Марка 12 разьдзел

Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Сабілы і Малахава

 
 

І пачаў Ён казаць ім у прыпавесцях: Пасадзіў чалавек вінаграднік і абнёс агароджаю, і выкапаў выцікальню, і пабудаваў вежу, і здаў яго вінаградарам, і выехаў.
 
І пачаў гаварыць да іх у прыпавесьцях: чалавек насадзіў вінаграднік і абгарадзіў яго і выкапаў таўчэльню і пабудаваў вежу, і даручыў яго вінаградарам, і адлучыўся ў другую краіну.

І ў пэўны час паслаў да вінаградараў слугу, каб ён узяў у вінаградараў ад пладоў вінаградніка;
 
І паслаў да вінаградараў у (свой) час раба, каб (той) у вінаградараў узяў пладоў зь вінаградніку.

а тыя, схапіўшы яго, збілі і адаслалі ні з чым.
 
Але яны, схапіўшы яго зьбілі і адаслалі ні з чым.

І ён зноў паслаў да іх другога слугу і таго ранілі ў галаву і зняважылі30.
 
Тады (ён) ізноў паслаў да іх другога раба: і таго, зьбіўшы камянямі, разьбілі галаву і адаслалі зьняважыўшы.

І паслаў іншага; і таго забілі, і многіх іншых — каго збілі, каго забілі.
 
І ізноў другога паслаў: і таго забілі. І многіх іншых: адных зьбівалі, другіх забівалі.

У яго быў яшчэ адзін — улюбёны сын; ён паслаў яго апошнім да іх, кажучы: Пасаромеюцца майго сына.
 
І маючы аднаго свайго любага сына, урэшце яшчэ і яго паслаў да іх, кажучы: паўстыдаюцца сына майго.

А тыя вінаградары сказалі адзін аднаму: Гэта спадкаемец; хадзем заб’ём яго, і спадчына будзе наша.
 
Але гэныя вінаградары сказалі адзін воднаму: гэты ёсьць спадкаемец; пойдзем, заб’ем яго, і спадчына будзе нашая.

І, схапіўшы, яны забілі яго і выкінулі яго за вінаграднік.
 
І, схапіўшы яго, забілі і выкінулі прэч зь вінаградніку.

[Дык] што зробіць гаспадар вінаградніка? Прыйдзе і знішчыць вінаградараў і аддасць вінаграднік іншым.
 
Дык што зробіць гаспадар вінаградніку? Прыйдзе ды пазабівае вінаградараў, і аддасьць вінаграднік другім.

Няўжо вы і гэтага ў Пісанні не чыталі: «Камень, які адкінулі будаўнікі, — ён зрабіўся галавою вугла;
 
Няўжо (вы) ня чыталі гэтага ў Пісаньні?: «Камень, Які адкінулі будаўнічыя, Ён стаўся Галавою вугла.

ад Госпада зрабілася гэта, і яно дзіўнае ў нашых вачах»?
 
Ад Госпада сталася гэта і (гэта) дзіўна ў вачах нашых». (Пс. 118:22−23)

І стараліся Яго схапіць, ды баяліся натоўпу, бо зразумелі, што, маючы іх на ўвазе, сказаў Ён прыпавесць. І, пакінуўшы Яго, адышлі.
 
І памыкаліся схапіць Яго, але збаяліся народу; бо ўразумелі, што пра іх сказаў прыповесьць; і пакінуўшы Яго, адыйшлі.

І пасылаюць да Яго некаторых з фарысеяў і з ірадыян, каб прылавіць Яго на слове.
 
І падсылаюць да Яго нікаторых хварысэяў і гірадзіянаў, каб падлавілі Яго на слове.

І тыя, прыйшоўшы, кажуць Яму: Настаўніку, мы ведаем, што Ты праўдзівы і ні на кога не зважаеш: бо не глядзіш на аблічча людзей, а па праўдзе вучыш Божай дарозе; ці дазваляецца даваць падаткі кесару ці не? Даваць нам ці не даваць?
 
І яны, прыйшоўшы, кажуць Яму: Настаўнік! (мы) ведаем, што Ты справядлівы, і ня дагаджаеш нікому, бо ня глядзіш на аблічча людзей, але па праўдзе шляху Божаму вучыш. Ці дазваляецца даваць падатак кесару ці не?

Ён жа, ведаючы іх крывадушнасць, казаў ім: Што вы Мяне спакушаеце? Нясіце Мне дынарый, каб я паглядзеў.
 
Даваць ці ня даваць? Ён жа, ведаючы іх крывадушнасьць, сказаў ім: што спакушаеце Мяне? Прынясіце Мне дынар, каб (Я) убачыў (яго).

Яны і прынеслі. І Ён кажа ім: Чыя гэта выява і надпіс? — І яны сказалі Яму: Кесаравы.
 
І яны прыне́сьлі. І кажа ім: чыя гэта выява і надпіс? І яны сказалі Яму: кесаравыя.

Ісус жа сказаў ім: Кесарава аддавайце кесару, а Божае — Богу. — І яны вельмі здзіўляліся Яму.
 
І, адказаўшы, Ісус сказаў ім: аддавайце кесаравае кесару, а Божае Богу. І зьдзівіліся зь Яго.

І прыходзяць да Яго садукеі, якія кажуць, што няма ўваскрэсення, і пытаюцца ў Яго, кажучы:
 
І прыходзяць да Яго саддукеі, якія кажуць, (што) уваскрасеньня няма, і запыталі Яго, кажучы:

Настаўніку, Маісей напісаў нам, што калі ў каго брат памрэ і пакіне жонку і не пакіне дзіцяці, то няхай яго брат возьме жонку і ўзновіць патомства свайму брату.
 
Настаўнік! Масей напісаў нам, што калі чый-небудзь брат памрэ, і пакіне жонку, а дзяцей ня пакіне, дык каб брат ягоны ўзяў жонку ягоную і адрадзіў семя брату свайму.

Было сем братоў: і першы ўзяў жонку і, паміраючы, не пакінуў патомства;
 
Сем братоў было: і першы ўзяў жонку і, паміраючы, ня пакінуў дзяцей;

і другі ўзяў яе і памёр, не пакінуўшы патомства; і трэці таксама;
 
і другі ўзяў яе і памёр, і ён ня пакінуў насеньня, гэтаксама і трэйці.

і сем не пакінулі патомства. Пасля ўсіх памерла і жанчына.
 
І бралі яе сямёра, і ня пакінулі семяні. Пасьля ўсіх памерла і жонка.

[Дык] пры ўваскрэсенні, [калі яны ўваскрэснуць], каго з іх яна будзе жонкаю? Бо яна была ў сямі.
 
Дык вось, пры ўваскрасэньні, калі ўваскрэснуць, каторага зь іх будзе яна жонкаю, бо сямёра мелі яе за жонку?

Ісус сказаў ім: Ці не таму вы памыляецеся, што не ведаеце ні Пісанняў, ані сілы Божай?
 
І, адказаўшы, Ісус сказаў ім: ці ня з-за таго вы памыляецеся, ня ведаючы Пісаньня, ні сілы Бога?

Бо калі ўваскрэснуць з мёртвых, не жэняцца і не выходзяць замуж, а будуць, як Анёлы ў нябёсах.
 
Бо калі ўваскрэснуць ізь мёртвых, (то ўжо) ня жэняцца, ня выходзяць замуж, але прабываюць, як Ангелы на Нябёсах.

Пра мёртвых жа, што яны ўваскрэснуць, хіба не чыталі вы ў Маісеевай кнізе, як Бог пры кусце прамовіў яму, кажучы: «Я Бог Аўраамаў, і Бог Ісаакаў, і Бог Іякаваў»?
 
А пра мёртвых, што яны ўваскрашаемы, хíба (вы) ня чыталі ў кнізе Масея, калі Бог сказаў яму каля цярнёвага кусту, кажучы: Я Бог Абрагамаў і Бог Ісагакаў, і Бог Якубаў?

Ён Бог не мёртвых, а жывых; вы вельмі памыляецеся.
 
Ён ёсьць ня Бог мёртвых, але Бог жывых. Пагэтаму вы дужа памыляецеся.

І, падышоўшы, адзін з кніжнікаў, які чуў, як яны спрачаюцца, і бачачы, што добра Ён адказаў ім, спытаўся ў Яго: Якая запаведзь першая з усіх?
 
І падыйшоўшы адзін із кніжнікаў, пачуўшы іхныя спрэчкі, уразумеўшы, што Ісус правільна ім адказаў, спытаўся ў Яго: якое першае з усіх прыказаньняў?

Ісус адказаў: Першая [з усіх запаведзяў]: «Слухай, Ізраіле! Госпад, наш Бог, — Госпад адзіны;
 
Ісус жа адказаў яму: першае з усіх прыказаньняў: слухай Ізраэль! Госпад, Бог наш, ёсьць Госпад адзіны;

і любі Госпада, твайго Бога, усім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсім тваім розумам, і ўсёю тваёю сілай», [— вось першая запаведзь].
 
і палюбі Госпада, Бога твайго, ад усяго сэрца твайго і ад усёй душы тваёй, і ад усяго розума твайго, і ад усёй сілы тваёй. Гэта першае прыказаньне.

Другая гэта31: «Любі твайго блізкага, як самога сябе». Няма іншай запаведзі большай за гэтыя.
 
І другое падобнае яму: палюбі бліжняга твайго, як самога сябе. Больш за гэтыя другога прыказаньня няма.

І кніжнік сказаў Яму: Добра, Настаўніку! Па праўдзе сказаў Ты, што ёсць Ён32 адзін і няма іншага, акрамя Яго;
 
І сказаў Яму кніжнік: добра, Настаўнік! Праўду сказаў Ты, што адзін ёсьць Бог і няма другога, акрамя Яго,

і любіць Яго ўсім сэрцам, і ўсім разуменнем, і ўсёю сілаю, і любіць блізкага, як самога сябе, гэта больш за ўсе ўсёспаленні і ахвяры.
 
і любіць Яго ад усяго сэрца, і ад усяго разуменьня, і ад усёй душы, і ад усёй сілы, і любіць бліжняга, як само́га сябе — больш за ўсіх усеспаленьняў і ахвяраў.

І Ісус, убачыўшы, што ён разумна адказаў, сказаў яму: Недалёка ты ад Царства Божага. — І ніхто больш не адважваўся пытацца ў Яго.
 
І Ісус бачучы, што ён разумна адказаў, сказаў яму: нядалёка ты ад Валадарства Бога. І ніхто ўжо ня адважваўся задаваць Яму пытаньні.

І, азваўшыся, Ісус казаў, навучаючы ў святыні: Як гэта кажуць кніжнікі, што Хрыстос — Давідаў сын?
 
І пачаўшы гаварыць Ісус казаў, навучаючы ў Сьвятыні: на якой падставе кніжнікі кажуць, што Хрыстос ёсьць Сын Давідавы?

Сам Давід сказаў у Святым Духу: «Сказаў Госпад майму Госпаду: Сядзі праваруч Мяне, пакуль Я не пакладу Тваіх ворагаў пад Твае ногі»33.
 
Бо сам Давід сказаў у Духу Сьвятым: сказаў Госпад Госпаду майму: сядзі праваруч Мяне, пакуль пакладу ворагаў Тваіх падножжам Ног Тваіх?

Сам Давід называе Яго Госпадам: дык як жа Ён яго сын? — І вялікі натоўп з асалодаю слухаў Яго.
 
Дык сам Давід называе Яго Госпадам. І як жа Ён Сын яму? І мноства народу слухала Яго з асалодаю.

І ў Сваёй навуцы Ён казаў: Сцеражыцеся кніжнікаў, што любяць праходжвацца ў доўгіх шатах і каб віталі іх на рыначных плошчах,
 
І казаў ім у вучэньні Сваім: асьцерагайцеся кніжнікаў, якія любяць хадзіць у доўгіх вопратках і (прынімаць) вітаньні на народных сходах,

і любяць першыя лавы ў сінагогах і першыя месцы на банкетах,
 
і першыя мейсцы ў сынагогах, і ляжаць на першых мейсцах на гасьцінах,

што праядаюць удовіны дамы і напаказ доўга моляцца; гэтыя атрымаюць большы прысуд.
 
якія пажыраюць дамы ўдоваў і напаказ доўга моляцца: яны атрымаюць большую асу́ду.

І, сеўшы насупроць скарбніцы, Ён глядзеў, як натоўп кладзе грошы ў скарбніцу. І многія багацеі шмат клалі.
 
І, сеўшы насупраць скарбніцы, Ісус назіраў, як народ кíдае медзякí ў скарбніцу. І многія багатыя кíдалі шмат.

І прыйшла адна ўбогая і паклала дзве лепты, гэта значыць кадрант.
 
І падыйшоўшы адна бедная ўдава кінула дзьве лепты, што ёсьць кадрант.

І, паклікаўшы Сваіх вучняў, Ён сказаў ім: Сапраўды кажу вам: гэтая ўбогая ўдава паклала больш за ўсіх, што клалі ў скарбніцу;
 
І паклікаўшы вучняў Сваіх (Ісус) кажа ім: Праўду кажу вам, што гэтая бедная ўдава ўкінула больш за ўсіх тых, што кінулі ў скарбніцу.

бо ўсе ад сваіх лішкаў клалі, яна ж ад сваёй нястачы, усё, што мела, паклала, увесь свой пражытак.
 
Бо ўсе кінулі ад лішкаў сваіх, а яна ад нястачы сваёй усё, што мела: увесь пражытак свой.