Лукаша 3 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Сабілы і Малахава → Выдання 1926−1928 гадоў Л. Дзекуць-Малея 2x

 
 

У пятнаццаты ж год гаспадараньня Тыбэрыя кесара (і) гаспадаруючага Понція Пілата (у) Юдэі, і зьяўляючагася чацьвертаўладнікам Галілеі — Гірада, Піліпа ж, брата ягонага — зьяўляючагася чацьвертаўладнікам Ітурэі і Траханіцкай краіны, і Лісанія зьяўляючагася чацьвертаўладнікам (у) Абілінэі;
 
У пятнаццаты ж год панаваньня Тывэрыя ке́сара, калі Понці Пілат гаспадарыў у Юдэі, Ірад быў чацьвертаўладцаю ў Галілеі, Піліп, брат яго, чацьвертаўладцаю ў Ітурэі і Траханіцкай краіне, а Лісані чацьвертўладцою ў Авілене́і;

пры архірэях Ганьне і Каяхве было Слова Божае да Яана, Захаравага сына, у пустэльні.
 
пры архірэях Ганьне і Кайафе, быў голас Божы да Іоана, сына Захаравага, у пустыні.

І (ён) прайшоў па ўсёй ваколіцы Ярдану, абвяшчаючы хрышчэньне пакаяньня дзеля дараваньня грахоў,
 
І ён праходзіў па ўсіх ваколіцах Іорданскіх, прапаве́дываючы хрышчэньне пакаяньня дзеля адпушчэньня грахоў,

як напісана ў кнізе слоў Гісаі прарока, які кажа: голас крычачага ў пустэльні: прыгатуйце шлях Госпада, простымі зрабіце сьцежкі Яму;
 
як напісана ў кнізе слоў прарока Ісаі, які кажа: голас клікаючага ў пустыні: прыгатуйце шлях Госпаду, простымі зрабёце сьце́жкі Яму;

кожны дол няхай напоўніцца, і кожная гара і ўзгорак няхай панізіцца, і крывулі стануць простымі, і няроўныя дарогі (стануць) гладкімі;
 
усякі дол няхай напоўніцца, і ўсякая гара і ўзгорак няхай зьнізяцца, крывулі выпрастуюцца і няроўныя шляхі зробяцца гладкімі;

і ўбачыць кожнае цела збаўленьне Божае.
 
і ўгле́дзіць усякае це́ла спасе́ньне Божае (Ісая 40:3-5).

І вось казаў (ён) людзям, якія прыходзілі хрысьціцца ад яго: спародзьзе яхідзінавае! хто нахіліў вас уцякаць ад надыходзячага гневу?
 
І казаў Іоан народу, які прыходзіў хрысьціцца ў яго: плод ехідніны! хто перасьцярог вас, каб уцякалі ад будучага гне́ву?

Зрабіце ж плады годныя пакаяньня, і ня думайце гаварыць самі сабе: ба́цьку маем Абрагама, бо кажу вам, што Бог можа з каменьняў гэтых стварыць дзяцей Абрагаму.
 
Зрабе́це ж годныя пакаяньня плады і ня думайце гаварыць сабе́: „бацька ў нас Аўраам“; бо кажу вам, што Бог можа з каме́ньняў гэтых падняць дзяце́й Аўрааму.

Бо ўжо і сякера каля караня дрэваў ляжыць; усякае дрэва, якое плоду добрага ня прыносіць, сьсякаецца й кіда́ецца ў вагонь.
 
Ужо і сяке́ра ля караня дрэваў ляжыць; усякае дрэва, што плоду добрага ня прыносе, зрубаецца і кідаецца ў вагонь.

І пыталіся ў яго людзі, кажучы: што ж (нам) рабіць?
 
І спытаўся ў яго народ: што ж нам рабіць?

Адказаўшы ж (ён) ім гаворыць: хто мае дзьве адзежыны, той няхай дасьць таму, хто ня мае, і, хто мае ежу, няхай робіць гэтаксама.
 
Ен жа сказаў ім у адказ: у каго дзьве́ адзе́жыны, той дай таму, хто ня мае; і каго ёсьць е́жа, рабі тое ж.

Прыйшлі ж і мытнікі ахрысьціцца і сказалі яму: настаўнік! што на́м рабіць?
 
Прыйшлі і мытнікі хрысьціцца і сказалі яму: вучыцель! што нам рабіць?

Ён жа адказаў ім: нічога большага за загаданае вам ня спаганяйце.
 
Ен жа адказаў ім: нічога не бярэце больш таго, што назначана вам.

Пыталіся ў яго таксама і жаўнеры, кажучы: а нам што рабіць? І сказаў ім: ні ў ко́га ня вымагайце грошы і ня паклёпнічайце, і будзьце задаволены сваёй платай.
 
Пыталіся ў яго таксама і ваякі: а нам што рабіць? І сказаў ім: нікога ня крыўдзьце, не абмаўляйце і здавальняйцеся свае́ю платай.

Калі ж народ мучыўся думкай, і разважалі ўсе ў сэрцах сваіх пра Яана, ці ня Хрыстос ён,
 
Калі ж народ быў у недаўме́ньні, І ўсе́ думалі ў сэрцах сваіх аб Іоане, ці ня Хрыстос ён, —

адказаў Яан усім, кажучы: я сапраўды хрышчу вас вадою. Але ідзе Дужэйшы за мяне, у Якога я ня варты разьвязаць рамень абутку Ягонага; Ён будзе хрысьціць вас Духам Сьвятым і агнём;
 
Іоан усім адказаў: я хрышчу вас вадою, але йдзе́ Дужэйшы за мяне́, у каторага я ня варты разьвязаць раме́нь абуцьця: Ен будзе хрысьціць вас Духам Сьвятым і агнём;

і гархва Ягоная ў Руцэ Ягонай, і (Ён) ачысьціць гумно Сваё і зьбярэ пшаніцу ў сьвіран Свой, а мяккіну спаліць агнём няпагасным.
 
лапата Яго ў руцэ Яго і Ен ачысьціць гумно Свае́ і пазьбірае пшаніцу ў сьвіран свой, а салому спаліць агнём неўгасімым.

І вось, і многае другое, навучаючы, дабравесьціў (ён) народу.
 
Многа і другога прапаве́дываў ён народу, навучаючы яго.

Гірад жа чацьвертаўладнік, дакараны ім за Гірадзіяду, жонку брата ягонага Піліпа, і за ўсё, што Гірад зрабіў благога,
 
Ірад жа чацьвертаўладца, дакараны ім за Ірадзіяду, жонку брата яго, Піліпа, і за ўсё, што Ірад зрабіў благога,

дадаў да ўсяго і тое, што пасадзіў Яана ў вязьніцу.
 
дадаў да ўсяго іншага і тое, што пасадзіў Іоана ў вязьніцу.

І сталася, як хрысьціўся ўвесь народ, і Ісус ахрысьціўшыся маліўся, адчынілася неба,
 
І сталася, як хрысьціўся ўве́сь народ, і Ісус хрысьціўшыся маліўся, — адчынілася не́ба,

і зыйшоў на Яго Дух Сьвяты ў цялесным выглядзе, як галуб, і быў голас зь неба, ка́жучы: Ты Сын Мой улюблены, Цябе (Я) упадабаў!
 
і Дух Сьвяты зыйшоў на Яго ў цяле́сным выглядзе, як галуб, і быў голас з не́ба гаворачы: Ты Сын Мой Улюблены; цябе́ ўпадабаў Я.

І Сам Ісус быў гадоў каля трыццаці, пачынаючы (Сваё служэньне), і быў, як думалі, Сын Язэпаў, Íліяў,
 
Ісус, пачынаючы Свае́ служэньне, быў гадоў трыццацёх і быў, як думалі, сын Язэпаў, Іліяў,

Маттатаў, Ле́віяў, Ме́льхіяў, Яанаў, Язэпаў,
 
Матфанаў, Ле́віяў Мэльхіяў, Іоанаў, Язэпаў,

Маттаціяў, Амо́саў, Навумаў, Ясьлімаў, Нагеяў,
 
Матафіяў, Амосаў, Навумаў. Ясьлімаў, Наге́еў,

Маатаў, Маттаціяў, Самеяў, Язэпаў, Юдаў,
 
Маафаў, Матафіяў, Саме́йяў, Язэпаў, Юдзін,

Яананаў, Рысаяў, Зараба́бэляў, Салятыілаў, Нірыяў,
 
Іоананаў, Рысаеў, Зарававэлеў, Салафіілеў, Нірыеў,

Мэльхіяў, Адзіяў, Касамаў, Ялмадамаў, Іраў,
 
Мэльхіеў, Адзіеў, Касамаў, Ялмадамаў, Іраў,

Ясіяў, Яліязэраў, Іярымаў, Маттатаў, Ле́віяў,
 
Есіяў, Еліязэраў, Іярымаў, Матфатаў, Ле́віін,

Сымонаў, Юдаў, Язэпаў, Яананаў, Яліякімаў,
 
Сымэонаў, Юдзін, Язэпаў, Іоананаў, Еліакімаў,

Мэлеаяў, Маінанаў, Маттатаяў, Натанаў, Давідаў,
 
Мэлеаеў, Маінаінаў, Матафаеў, Натанаў, Давідаў,

Ясеяў, Абідаў, Баозаў, Салмонаў, Наасонаў,
 
Іясе́еў, Авідаў, Ваозаў, Салмонаў, Наасонаў.

Амінадабаў, Арамаў, Ясромаў, Хварэсаў, Юдаў,
 
Амінадаваў, Арамаў, Ясромаў, Фарэсаў, Юдзін,

Якубаў, Ісагакаў, Абрагамаў, Тараў, Нахораў,
 
Якаўлеў, Ісаакаў, Аўраамаў, Фарын, Нахораў,

Сэрухаў, Рагабаў, Хвалекаў, Ябераў, Салаў,
 
Сэрухаў, Рагаваў, Фалекаў, Яве́раў, Салін,

Каінанаў, Архваксадаў, Сэмаў, Нояў, Ламехаў,
 
Каінанаў, Арфаксадаў, Сімаў, Нояў, Ламе́хаў,

Матусалаў, Янохаў, Ярэдаў, Малеляіляў, Каінанаў,
 
Матусалаў, Янохаў, Іарэдаў, Малеляілаў, Каінанаў,

Яносаў, Сэтаў, Адамаў, Божы.
 
Еносаў, Сіфаў, Адамаў, Божы.