1 Я ёсьць запраўдная вінаградная лаза, а Аце́ц Мой вінаградар.
2 Усякую галіну ў Мяне́, якая не дае́ плоду, Ен адсякае; і ўсякую, што дае́ плод, абчышчае, каб больш пладоў давала.
3 Вы ўжо ачышчаны праз слова, што Я гаварыў вам.
4 Будзьце ж у-ва Мне́, і Я ў вас. Як галіна ня можа даваць плоду сама сабою, калі ня будзе на лазе́, так і вы, калі ня будзеце ў-ва Мне́.
5 Я лаза, а вы галіны;хто прабывае ў-ва Мне́ і Я ў ім, той прыносіць багата пладоў; бо без Мяне́ ня можаце рабіць нічога.
6 Хто ня будзе ў-ва Мне́, будзе выкінуты вон, як галіна, і засохне; а гэткія галіны зьбіраюць і кідаюць у вагонь, і яны згараць.
7 Калі будзеце ў-ва Мне́, і словы Мае́ ў вас будуць, то, чаго хочаце, прасіце, і станецца вам.
8 Гэтым уславіцца Аце́ц Мой, калі вы прынясе́це багаты плод і будзеце Маімі вучнямі.
9 Як палюбіў Мяне́ Аце́ц, так Я палюбіў вас; аставайцеся ж у любві Маей.
10 Калі выпаўніце запаведзі Мае́, будзеце ў любві Маёй, як і Я выпаўніў прыказаньні Айца Майго і астаюся ў Яго любві.
11 Гэтае сказаў Я вам, каб радасьць Мая ў вас была, і каб радасьць вашая была поўная.
12 Вось запаведзь Мая: любіце адзін аднаго, як Я палюбіў вас.
13 Ніхто ня мае любві большае за тую, калі хто аддасьць душу сваю за другаў сваіх.
14 Вы другі Маі, калі спаўняеце тое, што Я загадваю вам.
15 Я ўжо не называю вас слугамі, бо слуга ня ве́дае, што робіць гаспадар яго, а Я назваў вас другамі, бо ўсё, што чуў ад Айца Майго, сказаў вам.
16 Ня вы Мяне́ выбралі, але Я вас выбраў і паставіў вас, каб ішлі і прынасілі плод, і каб плод ваш трываў; каб, што папросіце ў Айца ў імя Мае́, даў вам.
17 Гэтае загадваю вам: любіце адзін аднаго.
18 Калі сьве́т вас ненавідзіць, ве́дайце, што Мяне́ раней за вас зьненавідзіў.
19 Калі б вы былі з сьве́ту, то сьвет любіў бы сваё, але як вы ня з сьве́ту, дык за гэта ненавідзіць вас сьве́т.
20 Памятайце слова, якое Я сказаў вам: слуга ня большы за гаспадара свайго. Калі Мяне́ перасьле́давалі, будуць перасьле́даваць і вас; калі Мае́ слова захавалі, і вашае слова захаваюць.
21 Але ўсё гэтае зробяць вам дзеля іме́ньня Майго, бо ня ве́даюць Таго, хто паслаў Мяне́.
22 Калі б Я ня прыйшоў і не гаварыў ім, то ня ме́лі б грэху; а цяпе́р ня маюць адгаворкі ў грэху сваім.
23 Хто Мяне́ ненавідзіць, ненавідзіць і Айца Майго.
24 Калі б Я не зрабіў сярод іх таго, чаго ніхто не рабіў, то ня ме́лі б грэху, а цяпе́р і бачылі і зьненавідзелі і Мяне́ і Айца Майго.
25 Але няхай споўніцца слова, напісанае ў законе іх; зьненавідзелі Мяне́ дарэмна (Псал. 68:5).
26 Калі ж прыйдзе Пацяшыцель, якога Я пашлю вам ад Айца, Дух Праўды, які ад Айца зыходзіць, Ен будзе сьве́дчыць аба Мне́.
27 Ды і вы будзеце сьве́дчыць, бо вы ад пачатку са Мною.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Паводле Іоана Сьвятое Эвангельле, 15 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч. Выдання 1926−1928 гадоў.
