, таго прыймеце.
44 Як вы можаце ве́рыць, калі бярэце славу адзін ад аднаго, а славы, што ад Аднаго Бога, ня шукаеце.
45 Ня думайце, што Я буду вінаваціць вас перад Айцом: ёсьсць на вас абвінавальнік Майсе́й, на якога спадзяяцёся.
46 Бо, каб вы ве́рылі Майсею, то ве́рылі-б і Мне́, бо ён пісаў аба Мне́.
47 Калі-ж яго пісаньням ня ве́рыце, як Маім славам паве́рыце?
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Паводле Іоана Сьвятое Эвангельле, 5 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч. Выдання 1926−1928 гадоў.
