Лукаша 19 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Антонія Бокуна
І ўвайшоўшы, Ён праходзіў праз Іерыхон.
І, увайшоўшы, праходзіў Ён праз Ерыхон.
І вось чалавек, зва́ны íмем Закхе́й, які быў начальнік мы́тнікаў і быў багаты,
І вось, чалавек, якога звалі імем Закхей, і быў ён начальнік мытнікаў і чалавек багаты.
імкну́ўся ўба́чыць Іісуса, хто Ён, але не мог з-за натоўпу, таму што быў малы́ ростам;
І ён шукаў убачыць Ісуса, які Ён, і ня мог з-за натоўпу, бо быў малы ростам.
і, забе́гшы наперад, узлез на смако́ўніцу, каб убачыць Яго, бо Ён павінен быў там прахо́дзіць.
І, забегшы наперад, узьлез на фігавае дрэва, каб убачыць Яго, бо ён меўся праходзіць каля яго.
І калі прыйшоў Іісус на гэтае месца, то, паглядзе́ўшы, убачыў яго і сказаў яму: Закхей! хутчэй злазь, бо сёння ў доме тваім нале́жыць Мне быць.
І калі прыйшоў на гэтае месца, Ісус, глянуўшы, убачыў яго і сказаў яму: «Закхей! Зыходзь хутчэй, бо сёньня Я мушу спыніцца ў доме тваім».
І той паспе́шна злез і прыня́ў Яго з радасцю.
І той пасьпешна зыйшоў, і прыняў Яго з радасьцю.
І ўсе, уба́чыўшы гэта, нарака́лі, ка́жучы: да грэшнага чалавека зайшоў Ён.
І ўсе, якія бачылі ўсё гэта, наракалі, кажучы, што Ён увайшоў да грэшнага чалавека.
Закхей жа, устаўшы, сказаў Госпаду: вось, палову маёмасці маёй, Госпадзі, я дам убо́гім, і калі каго ў чым ашукаў, аддам у чатыры разы́ больш.
А Закхей, стаўшы, сказаў Госпаду: «Госпадзе! Вось, палову маёмасьці маёй я аддаю ўбогім, і, калі каго чым скрыўдзіў, аддам учацьвёра».
Сказаў яму Іісус: сёння наста́ла спасе́нне дому гэтаму, таму што і ён — сын Аўраамаў;
Ісус жа сказаў яму: «Сёньня сталася збаўленьне дому гэтаму, таму што і ён — сын Абрагама.
бо Сын Чалавечы прыйшоў, каб знайсцí і спасцí тое, што загíнула.
Бо Сын Чалавечы прыйшоў знайсьці і збавіць тое, што было загінуўшы».
Калі ж яны слухалі гэта, Ён дада́ў яшчэ прытчу, таму што быў блізка ад Іерусаліма, і яны думалі, што зараз жа Царства Божае ма́е явíцца.
А тым, што слухалі гэтае, працягваючы, сказаў прыповесьць, бо Ён быў блізка Ерусаліму, і яны думалі, што адразу маюць убачыць Валадарства Божае.
Дык сказаў Ён: нейкі чалавек знатнага роду пайшоў у далёкую краíну, каб атрыма́ць сабе царства і вярну́цца;
Тады Ён сказаў: «Нейкі чалавек высокага роду пайшоў у далёкі край узяць сабе валадарства і вярнуцца.
і, паклíкаўшы дзесяць рабоў сваіх, ён даў ім дзесяць мін і сказаў ім: укладзíце ў справу, пакуль я вярну́ся.
Паклікаўшы ж дзесяць слугаў сваіх, даў ім дзесяць мі́наў і сказаў ім: “Гандлюйце, пакуль прыйду”.
Але яго грамадзя́не ненавíдзелі яго і пасла́лі ўслед за ім пасольства, ка́жучы: не хочам, каб ён царстваваў над намі.
А грамадзяне ненавідзелі яго і паслалі сьледам за ім пасольства, кажучы: “Ня хочам, каб гэты валадарыў над намі”.
І ста́лася: калі ён вярнуўся, атрыма́ўшы царства, то сказаў паклíкаць тых рабоў, якім даў срэ́бра, каб даведацца, хто што набы́ў.
І сталася, як ён вярнуўся, атрымаўшы валадарства, сказаў паклікаць да сябе слугаў тых, якім даў срэбра, каб даведацца, хто што зарабіў.
І прыйшоў першы, ка́жучы: гаспадар, мíна твая прыне́сла дзесяць мін.
І прыйшоў першы, кажучы: “Пане! Мі́на твая прынесла дзесяць мі́наў”.
І ён сказаў яму: добра, раб добры; за тое, што ў найме́ншым ты быў верны, будзь уладаро́м над дзесяццю́ гарадамі.
І ён сказаў яму: “Добра, добры слуга! За тое, што ты ў малым быў верны, будзеш мець уладу над дзесяцьцю гарадамі”.
І прыйшоў другі, ка́жучы: гаспадар, міна твая прыне́сла пяць мін.
І прыйшоў другі, кажучы: “Пане! Мі́на твая зарабіла пяць мі́наў”.
Сказаў і гэтаму: і ты будзь над пяццю́ гарадамі.
Сказаў і гэтаму: “І ты будзь над пяцьцю гарадамі”.
І яшчэ адзін прыйшоў, ка́жучы: гаспадар, вось міна твая, якую я трымаў схава́ную ў ху́стцы,
І трэці прыйшоў, кажучы: “Пане! Вось твая мі́на, якую я меў, завязаўшы ў хустку,
таму што я баяўся цябе, бо ты чалавек жорсткі: бярэш, чаго не клаў, і жне́ш, чаго не сеяў.
бо я баяўся цябе, што ты чалавек строгі, бярэш тое, што не лажыў, і жнеш тое, што ня сеяў”.
А той кажа яму: ву́снамі тваімі буду судзíць цябе, ліхí раб: ты ведаў, што я чалавек жорсткі, які бярэ, чаго не клаў, і жне, чаго не сеяў;
Той жа кажа яму: “Паводле вуснаў тваіх буду судзі́ць цябе, злы слуга. Ты ведаў, што я — чалавек строгі, бяру тое, што не лажыў, і жну тое, што ня сеяў.
чаму ж ты не аддаў маё срэ́бра ў абаро́т, каб я, прыйшо́ўшы, атрымаў яго з прыбы́ткам?
Чаму ж ты не аддаў срэбра майго на стол [мянялам], і я, прыйшоўшы, атрымаў бы яго з прыбыткам?”
І сказаў прысутным: вазьміце ў яго міну і аддайце таму, хто ма́е дзесяць мін.
І сказаў тым, што побач стаялі: “Вазьміце ў яго мі́ну і дайце таму, які мае дзесяць мі́наў”.
І сказалі яму: гаспадар, ён жа ма́е дзесяць мін.
І сказалі яму: “Пане, ён мае дзесяць мі́наў!”
Кажу вам, што кожнаму, хто ма́е, будзе да́дзена, а ў таго, хто не ма́е, ады́мецца і тое, што ма́е ён;
“Кажу вам, што ўсякаму, хто мае, дадзена будзе, а ў таго, хто ня мае, будзе забрана і тое, што мае.
а тых ворагаў жа маіх, якія не хацелі, каб я стаў царом над імі, прывядзíце сюды і пазабіва́йце перада мною.
А ворагаў маіх, тых, што не хацелі, каб я валадарыў над імі, прывядзіце сюды і страцьце перада мною”».
І, сказаўшы гэта, Ён пайшоў дале́й, узыхо́дзячы ў Іерусалім.
І, сказаўшы гэтае, Ён пайшоў далей, узыходзячы ў Ерусалім.
І ста́лася: калі Ён наблізіўся да Віфагíі і Віфа́ніі, да гары, што заве́цца Елеонскай, паслаў двух вучняў Сваіх,
І сталася, калі наблізіўся да Бэтфа́гі і Бэта́ніі, да гары, якую называюць Аліўнай, паслаў двух вучняў Сваіх,
сказаўшы: ідзіце ў се́лішча, што насу́праць; увайшо́ўшы ў яго, зно́йдзеце прывя́занае асляня́, на якое ніколі ніхто з людзей не сяда́ў; адвяжы́це яго і прывядзíце;
сказаўшы: «Ідзіце ў мястэчка, што перад вамі, у якім, увайшоўшы, знойдзеце асьляня прывязанае, на якога ніхто з людзей ніколі не сядаў; адвязаўшы яго, прывядзіце.
і калі хто спытае ў вас: «навошта адвя́зваеце?», скажы́це яму так: «яно патрэбна Госпаду».
І калі хто спытаецца ў вас: “Навошта адвязваеце?”, — скажыце яму так: “Госпад патрабуе яго”».
Пасла́ныя пайшлі і знайшлі, як Ён сказаў ім.
Пайшоўшы, пасланыя знайшлі, як Ён сказаў ім.
Калі ж яны адвя́звалі асляня́, гаспадары́ яго сказалі ім: нашто вы адвя́зваеце асляня́?
Калі ж яны адвязвалі асьляня, гаспадары ягоныя сказалі ім: «Навошта адвязваеце асьляня?»
Яны сказалі: яно патрэбна Госпаду.
Яны ж сказалі: «Госпад патрабуе яго».
І прывялí яго да Іісуса, і, накíнуўшы во́пратку сваю на асляня́, пасадзíлі на яго Іісуса.
І прывялі яго да Ісуса, і, накінуўшы адзеньні свае на асьляня, пасадзілі на яго Ісуса.
І калі Ён ехаў, людзі пасціла́лі во́пратку сваю на дарогу.
І, калі Ён ехаў, пасьцілалі на дарозе адзеньне сваё.
А калі Ён набліжа́ўся ўжо да спу́ску з гары Елеонскай, усё мноства вучняў, ра́дуючыся, пачало́ моцным го́ласам хвалíць Бога за ўсе цуды, якія бачылі яны,
Калі ж Ён наблізіўся да спуску з гары Аліўнай, усё мноства вучняў з радасьцю хвалілі Бога моцным голасам за ўсе цуды, якія бачылі,
ка́жучы: благаславёны Цар, Які прыходзіць у імя́ Гасподняе! мір на нябёсах і слава ў вы́шніх!
кажучы: «Дабраслаўлёны Валадар, Які ідзе ў імя Госпада! Супакой на небе і слава на вышы́нях!»
І некато́рыя фарысеі з натоўпу сказалі Яму: Настаўнік! забаранí ву́чням Сваім.
І некаторыя фарысэі з натоўпу сказалі Яму: «Настаўнік! Забарані вучням Тваім!»
А Ён прамовіў ім у адказ: кажу вам, што калі яны змо́ўкнуць, то камянí закрыча́ць.
І, адказваючы, Ён сказаў ім: «Кажу вам, што, калі яны замоўкнуць, дык камяні закрычаць».
І, калі Ён наблíзіўся, то, уба́чыўшы горад, заплакаў па ім,
І калі наблізіўся, убачыўшы горад, заплакаў па ім,
ка́жучы: калі б і ты хоць у гэты дзень твой зразуме́ў, што́ трэба для міру твайго! але цяпер гэта скры́та ад вачэй тваіх;
кажучы: «Каб і ты хоць у гэты дзень твой зразумеў, што дзеля супакою твайго! Але цяпер гэта схавана ад вачэй тваіх.
бо пры́йдуць на цябе дні, і ўзвяду́ць ворагі твае вакол цябе вал, і акру́жаць цябе, і сцíснуць цябе адусю́ль,
Бо прыйдуць на цябе дні, і ворагі твае аточаць цябе ва́лам, і акружаць цябе, і сьціснуць цябе адусюль,
і знíшчаць цябе і дзяцей тваіх у табе, і не пакíнуць ка́меня на ка́мені ў табе за тое, што не разуме́ў ты ча́су наве́дання цябе.
і зьнішчаць дашчэнту цябе, і дзяцей тваіх у табе, і не пакінуць у табе камяня на камяні дзеля таго, што не зразумеў ты час адведзінаў тваіх».
І, увайшоўшы ў храм, Ён пачаў выганя́ць тых, што прадава́лі ў ім і купля́лі,
І, увайшоўшы ў сьвятыню, пачаў выганяць тых, якія продалі ў ёй і куплялі,
ка́жучы ім: напíсана: «дом Мой — гэта дом малітвы», а вы зрабілі з яго логава разбойнікаў.
кажучы ім: «Напісана: “Дом Мой ёсьць дом малітвы”, а вы зрабілі яго пячорай разбойнікаў».
І Ён кожны дзень вучыў у храме. А першасвятары́ і кніжнікі шука́лі, як загубíць Яго, таксама і першыя людзі ў народзе,
І навучаў кожны дзень у сьвятыні. А першасьвятары, і кніжнікі, і першыя ў народзе шукалі, як загубіць Яго,
і не знахо́дзілі, што зрабíць з Ім, бо ўвесь народ, слу́хаючы, абступа́ў Яго.
і не знаходзілі, што зрабіць, бо ўвесь народ гарнуўся да Яго, слухаючы Яго.