Лукаша 24 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Антонія Бокуна
А ў першы дзень тыдня, вельмі рана, несучы́ падрыхтава́ныя духмя́насці, яны прыйшлí да магілы, і іншыя з імі;
А ў першы дзень пасьля суботы вельмі рана прыйшлі яны да магілы, несучы́ падрыхтаваныя духмянасьці, і разам з імі некаторыя другія.
але знайшлі, што ка́мень адва́лены ад магілы,
І знайшлі камень, адвалены ад магілы.
і, увайшо́ўшы, не знайшлі це́ла Госпада Іісуса.
І ўвайшоўшы, не знайшлі цела Госпада Ісуса.
І ста́лася: калі яны былí ў недаўме́нні ад гэтага, вось з’явіліся перад імі два мужы́ ў бліску́чым адзе́нні.
І сталіся яны зьбянтэжаныя ад гэтага, і вось, сталі перад імі два мужы ў бліскучым адзеньні.
Калі ж яны спалохаліся і схілíлі тва́ры да зямлі, тыя сказалі ім: што́ вы шука́еце жывога сярод мёртвых?
Калі ў страху схілілі яны абліччы да зямлі, тыя сказалі ім: «Што вы шукаеце жывога сярод мёртвых?
Яго няма тут, Ён уваскрэс; успо́мніце, як Ён гаварыў вам, калі быў яшчэ ў Галіле́і,
Яго няма тут, але Ён уваскрос. Узгадайце, як Ён казаў вам, калі быў яшчэ ў Галілеі,
ка́жучы, што Сын Чалавечы ма́е быць адда́дзены ў ру́кі людзей грэшных, і быць распя́ты, і на трэці дзень ўваскрэ́снуць.
кажучы, што Сын Чалавечы мусіць быць выдадзены ў рукі людзей грэшных, і быць укрыжаваным, і на трэці дзень уваскрэснуць».
І ўспомнілі яны словы Яго,
І ўзгадалі яны словы Ягоныя.
і, вярну́ўшыся ад магілы, паве́дамілі ўсё гэта адзіна́ццаці і ўсім іншым.
І, вярнуўшыся ад магілы, паведамілі пра гэта ўсім Адзінаццаці і ўсім іншым.
Былí ж гэта Магдалíна Марыя, і Іаанна, і Марыя, маці Іакава, і іншыя з імі, якія сказалі пра гэта Апосталам.
А былі гэта Марыя Магдалена, і Яанна, і Марыя Якубава, і іншыя з імі, што сказалі пра гэта апосталам.
І здалíся ім пусты́мі сло́вы гэтыя, і не паве́рылі ім.
І падаліся ім словы іхнія пустымі, і не паверылі ім.
Але Пётр, устаўшы, пабег да магілы і, нахілíўшыся, убачыў, што толькі пало́тны ляжаць; і пайшоў назад, здзіўля́ючыся ў сабе таму, што адбыло́ся.
А Пётар, устаўшы, пабег да магілы і, нахіліўшыся, бачыць прасьціну, што ляжала асобна, і адыйшоў, зьдзіўляючыся ў сабе з таго, што сталася.
І вось двое з іх у той жа дзень ішлі ў пасе́лішча, якое знахо́дзілася ста́дыях у шасцíдзесяці ад Іерусаліма і называ́лася Эмау́с;
І вось, у той жа дзень двое з іх ішлі ў мястэчка, што на адлегласьці ў шэсьцьдзесят стадыяў ад Ерусаліму, называнае Эмаус.
і яны размаўля́лі між сабою пра ўсё тое, што адбылося.
І яны гутарылі між сабою пра ўсе гэтыя здарэньні.
І ста́лася: калі яны размаўлялі і разважа́лі, Сам Іісус, наблíзіўшыся, пайшоў з імі,
І сталася, калі яны гутарылі і разважалі між сабою, вось, Сам Ісус, падыйшоўшы, пайшоў з імі.
але вочы іх былí стры́маны, так што яны не пазналі Яго.
Вочы ж іхнія былі стрыманыя, дык не пазналі Яго.
Ён жа сказаў ім: пра што гэта вы, ідучы́, разважа́еце між сабою і чаму такія засму́чаныя?
Ён жа сказаў ім: «Што гэта за словы вы гаворыце між сабою, ідучы, і чаму вы панурыя?»
У адказ адзін, імя́ якога Клео́па, сказаў Яму: Ты адзíны з падаро́жных у Іерусаліме не ведаеш пра тое, што адбыло́ся ў ім у гэтыя дні?
Адказваючы, адзін з іх, на імя Кляопа, сказаў Яму: «Ці ты адзін з вандроўнікаў у Ерусаліме і ня ведаеш, што сталася ў ім у гэтыя дні?»
І сказаў ім: пра што́ Яны ж сказалі Яму: пра тое, што адбыло́ся з Іісусам Назаранíнам, Які быў прарок, моцны ў справе і слове перад Богам і ўсім народам,
І Ён сказаў ім: «Што?» Яны ж сказалі Яму: «Пра Ісуса з Назарэту, Які быў прарок, магутны ў справе і слове перад Богам і ўсім народам;
і як вы́далі Яго першасвятары́ і начальнікі нашы для асуджэ́ння на смерць і распя́лі Яго;
як выдалі Яго першасьвятары і начальнікі нашыя на прысуд сьмяротны і ўкрыжавалі Яго?
а мы спадзява́ліся, што Ён Той, Хто павíнен вы́бавіць Ізра́іля, але пры ўсім гэтым, сёння трэці дзень, як гэта ста́лася;
А мы спадзяваліся, што Ён ёсьць Той, Які мае адкупі́ць Ізраіль. Але да ўсяго гэтага вось ужо трэці дзень сёньня, як тое сталася.
але і некаторыя жанчыны з нашых ура́зілі нас: пабыва́ўшы ра́на каля магілы
Але некаторыя жанчыны з нашых зьдзівілі нас: быўшы раніцай ля магілы
і не знайшо́ўшы це́ла Яго, яны прыйшлі і казалі, што бачылі і яўле́нне Ангелаў, якія кажуць, што Ён жывы́;
і не знайшоўшы цела Ягонага, яны прыйшлі, кажучы, што ўгледзелі відзеж анёлаў, якія кажуць, што Ён жывы.
і пайшлі некаторыя з нашых да магілы і знайшлі ўсё так, як і жанчыны сказалі, але Яго не бачылі.
І пайшлі некаторыя з нашых да магілы, і знайшлі так, як і казалі жанчыны, а Яго ня бачылі».
І Ён сказаў ім: о, неразва́жлівыя і мару́длівыя сэ́рцам, каб верыць усяму, што гаварылі прарокі!
І Ён сказаў ім: «О, бяздумныя і павольныя сэрцам, каб верыць усяму, што гаварылі прарокі!
ці не так нале́жала адпаку́таваць Хрысту і ўвайсці ў славу Сваю?
Ці ж ня гэтак трэба было цярпець Хрысту і ўвайсьці ў славу Сваю?»
І, пачаўшы ад Маісея і ад прарокаў, тлума́чыў ім ва ўсім Пісанні тое, што ска́зана пра Яго.
І, пачаўшы ад Майсея і ўсіх прарокаў, тлумачыў ім усё, што напісана пра Яго.
І наблíзіліся яны да пасе́лішча, у якое ішлі; і Ён рабіў вы́гляд, што пойдзе дале́й;
І наблізіліся яны да таго мястэчка, куды ішлі; і Ён паказаў, што ідзе далей.
а яны затры́млівалі Яго, ка́жучы: заста́нься з намі, бо вечарэ́е і дзень на зыхо́дзе. І Ён увайшоў, каб застацца з імі.
І яны затрымлівалі Яго, кажучы: «Застанься з намі, бо дзень ужо схіліўся да вечара». І Ён увайшоў, каб застацца з імі.
І ста́лася: калі Ён узляжа́ў з імі, то, узяўшы хлеб, благаславíў і, пераламíўшы, даваў ім.
І сталася, калі Ён узьлягаў разам з імі, Ён, узяўшы хлеб, дабраславіў, паламаў і даў ім.
І адкры́ліся ў іх вочы, і яны пазна́лі Яго, ды Ён стаў няба́чны для іх.
І адчыніліся вочы іхнія, і яны пазналі Яго, а Ён стаўся нябачным для іх.
І сказалі яны адзін аднаму: хіба́ не гарэ́ла наша сэрца ў нас, калі гаварыў Ён з намі па дарозе і калі тлума́чыў нам Пісанне?
І казалі яны адзін аднаму: «Ці ж не гарэла ў нас сэрца нашае, калі Ён гаварыў да нас у дарозе і калі адчыняў нам Пісаньне?»
І, уста́ўшы ў той жа час, яны вярну́ліся ў Іерусалім і знайшлí сабра́ных разам адзіна́ццаць і тых, што былí з імі,
І, устаўшы ў тую ж гадзіну, вярнуліся ў Ерусалім, і знайшлі разам Адзінаццаць і тых, што з імі,
якія гаварылі, што Гасподзь сапраўды́ ўваскрэ́с і явíўся Сíману.
якія гаварылі, што Госпад сапраўды ўваскрос і зьявіўся Сымону.
А яны расказвалі, што́ было́ ў дарозе і як яны пазна́лі Яго пры пераламле́нні хле́ба.
І яны распавялі, што здарылася ў дарозе, і як пазналі Яго ў ламаньні хлеба.
Калі ж яны гаварылі пра гэта, Сам Іісус стаў пасяро́д іх і сказаў: мір вам.
Калі ж яны гэтак гаварылі, Сам Ісус стаў сярод іх і кажа ім: «Супакой вам!»
Яны ж, суме́ўшыся і спало́хаўшыся, думалі, што бачаць духа;
Яны, жахнуўшыся і спалохаўшыся, падумалі, што бачаць духа.
а Ён сказаў ім: чаго вы збянтэ́жаныя і чаму сумне́нні ўвахо́дзяць у сэ́рцы вашы?
І Ён сказаў ім: «Што вы стрывожыліся? І чаму такія думкі ўваходзяць у сэрцы вашыя?
паглядзíце на рукі Мае́ і на ногі Мае́: гэта Я Сам; дакранíцеся да Мяне і паглядзíце: дух не ма́е пло́ці і касце́й, што, як бачыце, Я ма́ю.
Паглядзіце на рукі Мае і на ногі Мае, бо гэта Я Сам. Дакраніцеся да Мяне і пабачце, бо дух цела і костак ня мае, што, як бачыце, Я маю».
І, сказаўшы гэта, паказаў ім ру́кі і ногі.
І, сказаўшы гэтае, паказаў ім рукі і ногі.
Калі ж яны яшчэ не верылі ад радасці і здзіўля́ліся, Ён сказаў ім: ці ёсць у вас тут якая ежа?
Калі ж яны ад радасьці яшчэ ня верылі і зьдзіўляліся, Ён сказаў ім: «Ці маеце тут якую ежу?»
Яны ж падалí Яму кавалак пе́чанай рыбы і мёду ў сотах.
Яны ж далі Яму частку печанай рыбы і сотавага мёду.
І, узяўшы, Ён перад імі з’еў
І, узяўшы, Ён еў перад імі.
і сказаў ім: вось словы, якія Я гаварыў вам, калі яшчэ быў з вамі, што павінна здзе́йсніцца ўсё, напíсанае ў законе Маісеевым і ў прарокаў, і ў псалма́х пра Мяне.
І сказаў ім: «Вось тыя словы, якія Я гаварыў вам, калі яшчэ быў з вамі, што мусіць споўніцца ўсё, што напісана пра Мяне ў Законе Майсея, і ў Прарокаў, і ў Псальмах».
Тады Ён адкрыў ім розум для разуме́ння Пісанняў
Тады адчыніў ім розум дзеля зразуменьня Пісаньня.
і сказаў ім: так напíсана і так нале́жала адпаку́таваць Хрысту і ўваскрэ́снуць з мёртвых на трэці дзень,
І сказаў ім: «Так напісана і так належала цярпець Хрысту, і ўваскрэснуць з мёртвых на трэці дзень.
і каб было прапаве́дана ў імя́ Яго пакая́нне і адпушчэ́нне грахоў ва ўсіх народах, пачына́ючы з Іерусаліма;
І будзе абвешчана ў імя Ягонае навяртаньне і адпушчэньне грахоў у-ва ўсіх народах, пачынаючы ад Ерусаліму.
вы ж све́дкі гэтага;
А вы — сьведкі гэтага.
і вось Я пашлю́ абяца́нае Айцом Маім на вас; а вы застава́йцеся ў горадзе Іерусаліме, пакуль не апра́нецеся сілаю з вышынí.
І вось, Я пасылаю абяцаньне Айца Майго на вас. Вы ж заставайцеся ў горадзе Ерусаліме, пакуль не апранецеся моцаю звыш».
І Ён вы́веў іх да Віфа́ніі і, узня́ўшы ру́кі Свае, благаславíў іх.
І вывеў іх вонкі да Бэтаніі, і, падняўшы рукі Свае, дабраславіў іх.
І ста́лася: калі Ён благаслаўля́ў іх, то пачаў аддаля́цца ад іх і ўзно́сіцца на неба.
І сталася, калі дабраслаўляў іх, стаў аддаляцца ад іх і быў узьнесены ў неба.
І яны пакланíліся Яму і вярну́ліся ў Іерусалім з радасцю вялікаю,
І яны, пакланіўшыся Яму, вярнуліся ў Ерусалім з вялікай радасьцю,
і былí заўсёды ў храме, хва́лячы і благаслаўля́ючы Бога. Амінь.
і былі ўсьцяж у сьвятыні, хвалячы і дабраслаўляючы Бога. Амэн.