1 да Цімафея 3 разьдзел
Першае пасланьне да Цімафея
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Яна Станкевіча
Гэта слова годнае веры: калі хто жадае біскупства, ён жадае добрай справы.
Вернае слова: калі хто імкнецца мець нагляд, добрае працы зыча.
Таму біскуп павінен быць бездакорным, мужам адной жонкі, цвярозым, разважлівым, прыстойным, гасцінным, здольным навучаць,
Але нагляднік (япіскап) мае быць беззаганны, муж аднае жонкі, цьвярозы, разумны, прыходны, гасьцінны, здольны вучыць,
не схільным да п’янства, не сварлівым, але спагадлівым, міралюбным і не прагным да грошай.
Ня п’яніца, ня бітун, але лагодны, несьпярэчлівы, не прагавіты,
Ён павінен добра кіраваць уласным домам і трымаць дзяцей у паслухмянасці з усёй пашанаю.
Што добра радзе дамову сваю, мае дзеці свае ў паслухменстве з усёй пасьцівасьцяй;
Бо, калі хто не ўмее кіраваць уласным домам, як жа зможа клапаціцца аб Касцёле Божым?
Бо хто ня знае як радзіць дамову сваю, як ён можа апекавацца царквою Божай?
Ён не павінен быць неафітам, каб не заганарыўся і не патрапіў пад д’ябальскае асуджэнне.
Ня мае быць нова-навернены, каб, будучы пыхаты, ня ўпаў у віну дзявальскую.
Ён павінен таксама мець добрае сведчанне ад тых, хто звонку, каб не патрапіць у пагарду і пастку д’ябла.
Але надабе, каб празь яго таксама добра сьветчылі звонку, каб ня ўпаў пад упікі і ў пастку дзявальскую.
Таксама і дыяканы павінны быць годнымі, некрывадушнымі, не павінны злоўжываць віном і быць карыслівымі.
Дзяканы маюць таксама быць зважныя, ня двуслоўныя, не адданыя шмат віну, ня шукаючыя не справядлівае карысьці,
Павінны захоўваць таямніцу веры ў чыстым сумленні.
Дзержачыя тайну веры з чыстым сумленьням.
І такіх трэба спачатку выпрабоўваць, а потым няхай служаць, калі будуць бездакорнымі.
Хай яны таксама спачатку будуць выпрабаваныя; тады, будучы беззаганнымі, няхай служаць.
Жанчыны таксама няхай будуць годнымі, не пляткаркамі, цвярозымі, вернымі ва ўсім.
Жонкі таксама хай будуць зважныя, не абмоўцы, цьвярозыя, у вусім верныя.
Няхай дыякан будзе мужам адной жонкі, няхай добра кіруе дзецьмі і ўласным домам.
Дзяканы хай будуць мужы аднае жонкі, каторыя добра кіравалі б дзеці свае й дом свой;
Бо тыя, хто добра служыў дыяканам, здабываюць сабе годнае становішча і вялікую адвагу ў веры ў Езусе Хрысце.
Бо тыя, што добра служылі б, адзяржаць сабе добрае становішча і вялікую адвагу ў веры, каторая ў Хрысту Ісусу.
Пішу табе гэта, маючы надзею неўзабаве прыбыць да цябе.
Гэта пішу табе, спадзяючыся неўзабаве прыйсьці да цябе,
Калі буду спазняцца, то ведай, як трэба паводзіць сябе ў доме Божым, які з’яўляецца Касцёлам жывога Бога, стаўпом і апірышчам праўды.
Але, калі забаўлюся, каб ты ведаў, як маеш паступаць у доме Божым, каторы ё Царква Бога Жывога, стоўп а под праўды.
І мы згодна прызнаём, што гэта вялікая таямніца пабожнасці: Той, хто з’явіўся ў целе, быў апраўданы ў Духу, з’явіўся анёлам, быў абвешчаны язычнікам, знайшоў веру ў свеце і быў узнесены ў славе.
І яўна вялікая тайна набожнасьці: Бог зьявіўся ў целе, аправіўся ў Духу, быў бачаны ангіламі, абяшчаны ў народах, уверылі ў Яго на сьвеце, узяты ў гарыню ў славе.