1 да Цімафея 3 разьдзел

Першае пасланьне да Цімафея
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Слушнае слова: калі хто імкнецца да епіскапства — добрай працы ён прагне.
 
Вернае слова: калі хто імкнецца мець нагляд, добрае працы зыча.

Дык біскуп павінен быць беззаганным, мужам адной жонкі, цвярозым, разважлівым, сумленным, гасцінным, здольным навучаць;
 
Але нагляднік (япіскап) мае быць беззаганны, муж аднае жонкі, цьвярозы, разумны, прыходны, гасьцінны, здольны вучыць,

не п’яніцам, не забіякам, а прыязным, несварлівым, не срэбралюбцам;
 
Ня п’яніца, ня бітун, але лагодны, несьпярэчлівы, не прагавіты,

каб добра кіраваў домам, трымаў дзяцей у паслухмянасці з усёй годнасцю
 
Што добра радзе дамову сваю, мае дзеці свае ў паслухменстве з усёй пасьцівасьцяй;

(А алі хто ўласным домам кіраваць не ўмее, як ён будзе клапаціцца пра Божую царкву?);
 
Бо хто ня знае як радзіць дамову сваю, як ён можа апекавацца царквою Божай?

не новадалучаным, каб ён, надзьмуўшыся пыхаю, не падпаў пад суд, што і д’ябал.
 
Ня мае быць нова-навернены, каб, будучы пыхаты, ня ўпаў у віну дзявальскую.

Трэба, каб ён меў і добрае сведчанне ад тых, хто звонку царквы, каб яму не ўпасці ў ганьбу і пастку д’ябла.
 
Але надабе, каб празь яго таксама добра сьветчылі звонку, каб ня ўпаў пад упікі і ў пастку дзявальскую.

Таксама дыяканы павінны быць паважныя, не двудушныя, якія не надужываюць віна, не хцівыя,
 
Дзяканы маюць таксама быць зважныя, ня двуслоўныя, не адданыя шмат віну, ня шукаючыя не справядлівае карысьці,

тыя, што маюць таямніцу веры ў чыстым сумленні.
 
Дзержачыя тайну веры з чыстым сумленьням.

Няхай жа і яны спярша будуць выпрабаваны, а пасля хай служаць, калі яны бездакорныя.
 
Хай яны таксама спачатку будуць выпрабаваныя; тады, будучы беззаганнымі, няхай служаць.

Таксама жанчыны павінны быць паважаныя, не паклёпніцы, цвярозыя, верныя ва ўсім.
 
Жонкі таксама хай будуць зважныя, не абмоўцы, цьвярозыя, у вусім верныя.

Дыяканы няхай будуць мужамі адной жонкі, якія добра кіруюць сваімі дзецьмі і ўласнымі дамамі.
 
Дзяканы хай будуць мужы аднае жонкі, каторыя добра кіравалі б дзеці свае й дом свой;

Бо тыя, хто добра паслужыў, набываюць сабе добрае становішча і вялікую адвагу ў веры, якая ў Хрысце Ісусе.
 
Бо тыя, што добра служылі б, адзяржаць сабе добрае становішча і вялікую адвагу ў веры, каторая ў Хрысту Ісусу.

Гэта пішу табе, спадзеючыся хутка прыйсці да цябе.
 
Гэта пішу табе, спадзяючыся неўзабаве прыйсьці да цябе,

А калі я запазнюся, каб ты ведаў, як трэба паводзіць сябе ў Божым доме, які ёсць Царква жывога Бога — слуп і падпора праўды.
 
Але, калі забаўлюся, каб ты ведаў, як маеш паступаць у доме Божым, каторы ё Царква Бога Жывога, стоўп а под праўды.

І агульнапрызнана, вялікая таямніца пабожнасці: Хто1 з’явіўся ў целе, апраўдаў Сябе ў Духу, стаў бачны Анёлам, пра Яго абвясцілі народам, у Яго ўверавалі ў свеце і Ён быў узнесены ў славе.
 
І яўна вялікая тайна набожнасьці: Бог зьявіўся ў целе, аправіўся ў Духу, быў бачаны ангіламі, абяшчаны ў народах, уверылі ў Яго на сьвеце, узяты ў гарыню ў славе.